Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Касач жоўты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касач жоўты
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Iris pseudacorus L.


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  43194
NCBI  82213
EOL  491653
GRIN  t:40686
IPNI  438992-1
TPL  kew-322261

Каса́ч жоўты[3][4][5], Вужачкі (Iris pseudacorus) — шматгадовая кветкавая прыбярэжная травяністая расліна роду Касач (Iris) сямейства Касачовыя (Iridaceae).

Касач жоўты, касач[6], косіца[7][8], касатнік[9], касарыкі[3][8], вужачкі[8], касачы, кошыц, шаторак[3][10][11], гуркі свіныя, ужачкі[12][13], касач вадзяны[8].

Батанічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]
Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Буйная шматгадовая травяністая расліна вышынёй 75—150 см, радзей да 180 см[5].

Карэнішча галінастае, тоўстае (да 2 см у дыяметры), паўзучае[5].

Сцябло шчыльнае, у верхняй частцы галінастае.

Лісце зялёнае, мечападобнае, шырокалінейнае (10—20 мм шырынёй) з ясна прыкметнай сярэдняй жылкай[5].

Буйныя кветкі сабраны пучкамі па 3—8 на разгалінаваным сцябле; кветканосы доўгія і тоўстыя[5]. Вонкавыя долі калякветніка адхіленыя дадолу, пласцінка іх яйкападобная, пры падставе адразу звужаная ў кароткі кіпцік, светла-жоўтая, пасярэдзіне з аранжавай плямай і пурпурнымі жылкамі; унутраныя долі калякветніка маленькія, лінейныя, карацей і вузей слупка; ніткі тычынак крэмавага колеру[5].

Плод — тупатрохграневая даўгавата-авальная каробачка з кароткім носікам (3—7 мм даўжынёй) на верхавіне[5]. Насенне сціснутае, бліскучае[5].

Цвіце ў чэрвені — жніўні. Плады спеюць у жніўні.

Распаўсюджанне і экалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны арэал ўключае ў сябе Афрыку (Алжыр, Марока, Мадэйру і Канарскія астравы), усю Еўропу (акрамя паўночных раёнаў), Заходнюю Азію і Закаўказзе[14]. Распаўсюджаны ў еўрапейскай часткі Расіі (за выключэннем паўночнатайговых і арктычных раёнаў[15]), Заходняй Сібіры, перадгор’ях Каўказа.

Да пачатку XXI стагоддзя натуралізаваўся амаль паўсюдна.

Расце па балотах, сырым берагах рэк і азёр, на абводненых багністых лугах, дзе часам ўтварае зараснікі[15].

Раслінная сыравіна

[правіць | правіць зыходнік]

У карэнішчах змяшчаецца касачовы алей  (руск.) (0,1—0,3 %)[16], самой каштоўнай часткай якога з’яўляецца кетон ірон, які надае алею пах фіялак[5]. Акрамя ірона, арамат эфірнаму алею надаюць сляды бензальдэгіду  (руск.), ліналаолу  (руск.), гераніолу  (руск.) і інш. У склад алею ўваходзяць таксама кіслоты: мірысцінавая  (руск.), бензойная, ундэцылавая, трыдэцылавая, іх метылавыя эфіры, бензойны, м-дэцылавы  (руск.), нанілавы і воцатны альдэгіды, фурфурол, сляды фенолe, кетон з мятным пахам. Акрамя эфірнага алею, у карэнішчах знойдзены ізафлавонавы гліказід ірыдзін, крухмал (57 %), тлусты алей  (руск.) (9,6 %), дубільныя рэчывы, арганічныя кіслоты, слізь, смалістыя рэчывы. У лісці змяшчаецца аскарбінавая кіслата (0,23 %), амінакіслоты.

Найбольш багатыя эфірным алеем карэнішчы касача жоўтага, сабранага вясной. У гэты перыяд ўтрыманне ірону ў іх дасягае 42 %.

