Даўжыня 4—8, часам да 9,5 см. Па форме нагадвае маленькага карасіка. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй палоскай. Галава невялікая, рот паўніжні. Самкі драбнейшыя зв самцоў. У час нерасту самцы стракатыя з чырвонымі спінным і анальным плаўнікамі, у самкі вырастае доўгі яйцаклад.
Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы і Азіі. Распаўсюджана ў вадаёмах з павольным цячэннем, або стаячай вадой, пясчаным і камністым дном, дзе многа буйных двухстворкавых малюскаў. У невялікай колькасці ёсць амаль ва ўсіх рэках і азёрах Беларусі.
Полавая спеласць у 2—3 гады. Нераст вясной і летам. Ікру адкладвае ў мантыйную поласць перлавіц і бяззубак, таму пашырэнне гарчака залежыць ад пашырэння гэтых малюскаў. Плоднасць 100—200 тысяч ікрынак.