Бірманцы
Бама (ဗမာလူမျိုး) | |
Дзяўчына з тханака на твары
| |
Агульная колькасць | 32 291 400 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | М’янма — 31 624 000 |
Мова | бірманская мова |
Рэлігія | будызм |
Блізкія этнічныя групы | качыны, кая, дану, інтха, араканцы |
Бама́, таксама бірма́нцы (саманазва: ဗမာလူမျိုး) — народ, асноўнае насельніцтва М’янмы. Агульная колькасць (2022 г.) — 32 291 400 чалавек[1].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Бама паходзяць ад тыбета-бірманскіх плямён, якія мігрыравалі ў даліну Іравадзі з тэрыторыі паўднёвага Кітая. Міграцыя пачалася напярэдадні нашай эры, калі перасяленцы стварылі цывілізацыю п’ю. Прадстаўнікі новай хвалі тыбета-бірманцаў стварылі ў IX ст. моцную дзяржаву Паган. Да канца XII ст. дамінуючай мовай у ёй стала бірманская. Але ў XIII ст. яна распалася пад ціскам манголаў. Зноў тэрыторыя М’янмы была аб’яднана толькі ў сярэдзіне XVIII ст. у выніку войн з монамі і тайцамі. Пры гэтым тэрыторыя рассялення бама значна пашырылася.
Найменне бама паходзіць ад гутарковай формы назвы краіны М’янма. Этымалогія апошняга слова не ясная. Першапачаткова яно выкарыстоўвалася ў сярэднявеччы ў запісах на мове монаў і замацавалася ў якасці афіцыйнай у другой палове XVIII ст. Еўрапейцы карысталіся трансфармаванымі назвамі «Бірма», «бірманскі», «бірманцы» з канца XVIII — пачатку XIX ст. У 1885—1989 гг. назвы «Бірма» і «бірманцы» афіцыйна ўжываліся ў дачыненні да ўсёй краіны і ўсяго яе насельніцтва. Толькі пасля вяртання назвы «М’янма» адбылося лінгвістычнае адасабленне этнаса бама ад палітычнай нацыі дзяржавы М’янма.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным традыцыйным заняткам бірманцаў здаўна з’яўляецца сельская гаспадарка. У мінулым яна мела комплексны характар, аднак з канца XIX — пачатку XX ст. у многіх раёнах сфарміравалася монакультурная сельская эканоміка. Так, у ніжняй плыні Іравадзі, асабліва ў дэльце, насельніцтва займаецца пераважна вырошваннем рысу, пры гэтым атрымоўваюць 2—3 ураджаі за год. У цэнтральнай М’янме поруч з рысам вырошчваюць тэхнічныя культуры — кунжут, бавоўнік, тытунь, арахіс, гевею, цукровы трыснёг і г. д. Здаўна існуе камерцыйнае садоўніцтва. На продаж вырошчваюць папаю, бананы, ананасы, дурыян, манга, какосавую пальму, імбір.
Зямлю апрацоўваюць безадвальным плугам (у мінулым ён вырабляўся цалкам з дрэва) і катковай бараной. Жнуць прастакутным сярпом з доўгай дзяржалняй. Да з’яўлення трактароў на поўначы ў якасці цяглавых жывёлін выкарыстоўвалі быкоў, на поўдні — буйвалаў. Палеткі апрацоўваюць пераважна мужчыны, жанчыны задзейнічаны ў перыяд севу, збору ўраджаю. Агародніцтва таксама лічыцца жаночым заняткам. Жывёлагадоўля заўсёды мела дапаможны характар у адносінах да земляробства. У мінулым бірманцы амаль не ўжывалі ялавічыну і свініну, таму пры сядзібах развівалася птушкагадоўля. М’янма — адно з першых месцаў у свеце, дзе ўзнікла трыманне свойскіх курэй.
Важную ролю ў забеспячэнні харчам адыгрывае рыбалоўства. Існуюць розныя спосабы лову з дапамогай сетак, пастак, кручкоў, гарпуноў. У горных раёнах рыбу здабываюць рукамі. Марское рыбалоўства ўзнікла адносна позна, таму распаўсюджаны марскія лодкі кітайскага або тайскага тыпаў.