Збор сыравіны

[правіць | правіць зыходнік]

Карэнішчы збіраюць восенню ці ранняй вясной, іх выкопваюць рыдлёўкай, прамываюць у халоднай вадзе, абразаюць рэшткі надземных частак і карані. Сушаць на гарышчы або пад падстрэшкам.

Значэнне і прымяненне

[правіць | правіць зыходнік]

Свежавыкапаныя карэнішчы маюць травяністы пах, і толькі пры павольнай сушцы з’яўляецца прыемны фіялкавы водар, таму яго называюць «фіялкавым коранем» (які прымяняюць у кандытарскай вытворчасці, а таксама ў якасці араматычнай сыравіны для лікёраў, вінаў і іншых напояў).

Эфірны алей касача жоўтага шырока выкарыстоўваецца ў парфумерыі.

Касач жоўты валодае адхарквальным дзеяннем, паляпшае смак лекаў. Спіртова-водны экстракт карэнішча ў развядзенні 1:300 тармозіць развіццё сухотнай палачкі. Карэнішчы ўваходзяць у склад груднога збору, які выкарыстоўваецца ўнутр у выглядзе адвару, вонкава — у выглядзе прысыпак; уваходзяць у склад зубных парашкоў, прысыпак, пудраў, пластыраў[5].

Прэпараты касача жоўтага ўжываюцца як адхарквальны сродак пры бранхітах, болях у кішачніку, спазме, як сімптаматычны (у складзе збору М. М. Здрэнкі) пры лячэнні папіламатозу  (англ.) мачавога пузыра і анацыдных гастрытаў[5].

У народнай медыцыне касач жоўты выкарыстоўвалі рэдка[5] пры пнеўманіі, ангінах, ацёках, а таксама для лячэння інфіцыраваных ран, язваў, свіршчаў і для выдалення вяснушак. Водны адвар яго п’юць пры катары страўніка, сполаху[5].

Увага: маюцца падазрэнні на ядавітасць карэнішчаў і кветак у свежым выглядзе[15].

Касач жоўты здаўна шырока выкарыстоўваецца ў пасадках, аблямоўваюць вадаёмы; ва ўмовах культуры можа расці і ў месцах з вельмі умераным увільгатненнем[15]. Расліна вельмі дэкаратыўная дзякуючы вялікім прыгожым кветкам.

Злева направа.
Кветка. Саспяваючыя каробачкі. Спелы плод і насенне.Насенне

Від Касач жоўты ўваходзіць род Касач (Iris) сямейства Касачовыя (Iridaceae) парадку Спаржакветныя (Asparagales).


  яшчэ 24 сямействы
(згодна Сістэме APG II)
  яшчэ каля 400 відаў
       
  парадак
Спаржакветныя
    род
Касач
   
             
  аддзел
Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя
    сямейства
Касачовыя
    від
Касач жоўты
           
  яшчэ 44 парадку кветкавых раслін
(згодна Сістэме APG II)
  яшчэ 70 радоў
(згодна Сістэме APG II)
 
     

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. а б в Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 68. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Назва Касач жоўты згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м Касатик аировидный // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 95-97. — 592 с. — 120 000 экз.
  6. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  7. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  8. а б в г Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
  9. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  10. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  11. Анненков Н.  (руск.) Ботанический словарь, Спб, 1878
  12. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  13. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  14. Паводле сайта GRIN (гл. картку расліны).
  15. а б в г Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. Иллюстрированный определитель растений Средней России. — М.: Т-во научных изданий КМК, Ин-т технологических исследований, 2002. — Т. 1. — С. 484. (Праверана 24 ліпеня 2009)
  16. Алей вылучаюць з карэнішчаў экстракцыяй слабым растворам сернай кіслаты з наступнай адгонкай яго парам. — Большая советская энциклопедия — Фиалковый корень(недаступная спасылка) (Праверана 8 кастрычніка 2009)