Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Судан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэспубліка Судан
جمهورية السودان
Republic of Sudan
Герб Судана
Сцяг Судана Герб Судана
Дэвіз: «Перамога наша (an-Nasru la-naa)»
Гімн: «Мы — войска Алаха, войска айчыны  
(Nahnu jundu l-Laahi, jundu l-watan)»
Дата незалежнасці 1 студзеня 1956 (ад Вялікабрытаніі і Егіпта)
Афіцыйная мова арабская
Сталіца Хартум
Найбуйнейшыя гарады Амдурман
Форма кіравання Рэспубліка
Кіраўнік дзяржавы
Прэм’ер-міністр
Абдэль Фатах аль-Бурхан
Абдала Хамдок
Дзярж. рэлігія іслам (суніцкага толку)
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
16-я ў свеце
1,886,068 км²
0
Насельніцтва
• Ацэнка (2008)
Шчыльнасць

30,894,000 чал. (38-я)
16,4 чал./км²
ІРЧП (2007) 0.531 (150-ы)
Валюта Суданскі фунт (SDP)
Інтэрнэт-дамен .sd
Код ISO (Alpha-2) SD
Код ISO (Alpha-3) SDN
Код МАК SUD
Тэлефонны код +249
Часавыя паясы +3

Суда́н[1] (араб. السودان‎‎), афіцыйна Рэспубліка Суда́н[1] (араб. جمهورية السودان‎‎) — краіна, якая знаходзіцца ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. З’яўляецца трэцяй краінай Афрыкі па плошчы (пасля Алжыра і ДР Конга) і трэцяй краінай арабскага свету (пасля Алжыра і Саудаўскай Аравіі). Па дадзеных перапісу 2015 года насельніцтва Судана перавышае 40 млн жыхароў. Хартум — сталіца, а таксама палітычны, культурны і гандлёвы цэнтр краіны, Амдурман — другі па велічыні горад.

Назва краіны паходзіць ад арабскага слова Bilad-al-sudan, літаральна — «краіна чорных».

Судан быў домам для многіх старажытных цывілізацый, такіх як царства Куш, Керма, Набадыя, Алодыя, Макурыя, Мероэ і іншыя, большасць з якіх рассяляліся ўздоўж Ніла. Падчас дадынастычнага перыяду Нубія (сённяшнія тэрыторыі паўднёвага Егіпта і паўночнага Судана) і Верхні Егіпет былі амаль культурна ідэнтычнымі, і сістэма кіравання фараонаў адначасова развілася там да 33 стагоддзя да н.э. З-за сваёй блізкасці да Егіпта Судан прымаў удзел у больш шырокай гісторыі Блізкага Усходу, быў хрысціянізаваны ў 6 стагоддзі і ісламізаваны ў 15 стагоддзі. У выніку хрысціянізацыі старажытнанубійская мова стала самай ранняй з запісаных ніла-сахарскіх моў (раннія запісы адносяцца да 9 стагоддзя).

У 19 стагоддзі Судан знаходзіўся пад кантролем Егіпта, пасля чаго ў 1899 годзе быў заснаваны Англа-Егіпецкі Судан, які з’яўляўся кандамініумам Вялікабрытаніі і Егіпта, але фактычна кіраваўся як Брытанская калонія. У 1956 годзе дзяржава атрымала незалежнасць, але рэлігійныя і этнічныя канфлікты паміж араба-мусульманскім насельніцтвам паўночнай часткі Судана і анімістычным насельніцтвам поўдня прывялі да першай грамадзянскай вайны (1955—1972), у выніку якой паўднёвы Судан стаў аўтаномным рэгіёнам, а пазней да другой грамадзянскай вайны (1983—2005). У сувязі з палітычным і ваенным дысбалансам у 1989 годзе быў здзейснены дзяржаўны пераварот на чале з палкоўнікам Амарам аль-Башырам, які абвясціў сябе прэзідэнтам у 1993 годзе і ўтрымлівае ўладу па сённяшні дзень. Другая грамадзянская вайна скончылася Найвашскім пагадненнем 2005 года, якое прывяла да рэферэндуму 2011 года і аддзялення Паўднёвага Судана ад паўночнай часткі краіны, якая да гэтага была найбуйнейшай дзяржавай Афрыкі па плошчы.

