Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Палац Радзівілаў (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Менскі гарадзкі тэатар»)
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палац Радзівілаў
Палац Радзівілаў паводле Ю. Пешкі
Палац Радзівілаў паводле Ю. Пешкі
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′9.63″ пн. ш. 27°33′28.16″ у. д. / 53.902675° пн. ш. 27.5578222° у. д. / 53.902675; 27.5578222Каардынаты: 53°54′9.63″ пн. ш. 27°33′28.16″ у. д. / 53.902675° пн. ш. 27.5578222° у. д. / 53.902675; 27.5578222
Дата заснаваньня XVII ст.
Стан не захаваўся
Палац Радзівілаў на мапе Беларусі
Палац Радзівілаў
Палац Радзівілаў
Палац Радзівілаў
Палац Радзівілаў на Вікісховішчы

Пала́ц Радзіві́лаў — помнік архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіўся на Высокім Рынку з боку Валоцкай вуліцы. Твор архітэктуры барока, які неаднаразова пашыраўся і перабудоваўся. У 1984 року савецкія ўлады зруйнавалі палац.

Менскі палац Радзівілаў — першы тэатральны будынак места, унікальны помнік гісторыі і культуры Беларусі. У наш час на месцы палаца адбудавалі зруйнаваны ў Другую сусьветную вайну гатэль «Эўропа».

Высокі Рынак. Малюнак XVIII ст.

Уласную рэзыдэнцыю ў Менску Радзівілы збудавалі ў XVII ст. У канцы XVIII ст. яны мусілі прадаць гэты палац менскаму бурмістру Яну Байкову. У 1825[1] року праводзілася рэканструкцыя будынка, па якой у ім разьмясьціўся мескі тэатар. Глядацкая заля знаходзілася на другім паверсе. Меў месцаў: у верхнім ярусе 15 ложаў, у ніжнім ярусе 13 ложаў і 56 крэслаў, 151 месца ў партэры, 40 — на гаўбцы і 92 — у райку. 30 траўня 1835 року тэатар згарэў, пазьней яго адбудавалі. У памяшканьнях тэатру, акрамя спэктакляў, давалі балі і маскарады, наладжвалі аматарскія канцэрты.

Выдатная зьявай у культурным жыцьці Менску стала прэм’ера першай беларускай камічная опэры «Сялянка» («Ідылія») на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў В. Дунін-Марцінкевіч. Нягледзячы на тое, што расейскія ўлады забаранілі пастаноўку опэры на беларускай мове, 9 лютага 1852 року спэктакль ўсё адно адбыўся і меў вялізны посьпех.

У 1870-х роках побач з 3-яруснай глядацкай заляй знаходзіліся антрактовая заля, курыльня, буфэт і гардэроб. У 1884 року мескі тэатар згарэў. Ад 1895 року ў ім знаходзіўся менскі аддзел Пецярбурска-Азоўскага банку, які з 1901 року зьмяніла філія Паўночнага банку, а ў 1913 року тут разьмясьціўся аддзел Расейска-Азіяцкага банку, што «праглынуў» Паўночны[2]. У 1920—1930-я рокі да будынка надбудавалі чацьверты паверх.

Высокі Рынак. Ю. Пешка, каля 1800

Помнік не пацярпеў за часамі Другой сусьветнай вайны, аднак у 1984 року, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці (будучыя сябры Талакі), савецкая ўлада зруйнавала ўнікальны помнік культуры і архітэктуры.

У 2004—2007 роках на месцы зьнішчанага палаца збудавалі новы дом, які ў агульных рысах паўтарае існы да Другой сусьветнай вайны гатэль «Эўропа», што месьціўся направа ад палаца.

Помнік архітэктуры барока, які ў выніку перабудовы пад мескі тэатар атрымаў рысы клясыцызму. Гэта 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, які меў сымэтрычную кампазыцыю з рызалітам і трыкутным франтонам усярэдзіне галоўнага фасаду.

Па пажары 1884 року будынак неаднаразова перарабляўся, падвышаўся і паступова губляў свае першапачатковыя рысы.

Ад XVIII ст. у будынку заставаліся падмуркі, сходы з скляпеньнямі і ніжнія фрагмэнты сьценаў. У час рэстаўрацыі дома ў 1982 року пад слоем тынкоўкі выявілі руст сярэдзіны XIX ст., якраз таго часу, калі тут адбылася пастаноўка «Сялянкі»[3].

Пікет, што адбыўся 13 чэрвеня 1984 року супраць руйнаваньня будынка першага менскага тэатру, стаўся першай акцыяй пратэсту ў найноўшай гісторыі Беларусі. У ім ўдзельнічалі 13 менскіх студэнтаў, сябраў «Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні». Савецкія ўлады затрымалі ўсіх удзельнікаў пікету[4].

  1. ^ Ярмалінская В. Дзе нарадзілася «Ідылія» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 420
  2. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 260.
  3. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 99.
  4. ^ Ракіцкі В. Менск, вуліца Інтэрнацыянальная, 28 // Радыё Свабода, 8 верасьня 2009.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Радзівілаў (Менск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў