Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Пандэмія каранавіруснай інфэкцыі (2019)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «COVID-19»)

Пандэмія каранавіруснай інфэкцыі 2019 — пандэмія, выкліканая каранавіруснай інфэкцыяй, якую выявілі пры канцы сьнежня 2019 году ў кітайскім горадзе Ўхань (правінцыя Хубэй) сярод хворых на запаленьне лёгкіх.

Пачалася сярод уханьцаў, зьвязаных зь мясцовым рынкам жывёл і морапрадуктаў Хуанань. 31 сьнежня 2019 году ўлады Кітая праінфармавалі пра ўспышку невядомай пнэўманіі Сусьветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ). 22 студзеня горад Ухань быў зачынены на карантын; з 24 студзеня — прылеглыя да Ўхань гарадзкія акругі. Вірус быў зафіксаваны ва ўсіх адміністрацыйных утварэньнях Кітая абласнога ўзроўню. 30 студзеня СААЗ прызнала выбух новага каронавіруса надзвычайнай сытуацыяй у галіне грамадзкага аховы здароўя, якая мае міжнароднае значэньне. 11 лютага 2020 году захворваньне атрымала назву новага каронавіруснага захворваньня. 5 траўня 2023 году генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус абвясьціў пра заканчэньне надзвычайнага становішча па пандэміі ўханьскага каронавіруса[1].

Кітайскія навукоўцы вылучылі ўзбуджальніка — новы каронавірус і ўсталявалі генэтычную сувязь пасьлядоўнасьці яго геному. Вірус ня менш чым на 70% падобны па генэтычнай пасьлядоўнасьці на які выклікае цяжкі востры рэсьпіраторны сындром (вядомы таксама як атыповая пнэўманія). Інкубацыйны пэрыяд звычайна складае каля 5 дзён, але можа доўжыцца ад 2 да 14 дзён. Захворваньне становіцца заразным да зьяўленьня сымптомаў.

17 студзеня 2020 году Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (Швайцарыя) абнародавала будову ўзбуджальніка. Гэта дазволіла яго сынтэзаваць для імгненнага выяўленьня заражэньня шляхам палімэразнай ланцуговай рэакцыі (ПЛР)[2].

Каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2 перадаецца праз кашаль і чханьне ад заражанага чалавека, а таксама пры дакрананьні, праз дзьвярныя ручкі і паверхні (поручні) ў грамадзкім транспарце[3].

Заражэньне каранавірусам прадухілялі праз частае мыцьцё рук з мылам цягам 40 сэкундаў. Апрацоўка рук абеззаражвальнай рашчынай была дастатковай цягам 20 сэкундаў пры складзе — 80% этанолю, 1,45% гліцэрыну і 0,125% перакісу вадароду. Варта пазьбягаць дотыку рукамі да твару — вачэй, носу і роту. Карысна прыкрываць рот і нос згінам локця і сурвэткай падчас кашлю і чханьня. У людных месцах і грамадзкім транспарце варта насіць мэдычную маску. Таксама карысна трымацца на адлегласьці звыш мэтра ад людзей у грамадзкім месцы. Праветрываньне памяшканьня дазваляе зьнізіць вірусную нагрузку, як і дыханьне сьвежым паветрам на вуліцы[3].

На 12 лютага 2021 году лік прышчэпленых ад каронавірусу ў сьвеце перасягнуў 159 млн чалавек, што склала 2% ад 7,795 млрд насельніцтва Зямлі. За папярэдні тыдзень штодня рабілі каля 6 млн прышчэпак. Каля 65% усіх прышчэпленых прыпадала на ЗША — 48 млн чалавек, Кітай — 40 млн і Брытанію — каля 14,1 млн. Таксама ў Індыі прышчапілі 7 млн чалавек, а ў Ізраілі — 6,2 млн. Пры гэтым, найбольшую долю прышчэпленага насельніцтва мелі: Ізраіль — 69,3% і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 49,8%[4]. На 13 красавіка 2021 году прышчапілі звыш 780 млн чалавек (10% насельніцтва Зямлі)[5]. Супрацьвірусны імунітэт захоўваўся 6—8 месяцаў і вызначаўся антыцеламі ды лімфацытамі, якія захоўваліся даўжэй[6].