Некаторыя рамёствы (металургія, будаўніцтва) вылучыліся ў якасці прафесійных ужо ў сярэднявеччы. Аднак большасць рамёстваў доўгі час мела надомны характар. Тым не меней, ужо ў XVIII ст. існавала рэгіянальная спецыялізацыя, а ў XIX ст. назіралаўся працэс драбнення вытворчасці на аперацыі. Рамесная спецыялізацыя пэўных вёсак і гарадскіх кварталаў захоўвалася нават у другой палове XX ст. Бірманцы вядомы як выдатныя ганчары, ткачы, спецыялісты па пляценню і апрацоўцы дрэва, асабліва бамбуку. Прамысловасць узнікла ў канцы XIX ст., аднак яшчэ ў 1960-я гг. колькасць прамысловых рабочых саступала колькасці рамеснікаў.
Народная мужчынская вопратка складаецца з зашпільнай курткі, саронга і цюрбана, які ў святочныя дні змяняюць на невялікі капялюш. Часам заможныя бірманцы носяць святочны плашч. Жанчыны апранаюць ворную кашулю і 2 саронгі, адзін па-над іншым. Жаночая прычоска — важны чыннік прыгажосці. Прынята заплятаць косы, закручваць у іх драўляныя грабяні, металічныя абручы і шпількі, упрыгожваць кветкамі. Дарослыя жанчыны ўплятаюць у косы валасы сваіх сыноў. У вёсках і прыгарадах да нашых дзён распаўсюджаны звычай мыць галаву і заплятаць косы прылюдна. Мужчыны і жанчыны могуць насіць завушніцы, але бранзалеты і кольцы — прадметы жаночых строяў. Ад монаў запазычана жаночая традыцыя наносіць на твар раслінны крэм тханака для абароны ад сонца. Да пачатку XX ст. мужчыны і жанчыны абавязкова рабілі татуіроўкі.
У мінулым бірманцы будавалі паселішчы ўздоўж рэк і каналаў, прычым сваякі імкнуліся сяліцца поруч. Пазней узніклі паселішчы ўздоўж дарог. Захаваліся іх выцягнутая планіроўка і падзел на сваяцкія кварталы. Асобныя сядзібы абгароджаны хмызняком або тынам. У цэнтры сядзібы будуецца прамавугольная хаціна на па́лях з двухсхільным, радзей чатырохсхільным дахам. У сярэднім рэчышчы Іравадзі сустракаюцца хаціны без па́ляў, яны абапіраюцца на нізкі траншэйны падмурак. Уваход у хаціну адбываецца праз веранду з падлогай ніжэй за падлогу жылой часткі. Знутры хаціны падзелены тонкімі плеценымі сценамі на пакоі. Кухню, месца ўтрымання буйной жывёлы памяшчаюць пад асобныя навесы. Хаціну для курэй месцяць на па́лі.
Асноўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляецца малая нуклеарная сям’я на чале мужа. Спадчына перадаецца толькі па мужчынскай лініі. Блізкія сваякі звычайна жывуць адзін каля іншага, таму ўтвараюць падабенства рода або пашыранай сямейнай абшчыны, дзе галоўную ролю адыгрываюць найбольш старыя людзі.
Для бама характэрны раннія шлюбы. Вяселлю папярэднічаюць заляцанні юнака перад дзяўчынай, падчас якіх ён абавязаны чытаць ёй рамантычныя вершы. Станоўчы адказ на прапанову аб шлюбе яна таксама дае ў вершаванай форме. Сватаўство можа доўжыцца некалькі месяцаў. За гэты перыяд сем’і маладых збіраюць інфармацыю адна пра другую, абменьваюцца візітамі і падарункамі, рыхтуюцца да шлюбных абрадаў. Сям’я жаніха адказвае за матэрыяльнае забеспячэнне свята, сям’я нявесты — за пачастунак гасцей. У будысцкім кляштары параўноўваюць гараскопы маладых. Калі прагноз гадальшчыка спрыяльны, заключаецца шлюбная дамова і толькі потым адбываецца шлюб. З моманту вяселля да нараджэння першага дзіцяці жонка мае права жыць у сваіх бацькоў. Нованароджаныя дзеці атрымоўваюць імя ў адпаведнасці са сваім днём нараджэння. Жанчыны могуць змяніць імя перад першым шлюбам. Мужчыны — тройчы ў жыцці.
