Рыская мірная дамова 1921 году
Рыскі мір 1921 году | |
Рыская мірная дамова 1921 году | |
Карыкатура, 1921 г. | |
Тып дамовы | Мірная дамова |
---|---|
Падпісаная | 18 сакавіка 1921 |
· месца | Рыга (Латвія) |
Набыла моц | 30 красавіка 1921 |
· умовы | польска-расейскі падзел Беларусі ды Ўкраіны |
Тэрмін дзеяньня | неабмежаваны |
Страціла моц | 17 верасьня 1939 (85 гадоў таму) |
Падпісанты | Ян Домбскі Адольф Ёфэ, Эмануіл Квірынг |
Бакі | Польшча Расейская СФСР, Украінская ССР |
Статус | скасаваная |
Мовы | польская, расейская, украінская |
Рыская мірная дамова 1921 году (Рыскі падзел) — пагадненьне пра спыненьне Польска-савецкай вайны 1919—1921 гадоў і нармалізацыю адносінаў. Дамове папярэднічала прэлімінацыйная мірная дамова 1920 году.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рыская мірная дамова была заключаная 18 сакавіка 1921 у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку, і Польшчай з другога.
Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні ад БНР не былі дапушчаныя да падрыхтоўкі і падпісаньня дамовы. Аднак польскі гісторык Зьдзіслаў Віньніцкі занатоўвае за Вадзімам Круталевічам, што фармальна бакі вайны не ваявалі зь Беларусьсю, таму беларуская дэлегацыя не магла быць бокам дамовы[1]. Дэлегацыя БССР прысутнічала ў Рызе з самага пачатку перамоваў, але яе паўнамоцтвы не былі прызнаныя польскім бокам. Расейскі бок таксама ня быў зацікаўлены ва ўдзеле беларускіх прадстаўнікоў у працэсе выпрацоўкі пагадненьня, паколькі гэта магло разбурыць дыпляматычную камбінацыю і нават сарваць заключэньне міру (ва ўмовах нежаданьня РСФСР рыхтавацца да зімовай кампаніі). Ад імя БССР выступала РСФСР. БНР апэлявала да вядучых эўрапейскіх дзяржаваў праз Раду амбасадараў у Парыжы, але сябры Антанты падтрымлівалі Польшчу, якая была адным з асноўных элемэнтаў пасьляваеннай вэрсальскай сыстэмы.
Малавядомым зьяўляецца факт, што ў сустрэчах камісіі па тэрытарыяльных справах удзельнічаў у якасьці экспэрта беларускі камуніст Аляксандар Чарвякоў[2]. Паводле прэамбулы, расейская дэлегацыя падпісала дамову «з даверанасьцю» ўраду БССР і УССР[3]. Артыкул другі дамовы прызнаваў «незалежнасьць» (у арыгінале: «niepodległość», «независимость») «Украіны» й «Беларусі» [4].
Вялікабрытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненьні вайны і выпрацавала прапановы па разьмежаваньні, — «лінія Кэрзана» павінна была ўсталяваць усходнюю граніцу Польшчы па мяжы расьсяленьня палякаў, з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў, з другога. Расея адмаўлялася ад ангельскага пасярэдніцтва і перамоваў з Польшчай да паразы Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні 1920, якое прывяло да пералому ў вайне і, урэшце, перамогі Польшчы.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канчатковы варыянт савецка-польскай граніцы прайшоў значна далей на ўсход ад лініі Кэрзана. Да Польшчы адышла 4,5-мільённая Заходняя Беларусь плошчай больш за 110 тыс. км². Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іёфэ, увогуле, прапаноўваў саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да Бярэзіны) наўзамен на тэрытарыяльныя саступкі ўва Ўкраіне, аднак польскі бок не прыняў гэтую прапанову.[5] Апроч таго, Расея пагадзілася вярнуць Польшчы розныя культурныя каштоўнасьці і выплаціць 30 млн руб. золатам. У далейшым савецкія выплаты па дамове рабіліся інструмэнтам міжнароднага ціску, напрыклад, пры спробе заключэньня савецка-польскіх гандлёвых пагадненьняў (1925)[6].
Рыскі мір не прызналі і асудзілі: кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі БССР (у тым ліку Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімер Дубоўка), Першая (1921, Прага) і Другая (1925, Бэрлін) Усебеларускія канфэрэнцыі.
Таксама Рыскі мір не прызнала і асудзіла Ўкраінская Народная Рэспубліка.
Канец вайны не прынёс супакою мірнаму насельніцтву памежжа. Рабункі, кантрабанда, атакі бальшавіцкіх бандаў не былі рэдкімі. Толькі ў 1924 годзе паліцыя зафіксавала на польска-савецкім памежжы 189 рабункаў і дывэрсійных нападаў ды 28 актаў сабатажу, у якіх удзельнічала каля 1000 чалавек. Імаверна, найбольшымі гэтакімі здарэньнямі былі: бандыцкі напад на Стоўбцы ды напад на цягнік каля Лунінца[7][8]. Усе гэтыя акцыі мусілі засьведчыць, што польская адміністрацыя некампэтэнтная й ня можа гарантаваць бясьпеку сваіх грамадзянаў. У сувязі зь дзейнасьцю дывэрсантаў польскія ўлады актывізавалі палянізацыю[8].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]18—19 сакавіка 2021 году Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зладзіў міжнародную навуковую канфэрэнцыю «Рыскі мір 1921 году ў лёсе беларускага народу» да 100-годзьдзя яго заключэньня. 18 сакавіка на канфэрэнцыі выступіў рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі Вячаслаў Даніловіч, які заявіў: «Рыская мірная дамова — гэта трагічная старонка ў гісторыі Беларусі. Наш народ быў разьдзелены на дзьве часткі. Заходнія рэгіёны Беларусі амаль 20 гадоў знаходзіліся ў складзе Польшчы. Для беларусаў восень 1939 году, калі адбылося ўзьяднаньне нашага народу, — акт гістарычнай справядлівасьці. Для нас гэта каштоўна: калі б не было гэтых падзеяў, невядома, як разьвівалася б Беларусь далей. Палова нашага народу ў выніку магла быць проста асымілявана, таму што ў міжваенны пэрыяд польскімі ўладамі на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілася палітыка палянізацыі і ў выніку магла быць намнога большая, чым цяпер у Польшчы, колькасьць так званых праваслаўных палякаў»[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 114.
- ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 108.
- ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, ss. 109-110.
- ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 110.
- ^ А. Грыцкевіч. Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі
- ^ В. М. Цынкевіч. Беларуска-польскія гандлёва-эканамічныя сувязі ў 1923—1939 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. №2, 2002.
- ^ Jerzy Paciorkowski, Płonąca granica, Policja 997, nr 12 (57), grudzień 2009, ISSN 1734-1167, s. 36. (пол.)
- ^ а б Jerzy Paciorkowski, Służba na wygnaniu, Policja 997, nr 1 (58), styczeń 2010, ISSN 1734-1167, s. 14. (пол.)
- ^ Даніловіч: Рыскі мірны дагавор разьдзяліў беларускі народ на дзьве часткі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сакавіка 2021 г. Праверана 2 лістапада 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фрагмэнт мапы Рыскай мірнай дамовы
- (пол.) (рас.) (укр.)Рыская дамова аб міры між Польшчаю ды Расеяй, а таксама Ўкраінай ад 18 сакавіка 1921 г.(недаступная спасылка) // Сеціўны збор прававых дакумэнтаў польскага Сойму. Дата доступу: 2 жніўня 2010.