Каля 85% заражаных пераносяць каранавірусную інфэкцыю без сымптомаў і лёгка. Астатнім патрабуецца лекаваньне ад застуды і ліхаманкі. У 5% заражаных каранавірус выклікае ўскладненьне ў выглядзе віруснага запаленьня лёгкіх. Пры ўскладненьні цягам 24 гадзінаў разьвіваецца дыхальная недастатковасьць, што патрабуе вэнтыляцыі лёгкіх. Найчасьцей праявы немачы адзначаліся сярод людзей у веку за 65 гадоў. Пагрозу ўскладненьня выклікалі тытунепаленьне, рак, вірус імунадэфіцыту чалавека, сардэчны прыступ, атлусьценьне, цукровы дыябэт, хранічныя хваробы дыхальных шляхоў і кровазвароту[3].

Адзначалася 2-фазнасьць хваробы, калі першыя дні застуды зьмяняліся ўстойлівасьцю, пасьля чаго на 8—12-ы дзень тэмпэратура павышалася да 40 градусаў і зьніжалася тленанасычанасьць крыві. Істотнай была доля хворых з паносам і скурным высыпам. У 80% хворых адзначалася інфэкцыя дыхальных шляхоў у выглядзе сухога кашлю, страты нюху, галаўнога болю, закладзенасьці носу, слабасьці і высокай тэмпэратуры. Астатнім патрабавалася шпіталізаваньне праз запаленьне злучальнай тканкі лёгкіх. Павышаная вытворчасьць цытакінаў імуннай сыстэмай выклікала ліхаманку і слабасьць, галаўны і цяглічны боль. Залішні сынтэз цытакінаў выклікаў цытакінавы шторм, які вёў да шматсыстэмнага запаленьня ўнутраных органаў, што пагражала жыцьцю. Пры гэтым адзначалася тэмпэратура звыш 39 градусаў і раптоўнае зьніжэньне згусальнасьці крыві, рэзкае нарастаньне С-рэактыўнага бялку і інтэрлейкіну 6. У іншым выпадку назіраўся трамбоз дробных крывяносных ссудзінаў, які пашкоджваў галаўны мозаг, лёгкія і ныркі ажно да шматсыстэмнага запаленьня ссудзінаў. Пры гэтым супрацьзгусальныя лекі ўзьдзейнічалі слабей. Каля 20% перахварэлых да 12 тыдняў (3-х месяцаў) зазнавалі пасьляінфэкцыйны сындром, які выяўляўся праз: скажэньне паху і смаку, страту нюху, больсуставах і цягліцах, галаўны боль, цяжар за грудзінай, адчуваньне няпоўнага ўдыху, задышку і слабасьць. Часам адзначаліся праявы ссудзінаў і пухіры на скуры, выпадзеньне валасоў і зубоў. Зрэдку сустракаўся панос, бяссоньніца, спалох, арытмія, скачкі ціску, тахікардыя, страта памяці і падліхаманкавая тэмпэратура да 37,2 градуса. Акрамя лёгкіх, ад каронавіруснай інфэкцыі найчасьцей цярпелі: ныркі — у брулях зьяўляўся бялок, печань — павышаліся пячоначны фэрмэнты, скура — узьнікаў высып, ссудзіны галаўнога мозгу — здараліся бяссоньніца і панічныя атакі. Супрацьвірусны імунітэт захоўваўся 6-8 месяцаў і вызначаўся антыцеламі ды лімфацытамі, якія захоўваліся даўжэй[6].

