Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Саамская літаратура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тытульная старонка працы Ёханэса Шэферуса «Лапонія», выданай у 1673 годзе; гэта першая кніга, у якой былі апублікаваны творы саамскага фальклору

Саамская літаратура — літаратура на саамскіх мовах, родных мовах саамаў, народа Паўночнай Еўропы, які жыве ў Нарвегіі, Расіі, Фінляндыі і Швецыі. Часта да саамскай літаратуры адносяць творы пісьменнікаў, якія з’яўляюцца саамамі па паходжанню, незалежна ад мовы гэтых твораў.

Колькі-небудзь старажытнай пісьмовай гісторыі літаратуры саамаў не існуе, але вусныя сказанні, якія перадаваліся ад старэйшых малодшым, сягаюць у глыбіню стагоддзяў. Праз казкі і паданні, міфы, песні, прыказкі і загадкі ад пакалення да пакалення перадаваліся светасузіральныя, культурныя і маральныя традыцыі саамаў, важныя для іх жыцця назіранні і веды.

Унікальным саамскім творчым жанрам з’яўляецца ёйк — традыцыйныя песнапенні з асаблівым паўтараючымся рытмам. Першапачаткова ёйк не з’яўляўся асаблівым жанрам — гэтыя распевы былі часткай рэлігійных абрадаў.

Тэксты ёйкаў нярэдка заснаваны на сцэнах з саамскіх казак і старажытных легенд, у той жа час тэксты асобных ёйкаў самі з’яўляюцца крыніцамі арыгінальных сюжэтаў. Акрамя сюжэтных ёйкаў, існуюць так званыя «асабістыя ёйкі», якія могуць быць своеасаблівай «візітнай карткай» чалавека ці служыць для больш канкрэтных мэт — напрыклад, у тэксце такіх ёйкаў можа быць прызнанне ў каханні да пэўнага чалавека, выражэнне любові да нейкай зямлі ці да аленяў. Ёсць ёйкі, якія выконваюцца толькі ў пэўных выпадках (напрыклад, падчас вяселляў ці пахаванняў). Існуюць жартоўныя ёйкі. Ёсць і ёйкі, якія ўтрымліваюць палітычныя заклікі, звычайна накіраваныя супраць тых, хто спрабуе захапіць краіну саамаў.

Першымі апублікаванымі творамі саамскага фальклору былі два ёйкі на кемі-саамскай мове (гэтая мова вымерла на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў) — яны ўвайшлі ў кнігу Ёханэса Шэферуса «Лапонія», выданай у 1673 годзе. Шэферус запісаў гэтыя ёйкі ад саама Олафа (Матссана) Сірма. У першым, Guldnasas, «саам пяе аб каханні, прышпорваючы аленя, каб той бяжаў хутчэй», у другім ёйку, Moarsi favrrot, пяецца аб разлуцы з каханай.

Мэтанакіравана запісваць ёйкі пачалі ў ХІХ стагоддзі, што было абумоўлена павелічэннем цікаўнасці да народнай культуры і традыцыйнай народнай творчасці.

Гісторыя саамскай літаратуры

[правіць | правіць зыходнік]

Да пачатка ХХ стагоддзя адносіцца актывізацыя палітычнай дзейнасці саамаў, стварэнне першых саамскіх арганізацый, адраджэння самасвядомасці саамаў як самастойнага народа з уласнай багатай культурай. У 1912 годзе Андэрсам Ларсенсам быў напісаны першы саамскі раман — Beavi-Álgu («Світанак»). У 1914 годзе з’явіўся зборнік вершаў і апавяданняў Muohtačalmmit («Сняжынкі») Ялві Педара.

Аснову саамскай літаратуры складаюць апрацаваныя фінскім фалькларыстам Анці Аматусам Аарне (1867—1924) запісы самабытнага саамскага фальклору, да якога адносяцца казкі аб жывёлах, аб пераўтварэннях, аб нойдах (чараўніках), апавяданні-легенды аб нашэсцях чудзі, аб звышнатуральных істотах.[1]

Вялікую вядомасць атрымала кніга шведскага пісьменніка-саама Юхана Туры Muttalus samid birra (Стакгольм, 1917), якая напісана ў жанры мастацкай аўтабіяграфіі.

