Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Паўстанне 1794 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Польскае паўстанне 1794)
Паўстанне 1794 года
Дата 12 (27) сакавіка  — 18 (30) лістапада 1794 года
Месца Рэч Паспалітая, анэксаваныя Прусіяй у 1793 годзе Вялікая Польшча і Куявія[1]
Прычына Першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай;
Акупацыя пазасталай тэрыторыі Рэчы Паспалітай рускімі войскамі;
Адмена большай часткі рэформ Чатырохгадовага сейма
Вынік Здушэнне паўстання
Змены Трэці падзел Рэчы Паспалітай
Праціўнікі
  • Сцяг Рэчы Паспалітай паўстанцы[3]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паўстанне 1794 года ў Польшчы, Беларусі і Літве або Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі — узброенае выступленне супраць расійскай акупацыі і прускай інтэрвенцыі, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і за ажыццяўленне пастановаў Чатырохгадовага сойму.

Перад падзеямі

[правіць | правіць зыходнік]

Рэакцыйныя дзеянні таргавічан і захопніцкая палітыка замежных дзяржаў выклікалі вострае незадавальненне значнай часткі гарадскіх жыхароў і прагрэсіўна настроенай шляхты. Прыклад Французскай рэвалюцыі ўказваў на адзіна магчымы шлях вызвалення краіны ад замежнага дыктату і здраднікаў-таргавічан.

Пачалося паўстанне 24 сакавіка 1794 г. У гэты дзень на Рыначнай плошчы Кракава быў агалошаны Акт паўстання, якім Тадэвуш Касцюшка абвяшчаўся Вышэйшым і Адзіным начальнікам узброеных сіл і кіраўніком усяго паўстання. Яму даручалася сфарміраваць вышэйшы заканадаўчы і адміністрацыйна-выканаўчы орган паўстання для ўсёй Рэчы Паспалітай — Вышэйшую народную раду (утворана 21 мая). Яшчэ раней былі ўтвораны некаторыя мясцовыя органы кіравання, а таксама Вышэйшая Народная рада Вялікага Княства Літоўскага (24 красавіка), якая прызначыла начальнікам паўстанцкіх узброеных сіл Вялікага княства Якуба Ясінскага. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, якім касавалася прыгоннае права, але без надзялення сялян зямлёй.

Народная рада выдала пастанову (14 чэрвеня 1794) аб аднаўленні іерархіі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, якая згодна з пастановай Пінскай праваслаўнай кангрэгацыі 1791 г. абвяшчалася незалежнай ад замежнай царквы.

Заклікі Касцюшкі да простага народа выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. Нямцэвіч, паплечнік Касцюшкі, у сваіх успамінах пісаў наконт гэтага:

" Шляхта, якая прывыкла без перашкод карыстацца маёмасцю сваіх сялян, супраціўлялася выкананню загада Начальніка — Касцюшкі высылаць пятага селяніна з касой у армію. Нават сельскі народ, які так доўга быў у няволі, па большай частцы не прадбачыў лепшай долі не ведаючы яе, быў абыякавым. Дарэмна Касцюшка сваім Універсалам з-пад Паланца ад 7 мая 1794 г. аб'явіў сельскі народ свабодным, аб'яўляў яму свабоду. Універсалы гэтыя або не дайшлі, або ім не верылі.[4] "

Гэтая характарыстыка, дадзеная Нямцэвічам адносінам памешчыкаў і прыгонных сялян да паўстання, адлюстроўвала сапраўднае становішча і ў значнай ступені тлумачыла пазнейшыя няўдачы паўстання. У сялян Рэчы Паспалітай на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія, яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

«Бітва пад Рацлавіцамі", Аляксандр Арлоўскі

Пачатковы ваенны поспех паўстання (гл.далей: бітва пад Рацлавіцамі) быў дастаткова хутка стрыманы расійскімі войскамі, паўстанне было падаўлена на тэрыторыях ВКЛ, а пасля ваеннага выступлення Прусіі стратэгічнае становішча паўстання стала безнадзейным.

Якабінскі рух у Варшаве

[правіць | правіць зыходнік]
«Пакаранне смерцю здраднікаў» у Варшаве падчас паўстання, Я. П. Норблін

Народныя масы нацыянальна-вызваленчую вайну цесна звязвалі з сацыяльным вызваленнем ад панскага прыгнёту. Сярод паўстаўшага народа быў моцны ўплыў варшаўскага «Якабінскага клуба». Па ініцыятыве апошняга, 9 мая 1794 года варшавяне запатрабавалі пакарання здраднікаў радзімы. Паўстанцкае кіраўніцтва вымушана было саступіць патрабаванням народных мас і пакарала смерцю чатырох дзеячаў старога ўрада, які супрацоўнічаў з Расіяй і Прусіяй. Пакараны былі: вялікі каронны гетман Пётр Ажароўскі[ru], польны літоўскі гетман Юзэф Забела, біскуп Юзаф Казімір Касакоўскі і маршалак Юзаф Анквіч[pl]. 28 чэрвеня 1794 года варшавяне зладзілі новы народны трыбунал, павесіўшы яшчэ шэраг людзей, якіх яны лічылі здраднікамі радзімы. Сярод іх: князь Чацвярцінскі[ru] і віленскі біскуп Масальскі[5].