11 сакавіка 2020 году Сусьветная арганізацыя здароўя (Швайцарыя) абвясьціла, што ўспышка каранавіруснай інфэкцыі набыла характар пандэміі, а 13 сакавіка — што яе цэнтрам стала Эўропа. 24 сакавіка ўлады Кітая зьнялі большасьць раней уведзеных абмежаваньняў сацыяльнага і эканамічнага характару, прызнаўшы, што распаўсюджваньне віруса ў гэтай краіне «у асноўным, блякаванае». Па дадзеных на 6 красавіка 2020, пацьверджана 1 330 931 выпадкаў заражэньня ў 204 краінах і тэрыторыях, 73 930 сьмяротных зыходаў, сярэдняя сьмяротнасьць складае 5,405%. Рэгіёны, найбольш падвергліся пандэміі па колькасьці тых, хто захварэў, — ЗША, Эўропа (Італія, Гішпанія, Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія), мацерыковы Кітай, Рэспубліка Карэя, Іран. Колькасьць выпадкаў заражэньня можа быць моцна заніжана — у першую чаргу, за кошт тых, у каго хвароба працякае ў лёгкай форме. Некаторыя краіны (напрыклад, Італія, Беларусь і Швайцарыя) праводзяць палітыку адмовы ад тэставаньня асобаў, якія маюць толькі нязначныя сымптомы захворваньня.

На 20 красавіка 2020 году каля 2,5 млн чалавек заразіралася на каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2 у 185 краінах. Зь іх 624 000 ачунялі і звыш 170 000 памерлі (сьмяротнасьць 21%). Найбольш пацярпелі: 1) ЗША — 786 000 захварэлых пры 72 000 ачунялых і 42 000 памерлых, 2) Італія — 181 000 заражаных пры 48 800 ачунялых і 24 000 памерлых, 3) Гішпанія — звыш 200 000 заражэньняў пры 20 800 памерлых[3]. На 21 чэрвеня 2020 году лік заражаных перавысіў 8,9 млн чалавек, зь іх звыш 467 000 заражаных людзей памерлі (сьмяротнасьць 5,2%). Найбольш заражаных выявілі ў ЗША — звыш 2 млн (22%), Бразыліі — звыш 1 млн (11%) і Расеі — звыш 584 000 (7%)[7]. На 21 жніўня 2020 году Ўнівэрсытэт Джонса Хопкінса (Балтымар, штат Мэрылэнд, ЗША) налічыў у сьвеце звыш 22 млн заражаных каронавірусам (0,3% насельніцтва Зямлі), зь якіх памерла звыш 778 000 чалавек (сьмяротнасьць 3,5%). Найбольш захварэлых налічылі ў ЗША — звыш 5 млн (23% заражаных), Бразыліі — звыш 3 млн (14%) і Індыі — звыш 2 млн (9%)[8]. 27 верасьня 2020 году лік загінулых ад каронавіруснай інфэкцыі перавысіў 1 млн чалавек (сьмяротнасьць 3%). Сярод больш як 33 млн захварэлых ачуняла 24,5 млн чалавек. Найбольш заразілася ў ЗША — 7 млн (209 000 памерлых), Індыі — 6 млн (95 000 памерлых, сьмяротнасьць 1,6%) і Бразыліі — 4 млн (141 500 памерлых)[9].

