Эвены
Эвены (Эвен) | |
Агульная колькасць | 22 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія |
Мова | Эвенская |
Рэлігія | Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | Эвенкі |
Эвены (саманазва эвен) - народ, карэнныя насельнікі Усходняй і Цэтральнай Сібіры. Жывуць лакальнымі групамі галоўным чынам у Магаданскай вобласці, Якуціі, Хабараўскім краі, Камчацкім краі, Чукоцкай аўтаноміі. Асобныя эвенкі з'яўляюцца жыхарамі еўрапейскіх гарадоў Расіі, дзяржаў былога СССР, Фінляндыі. Агульная прыблізная колькасць 22 тыс. чал., прычым у Расіі жыве 21830 чал. (2010 г.).
Паходжанне і гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Моўныя продкі эвенаў і блізкіх да іх эвенкаў паходзяць з горных і стэпавых раёнаў Паўночнай Манголіі і Паўднёвай Сібіры. Большасць з іх адносілася да старажытных тунгусаў, але выяўлены эвенскія роды меўшыя мангольскае або уйгурскае паходжанне. Прасунуўшыся на ўсход і поўнач ад воз. Байкал, у 1 тысячагоддзі да н. э. яны асімілявалі продкаў і сваякоў сучасных юкагіраў і часткова перанялі іх культуру. Гэты рэгіён быў найстаражытнейшым ачагом развіцця аленегадоўлі. Мяркуецца, што эвенамі і эвенкамі можна лічыць аленны народ увань, які ўзгадваюць кітайскія гістарычныя запісы V — VII стст. н. э. У далейшым, яны распаўсюдзіліся ад воз. Байкал на захадзе да р. Амур на ўсходзе. Трэба дадаць, што нават сучасныя эвены лічаць сябе адзіным з эвенкамі, хаця розняцца з імі па мове.
У XII - XIII стст. пад ціскам чжурчжэняў і манголаў эвены рушылі на поўнач да р. Вілюй, а адтуль пачалі рассяляцца на паўночным усходзе Якуціі і вакол Станавога хр. Заходнія эвены знаходзіліся пад моцным уплывам якутаў і нават пераймалі ў іх конегадоўлю. Частка эвенаў, у мове якіх бачны ўплыў манголаў, мігрыравала прыкладна ў XV ст. да Ахоцкага мора з поўдню, абмінуўшы Вілюй, і асімілявала мясцовых жыхароў, блізкіх да ніўхаў. Яны ператварыліся ў так званых "пешых тунгусаў", што займаліся пераважна ловам рыбы. У паданнях ахоцкіх эвенаў, аленяводаў і рыбакоў, узгадваюцца ваенныя сутычкі з каракамі. Але ў XVIII ст., калі аленныя каракі пацярпелі ад чукчаў, эвены таксама занялі поўнач Камчаткі. У друг. пал. XIX ст. некаторыя аленяводы з верхняй Калымы ўжо качавалі на чукоцкіх землях. Такім чынам, эвены ператварыліся ў адзін з найбольш тэрытарыяльна раскіданых народаў Сібіры.
Першыя кантакты з рускімі адбыліся ў XVII ст. У розных выпадках адносіны з імі мелі мірны ці ваяўнічы характар. Частка эвенскіх родаў пагадзілася плаціць ясак і падтрымліваць саюзныя адносіны з казакамі, бо ёй патрабавалася дапамога ў абароне ад якутаў. Але большасць першапачаткова аказвала супраціўленне. Так, у 1678 г. эвены вялі асаду Ахоцкага астрога. Да другой трэці XVIII ст. гэта барацьба скончылася паразай. Значную ролю ў пакарэнні эвенаў адыграла эпідэмія воспы ў к. XVII ст. Мяркуецца, што яна загубіла больш за дзве трэці карэннага насельніцтва Ахоцкага ўзбярэжжа. Пазней рускія нават садзейнічалі перасяленню ясачных эвенскіх родаў на новыя землі.
У XVIII—XX стст. частка эвенаў пераняла рускі лад жыцця, пачала займацца агародніцтвам, працавала ў гарадах, на капальнях, заключала шлюбы з рускімі, хутка траціла свае мову і адметнныя культурныя рысы. Значная колькасць камчацкіх эвенаў далучылася да рускамоўных камчадалаў. Пасля калектывізацыі эвены былі ўцягнутыя ў сучасную вытворчасць. Насельнікі Ахоцкага ўзбярэжжа займаліся прамысловым ловам рыбы, іншыя — зверагадоўляй, таварнай аленегадоўляй, земляробствам, пілаваннем і пераапрацоўкай лесу. Гэта прывяло да разбурэння традыцыйнага грамадства і культуры.
