Малочная вайна
Расійска-беларуская малочная вайна, ці проста «Малочная вайна» — эканамічныя санкцыі расійскага «Расспажыўнагляда» супраць паставак беларускімі вытворцамі малочных прадуктаў у Расію ў чэрвені 2009 года. Назва была папулярызавана расійскімі і беларускімі СМІ.[1]
Сутнасць канфлікту
[правіць | правіць зыходнік]6 чэрвеня 2009 года расійскі «Расспажыўнагляд» забараніў увоз на тэрыторыю Расіі каля 600 відаў беларускай малочнай прадукцыі. 9 чэрвеня былі прыпынены пастаўкі яшчэ 593 найменняў.
Па словах А. Лукашэнкі, рускія хацелі забраць беларускія малакоперапрацоўчыя заводы: «Дайшло да таго, што малако не будзем у вас купляць, пакуль не аддасце малакаперапрацоўчыя заводы. І гэта на ўзроўні ўраду! Мядзведзяў даслоўна сказаў так: „Мы жадалі б, Аляксандр Рыгоравіч, паўдзельнічаць у інвестыцыях у вашу малакаперапрацоўчую прамысловасць“. Калі ласка. Інвестыцыі ж! А ва ўрадзе канкрэтызавалі — малака не будзе ў Расіі, пакуль не аддасце заводы. Я кажу: „Да спаткання. Так размаўляць мы не дазволім. Будзем, кажу, падыхаць, выліваць гэта малако, але вы так пытанне ставіць не будзеце“».[2]
Расійскія ж улады адмаўляюцца ад нейкіх эканамічных ціскаў. Як паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны доктар Расіі Генадзь Анішчанка, беларускія вытворцы «не перааформілі дазваленчую дакументацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту, якія набылі моц яшчэ ў снежні 2008 года». Як вядома, у Расіі з 17 снежня набыў моц тэхнічны рэгламент, які размяжоўвае паняцці «пітнае малако» і «напоі, адноўленыя з парашковага малака»[3]
Аднак менавіта «рукамі» Генадзя Анішчанкі расійскія ўлады праводзілі эканамічны (а таксама і палітычны) ціск на іншых замежных вытворцаў — малдаўскія і грузінскія віны, грузінскую мінералку, латышскія шпроты і польскую свініну.
Хроніка падзей
[правіць | правіць зыходнік]- 29 мая — расійскія санслужбы даслалі ў Беларусь ліст, ў якім згадвалі пра недапушчэнне парушэнняў расійскага заканадаўства і прывядзенне імпартуемых прадуктаў да расійскіх стандартаў.
- 5 чэрвеня — Лукашэнка пасля сустрэчы з Мядзведзевым ў інтэрв’ю журналістам заявіў, што беларускія прадпрыемствы хочуць забраць рускія, але ён гэтага не дапусціць.
- 5 чэрвеня — Уладзімір Пуцін згадаў, што беларускія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы атрымліваюць больш дзярждатацыяў, чым расійскія. Таму ў Расіі лепшыя яны маюць лепшыя ўмовы. Каб не дапусціць знішчэння расійскай малочнай галіны, Пуцін выказаўся за адзіныя ўмовы для малочных вытворцаў Беларусі і Расіі.
- 6 чэрвеня — расійскі «Расспажыўнагляд» забараніў увоз на тэрыторыю Расіі каля 500 відаў беларускай малочнай прадукцыі.[4]
- 8 чэрвеня — прыпынены пастаўкі яшчэ 593 найменняў беларускіх малочных прадуктаў.[5]
- 13 чэрвеня — Лукашэнка ўвечары праводзіць надзвычайную нараду з беларускім урадам і адмяняе да ранку свой вылет у Маскву на сесію Рады калектыўнай бяспекі АДКБ. На нарадзе прэзідэнтам РБ пастаўлена задача для мытных і пагранічных службаў увесці такія самыя абмежаванні, як і на расійскім баку. Ураду Казахстана дасланыя тлумачэнні беларускай сітуацыі.
- 14 чэрвеня — Саміт АДКБ адбыўся бяз удзелу беларускага боку. Мядзведзеў пракаментаваў гэта так: Беларусь вернецца і ўсё падпіша. Беларускія ўлады абвясцілі пра нелегітымнасць саміту і ўсіх падпісаных там дакументаў аб агульнай бяспецы. Удзельнікам саміту перададзена нота, дзе згадваецца, што адсутнасць беларускага подпісу: азначае адсутнасць згоды Беларусі на прыняцце разгляданых гэтымі органамі рашэнняў і адпаведна адсутнасць кансенсусу для прыняцця рашэнняў у адпаведнасці з правілам 14.
