Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Ордэн Слана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ордэн Слана
Elefantordenen
Выява ордэнскай планкі Апісанне ўзнагароды
Арыгінальная назва Elefantordenen
Краіна Данія Данія
Тып ордэн
Кім уручаецца манарх Даніі[d]
Дата заснавання 1 снежня 1693
Статус уручаецца
Чарговасць узнагарод
Малодшая ордэн Данеброг
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ордэн Слана (дацк.: Elefantordenen) — найвышэйшая нацыянальная ўзнагарода Даніі.

Ордэн Слана мае самы арыгінальны знак з усіх узнагарод свету. Большасць іншых ордэнскіх знакаў, нават пры ўсёй рэдкасці і незвычайнасці іх формаў, задумваліся як больш-менш плоскія, каб адным сваім бокам яны маглі шчыльна прылягаць да адзення. Знак ордэна слана ўяўляе сабой мініяцюрную аб'ёмную скульптурку: слон, пакрыты белай эмалью і ўпрыгожаны дыяментамі, нясе на спіне баявую вежку, да якой, у сваю чаргу, мацуецца кольца. Перад вежкай сядзіць чорны паганяты.

На міжнароднай мове эмблем слон сімвалізуе мудрасць, справядлівасць, вялікадушнасць і іншыя высакародныя якасці. У Даніі ён увесь час сустракаецца і ў іншых узнагародах, а таксама ў мастацкіх гравюрах і розных творах мастацтва, якія шмат у чым насычаны іншасказаннямі.

Дацкія рыцары, як і рыцары іншых краін, ахвотна далучаліся да крыжовых паходаў. Старажытная легенда апавядае, што ў час аднаго з такіх паходаў дацкія рыцары атрымалі перамогу над сарацынамі, якія змагаліся на баявых сланах. У памяць пра сустрэчу з гэтым велічэзным жывёлам і ў гонар здабытай перамогі ў 1190 годзе ў Даніі і быў заснаваны ордэн Слана. Аднак пэўную (а не легендарную) гісторыю гэтага ордэна можна прасачыць толькі з сярэдзіны XV стагоддзя, калі яго аднавіў дацкі кароль Крысціян II, каб узнагароджваць ім асоб абодвух палоў.

У статуце ордэна Слана гэтага часу адлюстроўваўся яшчэ і рэлігійны характар ордэнскага «Брацтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі», аднак у эпоху Рэфармацыі эмблематыка гэтага старажытнага ордэна пазбавілася свайго рэлігійнага зместу. Яшчэ раз ордэн Слана быў адноўлены ў 1623 годзе, калі стаў свецкай прыдворнай узнагародай, прычым толькі мужчынскай. Ордэнская зорка — васьміканцовая, шытая з круглых сярэбраных пласцінак. У цэнтры яе, на чырвоным аксамітавым полі, змешчана вялікая разетка з чатырохканцовым крыжам у абрамленні лаўровых галін, перавязаных уверсе і ўнізе залатымі стужкамі.

Статут ордэна быў перагледжаны ў 1693 г. каралём Крысціянам V, і членства ў ім было абмежавана да манарха, прынцаў крыві і трыццаці рыцараў. Ордэн павінен быў уручацца толькі суверэнам, дацкім і замежным. Таму з 1850 г. ордэн стаў вельмі выключным і — за некалькімі выключэннямі — уручаўся толькі асобам каралеўскай крыві і главам дзяржаў. У XX стагоддзі было ўзнагароджана толькі сем чалавек, якія не належалі да гэтай катэгорыі: Уінстан Чэрчыль (былы прэм'ер-міністр, 1950), фельдмаршал Бернард Мантгомеры (камандуючы сухапутнымі сіламі саюзнікаў, 1945), генерал Дуайт Эйзенхаўэр (вярхоўны галоўнакамандуючы экспедыцыйнымі сіламі, 1945), а таксама датчане Вільгельм Томсен (1912), Ганс Нільсен Андэрсан (1919), Нільс Бор (1947) і былы глава фірмы A.P. Moller-Maersk Group, прадпрымальнік Арнольд Мёлер (2000). З глаў дзяржаў быў пазбаўлены гэтага ордэна Нікалае Чаўшэску. Ордэн дае права на зварот «Ekscellence» (правасхадзіцельства) і зварот у пісьме «HE», даючы, такім чынам, свайму ўладальніку рыцарскі статус. Займае найвышэйшую пазіцыю ў парадку старшынства дацкіх узнагарод. У 1958 г. змены ў статуце яўна дапусцілі ўзнагароджанне жанчын (да гэтага з 1892 г. лічылася што статут дазваляе гэта няяўна, пад агульнай назвай «рыцар»).

Зноскі