Гісторыя Судана вядома з эпохі неаліту, калі даліна ракі Ніл пачала засяляцца сталымі жыхарамі, якія займаліся рыбалоўствам і збіральніцтвам, будавалі хаціны з сырцовай цэглы. Кліматычныя змены 5 тысячагоддзя на н. э. спарадзілі новую хвалю міграцыі з Сахары. У яе выніку склаўся эканамічны комплекс, заснаваны на развіцці земляробства і жывёлагадоўлі. Сведчаннямі багатай культурнай гісторыі той эпохі з’яўляюцца знаходкі неалітычных пахаванняў у раёне Данголы, дзе знойдзены інгумацыі з укладаннем керамікі, упрыгожванняў са слановай косці і марскіх ракавін, а таксама петрогліфы Сабу-Джадзі.

Старажытныя дзяржавы

[правіць | правіць зыходнік]

Вобласць Нубія на мяжы сучасных Судана і Егіпта — адно з найстаражытнейшых месцаў фарміравання дзяржаўных утварэнняў. Тут у сярэдзіне 4 тысячагоддзя на Ніле ўзнікла паселішча Керма, якое хутка расло і да 2 тысячагоддзя да н. э. ператварылася ў буйны горад, цэнтр аднайменнай дзяржавы, роўны па плошчы з тагачаснымі сталіцамі Старажытнага Егіпта. У пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. ніжняя Нубія трапіла пад уплыў егіпцян. Аднак Керма захавала сваю самабытнасць. У XVIII—XVI стст. да н. э., калі паўночны Егіпет быў захоплены гіксосамі, яе ўладары пашырылі свой кантроль на верхнюю Нубію і паўднёвы Егіпет.

У сярэдзіне 2 тысячагоддзя Яхмас I перамог гіксосаў і нубійцаў. Да 1450 годзе да н. э. Керма прыйшла ў заняпад. У Нубіі некалькі стагоддзяў дзейнічала егіпецкая дзяржаўная адміністрацыя. Але ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э. тут узнікла самастойная дзяржава Куш, для якой было характэрна спалучэнне мясцовых і егіпецкіх культурных традыцый. Яе першасным цэнтрам была Напата, пазней — Мероэ. У першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. экалагічны крызіс выклікаў хвалю міграцыі кушыцкага насельніцтва ўглыб Афрыкі. У 330 годзе Мероэ быў зруйнаваны войскам Аксума.

У сярэднявеччы ў Нубіі існавалі дзяржавы Набадыя, Макурыя і Алодыя, насельніцтва якіх спавядала хрысціянства.

У XVI стагоддзі значная частка сучаснага Судана ўвайшла ў склад мусульманскай дзяржавы Фундж з цэнтрам у Сенары. Да пачатку XIX ст. большасць насельніцтва Судана была ісламізавана.

Судан у складзе Асманскай імперыі. Махдзісцкі Судан

[правіць | правіць зыходнік]

У 1821 годзе Судан заваяваны правіцелем Егіпта Мухамедам Алі. У 1881 годзе прапаведнік Мухамед Ахмед абвясціў сябе махдзі і ўзначаліў паўстанне махдзістаў, якое паклала канец турэцка-егіпецкаму панаванню і стварыла ў Судане тэакратычную незалежную дзяржаву. Паўстанне ў 18981899 гадоў задушылі англічане.

Англа-Егіпецкі Судан

[правіць | правіць зыходнік]

У 18991955 гадах Судан — калонія Вялікабрытаніі (да 1951 года фармальна лічыўся англа-егіпецкім кандамініумам). У 1940-я гады склаліся партыі аль-Ума (стаяла за незалежнасць Судана) і нацыянал-юніянісцкая (НЮП; стаяла за саюз з Егіптам).

