Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Рабіна звычайная

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рабіна звычайная

Рабіна звычайная.
Агульны выгляд дарослага дрэва
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Sorbus aucuparia L., 1753


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  25320
NCBI  36599
EOL  241042
GRIN  t:310534
IPNI  741641-1
TPL  tro-27800192

Рабіна звычайная (Sórbus aucupária)- дрэва або хмызняк, від роду Рабіна сямейства Ружавыя (Rosaceae).

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Дрэва, радзей куст. Дасягае 12 м вышыні (звычайна 5-10 м)[1]. Крона круглявая, ажурная.

Маладыя парасткі шаравата-чырвоныя, апушаныя. Кара дарослых дрэў гладкая светла-шэра-карычневая або жоўта-шэрая, бліскучая[1].

Пупышкі лямцава-пухнатыя.

Лісце да 20 см даўжынёй, чарговае, непарнаперыстае, складаецца з 7-15 амаль сядзячых ланцэтных або выцягнутых, завостраных, зубчастых па краі лісточкаў, цэльнакрайніх у ніжняй частцы і пільчатых у верхняй, зверху зялёных, звычайна матавых, знізу прыкметна больш бледных, апушаных. Увосень лісце афарбоўваюцца ў залацістыя і чырвоныя тоны.

Кветкі шматлікія, сабраныя ў складаныя шчыткападобныя суквецці дыяметрам да 10 см[1]; суквецці размяшчаюцца на канцах скарочаных парасткаў. Кветаложа ўрнападобнай формы — кубачак з пяці шырокатрохвугольных расніцавых чашалісцікаў. Венчык белы (0,8-1,5 см у дыяметры), пялёсткаў пяць, тычачак шмат, песцік адзін, слупкоў тры, завязь ніжняя. Пры квіценні струменіць непрыемны пах (прычынай таму газ трымеціламін). Квітнее ў маі-чэрвені.

Плод — шарападобны сакавіты аранжава-чырвоны яблык (каля 1 см у папярочніку) з дробным круглявым па краі насеннем[1].

Суквецце, квіценне, пупышка, плады

Сістэматыка

Многія раней апісаныя віды рабіны пазней былі аб'яднаны з відам Sorbus aucuparia, а іх назвы ўвайшлі ў сінаніміку віду:

Сінонімы

  • Sorbus altaica Koehne
  • Sorbus amurensis Koehne
  • Sorbus anadyrensis Kom.
  • Sorbus aucuparia var. typica C.K.Schneid.
  • Sorbus boissieri C.K.Schneid.
  • Sorbus boissieri var. adsharica Sosn.
  • Sorbus camschatcensis Kom.
  • Sorbus glabrata (Wimm. & Grab.) Hedl.
  • Sorbus kamtschatcensis Kom.
  • Sorbus pohuashanensis (Hance) Hedl.
  • Sorbus pohuashanensis var. amurensis (Koehne) Y.L.Chou & S.L.Tung
  • Sorbus polaris Koehne

іншыя сінонімы:

Інфравіды

Іншыя віды сталі разглядацца як падвіды ці формы рабіны звычайнай:

Вылучаюць некалькі падвідаў і форм:

Статус некаторых разнавіднасцяў невыразным:

  • Sorbus aucuparia var. fastigiata (Loudon) Hartwig & Rümpler
  • Sorbus aucuparia var. xanthocarpa hort. ex Hartwig & Rümpler

Распаўсюджанне і экалогія

Арэал — амаль уся Еўропа, Пярэдняя Азія, Каўказ; даходзіць да Крайняй Поўначы, а ў гарах паднімаецца да самай мяжы расліннасці, дзе становіцца ўжо хмызняком.

Інтрадукавана паўсюль у свеце ў зоне ўмеранага клімату.

У Расіі распаўсюджана ў лясной і лесастэпавай зонах еўрапейскай часткі, на Паўночным Каўказе. У Беларусі сустракаецца па ўсёй тэрыторыі[1].

