Хранометр
Хранометр — асабліва дакладны гадзіннік. Выкарыстоўваецца для захоўвання часу (напрыклад, у навігацыі для захоўвання часу пачатковага мерыдыяна пры вызначэнні геаграфічнай даўгаты), пры геадэзічных і картаграфічных работах.
Асаблівасці механічнага хранометра: свабодны (хранаметрычны) спуск, які забяспечвае дакладнасць ходу; біметалічны разразны вобад кола балансу, што дазваляе захоўваць пастаянны перыяд ваганняў балансу пры змене тэмпературы; спецыяльнае прыстасаванне для выраўноўвання моманту завадной спружыны. Каб пазбегнуць уплыву вібрацый (амартызацыі), хранометр устанаўліваюць на спецыяльныя прыстасаванні (напрыклад, марскія хранометры — на карданным падвесе, які забяспечвае гарызантальнае становішча хранометра хранометра пры гайданцы). У 1970-я гады пашырыліся электронна-механічныя і электронныя кварцавыя хранометры, якія не патрабуюць амартызацыі, бо не маюць рухомых элементаў. Схема іх прыкладна такая, што і ў кварцавых гадзінніках. Забяспечваюць дакладнасць да дзясятых доляў секунды за суткі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хранометр