Падзеі ў Варшаве выклікалі непакой у польскай шляхты і заахвоцілі некаторых яе прадстаўнікоў пайсці на пагадненне з захопнікамі (прусакамі і рускімі). Так, брат польскага караля, прымас Міхал Панятоўскі звярнуўся да прусакоў з просьбай паскорыць штурм Варшавы і ўказаў найбольш уразлівыя месцы ў абароне горада. Гэты ліст быў перахоплены і патрапіў у рукі патрыётаў. У выніку жыхары Варшавы выйшлі на вуліцы і запатрабавалі пакараць смерцю здрадніка. Аднак той скончыў жыццё самагубствам (атруціўся). Зрэшты, ёсць версія аб яго смерці ад банальнага перапуду (страху смерці на шыбеніцы або ў турэмным каземаце)[5].

Сам Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў мемуарах успамінаў аб даволі напружаных адносінах з Касцюшкам, а таксама аб пастаянных пагрозах, якія зыходзілі ад варшаўскіх жыхароў і паўстанцаў. Касцюшка, паводле мемуараў Панятоўскага, «не выпускаў мяне з палаца, прыкрываючы гэта руплівасцю за маю бяспеку. Насамрэч я сядзеў пад замком, як закладнік, са мной ніхто не лічыўся, Касцюшка маніпуляваў мной…».

Параза паўстання

[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку — лістападзе 1794 г. войскі паўстанцаў пацярпелі шэраг паражэнняў, цяжка паранены Касцюшка трапіў у палон.

«Разня ў Празе», Аляксандр Арлоўскі

Начальнікам узброеных сіл 12 кастрычніка 1794 г. Вышэйшы Савет прызначыў замест Касцюшкі яго земляка ўраджэнца Беларусі Тамаша Ваўжэцкага, аднак ні па аўтарытэту, ні па ваенным здольнасцям ён не мог нават блізка параўнацца з Касцюшкам. 4 лістапада войскі пад камандаваннем А. Суворава авалодалі ўмацаваным прыгарадам Варшавы Прагай, пасля чаго кароль Рэчы Паспалітай і яго прыхільнікі настаялі на капітуляцыі Варшавы. За паспяховае падаўленне паўстання А. Сувораў атрымаў ва ўзнагароду ва ўласнасць з Берасцейскай эканоміі 13 тыс. 279 прыгонных сялян (мужчын і жанчын), а ўсяго на Беларусі і ў Літве было раздадзена рускім памешчыкам з 1772 па 1796 г. каля мільёна прыгонных сялян.

Паражэнне паўстання дало магчымасць Аўстрыі, Прусіі і Расіі захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай і ў 1795 г. падзяліць яе паміж сабой. Па гэтаму падзелу да Расіі адышлі Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя і частка Заходняй Украіны, а Прусія і Аўстрыя падзялілі паміж сабой Польшчу.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага была падзелена на тры адміністрацыйныя часткі з цэнтрамі ў гарадах Вільні, Гародні і Коўне. У склад віленскай часткі ўваходзілі паветы Віленскі, Завілейскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Лідскі і Троцкі, гарадзенскай — Наваградскі, Слонімскі, Ваўкавыскі, Берасцейскі (а таксама некалькі валасцей), ковенскай — Вількамірскі, Упіцкі і Самагіція. У Гародні засноўвалася вярхоўнае праўленне літоўскага генерал-губернатара для ўсіх трох частак. Вярхоўнае праўленне складалася з чатырох аддзяленняў: казённага, крымінальнага, грамадзянскага і эканамічнага.

У тым жа 1795 г. былі ўнесены змяненні ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне і замест трох частак былі ўтвораны Віленская і Слонімская губерніі.

Паражэнне паўстання 1794 г. было непазбежным, бо яго не падтрымалі шырокія масы сялянства, слабай аказалася буржуазія, а шляхецка-буржуазны блок, які кіраваў паўстаннем, імкнуўся да таго, каб не дапусціць рэвалюцыйнага выступлення гарадскіх нізоў і сялянства. Акрамя таго, сабатаж і невыкананне распараджэнняў Касцюшкі, а часта і адкрытая здрада, падрывалі сілы паўстання.

Пачынаючы паўстанне, Касцюшка і іншыя кіраўнікі спадзяваліся, што Аўстрыя, Прусія і Расія не змогуць накіраваць значныя сілы супраць паўстання з-за ўцягнення іх у барацьбу з Турцыяй і Францыяй. Аднак кіраўнікі Прусіі і Аўстрыі аслабілі націск на рэвалюцыйную Францыю і сканцэнтравалі значныя сілы супраць Рэчы Паспалітай, не даўшы магчымасці тут нацыянальна-вызваленчаму руху перарасці ў аграрную рэвалюцыю, здольную змесці феадальны лад. Хоць паўстанне і пацярпела паражэнне, аднак яго значэнне ў гісторыі Еўропы велізарнае. Ідэі вызваленчага антыфеадальнага дэмакратычнага руху пачалі распаўсюджвацца ў Аўстрыі, Прусіі і Расіі.

Зноскі

  1. гл. Вялікапольскае паўстанне (1794)[ru]
  2. У актыўных баявых дзеяннях не ўдзельнічала.
  3. Фармальна Расія і Прусія ваявалі не з Рэччу Паспалітай, а з паўстанцамі.
  4. Niemcewicz, J.U. Pamietniki czasów moich. Paryż, 1848. S. 207.
  5. а б Л.Е.Криштапович. "Беларусь как русская святыня". — Республика Беларусь,г.Минск, 2011. — С. 117—118. — 149 с.