Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Каза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каза
Вясковая каза
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаСысуны
АтрадПарнакапытныя
СямействаПустарогія
ПадсямействаКозьі
РодГорныя казлы
ВідБезааравы казёл
ПадвідКаза

Каза (па-лацінску: Capra aegagrus hircus) — свойская жывёліна з роду горныя казлы сямейства пустарогіх.

Каза — адна зь першых прыручаных жывёлаў. Прыручаная на Блізкім Усходзе прыкладна 9000 гадоў таму. Продкам казы быў дзікі барадаты безааравы казёл (па-лацінску: Capra aegagrus), які пасяляўся ад грэцкіх выспаў у Эгейскім моры праз Турэччыну, Ірак і Іран да Пакістану.

Большасьць самцоў і саміцаў маюць бароды, а цела пакрытае прамой поўсьцю, даўжыня і якасьць якой залежаць ад пароды. Напрыклад, ангорскія козы маюць доўгую і шаўкавістую поўсьць, а кашмірскія — тоўсты пуховы падшэрстак. Масьць вар’юецца ад чыста белай да чорнай і пярэстай. Рогі пры аснаваньні сьціснутыя з бакоў, закручаныя назад і сьпераду маюць папярочныя валікі.

Харчуюцца козы травой і маладымі парасткамі дрэваў і хмызьнякоў. Яны хутка паглынаюць вялікую колькасьць харчу, а ў прамежках між ежай перажоўваюць жуйку. Як і ў іншых жуйных, праглынутая ежа назапашваецца ў адным з аддзелаў страўніку — рубцы, дзе часткова пераварваецца і ўтварае камяк жуйкі, якая адрыгаецца і дажоўваецца ў роце.

Каза — вельмі непатрабавальная скаціна, часта здавольваецца даволі беднымі пашамі і здольная выжываць у мясьцінах, дзе іншая жывёла можа пакутаваць ад голаду. Яна здольная вытрымліваць моцныя марозы і сьпёку, але блага прыстасаваная да волкага клімату. Аптымальныя ўмовы для казы — паўзасушлівыя раёны. Козы выдатна караскаюцца па ўзгорках, могуць пасьвіцца ў месцах, недасяжных іншым жывёлам. Сярэдняя працягласьць жыцьця 9—10 гадоў, можа сягаць 17 гадоў.

Злучка звычайна праводзіцца раз у год, прычым адзін казёл можа пакрыць статак з 30—50 саміцаў. Пасьля цяжарнасьці, якая доўжыцца 21—23 тыдні, нараджаецца звычайна пара казьлянятаў, хоць зрэдку і большая колькасьць (да пяці). Зьяўляюцца відушчымі, з добра разьвітым поўсьцевым пакрыцьцём і празь некалькі гадзінаў ужо жвава скочуць.

Асноўная прадукцыя, якую атрымоўваюць ад казы, — мяса, малако, футра, поўсьць і скура. Па кірунках прадукцыйнасьці пароды козаў падзяляюцца на тыпы: малочныя, поўсьцевыя, пуховыя, малочна-мяса-поўсьцевыя.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казасховішча мультымэдыйных матэрыялаў