Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Баркулабаўскі летапіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Баркулабаўскі летапіс, старонка рукапісу

Баркула́баўскі ле́тапіс, Баркулабаўская хро́ніка — летапісны звод, складзены ў мястэчку Баркулабаве Аршанскага павету. Помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня пачатку ХVII ст. Аўтарам, магчыма, быў мясцовы праваслаўны сьвятар Фёдар Філіповіч.

Баркулабаўскі летапіс. Фрагмэнт.

Гістарычны помнік упершыню быў заўважаны гісторыкамі ў сярэдзіне XIX ст., калі зьявіўся «Паказальнік» рукапісаў бібліятэкі Сыноду ў Санкт-Пецярбурзе[1]. Сяргей Салаўёў карыстаўся Баркулабаўскім летапісам пры напісаньні X-га тому «Гісторыі Расеі»[2].

Баркулабаўскі летапіс знаходзіцца ў канцы рукапіснага збору сшыткаў, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музэю ў Сынадальным зборы пад нумарам 790 на аркушах 137—174. Рукапіс пісаны беларускім скорапісам, які Панцеляймон Куліш і Еўдакім Раманаў вызначылі XVII ст., рэдактары XVII тому ПСРЛ — канцом XVII ст., а Мітрафан Доўнар-Запольскі лічыў, што першыя 70 аркушаў пісаны почыркам сярэдзіны альбо канца XVI ст., рэшта ж — каля сярэдзіны XVII ст. Вокладка скураная, на карашку надпіс: «ЛҌтописец вкратцѣ». Папера розная: першыя 70 аркушаў — белая, шчыльная, тонкая; рэшта (з 71-га аркуша й да канца) — жоўтая, рыхлая. Філіграні на аркушах 1-70 — ражок і літары MCED, датаваны 1656 годам; на аркушах 71-128 — збан зь літарамі G/AB і вялікая лілея, датаваны 1651 годам; на аркушах 129—174 — певень на тарчы гербу й над ім літары SOLA, датаваны 1660 годам. Такім чынам, зборнік перапісаны, імаверна, у 60-х гадах XVII ст., а сам летапіс раней на некалькі дзесяцігодзьдзяў[3][4][5].

Летапіс быў створаны ў мястэчку Баркулабаве, каля места Стары Быхаў у канцы XVI — пачатку XVII ст. Аўтарам летапісу, імаверна, быў баркулабаўскі сьвятар Фёдар Філіповіч, як прапанаваў першы дасьледчык Панцеляймон Куліш, але аўтарам мог быць і дзяк гэтай жа царквы.

Летапіс упершыню надрукаваў Панцеляймон Куліш пад назвай «Боркулабовская хроника. 1563—1608» у 1877 годзе.

Мітрафан Доўнар-Запольскі ў 1898 годзе апублікаваў летапіс у «Киевских университетских известиях», а ў 1908 годзе перадрукаваў асобнай кнігай, дадаўшы палеаграфічнае апісаньне, уласныя меркаваньні пра аўтара і крыніцазнаўчую значнасьць летапісу.

Беларускі этнограф, археоляг і гісторык Еўдакім Раманаў перадрукаваў з публікацыі Мітрафана Доўнар-Запольскага 1899 году ў «Могилевских губернских ведомостях» і ў першым выпуску «Могилевской старины», а потым пад назваю «Варколабовская летопись» у Памятнай кніжкі Віленскай губэрні на 1910 год і ў зборніку «Первоисточники для истории Могилевского края» у 1916 годзе.

У 1962 г. поўны тэкст помніка пад загалоўкам «Баркулабовская летопись» з уступным артыкулам, у якім даецца агляд гісторыі вывучэньня гэтага твора, апублікаваў Мальцаў А. Н.

У 1975 годзе Мікалай Улашчык уключыў Баркулабаўскі Летапіс у 32 том ПСРЛ і ў прадмове пракмэнтаваў папярэднія выданьні летапісу[6].

Поўны тэкст летапісу з камэнтарамі ўпершыню ў Беларусі быў надрукаваны ў зборніку «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасьці» ў 1975 годзе.

Доктарка філялягічных навук Ніна Вайтовіч у манаграфіі «Баркулабаўскі летапіс» (1977 год) зрабіла поўны лінгвістычны аналіз пісьмовага помніка, а ў дадатку ўпершыню быў пададзены арыгінал тэксту з захаваньнем палеаграфічных і артаграфічных асаблівасьцяў рукапіснага арыгінала.