Незалежны Судан

[правіць | правіць зыходнік]

1 студзеня 1956 года абвешчана незалежнасць Судана. З 1958 годзе ўсталяваўся рэжым ваеннай дыктатуры генерала І. Абуда, які скінуты ў 1964 годзе. Аднак і новыя ўрады 1964 і 1965 гадах не здолелі вырашыць наспелыя праблемы. У 1969 годзе ваенныя на чале з Дж. Німейры ажыццявілі дзяржаўны пераварот; краіна атрымала назву Дэмакратычная Рэспубліка Судан; яе прэзідэнтам з 1971 года стаў Німейры. У 1972 годзе падпісана пагадненне з прадстаўнікамі паўстанцаў паўднёвых правінцый Судана аб пашырэнні самакіравання. У 1973 годзе прынята канстытуцыя, якая дазваляла толькі адну палітычную партыю — Суданскі сацыялістычны саюз (ССС). Увядзенне ў 1983 годзе ісламскага заканадаўства выклікала незадаволенасць немусульманскага насельніцтва поўдня, дзе аднавіла ўзброенную барацьбу Суданская нацыянал-вызваленчая армія. У 1985 грдзе ваенныя на чале з генералам С. ад-Дагабам скінулі Німейры, ССС распушчаны, адноўлена дзейнасць іншых палітычных партый; краіна перайменавана ў Рэспубліку Судан. Па выніках парламенцкіх выбараў у 1986 годзе створаны кааліцыйны ўрад на чале з лідарам партыі аль-Ума С. аль-Махдзі. Няздольны вырашыць складаныя эканамічныя праблемы краіны, гэты ўрад скінуты 30 чэрвеня 1989 года ў выніку ваеннага перавароту з удзелам ісламскіх фундаменталістаў; дзейнасць канстытуцыі і палітычных партый прыпынена. Улада перайшла да Савета камандавання рэвалюцыяй на чале з генералам Амарам аль-Башыра1998 года — прэзідэнт Судана). Значны ўплыў на ўрад мае ісламская фундаменталісцкая арганізацыя Нацыянальны ісламскі фронт.

З снежня 2018 года ў Судане пачаліся пратэсты супраць рэзкага павышэння цэнаў на хлеб, але неўзабаве пратэстны рух накіраваўся супраць аўтарытарнага кіраўніка краіны А. Х. аль-Башыра. З пачатку пратэстаў загінулі як мінімум 32 актывіста. У лютым 2019 года аль-Башыр абвесціў у краіне надзвычайнае становішча, абмежаваў свабоду сходаў, распусціў Кабмін і ўвёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча на год. 6 красавіка тысячы актывістаў выйшлі на вуліцы сталіцы Судана Хартума з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта. Пратэстоўцаў адагналі ад прэзідэнцкага палаца пры дапамозе слёзацечнага газу[2].

11 красавіка 2019 года армія Судана здзейсніла ў краіне пераварот. Вайскоўцы вырашылі зняць з усіх пасадаў прэзідэнта Амара аль-Башыра, які кіраваў краінай 25 гадоў, і разагнаць урад[3]. Міністр абароны краіны генерал-лейтэнант Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф аб’явіў аб арышце Амара аль-Башыра, роспуску парламента і дзеючых органаў улады. Акрамя таго, было аб’яўлена аб прыпыненні дзеяння Канстытуцыі і ўвядзенні надзвычайнага становішча ў краіне на тры месяцы[4].

Ваенны савет, што захапіў уладу ў краіне, узначаліў Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф, які перад гэтым некалькі месяцаў займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта[5]. Але 12 красавіка ён падаў у адстаўку дзеля захавання адзінства ўзброеных сілаў, назваўшы сваім пераемнікам генерала Абдэль Фатаха Бурхана[6]. Адстаўка адбылася на фоне масавых пратэстаў з патрабаваннем найхутчэйшых палітычных пераўтварэнняў[7].

Апазіцыя заклікала да найхутчэйшага стварэння пераходнага ўраду і распачала страйк каля міністэрства абароны ў Хартуме. 3 чэрвеня суданская армія пачала разгон лагера пратэстоўцаў. Вайскоўцы ўжылі зброю. Каля 100 чалавек загінулі, целы 40 чалавек былі знойдзены ў рацэ Ніл[8].

