Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                

Полацкі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр

Помнік сакральнай архітэктуры
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Краіна Беларусь
места Полацак
Каардынаты 55°30′14.79″ пн. ш. 28°46′47.98″ у. д. / 55.5041083° пн. ш. 28.7799944° у. д. / 55.5041083; 28.7799944Каардынаты: 55°30′14.79″ пн. ш. 28°46′47.98″ у. д. / 55.5041083° пн. ш. 28.7799944° у. д. / 55.5041083; 28.7799944
Эпархія Полацкая япархія[d] 
Архітэктурны стыль Полацкая школа дойлідзтва[d]
Дата заснаваньня 1125 год
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Стан Дзейны манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр на мапе Беларусі
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр на Вікісховішчы

Спа́са-Эўфрасі́ньнеўскі манасты́р — помнік архітэктуры XII — пачатку XX стагодзьдзяў у Полацку. Знаходзіцца ў паўночнай частцы места, на правым беразе ракі Палаты, у прадмесьці Спасе пад адрасам вуліца Эўфрасіньні Полацкай, 89. Заснаваны Сьвятой Эўфрасіньняй Полацкай, пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Твор архітэктуры мясцовай школы, барока і клясыцызму, а таксама дададзенай уладамі Расейскай імпэрыі расейскай эклектыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Полацкага Спаскага жаночага манастыра сфармаваўся да пачатку XX ст. і складаецца з разьмешчаных курданэрам вакол невялікага пляцу цэркваў Сьвятога Спаса (XII ст., у другой палове XIX ст. расейскія ўлады ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі зьнявечылі яе мастацкае аблічча купалам-цыбулінай), Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай (1847 год, пераробленая з жылога дома[1]) і Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1893—1897; мураўёўка), а таксама брамы-званіцы (XVI ст., з прыбудаванай у другой палове XIX ст. вежай з купалам-цыбулінай), 2-павярховага манастырскага корпуса (пачатак XVIII ст.), жылых і гаспадарчых будынкаў з садам. У другой палове XIX ст. да брамы прыбудавалі два бакавыя жылыя карпусы, у пачатку XX ст. з заходняга боку брамы паставілі 2-павярховы жылы корпус. Таксама на тэрыторыі манастыра захаваліся рэшткі царквы-пахавальні полацкіх япіскапаў XII стагодзьдзя.

У манастыры захоўваліся Крыж Эўфрасіньні Полацкай, зроблены ў 1161 годзе, і цудоўны абраз Маці Божай Этэскай-Карсунскай. За часамі маскоўскай акупацыі Полацку ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Крыж разам з цудоўным абразом забраў гаспадар Маскоўскай дзяржавы Аляксей Міхайлавіч у выправу на Рыгу ў 1656—1667 гадох. У 1659 годзе Крыж вярнулі ў манастыр, аднак цудоўны абраз вывезьлі ў Маскву[2]. Урэшце, Крыж згубіўся ў Другую Сусьветную вайну, калі ён мог трапіць у расейскія музэйныя сховішчы[3], аднак у 2020—2021 гадох зьявіліся сьведчаньні і аргумэнты за тое, што напраўду Крыж патаемна ад грамадзкасьці захоўвае Расейская праваслаўная царква, у рызьніцы патрыярха маскоўскага Троіца-Сергіевай лаўры[4]. У 1997 годзе ў манастыр перадалі копію Крыжа, вырабленую берасьцейскім мастаком Міколам Кузьмічом.

Гісторыя

рэдагаваць

Полацкае княства

рэдагаваць

Манастыр заснавала сьвятая князёўна Эўфрасіньня Полацкая, якая ў 1125 годзе пасялілася пры драўлянай Спаскай царкве ў мясцовасьці Сяльцы, дзе была пахавальня полацкіх япіскапаў[5]. З часам тут пастрыглі ў манаства сёстраў Сьвятой Эўфрасіньні: родную Эўдакію (Градзіславу) і стрыечную Эўпраксію (Зьвяніславу) — адзіную дачку полацкага князя Рагвалода-Барыса Ўсяслававіча.

У 1161 годзе намаганьнямі Сьвятой Эўфрасіньні, якая 45 гадоў была ігуменьняй манастыра, тут збудавалі мураваную царкву Сьвятога Спаса — найбольш захаваны помнік Полацкай школы дойлідзтва. Яе будаўніком быў дойлід Іаан. У 1161 годзе на гэтую царкву Сьвятая Эўфрасіньня ахвяравала пазалочаны напрастольны крыж (Крыж Эўфрасіньні Полацкай) з часьцінкамі мошчаў шматлікіх сьвятых і Жыватворчага Крыжа Хрыстова. Крыж вырабіў тутэйшы майстар-ювэлір Лазар Богша.

