Карась сярэбраны (Carassius auratus) — рыба сямейства карпавых. Шырока вядомая залатая рыбка (храміст сярэбранага карася) стала аб’ектам для селекцыйнай працы.
Цела кароткае, высокае, пакрытае серабрыстай луской. Афарбоўка спіны цёмна-зялёная, бакі і жывот — серабрыстыя. Мае доўгі спінны плаўнік, буйную луску, шмат жаберных тычынак і пазванкоў, а таксама малую колькасць прамянёў у анальным плаўніку. Рот канечны, без вусікаў. Брушына чорная.
Дасягае максімальнай даўжыні 45 см і масы больш за 1 кг, звычайна не больш за 20 см і 350 г.
Від з велізарным сучасным арэалам, які ахоплівае Еўразію і Амерыку. Натуральным арэалам з’яўляецца Кітай, Японія, а-вы Тайвань і Хайнань. Дзякуючы штучнай гадоўлі распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Часцей прывязаны да вялікіх азёр, сустракаецца і ў вялікіх рэках.
Корміцца планктонам, дэтрытам, водарасцямі, лічынкамі насякомых, чарвякамі і іншымі бесхрыбтовымі.
Полаваспелым становіцца ва ўзросце 2-4 гадоў. Пладавітасць ад 30 да 400 тыс. ікрынак. Нераст парцыённы, звычайна ў траўні. Папуляцыя гэтага віду часта складаецца з адных самак, якія ўдзельнічаюць у нерасце з самцамі іншых відаў карповых (сазан, карась звычайны, лінь). Сперматазоід яйкаклетку ня апладняе, а толькі стымулюе развіццё яе. У патомстве атрымліваюцца адны самкі.
Сярэбраны карась адрозніваецца дзіўнай пластычнасцю. Кітайскі карась і яго разнавіднасці — аб’ект прыкладнога дэкаратыўнага рыбаразвядзення. Адрозніваюць больш за сотню парод залатой рыбкі. Змяняецца даўжыня цела, даўжыня і форма плаўнікоў; маюцца рыбы з вырастамі на галаве і з павялічанымі вачыма. Існуе некалькі каляровых варыяцый: чырвоная, серабрыстая, чорная і інш.