Расце асобнымі экзэмплярамі, не ствараючы суцэльных зараснікаў, у падлеску ці другім ярусе іглічных, змешаных, зрэдку ліставых лясоў, на лясных палянах і ўзлесках, паміж хмызнякамі.

Ценевынослівая і зімаўстойлівая расліна.

Жыццёвая форма (па Раўнкіеру): фанерафіт.

Селекцыя

Параўнанне ягад Sorbus aucuparia ад сартавога (злева) і ад дзікага (справа) дрэў

Рабіна звычайная валодае пладамі горкага густу, што зніжае іх харчовую каштоўнасць. Толькі ў XIX стагоддзі былі вылучаны мутантныя формы з пладамі без горычы. Сорт 'Edulis', быў першапачаткова знойдзены ў 1810 годзе ў гарах Альтватэр паблізу гары Шпорнхау. Пазней у 1899 годзе была знойдзена іншая форма з нягоркімі пладамі, якая атрымала назву 'Beissneri'.

За двухсотгадовую гісторыю атрымана мноства насенных нашчадкаў гэтых рабін, аб'яднаных у мараўскую сартагрупу. Адбор сярод сеянцаў вёўся на павелічэнне масы пладоў. Найбольш буйнаплодныя і ўраджайныя формы былі замацаваны шляхам вегетатыўнага размнажэння. Размнажэнне двух формаў — 'Rossica' і 'Rossica Major' — было пачата нямецкай фірмай Шпета ў 1898 і 1903 гг. Яны мелі плод прыкладна ў паўтары разы буйней, чым у першапачатковых формаў мараўскай рабіны. Пазней, іншыя буйнаплодныя сарты мараўскай сартагрупы былі атрыманы ў Германіі ў інстытуце селекцыі пладовых культур Дрэздэн-Пільніца і ў пладова-ягадным інстытуце ў Драждзяна ў Чэхіі[2].

У Расіі нягоркія формы рабіны звычайнай былі выяўлены ў сяле Нявежына Юр'еў-Польскага раёна Уладзімірскай вобласці[3], адкуль яны шырока распаўсюдзіліся па цэнтры Расіі. Шляхам народнай селекцыі быў адабраны шэраг сартоў пасля зарэгістраваных пад назвамі 'Кубовая', 'Жёлтая', 'Красная'. Разнастайнасць формаў абумоўлена як насенным размнажэннем, так і адборам пупышкавых мутацый.

Некалькі перспектыўных сартоў нявежынскай сартагрупы былі зарэгістраваны савецкім памолагам?! Я. М. Пятровым. Пазней ён працягнуў селекцыйную працу з рабінай і атрымаў шэраг гібрыдаў ад скрыжавання мараўскай і нявежынскай рабіны адна з адной і мічурынскімі сартамі.

Выключна важную ролю ва ўдасканаленні сартыментаў рабіны сыграў расійскі селекцыянер І. У. Мічурын?!. У якасці асноўнага аб'екта працы ён выкарыстаў звычайную горкую рабіну звычайную, якую скрыжаваў з чарнаплоднай рабінай (Aronia melanocarpa), Sorbus torminalis, яблыняй (Malus), грушай (Pyrus), глогам (Crataegus) і Mespilus.

У далейшым работы па селекцыі рабіны працягваліся ў г. Мічурынску ў УНДІГ і СПР  (руск.). Там былі створаны сарты 'Бусинка', 'Вефед', 'Дочь Кубовой'  (руск.), 'Сорбинка', якія з'яўляюцца вынікам скрыжавання нявежынскай і мараўскай рабін.

Селекцыйная праца з рабінай праводзілася таксама ва Усерасійскім інстытуце раслінаводства  (руск.) і іншых расійскіх установах[2].

Сарты

Памолагі дзеляць сарты рабіны звычайнай на два сартатыпы: Мараўская і Нявежынская. Да першага сартатыпу ставяцца сарты цэнтральнаеўрапейскага паходжання: 'Beissneri', 'Konzentra', 'Мараўская', 'Rosina', 'Edulis', да другога — сарты ўсходнееўрапейскага паходжання: 'Жёлтая', 'Красная', 'Кубовая', 'Невежинская ', 'Сахарная'[4].

