Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Эрык Дальбэрг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эрык Дальбэрг
Erik Jönsson Dahlbergh
10 кастрычніка 1625(1625-10-10)[1][2][3][…]16 студзеня 1703(1703-01-16)[1][2][3][…] (77 гадоў)
Месца нараджэньня Стакгольм, Швэцыя
Месца сьмерці Стакгольм, Швэцыя
Прыналежнасьць Швэцыя
Род войскаў інжынэрныя
Гады службы 1650? — 1702
Званьне Фэльдмаршал
Бітвы/войны Паўночныя войны, Дацка-швэдзкая вайна, Вялікая Паўночная вайна

Граф Э́рык Да́льбэрг (па-швэдзку: Erik Jönsson Dahlbergh; 10 кастрычніка 1625, Стакгольм, Швэцыя — 16 студзеня 1703, там сама) — швэдзкі вайсковы інжынэр і мастак-баталіст.

Нарадзіўся ў Стакгольме. Навучаўся ў парафіяльных лютэранскіх школах, рана асірацеў. З 11-гадовага веку ў бугальтарскай школе ў Гамбургу. З 16 гадоў на службе ў адміністрацыі швэдзкага Заходняга Памор’я, у 20 гадоў атрымаў афіцэрскае званьне. З 1648 году ў Франкфурце-на-Майне, кантраляваў спагнаньне з Імпэрыі вялікай кантрыбуцыі паводле ўмоваў Вэстфальскага міру. Тут вывучаў матэматыку, архітэктуру, малюнак і фартыфікацыйнае майстэрства, замежныя мовы.

З 9 ліпеня 1656 па 13 ліпеня 1657 году ў дзейнай арміі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Фактычна займаў пасаду генэральнага кватармайстра. Браў удзел у будаўніцтве фартыфікацыйных збудаваньняў на Заходнім Бугу, у тым ліку пры аблозе Берасьця ў часе другой Паўночнай вайны.

У часе Сконскай вайны браў удзел у аблозе Капэнгагену і Кронбаргу. наладзіў пераправы празь Вялікі ды Малы Бэльт, што дапамагло швэдзкаму войску атрымаць стратэгічную перавагу.

Дальбэрг удала ваяваў і зарэкамэндаваў сябе добрым грамадзянскім адміністратарам, да канца жыцьця пасьпеў атрымаць званьне генэрала артылерыі (1676), баронскую годнасьць, а вяршыняй яго разнастайнай дзейнасьці была пасада губэрнатара швэдзкіх Інфлянтаў (паўночнай Латвіі і Эстоніі). Удзельнічаў у Вялікай Паўночнай вайне.

Сышоў у адстаўку ў 1702 року ў званьні фэльдмаршала. Памёр у Стакгольме.

Стварыў некалькі дзясяткаў гравюр, якія падрабязна асьвятляюць дзеяньні швэдзкай арміі пад час Першай Паўночнай вайны, у тым ліку: прарыў швэдамі акружэньня злучаных польска-літоўскіх войскаў на чале з Стэфанам Чарнецкім, Ежы Любамірскім і Паўлам Янам Сапегам пад Сандомірам 4 красавіка 1656 году; бітву пад Філіпавам (22 кастрычніка 1656 году), у якой войскі швэдзкага фэльдмаршала Густава Ота Стэнбока і брандэнбурскага генэрала Георга Фрыдрыха фон Вальдэка разьбілі 12-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Вінцэнтам Гасеўскім. Выява аблогі Берасьця 21 траўня (11 траўня па старым стылі) 1657 году — самая каштоўная графічная крыніца па гісторыі гораду дарасейскіх часоў. Перанесеныя на медзь, гравюры Дальбэрга набылі шырокую вядомасьць у Эўропе дзякуючы твору нямецкага гісторыка Самуэля Пуфэндорфа (1632—1694) De rebus a Carlo Gustavo gestis (выдавецтва Крыстафа Рыгеля, Нюрнбэрг, 1696), у якім былі выкарыстаныя як ілюстрацыі.

Аўтар дыярыюшу, які зьмяшчае ў тым ліку падрабязныя зьвесткі пра аблогу і захоп Берасьця 19—23 траўня 1657 году.

  1. ^ а б в RKDartists (нід.)
  2. ^ а б в Erik J Dahlbergh (шв.) — 1917.
  3. ^ а б в Erik Dahlbergh // KulturNav (анг.) — 2015.
  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Erik Dahlberghs Dagbok (1625—1699). Upsala—Stockholm, 1912.
  • Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. Dziennik i ryciny szwedzkie z dziejów «Potopu». 1656—1657. Wrocław etc., 1971.
  • Невядомыя эпізоды «невядомай вайны». Ваенныя дзеянні Швецыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. вачыма Эрыка Дальберга // Спадчына, № 3, 1999.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]