Аўген Вярбіцкі
Аўген Вярбіцкі | |
Дата нараджэньня | 4 студзеня 1922 |
---|---|
Месца нараджэньня | м. Краснае, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 29 чэрвеня 1986 (64 гады) |
Месца сьмерці | Філадэлфія, Пэнсыльванія, ЗША |
Месца вучобы | Віленскі ўнівэрсытэт, Мюнхэнскі ўнівэрсытэт |
Занятак | навуковец |
Навуковая сфэра | хімія, біяхімія, астранаўтыка |
Вядомы як | стваральнік «касьмічнай ежы» |
Сябра ў | Беларускае студэнцкае згуртаваньне[d], Нью-Ёркская акадэмія навук[d], Амэрыканскае хімічнае таварыства[d], Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне і Беларускі інстытут навукі і мастацтва |
Аўген Вярбіцкі, Eugen Wierbicki, пс. Дунін (4 студзеня 1922, м. Краснае Маладзечанскага павету — 29 чэрвеня 1986, Філадэлфія, Пэнсыльванія) — біяхімік, сябра Нацыянальнай акадэміі навук ЗША, беларускі грамадзкі дзяяч у ЗША, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў беларускай эміграцыі.
Пад час Другой сусьветнай вайны навучаўся ў Адміністрацыйна-гандлёвым інстытуце ў Маладэчне пад кіраўніцтвам Барыса Кіта.
У пасьляваеннай Нямеччыне вучыўся ва ўнівэрсытэце УНРРА ў Мюнхэне на факультэце агракультуры. Сябра Беларускага студэнцкага згуртаваньня і Студэнцкага стыпэндыяльнага фонду.
У ЗША прыбыў у 1949 г. Скончыў біялягічны факультэт Ратгэрскага унівэрсытэту ў горадзе Нью-Брансьвіку, атрымаўшы ступень доктара навук. Ягоным прафэсарам быў вельмі вядомы амэрыканскі навуковец, Нобэлеўскі ляўрэат прафэсар Вахсман. Пераехаў у штат Аёва і пачаў спэцыялізавацца ў хіміі мясной вытворчасьці. У складзе навуковай групы займаўся тэмай узьдзеяньня кастрацыі быкоў на колькасьць вітамінаў у мясе[1].
Пазьней атрымаў пасаду галоўнага навукоўца ў ваеннай лябараторыі дасьледаваньняў ежы Масачусэтс. Дасягнуў вялікіх посьпехаў у галіне кансэрваваньня харчоў (шляхам апрамяненьня гама-выпраменьваньнем), стваральнік «касьмічнае ежы», якая выкарыстоўвалася ў касьмічных палётах амэрыканскіх астранаўтаў. За гэта атрымаў з рук прэзыдэнта ЗША кавалачак Месяца[2]. За свае адкрыцьці быў абраны Амэрыканскім хімічным таварыствам чалавекам году. Загадчык Лябараторыі дасьледаваньня мясных прадуктаў у амэрыканскім войску. Меў пятнаццатую дзяржаўную ступень (самая вышэйшая, прэзыдэнцкая, — васямнаццатая)[1].
Сябра Нью-ёрскай Акадэміі навук, Амэрыканскага хімічнага таварыства, Амэрыканскага інстытуту тэхналёгіі ежы, Амэрыканскага таварыства мясной прамысловасьці, ганаровы сябра Таварыства прагрэсу навукі. Першы навуковец беларускага паходжаньня, які трапіў у даведнік «American Men of Science» — «Амэрыканскія дзеячы навукі».
У 1954—1957 гг. быў заступнікам старшыні Галоўнай управы БАЗА. Старшыня Беларускага Стыпэндыяльнага Фонду на Амэрыку. Сябра БІНіМу. Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасьці Беларускіх Амэрыканскіх Рэспубліканскіх Клюбаў. Чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі. Аўтар артыкулаў «Пра паходжаньне беларусаў», «Пра назоў Беларусь», «Пра стан Беларусі» ў некаторых амэрыканскіх англамоўных часопісах. Друкаваўся ў беларускіх эмігранцкіх часопісах пад псэўданімам Дунін.
Меў жонку-немку, зь якой ажаніўся яшчэ ў Нямеччыне, і двое дзяцей — сына і дачку. У 1960 годзе ў складзе амэрыканскай дэлегацыі наведаў СССР з мэтай вывучэньня разьвіцьця мясной індустрыі. Быў ва Ўзбэкістане, Туркмэністане, але савецкія ўлады не далі дазвол яму наведаць Беларусь — прывезьлі яго сваякоў на сустрэчу ў Маскву.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Успаміны Барыса Кіта пра вядомых людзей(недаступная спасылка), Родныя вобразы
- ^ Моваю травалёгу, Лявон Юрэвіч //Запісы БІНіМ сш.32, 2009, с.27
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аўген Вярбіцкі, Радыё Свабода, 2002
- Гутарка, 1984