Каледонская складкавасць
Каледонская складкавасць, таксама калядонскі тэктагенез[1] — эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пачатку сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці.
Тэрмін уведзены французскім геолагам М. Бертранам у 1887 годзе. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія астравы, Скандынаўскія горы, Паўночная і Усходняя Грэнландыя. Таксама каледонскія структуры развітыя ў Цэнтральным Казахстане (заходняя частка), Паўночным Цянь-Шані, Паўднёва-Усходнім Кітаі, Усходняй Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходне-Сібірскай і Заходне-Еўрапейскай маладых платформаў. Вялікае значэнне каледонская складкавасць мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўднёвай Амерыкі, Паўночных Апалачаў і інш. Найбольш характэрнымі для каледонскай складкавасці з'яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы).
Геатэктанічнае развіццё
[правіць | правіць зыходнік]Напачатку ранняга палеазою, пасля заканчэння байкальскага тэктагенезу, існавалі дакембрыйскія платформы. Бліжэй да экватара размяшчаліся групы платформ, размежаваных палеаакіянамі, бліжэй да паўднёвага полюса — вялікая Гандвана.
З праяўленнем каледонскага тэктагенезу, на працягу ранняга палеазою, зямная кара зведала складаную перабудову пад уплывам арагенічных рухаў як у межах акіянаў (рухомых геасінклінальных паясоў), так і арагенічных ды эпейрагенічных рухаў на платформах. Кембрый і пачатак ардовіка былі часам, калі развіваліся і прагрэсіравалі апусканні, а на мацерыкі распаўсюджваліся марскія трансгрэсіі. Канец ардовіка і сілур — час актывізацыі працэсаў уздымання ды складка- і гораўтварэння, што выклікала асушэнне платформ. У раннім палеазоі можна вылучыць некалькі фаз складкаватасці.
Каледонскае гораўтварэнне ахапіла наступныя раёны: у Атлантычным геасінклінальным поясе — Паўночна-Атлантычную геасінклінальную вобласць (востраў Шпіцберген, Скандынаўскія горы, большая частка Вялікабрытаніі і Ірландыі, Усходняя Грэнландыя, Паўночныя Апалачы); ва Урала-Мангольскім — Алтая-Саянскую і Казахстанска-Паўночна-Цяньшаньскую вобласці; у Міжземнаморскім — Наньшаньскую геасінклінальную сістэму; у Заходне-Ціхаакіянскім — Катазіяцкую і заходнюю частку Усходне-Аўстралійскай вобласці, ва Усходне-Ціхаакіянскім — паўднёва-заходнюю частку Паўднёвай Амерыкі (Патагонія). Каледаніды Паўночна-Атлантычнай геасінклінальнай вобласці злучылі Паўночна-Амерыканскую і Усходне-Еўрапейскую платформы ў адзіны Еўраамерыканскі мацярык (Паўночна-Атлантычны).
Сібірская платформа з прычлененымі байкалідамі дарасцілася каледанідамі — узнік мацярык Ангарыда. Тарымская, Кітайска-Карэйская і Паўднёва-Кітайская платформы таксама аб'ядналіся байкалідамі і каледанідамі ў адзіны мацярык. Гандвана, дарошчаная каледанідамі, займала прыўзнятае становішча і ўтварала мацярык, на якім захоўваўся кантынентальны рэжым.
Каледонскі арагенез на платформах праявіўся ў фарміраванні расколаў у шчытах, дыферэнцыраваных тэктанічных рухах, дыслакацыях, закладзе антэкліз і сінекліз, інтрузіўным і эфузіўным магматызме. На Усходне-Еўрапейскай платформе ўтварыліся Маскоўская, Прыкаспійская, Пячорская, Вяцка-Камская сінеклізы, на Сібірскай — Хатангская, Тунгуская, Ангара-Вілюйская. Гэты працэс быў характэрны і для іншых платформ.
Каледонскі тэктагенез, які не даў структуры краявога прагіну, лічыцца незавершаным.
Карысныя выкапні
[правіць | правіць зыходнік]3 каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
Зноскі
- ↑ Гістарычная геалогія: вучэбны дапаможнік / В. М. Несцяровіч, Г. І. Літвінюк, Дз. А. Пацыкайлік — Мн.: БДПУ, 2003.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Гістарычная геалогія: вучэбны дапаможнік / В. М. Несцяровіч, Г. І. Літвінюк, Дз. А. Пацыкайлік — Мн.: БДПУ, 2003. — 74 с. ISBN 985-435-584-5