Бама маюць надзвычай разнастайны фальклор. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца казкі і легенды, галоўнымі героямі якіх выступаюць фантастычныя істоты — рачныя цмокі нага, духі забітых нат, марская пачвара Маган, чалавек-птушка Кінара, уладар смерці Яма Язар і інш. У XVIII ст. на аснове індыйскай паэмы «Рамаяна» быў складзены бірманскі эпас «Яма Затдаў». Фальклорныя гісторыі не проста апавядаюць у вуснай форме, а разыгрываюць як тэатральныя п’есы і лялечныя паказы. Бірманскі народны тэатр знакаміты начнымі спеўнымі відовішчамі пвэ, танцавальнымі драмамі зат-пвэ, будысцкімі рытуальнымі паказамі шынб’ю, народнымі камедыямі а-ньеінт. Папулярныя музычныя інструменты: барабаны, ксілафон, флейта, цымбалы. У нашы дні шырока распаўсюджана гітара.
Літаратура на бірманскай мове вядома з эпохі Паганскай дзяржавы. Хаця частка старажытных тэкстаў — пераклады з мовы палі, ужо ў ранні перыяд вылучыліся свецкія творы, перш за ўсё апавяданні пра заваёвы валадароў. Да канца XVIII ст. склалася некалькі форм паэтычных твораў тайдат, лаг’ё, двайг’ё і баўлэ. У першай палове XIX ст. са з’яўленнем друку аформілася свабодная форма вершаскладання лай-лонэ. XVIII—XIX стст. — гэта таксама перыяд узнікнення гістарычнага жанру. Дзякуючы распаўсюджанасці пісьменнасці праз адукацыю ў будысцкіх кляштарах і даступнасці тэатральных пастаноў, бірманская літаратура хутка ўкаранялася сярод гараджан і сялян, аказвала ўплыў на народную творчасць.
-
Бірманская жанчына, фота пачатку XX ст.
-
Вяселле
-
Лялечны тэатр
-
Традыцыйны танец
-
Выява са сцэнай з «Яма Затдаў», XIX ст.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Асноўная рэлігія бама — будызм напрамку Тхеравада, прыняты яшчэ ў эпоху Паганскай дзяржавы. У першай палове XX ст. ён аказаў значны ўплыў на фарміраванне бірманскага нацыяналізму і антыкаланіяльную барацьбу. Дзякуючы гэтаму будызм стаў часткай тоеснасці бама, многія будысцкія практыкі, раней даступныя для святароў і манахаў, пашырыліся сярод свецкіх колаў, у тым ліку медытацыя, астралогія, традыцыйная медыцына. Асаблівасцю напрамку Тхеравада з’яўляецца тое, што святарская іерархія не адыгрывае значнай ролі. Рэлігійнае жыццё канцэнтруецца вакол кляштароў, дзе ў якасці манахаў праводзіць частку свайго юнацтва кожны мужчына. Існуюць таксама кляштары для жанчын. Манаскія абшчыны шчыльна звязаны з грамадствам. У прыватнасці, будысцкія манахі адыгралі вызначальную ролю ў палітычных выступленнях супраць улады ваенных у М’янме ў 2007 г.[2]
Будызм спалучаецца з іншымі рэлігійнымі практыкамі. У прыватнасці, шанаванню некаторых індуісцкіх багоў і мясцовых духаў нат. Нат могуць разглядацца як продкі, духі прыродных аб’ектаў, па сваёй моцы параўнальныя з багамі. Але ў большасці выпадкаў яны лічацца душамі забітых, помслівымі і жорсткімі. У кожнай вёсцы ёсць нат-кадо, медыюм, які быццам бы ўступае у сувязь з нат, тлумачыць іх волю. Нат-кадо звычайна займаюцца арганізацыяй асобых святаў нат-пвэ, прысвечаных шанаванню духаў. Бама вераць у магію, вядзьмарства, прароцтвы, астралогію.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ethnic Groups of Myanmar: An Ethnological Guide To Burmese Tribes
- THE HISTORY OF MYANMAR
- Stéphen Huard The Stakes of Transfers: Ethnography of Discomfort During a Buddhist Initiation Ritual in Myanmar
- Amrita Kundu Myths & Legends of Myanmar
- Myanmar — Arts, Culture, Sports
- မြန်မာ (ဗမာ) လူမျိုးအကြောင်း သိကောင်းစရာ