Механізм перадачы інфекцыі
Механізм перадачы інфекцыі — спосаб перамяшчэння ўзбуджальніка інфекцыйнай або паразітычнай хваробы з заражанага арганізма на ўспрымальны. Уключае паслядоўную змену трох стадый:
- вывядзенне ўзбуджальніка з заражанага арганізма ў навакольнае асяроддзе;
- знаходжанне ўзбуджальніка ў абіятычных (навакольнае асяроддзе) або біятычных умовах (прамежкавы гаспадар);
- укараненне (увядзенне) узбуджальніка ў успрымальны арганізм.[1]
Механізмы перадачы ўзбуджальніка
[правіць | правіць зыходнік]Існуе шэсць асноўных механізмаў перадачы ўзбуджальніка інфекцыі, кожны з якіх уключае ў сябе шляхі перадачы ўзбуджальніка інфекцыі:
- аэрагенны
- кантактны
- трансмісіўны
- фекальна-аральны
- вертыкальны
- гемакантактны
Аэрагенны
[правіць | правіць зыходнік]Аэрагенны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, пры якім узбуджальнікі лакалізуюцца ў слізістай абалонцы дыхальных шляхоў інфікаванага арганізма і пераносяцца сярод гаспадароў праз паветра. Рэалізуецца праз паветрана-кропельны і паветрана-пылавы шлях перадачы. Пры паветрана-кропельным шляху перадачы ўзбуджальнік трапляе ў паветранае асяроддзе пры кашлі, чханні і г п., знаходзіцца ў ёй у форме аэразолю і ўкараняецца ў арганізм жывёлы пры ўдыханні заражанага паветра. Пры паветрана-пылавым шляху заражэння ўзбуджальнік трапляе ў арганізм з часціцамі пылу (у выпадку магчымасці працяглага яго захавання ў знешнім асяроддзі, напрыклад, пры сухотах).[1]
Кантактны
[правіць | правіць зыходнік]Кантактны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, пры якім вылучаюцца ўзбуджальнікі на скуры і яе прыдатках, на слізістай абалонцы вачэй, паражніны рота, палавых органаў, на паверхні ран, паступаюць з іх на паверхню розных прадметаў і пры кантакце з імі ўспрымальнага арганізма (часцей пры наяўнасці мікратраўм) укараняюцца ў яго.[2]
Кантактны механізм перадачы інфекцыі падзяляюць на прамы (поціскі рукі, абдымкі, пагладжвання і т. п., то-бок кантакт з крыніцай інфекцыі) і непрамы, або апасродкаваны (праз прадметы абстаноўкі, бытавую тэхніку, цацкі, посуд, сталовыя прыборы, прадметы гігіены і т. п.).
Трансмісіўны
[правіць | правіць зыходнік]Трансмісіўны механізм перадачы ажыццяўляецца пры дапамозе казурак. Падзяляецца на інакуляцыйны (пры ўкусе) і кантамінацыйны (пры ўціранні ў пашкоджаную скуру) шляхі перадачы.
Фекальна-аральны
[правіць | правіць зыходнік]Фекальна-аральны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, пры якім узбуджальнік інфекцыі лакалізуецца пераважна ў страўнікава-кішачным тракце, вызначае яго вывядзенне з заражанага арганізма са спаражненнямі (фекаліямі, мачой) або ванітавымі масамі. Пранікненне ў успрымальны арганізм адбываецца праз рот, галоўным чынам пры заглынанні забруджанай вады (водны шлях), ежы (аліментарны шлях), з бруднымі рукамі і прадметамі ўжытку (кантактна-бытавы шлях), пасля чаго ён зноў лакалізуецца ў страўнікава-кішачным тракце новага арганізма.
Вертыкальны
[правіць | правіць зыходнік]Трансплацэнтарны (унутрычэраўны) шлях перадачы інфекцыі — пры якім узбуджальнік інфекцыі перадаецца ад маці да плода падчас цяжарнасці.
Вертыкальным механізмам перадачы інфекцыі таксама лічыцца перадача ўзбуджальніка ад маці да плода падчас праходжання ім родавых шляхоў.
Гемакантактны
[правіць | правіць зыходнік]Гемакантактны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, абумоўлены кантактам з крывёю заражанага чалавека. Падзяляецца на натуральны (вертыкальны, палавы, непрамы) і штучны, звязаны з медыцынскімі маніпуляцыямі, унутрывеннымі ін’екцыямі, татуажам.
Зноскі
- ↑ а б М-08 металлоциты - Мещерского » Медсправка iPULSAR . Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2012.
- ↑ Механизм передачи возбудителя инфекции на medarticle.moslek.ru(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011.