Апазіцыя і ваенны савет Судана 5 ліпеня дасягнулі пагаднення аб раздзяленні ўлады ў пераходны перыяд да правядзення выбараў. Бакі дамовіліся стварыць суверэнны савет з пяці ваенных і пяці грамадзянскіх асоб, які будзе дзейнічаць як мінімум тры гады. 17 ліпеня Пераходны ваенны савет Судана і апазіцыйны альянс «Сілы за свабоду і перамены» падпісалі ў Хартуме ў прысутнасці пасрэднікаў з Эфіопіі і Афрыканскага саюза палітычнае пагадненне, прызначанае пракласці шлях да дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне[9].

Дзяржаўны лад і палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што афіцыйна дзяржава пазіцыянуе сябе як прэзідэнцкая прадстаўніча-дэмакратычная федэратыўная рэспубліка, на міжнародным узроўні суданская палітыка разглядаецца як аўтарытарны рэжым з-за кантролю, які партыя Нацыянальны кангрэс Судана на чале з аль-Башырам ажыццяўляе над выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінамі ўлады з моманту свайго заснавання ў 1996 годзе. Суданскі ўрад падтрымліваў выкарыстанне арабскіх апалчэнцаў Джанджавід падчас Дарфурскага канфлікту, у выніку чаго тысячы людзей былі дэпартаваныя і забітыя, а патрэба ў гуманітарнай дапамозе ў Дарфуры прыцягнула да сябе ўвагу міжнароднай супольнасці. У 2009 і 2010 гадах Міжнародны крымінальны суд выдаў два ордэры на арышт Амара аль-Башыра, які абвінавачваецца ў здзяйсненні генацыду, злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах.

Дзейнічае часовая канстытуцыя 2005 года.

11—15 красавіка 2010 года прайшлі першыя дэмакратычныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары з удзелам розных палітычных партый. Галоўны апазіцыйны кандыдат, Ясір Арман з партыі НАВС, зняў сваю кандыдатуру за некалькі дзён перад выбарамі. Пераможцам прэзідэнцкіх выбараў аб’яўлены Амар Хасан аль-Башыр (68,24 %). Па выніках парламенцкіх выбараў больш за ўсё галасоў набрала партыя Нацыянальны кангрэс Судана.

Судан з’яўляецца членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Афрыканскага саюза, Лігі арабскіх дзяржаў, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва і Руху недалучэння, а таксама назіральнікам у Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Выканаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнік дзяржавы, урада і галоўнакамандуючы — прэзідэнт.

Заканадаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Парламент двухпалатны — Савет правінцый (50 месцаў, абіраецца органамі кіравання правінцый на 6-гадовы тэрмін) і Нацыянальная асамблея (450 месцаў, у 2005 годзе былі прызначаныя прэзідэнтам — запоўнена 360 месцаў: 355 ад прэзідэнцкай партыі Нацыянальны кангрэс і 5 беспартыйных).

Судовая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]

Судовая сістэма незалежная, на чале з Канстытуцыйным Судом Судана. Прававая сістэма грунтуецца на законе шарыяту.

Дзяржаўная сімволіка

[правіць | правіць зыходнік]
Сцяг прэзідэнта Судана з выявай нацыянальнага герба ў залатым колеры.

Сцяг Судана ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальных палос аднолькавай шырыні (чырвонага, белага і чорнага колераў) і зялёнага трохкутніка, накладзенага па-над імі злева. Ён заснаваны на сцягу арабскага вызвалення і з’яўляецца падобным на сцягі Егіпта, Ірака, Сірыі і Емена, якія таксама выкарыстоўваюць стандартныя панарабскія колеры, сярод якіх зялёны з’яўляецца менш значным. Чырвоны, белы, чорны і зялёны колеры гістарычна звязаны з арабскім народам і ісламскай рэлігіяй на працягу многіх стагоддзяў і сімвалізуюць арабскае адзінства і незалежнасць. Да ваеннага перавароту Джафара Німейры ў 1969 годзе ў краіне выкарыстоўваўся трыкалор з блакітна-жоўта-зялёны трыкалор, які быў абраны як нейтральны паміж рознымі этнічнымі групамі і палітычнымі партыямі і сімвалізаваў раку Ніл (блакітны), пустэльню Сахару (жоўты) і сельскагаспадарчыя землі (зялёны).

