Эдэ
Эдэ (Anak Ede) | |
Агульная колькасць | 405200 чал. (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | В’етнам, Камбоджа |
Мова | р'ядэ |
Рэлігія | культ продкаў, анімізм, політэізм, пратэстантызм |
Блізкія этнічныя групы | чамы, джарай |
Эдэ (в’етн.: Ê Đê, саманазва Anak Ede) або р'ядэ́ (фр.: Rhade) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва цэнтральных горных раёнаў В’етнама. Жывуць таксама ва ўсходняй Камбоджы. Невялікая група эдэ мігрыравала падчас В'етнамскай вайны ў ЗША. Агульная колькасць — каля 405200 чал. (2022 г.)[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя эдэ мала вядомая, паколькі да 1923 г. яны не мелі асабістай пісьмовасці, і ўсе гістарычныя падзеі адлюстраваны ў вусных паданнях, надзвычай міфалагізаваных. Эдэ лічаць сябе карэннымі насельнікамі тых тэрыторый, якія займаюць, сцвярджаюць, што жылі ў горнай мясцовасці да сусветнага патопу.
Мова эдэ адносіцца да аўстранезійскай групы моў, блізкая да моў чамаў і джарай, родніць іх з аўстранезійскім насельніцтвам Малайзіі, Інданезіі, Філіпін, Акіяніі і Мадагаскара. Аднак частка антраполагаў на аснове знешніх прыкмет (малы рост, кудлатыя валасы, цёмная скура, шырокі нос і г. д.) сцвярджае, што эдэ маюць многія рысы старажытнага аўстралоіднага насельніцтва Індакітая, хаця ўвогуле з'яўляюцца мангалоідамі, і іх трэба адносіць да нашчадкаў найстаражытнейшых тубыльцаў.
Да адносна нядаўняга часу эдэ не з'яўляліся адзіным этнасам і падзяляліся на лакальныя групы кпа, ад'ям, крунг, мдур, хвінг, біх і інш. Гэты падзел існуе і ў нашы дні, хаця большасць эдэ прызнае сваё культурнае адзінства.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Асноўны традыцыйны заняак — падсечна-агнявое земляробства. Вырошчваюць галоўным чынам рыс, гародніну, бавоўну. Трымаюць хатнюю жывёлу (птушку, свінняў, буйвалаў), але мяса ўжываюць у ежу рэдка, найчасцей выкарыстоўваюць яго ў рытуальных мэтаў (падчас рэлігійных ахвярапроынашэнняў). Расчышчаныя ад лесу палеткі эксплуатуюць пяць - восем гадоў, потым закідваюць і пераходзяць на новыя. Група біх, што жыве ля возера, таксама ведае паліўны спосаб вырошчвання рысу.
Распаўсюджаныя рамёствы — апрацоўка дрэва, бамбуку, пляценне і ткацтва. Эдэ вырабляюць розныя ўпрыгожванні з саломы, волава, нікелю, шкла. Грузы транспартуюць на спіне ў адмысловых бамбукавых пасудзінах.
Сацыяльная арганізацыя абапіраецца на матрылакальныя пашыраныя сем'і. Адлік сваяцтва вядзецца па маці, старэйшая дачка з'яўляецца галоўнай спадкаемцай. Эдэ жывуць у вёсках (буон), якія складаюцца з дзвюх вялікіх сямейных абшчын. Шлюбы знутры адной абшчыны забаронены. Пашыраныя сем'і валодаюць зямлёй і апрацоўваюць яе разам. Практыкуецца ўзаемадапамога і падарункі паміж чальцамі дзвюх абшчын аднога паселішча. Буон мае адзінага кіраўніка-мужчыну. У мінулым у вёсках былі распаўсюджаны доўгія слупавыя хаціны, якія будавалі ў форме карабля і падзялялі на дзве часткі. У адной разам жылі сем'і пэўнай роднаснай абшчыны, у другой — староннія сваякі і госці.
Вопратка робіцца з бавоўны пераважна чырвонага і чорнага колеру. У жанчын распаўсюджаны доўгія саронгі, у мужчын — насцегнавыя повязі, па-над якімі носяць камізэлькі. Беднякі апранаюць адзенне з кароткімі рукавамі, багацейшыя чальцы абшчыны — з доўгімі. Вопратка па-мастацку аздабляецца ўзорамі з уплеценых нітак. Асабліва гэта характэрна для жаночых строяў. У халодную пару мужчыны абгортваюць цела коўдрамі. Прадстаўнікі абодвух палоў фарбуюць зубы, выцягваюць мочкі вушэй, упрыгожваюць сябе пярсцёнкамі і бранзалетамі.
Народны каляндар падзелены на 12 месячных і 9 земляробчых цыклаў. Збор ураджаю суправаджаецца буйным святам. Эдэ маюць багаты фальклор, вядомы як добрыя танцоры і музыканты.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Хаця спачатку французскія, а потым амерыканскія місіянеры прыкладалі намаганні для распаўсюджання хрысціянства, большасць эдэ працягвае спавядаць традыцыйную політэістычную рэлігію. Толькі каля 10% вернікаў з'яўляюцца пратэстантамі і стала наведваюць царкву[2]. Астатнія шануюць шматлікіх бажаствоў і духаў, у тым ліку продкаў сям'і. Свяшчэннай раслінай лічыцца бамбук.
Жыццё кожнага эдэ падзяляецца на пэўныя цыклы. Пераход ад адной часткі жыцця ў іншую суправаджаецца шматлікімі рытуаламі і ахвярапрынашэннямі. Пахаванні адбываюцца ў адзіным сямейным доле.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова эдэ (р'ядэ) адносіцца да чамска-ачэхскай групы аўстранезійскай моўнай сям'і. Пісьмовасць распрацавана французскімі місіянерамі толькі ў 1923 г. на аснове лацінкі.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- The Ede People
- The Ê-đê Архівавана 10 лістапада 2013.
- The Overview Of The Ede Ethnic Group Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Countries and Their Cultures: Rhadé
- Ede costumes constitute aesthetic values