За 2 месяцы з 25 кастрычніка па 25 сьнежня 2020 году лік заражаных каронавірусам падвоіўся з 40 млн да амаль 80 млн выпадкаў. За 7 дзён 19—25 сьнежня лік заражаных вырас на 6% — 4,4 млн, што было менш за прырост на 5,36 млн тыднем раней. Лік сьмяротных зыходаў за тыдзень скараціўся з 81 700 да каля 79 000. Сьмяротнасьць засталася на ўзроўні 2,2%. Лік хворых на лячэньні вырас на 1,1 млн за тыдзень параўнальна з прыростам на 900 000 тыднем раней. За гэты ж час доля хворых зьнізілася з 27,7% да 27,5%, а доля ачунялых — з 57% да 56%. Большасьць новых заражэньняў прыпала на Паўночную і Паўднёвую Амэрыку, а таксама на Эўропу. Пагатоў, у Брытаніі выявілі новую мутацыю каронавірусу. У 8 дзяржавах лік заражаных перавышаў 2 млн чалавек. У яшчэ 9 іх лік перавышаў 1 млн, у тым ліку за тыдзень да іх дадаліся Пэру і Ўкраіна[10]. 17 лютага 2021 году Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (Швайцарыя) паведаміла пра зьніжэньне ліку захварэлых на каронавірус у сьвеце на 16% за тыдзень 8—15 лютага 2021 году параўнальна з папярэднім тыднем. Адначасна на 10% упаў лік сьмяротных зыходаў. Найбольшы лік новых заражэньняў прыпаў на: ЗША — звыш 673 000, Бразылію — звыш 318 000, Францыю — звыш 127 000, Расею — 104 000, Брытанію — звыш 97 000, Італію — звыш 85 000, Індыю — звыш 78 000, Мэксыку — звыш 66 000, Інданэзію — звыш 63 000 і Турэччыну — звыш 55 000. З пачатку пандэміі каронавірусам заразілася звыш 108,8 млн чалавек, зь якіх 2,4 млн памерлі (сьмяротнасьць 2,2%)[11].

23 студзеня 2020 году ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі (РНПЦЭМ) стварылі набор рэактываў, каб выяўляць узбуджальнік каронавіруснай інфэкцыі шляхам палімэразнай ланцуговай рэакцыі (ПЛР)[2]. 27 лютага 2020 году першы завазны выпадак каранавіруснай інфэкцыі выявілі ў іранскага студэнта БНТУ. На 20 красавіка 2020 году ў Беларусі выявілі 6264 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі, у тым ліку 419 сярод лекараў. Зь іх ачуняла 514 захварэлых і памёр 51 чалавек (сьмяротнасьць 9%)[3]. На 21 чэрвеня 2020 году ў Беларусі правялі 861 703 выпрабаваньні на каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2 (9,2% насельніцтва Беларусі). Паводле Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, у ходзе выпрабаваньняў выявілі 58 505 заражаных (6,7%). Зь іх 37 666 чалавек ачуняла і 346 памерла (сьмяротнасьць 0,6%)[7]. 21 жніўня 2020 году Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла аб правядзеньні 1 455 885 выпрабаваньняў на каронавірус (15,5% насельніцтва). Сярод іх выявілі 70 111 заражаных (4,8% дасьледаваных). Зь іх 68 256 чалавек ачуняла і 632 памерла (сьмяротнасьць 0,9%)[8].

11 сакавіка 2021 году ў Беларусі выявілі першыя выпадкі брытанскага штаму каронавіруснай інфэкцыі-2019. РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі пацьвердзіў яго наяўнасьць у некалькіх іншаземцаў з Польшчы, Украіны і Эгіпту пасьля поўнагеномнага сэквэнаваньня. Гэты штам зь лістапада 2020 году выявілі ў больш як 100 іншых краінах[12]. На 11 сакавіка 2021 году ўзялі 5 048 874 пробы на каронавірус (53,6% насельніцтва). Выявілі 298 960 захварэлых (5,9% абсьледаваных), зь якіх ачуняла 289 622 чалавекі і памерла 2070 (сьмяротнасьць 0,69%). За содні ўзялі 16 800 пробаў і выявілі 837 заражаных. Пры гэтым, 1009 чалавек ачуняла і 7 памерла[13].

У сакавіку 2020 году кампаніі, якія ўваходзяць у АФК «Сістэма» вылучылі на барацьбу з каронавірусам каля 1 млрд рублёў, асноўная частка якіх была выдаткаваная на распрацоўку тэстаў для выяўлення заражэння, а таксама на вытворчасць сродкаў абароны і антысептыкаў.[14][15][16]

Гаспадарчыя наступсты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад уплывам пандэміі сусьветны абсяг прамых замежных укладаньняў (ПЗУ) на чыстай аснове зьнізіўся на 42% за 2020 год, паводле зьвестак Канфэрэнцыі ААН па гандлі і разьвіцьці (Швайцарыя). У краінах зь пераходнай гаспадаркай зьніжэньне склала 77%, у разьвітых краінах — 69%, а ў разьвіцьцёвых краінах — 12%. Пры гэтым, Беларусь апынулася ў ліку нешматлікіх краінаў, дзе вырас прыток прамых замежных укладаньняў на чыстай аснове. Прырост склаў 6,6% да 1,4 млрд даляраў ЗША. Пагатоў, пераўкладаньне прыбытку перавысіла 30%[17].