Сучасная саамская літаратура

[правіць | правіць зыходнік]

Няма адзінага меркавання адносна сучаснага вызначэння паняцця «саамская літаратура». Адзін падыход звязаны з саамскім паходжаннем аўтараў твораў, незалежна ад мовы гэтых твораў; пры іншым падыходзе да саамскай літаратуры адносяць творы на саамскіх мовах, незалежна ад этнічнай прыналежнасці іх аўтараў.

Петар Маратая, саамскі пісьменнік і журналіст, прадстаўнік інары-саамаў.

Згодна з меркаваннем нарвежскага прафесара Свейна Лунда, развіццё саамскай літаратуры ў сучасную эпоху вельмі важна ў тым ліку і па наступных прычынах:

  • саамская літаратура неабходна для захавання і развіцця саамскіх моў;
  • саамская літаратура з’яўляецца важнай з пункту гледжання самасвядомасці саамскага народа і ўмацавання пачуцця ўласнай нацыянальнай годнасці.

Адной з задач, якія стаяць перад саамскай літаратурай, з’яўляецца азнаямленне чытача з умовамі жыцця, гісторыяй і культурай саамаў у розных месцах іх жыхарства. Згодна з меркаваннем Свейна Лунда, гэта задача з’яўляецца тым больш важнай, што нярэдка такі спосаб з’яўляецца адзіна магчымым для таго, каб данесці да грамадскасці інфармацыю аб парушэнні праў саамскага насельніцтва і аб неабходнасці выпраўлення сітуацыі. Веданне чытачамі саамскай літаратуры, паводле меркавання Лунда, з’яўляецца той прышчэпкай, з дапамогай якой магчыма супрацьдзейнічаць расісцкім поглядам, якіх шмат у нарвежскай літаратуры, у тым ліку і ў творах такіх класікаў, як Кнут Гамсун.

Саамская літаратура ў сучаснай Швецыі

[правіць | правіць зыходнік]

Саамская літаратура ў сучаснай Расіі

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя расійскія саамскія паэты і пісьменнікі — колта-саамі Аскольд Бажанаў (1934—2012), кільдзін-саамі Аляксандра Антонава (нар. 1932) і Іраіда Вінаградава, тэр-саамі Акцябрына Воранава (1934—1990).

Саамская літаратура ў сучаснай Фінляндыі

[правіць | правіць зыходнік]
Падрабязней гл. таксама: Літаратура Фінляндыі

Сярод пісьменнікаў Фінляндыі, якія пішуць ці пісалі на саамскай мове, магчыма адзначыць Мар’ют Айкіа (фінск.: Marjut Aikio), Мацці Айкіа, Раўну Падар-Лейва (кнігі: Mo giđđa boahantá Sápmái, 1988; Jokrjanieiddaš, 1996, і інш.) і Кірсці Палта (кнігі: Vilger geađgi, 1980; Beaivváža bajásdánsun, 1985; Násttit muohtagierragis, 2007, і інш.). Кніга Кірсці Палта Guhtosét dearvan min bohccot была перакладзена на фінскую мову (Voijaa minun poroni, 1984) і адзначана ўзнагародай.

Саамская літаратура ў сучаснай Швецыі

[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з найбольш значных саамскіх пісьменнікаў — Паўлус Утсі (1918—1975), які нарадзіўся ў Нарвегіі, але амаль усё жыццё пражыў у Швецыі. Яго першыя творы былі напісаны яшчэ да Другой сусветнай вайны, але былі апублікаваны толькі ў 1970-я гады. Для творчасці Утсі характэрны песімістычны погляд на будучыню саамскага народа.

  1. J. Qvigstad. Lappische Märchen- und Sagenvarianten. Helsinki, 1925, FF Communications, № 60, p. 1-64.