Цяперашні сцяг быў прыняты 20 мая 1970 года. Чырвоная паласа на ім сімвалізуе барацьбу Судана за незалежнасць, а таксама ахвяры многіх пакутнікаў краіны. Белая паласа сімвалізуе мір, святло і аптымізм, а таксама звязана з Лігай белага сцяга, нацыяналістычнай арганізацыяй, якая паўстала супраць каланіяльнага панавання ў 1924 годзе. Чорны колер сімвалізуе саму назву краіны: у перакладзе з арабскай мовы «судан» азначае «чорны». Ён таксама ўяўляе сабой чорны сцяг нацыяналістаў, якія ваявалі супраць каланістаў падчас Махдысцкай вайны ў канцы 19 стагоддзя. Зялёны колер сімвалізуе іслам, сельскую гаспадарку і росквіт зямлі.

Сучасны нацыянальны герб Судана быў прыняты ў 1985 годзе. Ён уяўляе сабой птушку-сакратара, якая нясе шчыт часоў Мухамада Ахмада, самаабвешчанага Махдзі, які кароткі час кіраваў Суданам у 19 стагоддзі. Апроч таго, на гербе змешчаныя два скруткі: верхні з нацыянальным дэвізам, «النصر لنا» («Перамога за Намі»), і ніжэй з назвай дзяржавы, «جمهورية السودان» («Рэспубліка Судан»). Птушка-сакратар была абраная як суданскі варыянт Арла Саладзіна і Ястраба Куарэша, якія прысутнічаюць у эмблемах некаторых арабскіх дзяржаў і звязаны з арабскім нацыяналізмам. Выява нацыянальнага герба таксама з’яўляецца прэзідэнцкай пячаткай і размяшчаецца ў залатым колеры на сцягу прэзідэнта дзяржавы і на транспартных сродках прэзідэнцкай рэзідэнцыі. Да 1970 года выкарыстоўваўся герб з выявай насарога і дзвюх пальм і аліўкавых галін па баках, а таксама са скруткай з назвай дзяржавы, «جمهورية السودان» («Рэспубліка Судан»), размешчанай ніжэй.

Нацыянальны гімн Судана, «Мы — войска Алаха, войска айчыны» (араб. «السلام الجمهوري: نحن جند الله جند الوطن»‎‎), быў прыняты адразу пасля абвяшчэння незалежнасці краіны. Да гэтага ён з’яўляўся гімнам Сілаў абароны Судана.

Узброеныя сілы

[правіць | правіць зыходнік]

Ваенная арганізацыя Рэспублікі Судан, прызначаная для абароны свабоды, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, складаецца з сухапутных войскаў, ваенна-марскіх сіл, паветраных сіл і сіл народнай абароны.

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]
Штат Плошча, км² Насельніцтва
1[ап 1] Белы Ніл 30,411 1,730,588
2 Блакітны Ніл 45,844 832,112
3 Гедарэф 75,263 1,348,378
4 Заходні Дарфур 23,000 754,710
5 Заходні Кардафан 111,373 1,419,983
6 Касала 36,710 1,789,806
7 Паўднёвы Дарфур 72,000 2,879,810
8 Паўднёвы Кардафан 79,470 867,918
9 Паўночны Дарфур 320,000 2,113,626
10 Паўночны Кардафан 185,302 2,039,495
11 Паўночны штат 348,765 699,065
12 Рака Ніл 122,123 1,120,441
13 Сенар 37,844 1,285,058
14 Усходні Дарфур 55,000 1,213,784
15 Хартум 22,142 5,274,321
16 Цэнтральны Дарфур 34,000 553,515
17 Чырвонае мора 218,887 1,396,110
18 Эль-Гезіра 23,373 3,575,280
  1. Нумары абшчын адпавядаюць нумарам дадзеных перыферый на карце справа.

