Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Буры вугаль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Брыкет бурага вугалю — пячное паліва

Бу́ры ву́галь — гаручы карысны выкапень расьліннага паходжаньня, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю.

Адрозьніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, сьветлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі.

Да бурага вугалю адносяць вуглі з вышэйшай цеплынёй гарэньня рабочай масы бязпопельнага вугалю меней 23,88 МДж (5700 ккал/кг).

Для бурага вугалю характэрна высокая гіграскапічнасьць і кіслотнасьць, мае 64-78% вугляроду, 5-6% вадароду, 15-30% кіслароду, 40-65% лятучых рэчываў. Шчыльнасьць 1200-1500 кг/м³.

Буры вугаль выкарыстоўваецца як энэргетычнае і бытавое паліва, сыравіна для хімічнай прамысловасьці і вырабу вадкага паліва.

Як энэргетычнае паліва буры вугаль мэтазгодна выкарыстоўваць каля месцаў здабычы, бо ён мае малую цеплыню згараньня і транспартаваць яго на вялікія адлегласьці ня выгадна.

Самыя буйныя басэйны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мэзазойска-кайназойскіх адкладаў. Галоўныя басэйны разьмешчаныя ў Расеі, Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі.

Здабыча бурага вугалю ў млн тон:

1970 1980 1990 2000 2001
1. Нямеччына 369,300 388,000 356,500 167,700 175,400
2. Расея 127,000 141,000 137,300 86,400 83,200
3. ЗША 5,400 42,300 82,600 83,500 80,500
4. Аўстралія 24,200 32,900 46,000 65,000 67,800
5. Грэцыя 8,100 23,200 51,700 63,300 67,000
6. Польшча 32,800 36,900 67,600 61,300 59,500
7. Турцыя 4,400 15,000 43,800 63,000 57,200
8. Чэхія 67,000 87,000 71,000 50,100 50,700
9. Кітай 13,000 22,000 38,000 40,000 47,000
10. Югаславія 26,000 43,000 60,000 35,500 35,500
11. Румынія 14,100 27,100 33,500 17,900 29,800
12. Паўночная Карэя 5,700 10,000 10,000 26,000 26,500
... Агулам 804,000 1.028,000 1.214,000 877,400 894,800

На Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Берасьцейскай упадзіне, у асноўным на тэрыторыі Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей. Вядомы Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонескае радовішчы. Агульныя геалягічныя запасы - больш за 1 млрд т, разьведаныя — больш за 150 млн т. Якасьць іх невысокая, распрацоўка пакуль не вядзецца, але гаспадарчае выкарыстаньне магчымае нават у блізкай пэрспэктыве.