Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Беспазваночныя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Бесхрыбетныя)
Парафілетычная група жывёл
Назва
Беспазваночныя
Статус назвы
не вызначаны
Лацінская назва
Invertebrata
Бацькоўскі таксон
Царства Жывёлы (Animalia)
Прадстаўнікі
Выявы на ВікісховішчыВыявы на Вікісховішчы
У Вікіслоўніку ёсць артыкул «беспазваночны»Беспазваночныя у Вікіслоўніку
Беспазваночныя

Беспазваночныя (Invertebrata) — пазасістэматычная група, што аб’ядноўвае жывёл, якія не маюць унутранага восевага шкілета (хорды або хрыбта).

Назву ў пачатку XIX стагоддзя прапанаваў французскі заолаг Жан-Батыст Ламарк.

Падзяляюцца на два падцарствы:

  • прасцейшыя, або аднаклетачныя
  • шматклетачныя, у якіх адпаведна 5-9 і да 26 тыпаў жывёл.

Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5-2 млрд гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных.

Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг іншых, усяго да 1-2 млн відаў.

Сярод сучасных беспазваночных найбольшай колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн і малюскі — 250 тыс.

Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тысяч відаў, найбольш насякомых.

Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам.

Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біялагічным кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95 % біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі сельска-гаспадарчых раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харчовыя, лекавыя, гаспадарча-тэхнічныя мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.