Сарты 'Rossica' і 'Rossica Major', якія былі інтрадуцыраваны нямецкай фірмай Шпета на мяжы XIX—XX стагоддзяў з-пад Кіева, могуць быць нашчадкамі мараўскай рабіны[5], якую ў той час шырока культывавалі на Украіне.

Новыя сарты расійскай селекцыі адбываюцца як ад нявежынскай, так і ад мараўскай рабіны.

Існуе блытаніна з сартамі селекцыі І. У. Мічурына. Некаторыя сарты згубленыя, а такія як 'Ликерная', 'Бурка', 'Титан', 'Гранатная' практычна немагчыма было разгледзець. Таксама падвяргаецца сумневу выкарыстанне Mespilus пры стварэнні сорту 'Мичуринская десертная'.

Для ўдакладнення паходжання мічурынскіх сартоў патрабуюцца сучасныя метады генетычнага аналізу[4].

Збор, перапрацоўка і захоўванне

Плады збіраюць разам з пладаножкай, зразаючы нажніцамі або секатарам, складаюць у кошыкі, скрыні ці вёдры. Для працяглага захоўвання ў свежым выглядзе плады раскладваюць у памяшканнях пластом 9-16 см пры тэмпературы каля 0° і вільготнасці паветра 80-85 %. Перад транспарціроўкай на пункты перапрацоўка плады чысцяць ад лісця і пладаножак, сартуюць і пакуюць у папяровыя мяшкі або кардонныя скрыні. Сушаць плады рабіны ў печах або сушылках пры тэмпературы 50-60°. Сухія плады пакуюць у палатняныя мяшкі па 20-40 кг і захоўваюць у сухіх памяшканнях на стэлажах або дошках. Тэрмін захоўвання — да двух гадоў.

Хімічны склад

Плады ўтрымліваюць цукар (да 5 %), яблычную, лімонную, вінную і бурштынавую кіслоты (2,5 %), дубільныя (0,5 %) і пекцінавыя (0,5 %) рэчывы, сарбіт і сарбозу, амінакіслоты, эфірныя алеі, солі калію, кальцыю, магнію, натрыю, а таксама караціноіды (да 20 мг %), аскарбінавую кіслату (да 200 мг %), флаваноіды, трыцерпенавыя злучэнні, горкія рэчывы, сарбінавую кіслату[6]. Плады выкарыстоўваюць у медыцыне ў якасці полівітаміннага сродка і карацінаўтрымальнай сыравіны.

Значэнне і ўжыванне

Мае харчовае, меданоснае, медыцынскае, дэкаратыўнае, фітамеліяратыўнае і іншыя значэнні.

У выніку скрыжавання рабіны звычайнай з глогам (Crataegus) і мушмулой (Mespilus), з іншымі відамі рабіны, а таксама шляхам адбору з дзікарослых рабін атрыманы некалькі гібрыдаў і сартоў з характэрнымі гаспадарчымі якасцямі.

Харчовае значэнне

Плады з-за горычы ў свежым выглядзе практычна не ўжываюць у ежу, часцей — пасля маразоў, калі яны губляюць горыч. Іх выкарыстоўваюць галоўным чынам для перапрацоўкі, у свежым выглядзе ўжываюць у ежу. Яны выдатная сыравіна для лікёра-гарэлачных горкіх настоек, у тым ліку рабінаўкі і «Рабіны на каньяку» і кандытарскай прамысловасці, вытворчасці безалкагольных напояў. Пры кансерваванні з іх рыхтуюць жэле, цукеркі тыпу «рабіна ў цукры», павідла, мармелад, варэнне, пасцілу[1]. Плады сушаць і з іх вырабляюць «пладовыя парашкі» і муку, кансервуюць.

Плады ўтрымліваюць цукар (да 5 %), яблычную, лімонную, вінную і бурштынавую кіслоты (2,5 %), дубільныя (0,5 %) і пектынавыя (0,5 %) рэчывы, сарбіт і сарбозу, амінакіслоты, эфірныя алеі, солі калію, кальцыю, магнію, натрыю.

