Пэруджа
Пэруджа | |||
| |||
Краіна: | Італія | ||
Плошча: |
| ||
Вышыня: | 493 м н. у. м. | ||
Насельніцтва: |
| ||
Тэлефонны код: | 075 | ||
Паштовы індэкс: | 06121–06135 | ||
Нумарны знак: | PG | ||
Геаграфічныя каардынаты: | 43°6′43.56″ пн. ш. 12°23′19.68″ у. д. / 43.1121° пн. ш. 12.3888° у. д.Каардынаты: 43°6′43.56″ пн. ш. 12°23′19.68″ у. д. / 43.1121° пн. ш. 12.3888° у. д. | ||
Пэруджа | |||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||
https://www.comune.perugia.it/ |
Пэру́джа (па-італьянску: Perugia) — горад у італьянскім рэгіёне Умбрыі, цэнтрам якога горад і зьяўляецца. Пэруджа таксама зважаецца адміністрацыйным цэнтрам аднайменнай правінцыі. Стаіць на рацэ Тыбр. Горад разьмешчаны прыкладна за 164 км на поўнач ад Рыму і за 148 км на паўднёвы ўсход ад Флярэнцыі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пэруджа ўпершыню датуецца ў пісьмовых крыніцах як Пэрузія. Гэта быў адзін з 12 канфэдэратыўных гарадоў Этрурыі. Упершыню згадваецца ў апавяданьні Квінта Фабіюса Піктара, якое скарыстаў Тытус Лівіюс, аб экспэдыцыі, зьдзейсьненай супраць Этрускай лігі Квінтам Фабіюсам Максімам Руліянам[3] у 310 ці 309 годзе да н. э. У 216 і 205 гадах да н. э. горад дапамагаў Рыму ў Другой Пунічнай вайне, але пасьля гэтага ён ня згадваецца ажно да 41 ці 40 году да н. э., пакуль Люцыюс Антоніюс не знайшоў тут прытулак і ня быў разьбіты Актавіянам пасьля доўгай аблогі, а ягоныя сэнатары былі пакараныя сьмерцю.
Места амаль ня згадваецца ў наступныя стагодзьдзі, за выключэньнем географаў. Горад быў адзіным ва Умбрыі, які супрацьстаяў Татылу, які захапіў яго і спустошыў у 547 годзе пасля доўгай аблогі. Перамовы з абложнымі сіламі леглі на біскупа гораду Гэркуляна як прадстаўніка мяшчанаў[4]. Паводле паданьня Татыла загадаў здраць зь біскупа скуру і адсекчы галаву. Пазьней кананізаваны сьвяты Гэркулян стаў заступнікам гораду.
У лянгабардзкі час Пэруджа лічылася адным з галоўных гарадоў Тусцыі[5]. У IX стагодзьдзі на згоду Карла Вялікага і Людовіка Пабожнага места адыйшло пад уладу рымскага папы. Аднак, ужо ў XI стагодзьдзі набыла сілу мясцовая камуна, якая кіравала горадам цягам многіх стагодзьдзяў, змагаючыся з шмаьлікімі суседнімі землямі і гарадамі, як то Фаліньнё, Асызі, Спалета, Тодзі, Сіена, Арэцца ды іншымі. У 1186 годзе Генрых VI надаў месту дыпляматычнае прызнаньне, а пазьней папа Інакенцыюс III, галоўнай мэтай якога было надаць дзяржаўную годнасьць дамініёнам, якія складалі вотчыну сьвятога Пятра, прызнаў слушнасьць імпэратарскага наказу і надаў усталяваным грамадзянскім звычаям сілу закона. У агульнаітальянскай палітыцы горад, фармальна незалежны, звычайна трымаўся баку папства. У XIII стагодзьдзі папы шматкроць знаходзілі выратаваньне ў сьценах Пэруджы. Тут ладзілася пяць канкляваў, у тым ліку тут абіраліся папамі Ганорыюс III, Клімэнт IV, Цэлестын V і Клімэнт V. У 1347 годзе падчас няўдалай спробы Кола дзі Рыенцы адрадзіць Рымскую рэспубліку, Пэруджа накіравала да яго 10 паслоў, каб аказаць яму гонар. У той жа час папскія легаты спрабавалі спагнаць зь места кантрыбуцыі, у выніку чаго сустрэлі рашучы супраціў, што спрычыніла адкрытую вайну з папам Урбанам V у 1369 годзе. Ужо праз год шляхта дасягнула пагадненьня з папам, склаўшы зь ім Балёнскі дагавор. Пэруджа была вымушаная прыняць папскага легата, які быў выгнаны ў выніку народнага паўстаньня ў 1375 годзе.
У эпоху Адраджэньня горад праславіўся мастакамі ўмбрыйскай школы, як то П’етрам Пэруджына і Рафаэлем Санці. У пачатку XV стагодзьдзя барацьбу за Пэруджу вялі мілянскія Вісконці і нэапалітанскія кіраўнікі. З 1416 па 1424 гады горадам валодаў кандат’ер Брачча да Мантонэ. У наступным у месьце панавала сям’я Бальёні, якая з часам пачала варагаваць з родам Одзі. У 1520 годзе Джанпаолё Бальёні быў запрошаны ў Рым, дзе быў абезгалоўлены на загад папы Лява X. У 1540 годзе Радольфа Бальёні, які забіў папскага легата, быў разьбіты П’ерлюіджы Фарнэзэ. У выніку папства дамаглося ўключэньня гораду ў склад сваёй Папскай дзяржавы. У 1797 годзе горад быў заваяваны францускімі войскамі. 4 лютага 1798 году была ўтвораная Тыбэрынская рэспубліка з сталіцай Пэруджы і францускім трыкалёрам у якасьці сьцяга. У 1799 годзе гэтая рэспубліка аб’ядналася з Рымскай рэспублікай. У 1832, 1838 і 1854 гадах Пэруджа пацярпела ад землятрусаў. Пасьля ліквідаваньня Рымскай рэспублікі ў 1848—1849 гадах, у траўні 1849 году Пэруджа была захопленая аўстрыйцамі. У чэрвені 1859 году жыхары паўсталі супраць сьвецкай улады папы і стварылі часовы ўрад, але паўстаньне было крывава задушанае войскамі Піюса IX[6].
За часам Другой сусьветнай вайны горад асабліва не пацярпеў, але быў вызвалены брытанскай 8-й арміяй 20 чэрвеня 1944 году[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011 — ISTAT.
- ^ https://demo.istat.it/?l=it
- ^ How, Walter W.; Leigh, Henry Devenish (1898). «A History of Rome to the Death of Caesar» London: Longmans, Green. — С. 112.
- ^ Amory, Patrick. «People and Identity in Ostrogothic Italy». — С. 185—186.
- ^ Procopius of Caesarea. «Gothic Wars I», 16; «Gothic Wars III», 35.
- ^ «The outrage of the American witnesses in Perugia». Chicago Tribune.
- ^ «Advance to the Gothic Line». World War II Database.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт. (італ.)