Першы пераклад на сучасную беларускую мову выканаў Сяргей Вераціла ў выданьні 1997 году «Беларускія летапісы і хронікі». Укладаньнік Уладзімер Арлоў, навуковы рэдактар і аўтар прадмовы Вячаслаў Чамярыцкі.

У 2013 годзе Баркулабаўскі Летапіс быў перавыданы выдавецтвам Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі з факсымільным аднаўленьнем кнігі. Факсымільнае выданьне складаецца зь дзьвюх кніг, якія ўключаюць факсымільны ўнікальны беларускі летапіс, транслітараваны тэкст рукапіснага помніка, матэрыялы яго гісторыка-культурнага дасьледаваньня.

Апісаньне падзеяў пачынаецца з сойму ў Берасьці (1545 год) і пабудовы Магілёўскага замку (1526 год). Потым назіраецца 11-гадовы перапынак. Больш сыстэматызавана выкладаюцца падзеі з 1563 году (захоп маскоўскім гаспадаром Іванам IV Тыранам Полацку) і да 1608 году. У канцы летапісу ёсьць пазьнейшы дадатак невядомага аўтара пра паход караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы на Смаленск у час вайны 1632—1634 гадоў. Разгорнута апісваецца Берасьцейская царкоўная унія; магчыма, што аўтар браў удзел у Берасьцейскім царкоўным саборы (1596 год) і бараніў інтарэсы праваслаўнага насельніцтва.

Асноўныя крыніцы летапісу — гэта асабістыя назіраньні і ўспаміны аўтара. Падзеі асьвятляюцца з патрыятычных пазыцыяў. Так, асуджаюцца дзеяньні ўкраінскіх казакаў, якія «вялікую шкоду чынілі… горш, чым злыя непрыяцелі».

У твор улучаецца ліст Івана IV Тырана да Стэфана Баторыя (1580 год), грамата Жыгімонта Вазы (1592 год), тэкст «Унівэрсалу» рокашу 1606 году.

Летапіс зьмяшчае ўнікальныя зьвесткі з гісторыі Ўсходняй Беларусі: інфармацыю пра асобныя ваенна-гістарычныя падзеі, пра гісторыю беларускай культуры і праваслаўнай царквы, пра гістарычных асобаў, у тым ліку двух Дзьмітрыяў-Самазванцаў, пра ўзьнікненьне мястэчка Баркулабава[7].

1 верасьня 2013 году ў Быхаве ўсталявалі манумэнтальную скульптурную кампазыцыю «Баркулабаўскі летапіс» ў форме Кнігі: абраз Божай Маці на адным развароце зь пісьмёнамі на другой[8].

  1. ^ Викторов, Алексей Егорович. Алфавитный указатель славянских рукописей Московской синодальной библіотеки. — Москва: Въ Университетской типографіи, 1858. — С. 51(№790). — 128 с.
  2. ^ Соловьевъ С. М. Исторія Россіи съ древнѣйшихъ временъ. — Второе изданіе. — С.-Петербургъ: «Общественная польза», 1896. — Т. 10. — С. 725 (слупок 1428). — 875 с.
  3. ^ Полное собраніе русскихъ лѣтописей изданное по высочайшему повелѣнію Императорскою археографическою коммиссіею / Пташицкій С. Л., Шахматовъ А. А. — редакторы; Колашевскій В. К. — указатели. — С.-Петербургъ: Типографія М. А. Александрова. — Т. 17. Западнорускія лѣтописи. — С. V—VII. — 350 с.
  4. ^ М. В. Довнаръ-Запольскій. Баркулабовская лѣтопись.. — Кіевъ: Типографія Кіевского Университета св.Владиміра, 2008. — С. 1(39)—12(53).
  5. ^ Е. Р. Романов. Варколабовская лѣтопись. // Подъ редакціей Е. Р. Романова Памятная книжка Виленской губерніи на 1910 годъ.. — Вильна: Губернская Типографія, 1910. — С. Часть ІІІ 3—7.
  6. ^ Улащик Н. Н.  Предисловие. // составитель и редактор тома доктор исторических наук Н. Н. Улащик Полное Собрание Русских Летописей (ПСРЛ). — Москва: «Наука», 1975. — Т. 32. Хроники Литовская и Жмойтская, и Быховца. — С. 9–12.
  7. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 54.
  8. ^ Тацьцяна Студзенка. Не растрачаны пісьмёны… // Літаратура і мастацтва : штотыднёвая літаратурная і грамадзка-палітычная дзяржаўная газэта. — 6 верасьня 2013. — № 35 (4733). — С. 8. — ISSN 0024-4686.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]