Мяса
Мя́са — шкілетная папярэчна-паласатая мускулатура жывёлы з прылеглымі да яе тлушчавымі й злучальнымі тканкамі, а таксама прылеглай коснай тканкай, мяса на касьцях, або безь яе, бяскоснае мяса.[1]
Таксама, мясам часамі называюць некаторыя субпрадукты: языкі, печань, ныркі, мазгі, сэрца, дыяфрагмы, мяса галоў й страваводу й г. д. Мяса выкарыстоўваецца пераважна як харчовы прадукт. Мяса зьяўляецца важным прадуктам харчаваньня, асноўная крыніца жывёльнага бялку й адна з галоўных крыніц бялку наогул. Мяса наземных сысуноў зьмяшчае ўсе неабходныя для чалавека рэчывы. Як правіла мяса ядуць разам зь іншай ежай, якая зьяўляецца ў дадзеным выпадку гарнірам. Мяса можа ўжывацца негатаваным, але, як правіла, яго ядуць пасьля гатаваньня або рознай апрацоўкі. Неапрацаванае мяса сапсуецца на працягу некалькіх гадзінаў або дзён. Псаваньне выклікана практычна непазьбежнай інфэкцыяй і наступным раскладаньнем мяса бактэрыямі й грыбамі.
Мяса зьяўляецца каштоўным харчовым прадуктам, перш за ўсё таму, што мае ў сабе шмат паўнацэннага жывёльнага бялку: у розных гатунках мяса жывёлаў і птушак ягоная ўдзельная вага дасягае 14—24%. Акрамя бялку, у мясе маецца значная колькасьць тлушчаў, якія ўплываюць на ягоную калярыйную каштоўнасьць і спрыяюць хуткаму насычэньню. Усе віды мяса таксама багатыя на жалеза, вітаміны А, В1, В6, В12. Акрамя таго, у мясе ёсьць гэтак званыя экстрактыўныя рэчывы, што ўзбуджаюць апэтыт і стымулююць сакрэцыю стрававальных сокаў. Але празьмернае спажываньне мяса можа прывесьці да перагрузкі арганізма азоцістымі шлакамі. Даросламу чалавеку, які займаецца лёгкай фізычнай працай, пры зьмешаным харчаваньні зусім дастаткова 150—200 грамаў мяса ці мясных прадуктаў на дзень. Тлустае мяса пераварваецца ў страўнікава-кішачным тракце больш павольна, чым поснае. Таму пры паніжанай сакрэцыі страўнікавага соку, асабліва ў сьпякотныя летнія дні, поснае мяса, бясспрэчна, больш карыснае, чым тлустае; і наогул, сьвініну больш спажываюць у халодны пэрыяд году.
Вызначэньне мяса ў розных культурах ўключае розныя складнікі. Напрыклад, сукупнасьць тканінаў рыб і іншых водных жывёлаў не заўсёды ўключаецца ў панятак «мяса». Вялікая частка мяса, спажыванага людзьмі, ажыцьцяўляецца пасродкам забою хатніх жывёлаў спэцыяльных мясных пародаў у разьніцы. У ежу выкарыстоўваецца мяса й іншых жывёлаў, як то дзікіх буйных і дробных сысуноў, рэптыліяў, амфібіяў і іншых. У розных кухнях сьвету выкарыстоўваецца мяса розных жывёл. У асноўным гэта залежыць ад даступнасьці розных гатункаў і традыцыяў кухні. Разглядаецца магчымасьць вырошчваньня мяса «у прабірцы»[2]. Спажываньне мяса вагаецца ва ўсім сьвеце, у залежнасьці ад культурных ці рэлігійных перавагаў, а таксама эканамічных умоваў. Вэгетарыянцы аддаюць перавагу адмовы ад ужываньня мяса з этычных, эканамічных, экалягічных, рэлігійных або мэдычных праблемаў і фактараў, якія зьвязаны з вытворчасьцю й спажываньнем мяса.
Слова «мяса» можа ўжывацца й у пераносным значэньні, напрыклад, «гарматнае мяса».
Беларусь
рэдагавацьУ 2012 годзе жыхары Беларусі спажылі звыш паловы мяса ў выглядзе сасісак і кілбасы, якія зьмяшчалі звыш 30% тлушчу[3].
За 2022 год у Беларусі атрымалі 1,735 млн тонаў мяса жывёлы і птушкі. У выніку росту вытворчасьці каля 40 % прыпала на мяса птушкі. Яшчэ 36,6 % вытворчасьці ў мясной прамысловасьці склала мяса буйной рагатай жывёлы (ялавічына). Рэшта (24 %) прыпала на сьвініну (каля 400 тыс. тонаў). Узровень забясьпечанасьці мясам птушкі ў Беларусі складаў 185 %. Каля 98 % мяса птушкі займала кураняціна. Рэшту складалі індычаціна, а таксама мяса качкі, перапёлкі, цацаркі і гуся. У вытворчасьці ялавічыны выкарыстоўвалі звыш 90 % чорна-пярэстай пароды. Таксама 161 прадпрыемства гадавала такія замежныя пароды, як абэрдын-ангус, лімузін і герэфорд. Пры гэтым 32 прадпрыемствы разводзілі чыстыя пароды. На пачатак 2023 году для вытворчасьці мяса выкарыстоўвалі 36 % абэрдын-ангусаў і герэфордаў, 26 % лімузінаў і 2 % шарале[4].
У 2021 годзе экспартавалі 530 тыс. тонаў мясных вырабаў. У 2022 годзе забясьпечанасьць мясам і мяснымі вырабамі за кошт уласнай вытворчасьці перавысіла 130 %. Доля мясных вырабаў у экспарце харчаваньня склала каля 20 %, а доля вытворчасьці перавысіла 30 %. На ялавічыну прыпала звыш 50 % экспарту мясных вырабаў, на мяса птушкі — 20 %, на каўбасу — 11 % і на мясныя кансэрвы — 6,4 %. Найбольш каўбасы і мясных вырабаў выпускалі ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях Беларусі. Найбольшыя пастаўкі накіроўвалі ў Расею і Кітай. Пры гэтым пастаўлялі ў 54 рэгіёны Расеі ва ўсіх фэдэральных акругах, зь якіх найбольш у сумежныя Цэнтральную і Паўночна-Заходнюю[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ayyıldız, Esat. “Klasik Arap Edebiyatında Et Motifi”. International Malatya Gastronomy Culture and Tourism Conference. ed. Aynur Ismayilova – Gunay Rzayeva. 19-24. Malatya: IKSAD Publishing House, 2022.
- ^ Первое мясо из пробирки оценено в миллион долларов. membrana.ru
- ^ Хрысьціна Рашанок, БелТА. Рынак здаровага харчаваньня // Зьвязда : газэта. — 20 жніўня 2013. — № 154 (27519). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Будаўніцтва фэрмаў і нарошчваньне аб'ёмаў вытворчасьці // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 10 траўня 2023 г. Праверана 10 траўня 2023 г.
- ^ Новыя рынкі збыту і работа па павелічэньні экспарту // БелТА, 2 траўня 2023 г. Праверана 10 траўня 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Мясныя стравы. Talerka.org