Па захопе Полацку смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам 17 студзеня 1222 году Крыж перавезьлі ў Смаленск, па захопе якога Маскоўскай дзяржавай у 1514 годзе ён трапіў у Маскву.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

За часамі Інфлянцкай вайны ў 1563 годзе маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран узяў Крыж у сваю няўдалую выправу на Вялікае Княства Літоўскае, у выніку чаго рэліквія вярнулася ў Полацак (па вызваленьні места таго ж году). У 1563—1579 гадох у манастыры ўжо не было манахаў. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў будынкі манастыра з прыналежнымі вёскамі Полацкаму езуіцкаму калегіюму.

У пачатку XVII ст. тут збудавалі жылы корпус, пазьней — летнюю рэзыдэнцыю генэрала езуіцкага ордэну.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), калі Полацак зноў акупавалі маскоўскія войскі, у 1656 годзе на загад маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча манастырскую Спаскую царкву пераасьвяцілі як прыналежную да Маскоўскай царквы. Па вызваленьні Полацку ў 1667 годзе будынкі манастыра зноў трапілі да езуітаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, будынкі манастыра працягвалі знаходзіцца ў валоданьні езуітаў. Комплекс пацярпеў у вайну 1812 году, але неўзабаве яго аднавілі.

Па скасаваньні ордэна ў 1820 годзе будынкі манастыра перайшлі да іншых гаспадароў, і толькі ў 1832 годзе расейскія ўлады перадалі іх Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). У 1840 годзе манастыр зноў пачаў дзеяць. У 1841 годзе Крыж Эўфрасіньні Полацкай вярнулі ў Спаскую царкву. У 1840-х гадох манастыр прылічылі да першай клясы. Тут разьмясьцілася Спаса-Эўфрасіньнеўская духоўная вучэльня.

У 1847 годзе за ігуменьняй Клаўдзіяй (Шчыпаноўскай) жылы манастырскі дом перабудавалі пад Эўфрасіньнеўскую трапезную царкву. У 1897 годзе за ігуменьняй Яўгеніяй (Гаваровіч), паводле праекту расейскага архітэктара Уладзімера Коршыкава ў псэўдабізантыйскім стылі збудавалі манумэнтальную саборную царкву Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе манастыр эвакуяваўся ў Растоў-Яраслаўскі.

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1928 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр, а Крыж рэквізавалі (сьпярша яго перавезьлі ў Менск, а ў 1929 годзе — у Магілёў, адкуль рэліквія зьнікла ў 1941 годзе з пачаткам нямецка-савецкай вайны).

У вайну на тэрыторыі манастырскага комплексу быў лягер савецкіх ваеннапалонных. 3 1943 году манастыр зноў пачаў дзеяць. На 1945 год у ім было 50 манашак. У 1960 годзе савецкія ўлады зноў зачынілі манастыр (насельніцаў перавялі ў Жыровіцкі манастыр).

У 1990 годзе будынкі манастыра перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, аднавілася яго дзейнасьць. На сакавік 2022 году ў Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры знаходзілася 136 манашак[6].

Ігуменьні манастыра (з 1839 году)

рэдагаваць
 
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр (выгляд з боку)
 
Уваход у Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Сан Манаскае імя Сьвецкае імя Гады на пасадзе
Ігуменьня Іаана Куляшова 1839
Ігуменьня Эўфрасіньня Дзегцярова 1842
Ігуменьня Клаўдзія Шчыпаноўская 1842—1853
Ігуменьня Эўфрасіньня Сэрбіновіч 1853—1878
Ігуменьня Яўгенія Гаваровіч 1878—1900
Ігуменьня Алімпіяда 1901—1903
Ігуменьня Эўфрасіньня Сладкевіч 1904—1905
Ігуменьня Іларыёна Чэрніх 1905—1910
Манахіня Ангэліна 1911—1913
Ігуменьня Алена Волкава 1913—1928 (?)
Ігуменьня Ананія 194(?)
Ігуменьня Элефэрыя Новікава 194(?)—1959
Ігуменьня Эўфрасіньня Максімчук 1991—1995
Манахіня Натальля Скіндэр 1995—1997
Ігуменьня Анфіса Шавардзяева 1997—2004
Манахіня Эўдокія Ляўшук 2004 — дагэтуль

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002.
  2. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 167.
  3. ^ Арлоў У. Ад Полацка пачаўся Свет. — Менск: «Рыфтур», 2005. С. 43.
  4. ^ «Патрыярх лічыць яго асабістай святыняй і прыязджае да яго маліцца». Дзе знаходзіцца Крыж Ефрасінні Полацкай?, Наша Ніва, 9 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Ярашэвіч А. Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 454.
  6. ^ Рэканструкцыю аб'ектаў жаночага манастыра ў Полацку абмеркавалі на нарадзе з Качанавай // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 31 сакавіка 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000624