Парасарбінавая і сарбінавая кіслоты рабіны тармозяць рост мікраарганізмаў, грыбоў і цвілі, што дазваляе ўжываць іх у якасці кансервантаў харчовых прадуктаў.

Медыцынскае значэнне

Плады выкарыстоўваюць у медыцыне ў якасці полівітаміннага сродка і карацінаўтрымальнай сыравіны[1].

Наяўнасць вітаміну Р ставіць рабіну на адно з першых месцаў сярод іншых пладовых раслін. Прэпараты з пладоў рабіны зніжаюць колькасць тлушчу ў печані і халестэрын у складзе крыві, парашок з пладоў рабіны павышае рэзістэнтнасць крывяносных сасудаў. Багатыя плады рабіны і вітамінам С (да 160 мг%) і карацін (да 56 мг%).

Багатыя плады рабіны вітамінам C (да 160 мг%) і карацінам (да 56 мг%).

У навуковай медыцыне ўжываюць плады рабіны звычайнай — Fructus Sorbi як полівітамінны, мачагонны і кроваспыняльны сродак.

Рабіны здаўна ўжывалася як жаўцягонны сродак, і толькі нядаўна ўстаноўлена, што жаўцягонныя ўласцівасці звязаныя з сарбінавай кіслатой і сарбітам. Сарбіт зніжае ўзровень тлушчу ў печані і халестэрыну ў крыві. У механізм жаўцягоннага дзеяння па чарзе ўключаюцца: раздражненне сарбітам слізістай абалонкі дванаццаціперснай кішкі, вызваленне халецыстакініна, скарачэнне жоўцевага пузыра і адначасова расслабленне сфінктара Оддзі  (руск.). Сарбіт апынуўся эфектыўным таксама пры хранічным запоры, які суправаджаецца захворваннем жоўцевых шляхоў. Ён павольна ўсмоктваецца і дзейнічае як солевае слабільнае.

Амігдалін, які ўтрымліваецца ў ягадах рабіны, павышае ўстойлівасць жывёл да недахопу кіслароду. Ён прапанаваны ў якасці прэпарата з радые- і рэнтгенаабаронным дзеяннем. У аснове механізму дзеяння амігдаліну ляжыць абарона дыхальных ферментаў ад распаду шляхам утварэння з імі часовай сувязі. Амігдалін павышае супраціўляльнасць арганізма да гіпаксіі, акрамя таго, ёсць дадзеныя аб удзеле амігдаліна ў аднаўленні сульфгідрыльных груп і абароне ліпідаў ад пераакіслення, што апраўдвае ўжыванне ў народнай медыцыне рабіны пры атэрасклерозе.

У народнай медыцыне выкарыстоўваюць плады і суквецці рабіны пры мочакаменнай хваробе, парушэнні абмену рэчываў, прастудзе, страўнікава-кішачных захворваннях, а адвар кары — пры гіпертаніі.

У ветэрынарнай практыцы моцны адвар з пладоў выкарыстоўваюць пры лёгачных хваробах жывёл. Кара рабіны звычайнай утрымлівае 7-11 % танідаў, маладыя галіны даюць чорную фарбу.

Меданоснае і фітамеліяратыўнае значэнне

Рабіна — сярэднепрадуктыўны вясновы меданос, дае пчолам нектар і пылок; нектарапрадуктыўнасць — да 30-40 кг з гектару насаджэнняў. Мёд з рабіны чырвоны і буйназярністы, з моцным водарам[7]. На рабіны часта вылучаюць падзь  (руск.) лістаблошкі (Psyllidae).

Расліна вельмі дэкаратыўная, асабліва ў перыяд цвіцення і паспявання пладоў. Дзякуючы гэтаму, рабіна шырока ўжываецца ў дэкаратыўным садоўніцтве і азеляненні і паўсюдна разводзіцца. Дэкаратыўная на працягу ўсяго года, асабліва ў час квіцення і ў восеньскай афарбоўцы. Мае шмат дэкаратыўных садовых формаў, з якіх асабліва вылучаецца ніцая — з падоўжанымі звісаючымі да зямлі галінамі; Мараўская — з вытанчанай кронай і тонкімі чырвонымі галінамі. Таксама вырошчваюць вузкапірамідальную, жоўтаплодную, з пёрыста-лопасцевымі лісточкамі і іншыя формы.