Фізіка-геаграфічная характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Судан мае сухапутныя межы з Егіптам на поўначы, Эрытрэяй і Эфіопіяй на ўсходзе, Паўднёвым Суданам на поўдні, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай на паўднёвым захадзе, Чадам на захадзе і Лівіяй на паўночным захадзе. На ўсходзе краіна абмываецца Чырвоным морам. Рака Ніл дзеліць краіну на заходнюю і ўсходнюю часткі.

Большую частку тэрыторыі Судана займае плато (вышыні 300—1000 метраў), якое з поўдня на поўнач перасякае даліна ракі Ніл, утваранай зліццём Белага і Блакітнага Ніла. У раёне зліцця знаходзіцца сталіца краіны, горад Хартум. Усе рэкі адносяцца да басейна Ніла.

На поўначы краіны — Лівійская і Нубійская пустыні, амаль пазбаўленыя расліннасці (у тых пустынях ёсць: сухія травы і злакі, рэдкія дрэвы, паўпустыні і аазісы). У цэнтры і на поўдні краіны — саванны і рэдкалессі. На ўсходзе і захадзе — горы.

На поўдні клімат субэкватарыяльны, на поўначы — спякотны пустынны. Асноўныя экалагічныя праблемы — эрозія глебы і апустыньванне. Каля 10 % тэрыторыі займаюць лясы.

З жывёл захаваліся: антылопа орыкс, газель, жырафа, слон, леапард, леў, бегемот, страус, дрофы, марабу, цацаркі, птушка-сакратар, пітоны, кракадзілы, дваякадыхальны пратаптэрус, многапёр, сом, нільскі акунь, тыгровая рыба, тэрміты, муха цэцэ і інш[10].

Маючымі гістарычныя і этнічныя асаблівасці і адрозненні буйнымі рэгіёнамі краіны з’яўляюцца Дарфур, Кардафан, Сеннар, Беджа.

Па ацэнцы на ліпень 2015 года насельніцтва Судана складае 40 234 882 чалавекі[11];на ліпень 2010 года — 30,89 мільёна чалавек (не ўключаючы Паўднёвы Судан). Гадавы прырост знаходзіцца на ўзроўні 2,15 %. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці — каля 4,4 нараджэнняў на жанчыну. Дзіцячая смяротнасць — 78 на 1000. Сярэдняя працягласць жыцця складае 54,2 года ў мужчын, 56,7 гадоў у жанчын. Гарадское насельніцтва — 43 %. Узровень пісьменнасці складае 71 % сярод мужчын і 50 % сярод жанчын (па ацэнцы 2003 году).

Нацыянальны склад

[правіць | правіць зыходнік]

Арабы складаюць 70 % насельніцтва[12], беджа (кушыты) — 6 %, іншыя 3 %.

Па меншай меры 70 моў з’яўляюцца роднымі для жыхароў Судана. Найважнейшыя мовы — арабская, нілоцкія мовы, нубійская, беджа. Афіцыйнымі мовамі з’яўляюцца арабская і англійская.

Рэлігійны склад

[правіць | правіць зыходнік]
Рэлігія ў Судане[13]
рэлігія адсоткаў
Іслам
  
97%
Афрыканскія традыцыйныя вераванні
  
1.5%
Хрысціянства
  
1.5%

Пасля аддзялення Паўднёвага Судана ў 2011 годзе больш за 97 % насельніцтва краіны прытрымліваюцца ісламу. Большасць мусульман з’яўляюцца членамі дзвюх ісламскіх груп: суфізму і салафізму. Большасць насельніцтва Паўночнага Судана вызнае іслам суніцкага толку (95 %), хрысціянства — 1 %, абарыгенныя культы — 4 %.

Судан належыць да групы самых бедных і найменш эканамічна развітых дзяржаў свету. Адна з самых бедных сярод арабскіх краін (разам з Маўрытаніяй і Чадам уваходзіць у т.зв. судан-сахарскі «пояс беднасці»).

Асноўныя даходы краіне прыносіць сельская гаспадарка, а таксама здабыча нафты.

Да другой паловы 2008 года эканоміка Судана хутка расла (рост ВУП больш за 10 % у 2006 і 2007 гадах) — дзякуючы павелічэнню здабычы нафты (пры высокіх цэнах на нафту) і буйным замежным інвестыцыям. Судан пачаў экспартаваць нафту з канца 1999 года.