  1. ^ ТАСС. СААЗ абвясьціла аб завяршэньні рэжыму НС па каронавірусу ў сусьветнай ахове здароўя // Газэта «Зьвязда», 6 траўня 2023 г. Праверана 8 траўня 2023 г.
  2. ^ а б Аляксандар Пяткевіч: Шляхі барацьбы з каронавіруснай інфэкцыяй, калектыўны імунітэт і прафіляктыка // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 8 кастрычніка 2020 г. Праверана 8 кастрычніка 2020 г.
  3. ^ а б в г д Алена Кравец. Папярэджаны — значыць узброены // Зьвязда : газэта. — 22 красавіка 2020. — № 78 (29192). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Кожны 50-ы жыхар Зямлі ўжо вакцынаваны ад каронавіруса // БелТА, 12 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2021 г.
  5. ^ Колькасьць заражэньняў каронавірусам у сьвеце расьце сёмы тыдзень запар // Газэта «Зьвязда», 13 красавіка 2021 г. Праверана 13 красавіка 2021 г.
  6. ^ а б Эдуард Дацэнка: Прафесар пра наступствы COVID-19, эфектыўныя лякарствы і чаканне трэцяй хвалі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 лютага 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
  7. ^ а б У Беларусі — 58 505 выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю. Выздаравелі 37 666 чалавек // Газэта «Зьвязда», 21 чэрвеня 2020 г. Праверана 22 чэрвеня 2020 г.
  8. ^ а б У Беларусі — 70 111 выпадкаў захворваньня на каронавірусную інфэкцыю: выздаравелі 68 256 чалавек // Газэта «Зьвязда», 21 жніўня 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.
  9. ^ Колькасьць сьмерцяў ад наступстваў каронавіруснай інфэкцыі ў сьвеце перавысіла мільён // Газэта «Зьвязда», 28 верасьня 2020 г. Праверана 6 кастрычніка 2020 г.
  10. ^ Колькасьць заражаных каронавірусам у сьвеце падвоілася за апошнія два месяцы // БелТА, 25 сьнежня 2020 г. Праверана 26 сьнежня 2020 г.
  11. ^ Колькасць захварэлых на COVID-19 у свеце за тыдзень знізілася на 16 працэнтаў, лятальных канцоў - на 10 працэнтаў // БелТА, 17 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2021 г.
  12. ^ У Беларусі выяўлена некалькі першых выпадкаў інфікавання «брытанскім» штамам COVID-19 // Газэта «Зьвязда», 11 сакавіка 2021 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  13. ^ У Беларусі за суткі — 837 выпадкаў захворвання на COVID-19 // Газэта «Зьвязда», 11 сакавіка 2021 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  14. ^ https://www.cnews.ru/articles/2023-04-13_evtushenkov_vladimir_biznes_na_blago
  15. ^ https://raexpert.ru/database/person/evtushenkov_vladimir_petrovich/
  16. ^ https://www.tadviser.ru/index.php/%D0%9F%D0%B5%D1%80%D1%81%D0%BE%D0%BD%D0%B0:%D0%95%D0%B2%D1%82%D1%83%D1%88%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%BE%D0%B2_%D0%92%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B8%D0%BC%D0%B8%D1%80_%D0%9F%D0%B5%D1%82%D1%80%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87
  17. ^ Чарвякоў: Беларусь у ліку нямногіх краін, якія павялічылі ў 2020 годзе прыток прамых замежных інвэстыцый // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 траўня 2021 г. Праверана 8 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]