Верхаводка, або укляя (Alburnus alburnus) — рыба сямейства карпавых. Народныя назвы — аклейка, сяляўка, себель.
Даўжыня 9—10, часам да 20 см, маса 10—23, зрэдку да 60 г. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў, пакрытае тонкай бліскучай лускай, на брушку вольны ад лускі «кіль», спіна цёмная, шаравата-блакітная, шэра-зеленаватая, бакі і брушка серабрыста-белыя, бліскучыя. Плаўнікі шэрыя, жаўтаватыя кая асновы. Рот канцавы.
Жыве чародамі ў стаячых і павольных прэсных і слаба салёных водах. Звычайная і шматлікая ў Еўропе. Пашырана ад басейна Белага мора на поўначы да Каўказа на поўдні. На Беларусі ёсць у рэках, праточных азёрах, сажалках, поймавых вадаёмах з чыстай праточнай вадой і пясчаным дном. Шмат у азёрах Нарачанскай групы, у рэках басейнаў Дняпра, Нёмана, Заходняй Дзвіны.
Пелагічная рыбка, трымаецца адкрытых глыбокіх мясцін з замаруджаным цячэннем, на мелях і хуткіх перакатах бывае рэдка. Вясной і летам, днём і на змярканні трымаецца вялікімі чародамі ля паверхні вады. Зімуе на глыбокіх ямах.
Корміцца планктонам, насякомымі, водарасцямі. Знішчае ікру і малявак рыб. Верхаводкай кормяцца драпежныя рыбы.
Полавая спеласць у два-тры гады. Нераст пачынаецца ўвесну пры тэмпературы вады каля 15 °C. Ікру адкаладвае да сярэдзіны лета, парцыённа (3—6 разоў па 0,7—3 тыс. ікрынак) на падводныя расліны, камяні, карані прыбярэжных раслін.
Прамысловая рыба. Укляю можна вяліць, вэндзіць (прасаліўшы без спецыяў), асабліва смачная юшка. Ужываецца на кансервы (у сумесі з іншымі дробнымі рыбамі)[1].
З лускі здабываюць гуанін на патрэбу біжутэрыйнай вытворчасці.
Зноскі