Восеньская афарбоўка лісця. Gymnosporangium tremelloides на лісточку рабіны

Значэнне для лесаперапрацоўчай вытворчасці

Мае дробнапорыстую чырванаватую драўніну, з якой робяць такарныя вырабы, ўпрыгожанні, мэблю.

Кара рабіны можа прымяняцца ў якасці дубільнай сыравіны.

У лесамеліярацыйных насаджэннях цэніцца як спадарожнік дуба, прыцягвае пладамі птушак.

Сельскагаспадарчае значэнне

Плод служаць выдатным кормам для птушак, парасткі — для жывёлы. Сірымі спелымі пладамі можна адкормліваць хатнюю жывёлу і хатнюю птушку.

Уплыў на культуру

У літаратуры

Лорэнц Фроліх  (англ.). «Падарожжа Тора да Гейрода»

У «Малодшай Эдзе» распавядаецца, як скандынаўскі бог Тор выратаваўся ад хуткай ракі, створанай волаткай Г'ялп  (англ.), схапіўшыся за галіну рабіны[8]. З гэтага кантэксту ўзнікла прымаўка «Рабіна — выратаванне Тора», у якой маецца на ўвазе, што паколькі рабіна выратавала Тора, то і простым людзям лёгка дапаможа.

Згодна з англійскім фальклорам  (руск.) віктарыянскай эпохі, як лічылася, галінкі рабіны звычайнай маглі адагнаць злых духаў[9] і вядзьмарак[10][11][12].

У філатэліі

Выява рабіны звычайнай двойчы была выкарыстана на паштовых марках Украіны: у 2012 і 2013 гадах. Таксама яе выкарысталі на паштовай марцы Беларусі ў 2004 годзе.

У мастацтве

Кампазіцыі з гронак і пажоўклых лісцяў рабіны звычайнай з'яўляюцца адным з матываў лакавага жывапісу ніжнетагільскіх падносаў

Зноскі

  1. а б в г д е ё Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп.—Мн.: Ураджай, 1981.—159 с., 16 л. ил.
  2. а б Селекция рябины на сайте Рябина
  3. Рябина как плодовая культура на сайце Рябина (руск.)
  4. а б Помологические сорта рябины обыкновенной и её гибридов на сайте Рябина
  5. Петров Е. М. Рябина. — М.: Госсельхозиздат, 1957.
  6. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — М.: Высш. шк., 1990. — С. 223—224. — ISBN 5-06-000085-0.
  7. Абрикосов Х. Н. и др. Рябина // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 326.
  8. McTurk, Rory (1997). "Marie de France, Geirmundar þáttr heljarskinns, and reader-response criticism". In Lecouteux, Claude (рэд.). Hugur. Paris: Presses de l'Université de Paris-Sorbonne. ISBN 2-84050-089-2., p. 205
  9. Erlbeck, Reinhold; Haseder, Ilse E.; Stinglwagner, Gerhard K. F. (1998). Das Kosmos Wald- und Forstlexikon [German]. Stuttgart: Kosmos. ISBN 3-440-07511-7.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: невядомая мова (спасылка), p. 167
  10. Simpson, J.; Roud, S. (2000). Dictionary of English folklore. Oxford University Press, Incorporated. ISBN 9780192100191.
  11. «Witchcraft: The Mountain Ash», in The Table Book, ed. William Hone, (London: 1827) p. 337.
  12. «The Mountain Ash, or Wicken or Wiggen Tree», in Lancashire Folk-lore: Illustrative of the Superstitious Beliefs and Practices, Local Customs and Usages of the People of the County Palatine, edited by John Harland  (англ.) and T. T. Wilkinson, (London: 1867) p 72-74.

Літаратура

Спасылкі