ВУП на душу насельніцтва ў 2009 годзе — 2,3 тыс. дал (181-е месца ў свеце). Ніжэй за ўзровень беднасці — 40 % насельніцтва (у 2004 годзе). Узровень беспрацоўя — 18,7 % (у 2002 годзе). Інфляцыя — 14,3 % (у 2008 годзе).

Грашовая адзінка — суданскі фунт.

Прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

Прамысловасць развітая слаба. Асноўныя — здабыча і перапрацоўка нафты, апрацоўка бавоўны, тэкстыль, апрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, абутак, зборка аўтамабіляў.

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]

Сельская гаспадарка застаецца значным сектарам эканомікі Судана — 80 % працуючых і амаль трэць валавага ўнутранага прадукта.

Сельская гаспадарка — бавоўна, арахіс, сорга, проса, пшаніца, гуміарабік, цукровы трыснёг, касава (тапіёка), манга, папая, бананы, батат; разводзяцца авечкі, каровы, козы; рыбалоўства.

Краіна адчувае сур’ёзны недахоп электраэнергіі. 80 % патрэб у паліве і электраэнергіі пакрываецца за кошт драўніны і драўнянага вугалю, а таксама адходаў сельскагаспадарчай вытворчасці — прэсаванай лупіны арахісу і сцябла бавоўніку. Працуюць 11 цеплаэлектрастанцый (каля сталіцы — самая буйная, у гарадах Касала, Косці, Хартум, Шандзі і інш.) і 3 ГЭС. Больш за 80 % электраэнергіі выпрацоўваецца на электрастанцыях, размешчаных у цэнтральнай частцы краіны.

З лютага 2018 да красавіка 2019 года ў краіне адбылося 5 адключэнняў электрычнасці[14].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. а б БелЭн 2002.
  2. У Судане працягваюцца пратэсты: тысячы людзей патрабуюць адстаўкі прэзідэнта. Новы час (7 красавіка 2019).
  3. nashaniva.by
  4. blr.belta.by Архівавана 15 красавіка 2019.
  5. nashaniva.by
  6. Глава Военного совета Судана ушел в отставку
  7. belsat.eu
  8. svaboda.org
  9. blr.belta.by Архівавана 8 жніўня 2019.
  10. Судан (государство) // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  11. Ацэнка (прагноз) Дэпартамента па эканамічным і сацыяльным пытанням ААН на 1 ліпеня 2015 года: Total Population — Both Sexes. De facto population in a country, area or region as of 1 July of the year indicated. Figures are presented in thousands. (Medium fertility, 2015—2100).xls // Population Division Download Files
  12. Africa :: Sudan Архівавана 5 лютага 2019.
  13. The World Factbook(недаступная спасылка). cia.gov. Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 6 жніўня 2016.
  14. Reuters: на всей территории Судана отключили электричество (руск.). ТАСС (7 красавіка 2019).
  • Афнагель І. Я. (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Кошалеў У. С. (гісторыя). Суда́н, Рэспубліка Судан // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 247—249. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Поспелов Е. М. Географические названия мира. Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц / отв. ред. Р. А. Агеева. — 2-е изд. — М.: Русские словари; Астрель; АСТ, 2002. — С. 399. — 512 с. — 5000 экз. — ISBN 5-17-002938-1, ISBN 5-271-00446-5, ISBN 5-93259-014-9, ISBN 5-17-001389-2. (руск.)
  • Суда́н // Советская историческая энциклопедия. В. 16 т. — Том 13. Славяноведение — Ся Чен. — М.: Государственное научное издательство «Советская энциклопедия», 1971. Стлб. 920—931. — 1124 стлб. с илл. и картами; 8 л. карт и илл. — 57 800 экз. (руск.)
  • Суда́н // Энциклопедический географический словарь. — М.: РИПОЛ классик, 2011. С. 641—643. — 800 с.: ил. 5000 экз. — (Словари нового века) — ISBN 978-5-386-03063-6. (руск.)