Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Чырвоныя (паўстанне 1863—1864 гадоў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Чырвоныя» — дэмакратычная плынь у нацыянальна-вызваленчым руху Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны напярэдадні і ў час паўстання 1863-64 гг.. У адрозненне ад «белых» імкнуліся вызваліцца ад царскага ярма шляхам узброеннага паўстання; нацыянальнае вызваленне звязвалі з дэмакратычнымі пераўтварэннямі. Асноўны кантынгент «чырвоных» — афіцэры, студэнты, дробныя чыноўнікі, рамеснікі, дробнамаянтковая і безмаянтковая шляхта.

У ідэалагічных адносінах «чырвоныя» былі неаднародныя і падзяляліся на 2 крылы. Левае крыло — рэвалюцыянеры-дэмакраты, якія выступалі супраць памешчыцкага землеўладання, за правы народаў у барацьбе з самадзяржаўем. Паслядоўныя рэвалюцыянеры ў Польшчы Я. Дамброўскі, З. Падлеўскі, І. Хмяленскі, Б. Шварцэ; на Беларусі — К. Каліноўскі, А. Трусаў, В. Урублеўскі; у Літве — А. Мацкявічус, З. Серакоўскі. Правае крыло (лідары А. Авейдэ, А. Гілер) — шляхецкія рэвалюцыянеры, якія выступалі з палавінчатай сацыяльнай і нацыянальнай праграмай: адстойвалі кампенсацыю памешчыкам за зямлю ў выпадку перадачы яе сялянам, вагаліся паміж прызнаннем права Беларусі, Літвы і Украіны на самастойнае развіццё і патрабаваннем аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. Асобнае месца сярод іх займалі паслядоўнікі генерала Л. Мераслаўскага, якія прыкрывалі рэвалюцыйнай фразай шавінізм і нацыяналізм і адмоўна ставіліся да рэвалюцыйнага саюза з рускім народам.

Арганізацыйныя цэнтры «чырвоных»: у Польшчы — з кастрычніка 1861 г. Гарадскі камітэт (Камітэт руху) у Варшаве, пазней Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве; на Беларусі і ў Літве — з восені 1861 г. — Камітэт руху ў Вільні, пазней Літоўскі правінцыяльны камітэт.

  • Кісялёў Г. В. «Чырвоныя» / Г. В. Кісялёў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і іншыя. Том 17: Хвінявічы — Шчытні. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2003. — С. 318.