Катхіявар
Катхіявар | |
---|---|
гудж. કાઠિયાવાડ, хіндзі काठियावाड़ | |
21°48′ пн. ш. 70°45′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Аравійскае мора |
Плошча | 61 000 км² |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Катхіявар (гудж.: કાઠિયાવાડ, хіндзі: काठियावाड़) — паўвостраў на паўднёвым усходзе Аравійскага мора. Уваходзіць у склад індыйскага штата Гуджарат, вельмі невялікая тэрыторыя Гохла на поўдні паўвострава (каля 1,57 км²) у складзе саюзнай тэрыторыі Дадра і Нагархавелі і Даман і Дыу. Агульная плошча — 61 000 км².
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паўвостраў Катхіявар амываецца на захадзе, поўдні і ўсходзе Аравійскім морам, на поўначы адлучаны ад астатняй тэрыторыі Гуджарата саланчакамі Качскага Рана. Значную плошчу паўвострава займае рэгіён Саўраштра.
Паверхня сучаснага паўвострава фарміравалася вулканічнымі лавамі. Пазней яна апынулася пад вадою і ўтварала марское плыткаводдзе, на якім назапашваліся асадкавыя пароды. Працэс вызвалення сушы з-пад вады пачаўся пасля заканчэння апошняга ледавіковага перыяду. Прычым, сучасныя свае абрысы Катхіявар набыў толькі ў сярэднявеччы. У выніку тэктанічных зрухаў, што выклікаюць перыядычныя землятрусы, узвышэнне сушы працягваецца і ў нашы дні. Большая частка паўвострава знаходзіцца на ўзроўні каля 180 м, аднак Гірскія горы ўзвышаюцца да 1117 м. З паўночнага ўсходу да цэнтру паўвострава цягнецца вапняковае плато. На поўначы вылучаюцца апустыненыя нізіны і саланчакі Качскага Рана. Для прыбярэжных раёнаў характэрны гліняныя і вапняковыя раўніны, алювіяльныя нізіны, а таксама асобныя лававыя пагоркі.
Клімат трапічны засушлівы. Большая частка ападкаў прыходзіцца на сезон летніх мусонаў. Для забеспячэння насельніцтва і сельскагаспадарчых палеткаў вадою на тэрыторыі паўвострава створана сістэма глыбокіх калодзежаў.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Большую частку паўвострава займаюць сухія лісцевыя лясы і ксерафітныя хмызнякі. На прыбярэжных нізінах сустракаюцца мангравыя зараснікі. На поўдні паўвострава захоўваецца знакаміты Гірскі лес, які насяляюць азіяцкія ільвы. Распаўсюджаны капытныя, воўк, паласатая гіена, журавы, дроп, фламінга і інш.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 3 тысячагоддзі да н. э. паўвостраў Катхіявар уваходзіў у зону распаўсюджання Індскай цывілізацыі. На яго тэрыторыі месціліся некалькі марскіх портаў, найбуйнейшым з якіх быў Латхал. У сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н. э. быў населены індаарыямі. Дзякуючы адноснай ізаляванасці на паўвостраве да нашых дзён захоўваюцца асобныя племянныя супольнасці. Адно з іх, катхі, дало сучасную назву ўсяму паўвостраву. Землі Катхіявара ўзгадваюцца ў Махабхараце, тут знаходзяцца важныя месцы пілігрымак прыхільнікаў індуізму.
У сярэднявеччы Катхіявар быў заваяваны раджпутамі. Яны стварылі шэраг дзяржаўных аб'яднанняў, што часам уваходзілі ў склад буйнейшых, але захоўвалі аўтаномію. У XV — XVIII стст. паўвостраў адыгрываў важную эканамічную ролю на поўначы Індыйскага акіяна дзякуючы пасрэдніцкаму гандлю, вытворчасці бавоўны і ткацтву. У 1803 — 1820 гг. катхіяварскія княствы трапілі пад пратэктарат Вялікабрытаніі. У 1947 г. увайшлі ў склад незалежнай Індыі. Да 1960 г. усе яны былі далучаны да Гуджарата. У 1961 г. індыйскія ваенныя сілы захапілі Дыу.
У нашы дні паўвостраў з'яўляецца прамысловым і сельскагаспадарчым рэгіёнам. Развіты вытворчасць нафтапрадуктаў, лёгкая прамысловасць, турызм.