Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Волат

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Волат (ад стараслав. велии — вялікі) — персанаж усходнеславянскай міфалогіі. Асілак вялікага росту і магутнай сілы. Паводле паданняў, волаты жылі ў старадаўнія часы, пахаваны ў доўгіх курганах — валатоўках. У паўночна-ўсходняй і цэнтральнай Беларусі ёсць паселішчы (Волаты, Валатоўкі і іншыя), назвы якіх звязваюцца з волатамі ў народных паданнях. Паданні пра волатаў паўплывалі на чарадзейныя казкі пра асілкаў, якім уласцівыя пэўныя рысы волатаў (напр., вялікая сіла).

Ад слова «волаты» паходзіць народная назва доўгіх курганоў — валатоўкі, пашыраная на поўначы Беларусі, у арэале рассялення кры́вічаў. Паводле зафіксаваных у многіх месцах паданняў, у валатоўках пахаваны асілкі-волаты.[1] У некаторых мясцовасцях Беларусі каня таксама называлі «волат», а жарабя — «валаток», «валацёнак». У шэрагу беларускіх паданняў у выглядзе волата выступае лясун, гаспадар лесу. Ва ўкраінскай мове ёсць слова «велетень» — чалавек велізарнага росту і сілы. У ваколіцах Волагды (Расія) пры жніве аўса пакідалі нязжатымі некалькі «волотей» — пучкоў каласоў; быў звычай у час дажынак пакідаць «волотку на бородку». Сляды павер'яў пра волатаў захаваліся ў беларускай тапаніміі: вёскі Валатоўкі (Лепельскі, Мёрскі, Расонскі, Шумілінскі р-ны), Валатава (Гомельскі р-н), Валаты (Слуцкі р-н), засценак Волатаў і ўрочышча Волаткава поле каля Барысава, сялянская грамада «Велетовская» ў былым Полацкім павеце і іншыя. Паводле падання, у в. Валатава (Гомельскі р-н) у старажытнасці жылі волаты (асілкі). Урочышча Волатава поле было недалёка ад г. Вялікі Ноўгарад (Расія).[2]

Адносна волатаў П. Шафарык лічыў, што першапачаткова на паўночным захадзе Беларусі (мелася на ўвазе тэрыторыя Віленскай губерні) жыло племя вяле́таў, якое потым перасялілася на захад і ўвайшло ў склад палабскіх славян. У VIIIXII стст. яно разам з усімі палабскімі славянамі змагалася супраць германскіх заваёўнікаў. На думку П. Шафарыка, «гэты народ насіў два, ці яшчэ лепш, тры імёны, г.зн. вялеты, змененае немцамі ў вільцы і вельцы, люцічы і вьлцы, вьлчкі…». Аргументам на карысць апошняй назвы ён лічыў наяўнасць на Віленшчыне (нібыта першапачатковай радзіме люцічаў) вялікай колькасці тапонімаў, якія паходзяць ад слова «воўк». За ваяўнічасць прадстаўнікоў гэтага племя германцы быццам бы празвалі іх лютымі або люцічамі.[2] Пра вялетаў яшчэ ў ІІ ст. н. э. пісаў Пталамей. А. Весялоўскі ў працы «Рускія і вільціны ў сазе пра Тыдрэка Бернскага (Веронскага)» (1906) звязваў паходжанне вільцінаў германскага эпасу з беларускімі паданнямі пра волатаў. Да гіпотэзы П. Шафарыка станоўча адносіліся В. Ластоўскі і Я. Лёсік. Тэорыю Шафарыка развіваў М. Каспяровіч[3], які прасачыў распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі паданняў пра волатаў і звязаных з гэтым геаграфічных назваў, а таксама звязаных з волатамі курганоў-валатовак. Нязгоду з «волатаўскай» тэорыяй выказваў А. Ясінскі.[4] У рэчышчы даследавання міфалогіі адным з першых аддаў увагу волатам мовазнавец ХІХ ст. А. Патабня, які прапанаваў этымалагічны ланцужок «волат — волотр — Вритра» (у старажытнаіндыйскай «Рыгведзе» выступае велікан Врытра).

В. Іваноў і У. Тапароў слова «волат» этымалагічна збліжаюць з імем паганскага бога Вялеса. Ю. Пісарэнка мяркуе, што ў паданнях пра волатаў спалучаліся старажытныя ўяўленні пра час і прастору. Язычнікі дзялілі год на тры часткі (вясна — час сяўбы, лета — час росту, зіма — час падрыхтоўкі да новай сяўбы), што супастаўлялася з нараджэннем, жыццём і смерцю чалавека. Такім часавым адпавядалі прасторавыя ўяўленні пра тры сусветныя ярусы, з якіх падземны ярус асацыіраваўся з жыццёвай зімой. Волаты адносіліся да гэтага ніжняга «зімовага» свету і лічыліся не проста асілкамі, але і памёршымі продкамі, якія былі пасрэднікамі паміж жывымі людзьмі і богам Вялесам і мусілі спрыяць будучаму ўраджаю. На думку Ю. Пісарэнкі, у святле гэтага і слова «валатоўкі» трэба тлумачыць як «магілы асілкаў».[5] У Міёрскім і некаторых іншых раёнах В. Ластоўскім адзначаны звычай на Радаўніцу перад наведваннем магіл блізкіх заходзіць на валатоўкі, каб пакінуць на кургане яйка і іншую ежу, а часам і пачаставацца.

  1. Легенды і паданні…
  2. а б Э. Зайкоўскі (1994)
  3. М. Каспяровіч (1929)
  4. А. Ясінскі (1929)
  5. Ю. Писаренко (1987)
  • Ясінскі А. Два словы аб волатах: Да праблемы першапачатковага насельніцтва Беларусі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Кн. 8. Мн., 1929. Працы клясы гісторыі, т. 3;
  • Каспяровіч М. Валатоўкі і звязаныя з імі перажыткі: (Першапачатковыя вынікі даслед.) // Наш край. 1929. № 6—7;
  • Легенды і паданні. Мн., 1983;
  • Писаренко Ю. Г. О значении местного названия кургана «волотовка» // Актуальные проблемы исторнко-археологнческих исследований: Тез. докл. Киев, 1987;
  • Зайкоўскі Э. М. Волаты // ЭГБ у 6 т. Т. 3. Мн., 1994.