Арэнсбургская культура
Арэнсбургская культура — археалагічная культура эпохі фінальнага палеаліту, якая існавала ў IX-м тыс. да н.э. у межах Паўночна-Германскай і Польскай нізін, у басейнах рэк Рэйн, Везер, Эльба, ніжнім і сярэднім цяченні р. Одра. Назву атрымала ад стаянак на тарфяніку каля г. Арэнсбург (Германія).
Даследаванне арэнсбургскай культуры пачата ў 1920 г. Г. Швантэсам. Найбольшую вядомасць атрымалі стаянкі Каленхарт, Кетцэндорф, Хёрпел, Штэльмаар (Германія), Вайнова, Кошлеў-1, Лукове-1 (Польшча). Паселішчы прадстаўлены кароткатэрміновымі стаянкамі, на асобных з іх захаваліся рэшткі акруглых і авальных жытлаў.
Асноўны занятак насельніцтва — паляванне на паўночнага аленя, лася, бабра, пра што сведчаць шматлікія астэалагічныя знаходкі і прылады, звязаныя са здабычай і перапрацоўкай жывёлы. Першасная апрацоўка крэменю заснавана на сколванні адшчэпаў і пласцін з адна- і двухпляцовачных нуклеусаў у тэхніцы мяккага адбойніка. У другаснай апрацоўцы вядомы стромкае і паўстромкае рэтушаванне загатоўкі, накіраванае на змяненне яе зыходнай формы, тэхніка разцовага сколу. Сярод прылад — канцавыя і двайныя скрабкі, сярэдзінныя, рэтушаваныя і вуглавыя разцы, скоблі, праколкі, сякерападобныя вырабы.
Знаходкі з арганічных матэрыялаў уключаюць наканечнікі стрэл, гарпуны, нажы, кінжалы, долатападобныя вырабы. Вядомы драўляны лук. Вызначальнымі для арэнсбургскай культуры з’яўляюцца вастрыі тыпу цанхафен (пласціны са скошаным рэтушшу канцом і натуральнай або рэтушаванай асновай) і наканечнікі стрэл: тронкавыя сіметрычныя з добра вылучаным чаранком, дарсальнай ці супрацьлеглай рэтушшу. Пяро наканечнікаў натуральнае ці скошана рэтушшу (арэнсбургскі тып). Генезіс арэнсбургскай культуры звязваецца з фінальнапалеалітычнай культурай Броме — Лінгбі. Аналогіі вызначаюцца ў форме наканечнікаў стрэл, якія характарызуюцца меншымі памерамі ў параўнанні з лінгбійскімі. Заўважаецца некаторае падабенства з культурай Федэрмесер .
Гістарычныя лёсы насельніцтва арэнсбургскай культуры звязваюцца з культурамі Дзювензее і Маглемазэ (Англія, паўночная Германія, Данія), Фосна і Комса (Скандынавія). Асобныя групы насельніцтва арэнсбургскай культуры пранікалі на тэрыторыю Усходняй Еўропы і далі пачатак грэнскай культуры.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kozlowski, S. K. The Tanged Points Complex // Tanged pointes cultures in Europe. – Lublin, 1999.
- Taute, W. Die Stielspitzen-Gruppen in nordlichen Mitteleuropa. — Köln — Graz, 1968.
- Коласаў, А. У. Арэнсбургская культура / А. У. Коласаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [складальнік Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 63 — 64. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Кольцов, Л.В. Финальный палеолит и мезолит Южной и Восточной Прибалтики / Л. В. Кольцов; АН СССР, Ин-т археологии. – М.: Наука, 1977. – 216 с.: ил.
- Крижевская, Л. Я. Новые данные о хронологии позднепалеолитических памятников севера ГДР и ФРГ // Материалы и исследования по археологии СССР. — 1966. — № 126. — С.