- 15 чэрвеня — Міністр сельскай гаспадаркі Расіі Алена Скрыннік паведаміла, што Беларусь гатовая на паўгады адмовіцца ад паставак сухога малака ў Расію.[6]
- 16 чэрвеня — Генадзь Анішчанка заявіў, што Расія бярэ тайм-аўт на пастаўку малочнай прадукцыі з Беларусі, бо тлумачэнні беларускай дэлегацыі ў Маскве і заявы афіцыйных асоб і СМІ РБ розняцца.[7] Беларуская дэлегацыя была адклікана з Масквы. Старшыня беларускага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі заявіў, што з 9 гадзін раніцы 17 чэрвеня Беларусь уводзіць узмоцнены рэжым кантролю за перамяшчэннем грузаў на асноўных расійска-беларускіх магістралях.[8]
- 17 чэрвеня — раніцай на мяжы Беларусі з Расіяй былі выстаўлены беларускія мытныя пасты. Паводле заявы дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Юрыя Жадобіна рашэнне беларускіх уладаў з’яўляецца «сіметрычным адказам» на дзеянні расійскага боку.[9] Міністрка сельскай гаспадаркі Расіі Алена Скрыннік паведаміла, што кансультацыі і перамовы з беларускім бокам скончаныя на пазітыўнай ноце і заключанае пагадненне, якое задавальняе абодва бакі.[10] Паводле Скрыннік бакі дамовіліся спыніць пастаўкі сухога малака з Беларусі ў Расію ў 2 і 3 кварталах 2009 года, але павялічыць аб’ём імпарту беларускага тварагу, сыру і масла ў адпаведнасці з неабходнымі патрэбамі Расіі. У прыблізна той самы час намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхаіл Савельеў паведаміў, што спробы знайсці разуменне з «Расспажыўнаглядам» усё яшчэ няўдалыя.[11] Увечары БелТА паведаміла, што праблема паставак беларускай малочнай прадукцыі развязаная ў выніку перамоў у Маскве кіраўнікоў міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання і аховы здароўя Сямёна Шапіры і Васіля Жарко з кіраўніком «Расспажыўнаглядам» Генадзем Анішчанкам, што было аформлена адпаведным пратаколам.[12] Пазней намеснік кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк паведаміў, што Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі здымае ўзмоцнены кантроль за перамяшчэннем грузаў з Расіі, уведзены раніцай.[13] Генадзь Анішчанка заявіў, што «малочная вайна» паміж Расіяй і Беларуссю скончаная, бо бакам атрымалася дамовіцца па ўсіх спрэчных пытаннях.[14]
- 18 чэрвеня Расія дазволіла імпарт 131 з больш 600 найменняў беларускай малочнай прадукцыі, увоз якіх раней быў забаронены.[15] Вытворцы беларускай малочнай прадукцыі раніцай 18 чэрвеня аднавілі свае пастаўкі ў Расію.[16] Адразу пасля падпісання пагаднення пра пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Расію стала вядома, што Газпрам запатрабаваў ад ААТ «Белтрансгаз» ліквідаваць запазычанасць у суме $230 млн за пастаўлены ў студзені—красавіку газ.[17] Першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Э. Таўпянец заявіў на гэта, што «плацяжы вядуцца ў поўным аб’ёме зыходзячы з сярэднегадавой цаны $150 за тысячу кубаметраў, як гэта і прадугледжана дамоўленасцямі на вышэйшым узроўні».[18]
Зноскі
- ↑ Лаўроў запытваецца не лічыць «Малочную вайну» санкцыямі супраць Мінску // Lenta.ru (руск.)
- ↑ Незыблемая позиция. Интервью Президента российским СМИ. // Советская Белоруссия, 5 чэрвеня 2009
- ↑ Александр Лукашенко разжегся на молоке. // Коммерсант, 8 чэрвеня 2009
- ↑ Онищенко отказался от «молочных» переговоров с Минском (руск.) // «Lenta.ru», 8 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Смаленская мытня не аднаўляла пропуск беларускай малочнай прадукцыі ў Расію // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Белоруссия готова временно отказаться от поставок сухого молока. // КоммерсантЪ, 15 чэрвеня 2009
- ↑ Анішчанка: У перамовах па малацэ мы бяром тайм‑аўт. // Наша Ніва, 16 чэрвеня 2009
- ↑ Беларусь уводзіць узмоцнены кантроль на мяжы з Расіяй з 9.00 17 чэрвеня // Наша Ніва, 16 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Запрацавалі мытныя пасты на расійскай мяжы, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Расійскі міністр: Беларусь і Расія заключылі кампраміснае пагадненне адносна малака // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Намеснік кіраўніка Мінсельгасхарча Беларусі: Мы не знаходзім паразумення з Расспажыўнаглядам // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ↑ «Малочная вайна» скончана? // Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Минск снял усиление таможенного контроля на границе с Россией (руск.) // «Белорусские новости», 17 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Беларусь возобновила поставки молока в Россию (руск.) // Lenta.ru, 18 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Психо-сценический жанр Архівавана 21 чэрвеня 2009. // TUT.BY, 18 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Беларускае малако пайшло ў Расію // Радыё Свабода, 18 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Вайна нон-стоп // Наша Ніва, 17 чэрвеня 2009 г.
- ↑ Э.Таўпянец: мы разлічваемся за газ у поўным аб’ёме // Радыё Свабода, 18 чэрвеня 2009 г.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Хроніка малочнай вайны на сайе Беларускай Свабоды
- Забаронены ўвоз у Расію практычна ўсёй беларускай малочнай прадукцыі(недаступная спасылка) // Наша Ніва, 10 чэрвеня 2009 г.