У 1924—1925 гг. ахоцкія эвены паднялі ўзброенае паўстанне, якое скончылася паразай. У 1930—1934 гг. на Ахоцкім узбярэжжы існавала Ахоцка-Эвенская нацыянальная акруга, дзе эвены складалі этнічную меншасць. Хаця ў мясцовасцях, дзе мелася адносна шчыльнае эвенскае насельніцтва, дзеці мелі магчымасць вучыць родную мову ў школах, працэс русіфікацыі ў значнай ступені закрануў амаль усе групы эвенаў.
Цікава, што з-за цяжкасцяў у вызначэнні адрознення эвенаў ад эвенкаў і нават блізкіх груп якутаў і рускіх старажылаў, статыстыка доўгі час бракавала ў вызначэнні іх агульнай колькасці ў Расіі:
Як можна бачыць, яна фіксавала то непраўдападобны ўзлёт, то замаруджаны рост.
З друг. пал. 1980-ых гг. эвенская інтэлігенцыя і афіцыйныя ўлады робяць захады для адраджэння мовы і традыцыйнай культуры, але з-за сталага эканамічнага крызісу ў месцах рассялення эвенаў яны пакуль маюць малаважныя поспехі.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Эвенская традыцыйная культура шмат у чым нагадвае культуру іх суродзічаў-эвенкаў. Дзякуючы шырокаму рассяленню і сталым кантактам з іншаэтнічным насельніцтвам, эвены запазычылі многія рысы культуры не толькі рускіх, але таксама якутаў, юкагіраў, чукчаў. Здаўна асноўнымі заняткамі былі качавая аленегадоўля і лоў рыбы. Характэрная асаблівасць аленегадоўлі — малыя статкі. Але эвенскія алені вызначаюцца большымі памерамі і цягавітасцю, чым, напрыклад алені каракаў і чукчаў. Яны возяць нарты, цягаюць на спіне ўюкі і нават вершнікаў. Эвенкі, што жылі ля Ахоцкага мора нарыхтоўвалі рыбу, вялілі яе, квасілі ў ямах, ужывалі сырую і марожаную. Да прыходу рускіх паляванне мела другараднае значэнне, таму эвены першапачаткова сутыкнуліся з праблемай здабычы футравых жывёлін для выплаты ясака. Эвены-рыбаловы нават аддавалі перавагу куплі футра ў суседзяў. Аднак, пазней яны актыўна палявалі, выкарыстоўвалі пры гэтым паляўнічых сабак, лук, розныя пасткі. Паляваннем на марскога звера яны таксама не займаліся.
Распаўсюджаныя тыпы жытлаў — илум і чорама-дю. Илум ўяўляў сабою канічны перанасны чум з трох асноўных жэрдак, звязаных зверху рамянём, і дапаможных тычак. Ён накрываўся скурамі ці бяростай. Унутры над агменем чаплялася жардзіна для катла. Аб старажытнасці гэтага тыпу жылля можа сведчыць звычай будаваць на долах памерлых рытуальнае памяшканне чурима, якое нагадвае формай илум. Але да нашага часу илумы амаль не захаваліся. Толькі на поўначы Якуціі іх выкарыстоўваюць для гаспадарчых патрэб, накрываюць брызентам. Чорама-дю, арыгінальная цыліндрычна-канічная юрта, вядома з XVIII ст. У паселішчах аленяводаў звычайна жылі прадстаўнікі адной пашыранай сям'і або некалькіх сваяцкіх ці сяброўскіх малых сем'яў, таму яны былі малыя, да таго ж мелі часовы характар. Аселыя эвены будавалі васьмівугольныя зямлянкі-утан з плоскім дахам, крытым бяростай або рыбнай скурай. Сустракаліся круглыя зямлянкі-кольтан. Паселішчы маглі ўмяшчаць да 10—12 сем'яў, таксама меліся малыя засценкі.
Асноўная сацыяльная адзінка - вялікі патрылакальны род. Прычым, найбольш буйныя роды вялі сваю гісторыю з сярэднявечча. Род падзяляўся на тэрытарыяльныя адзінкі на чале старэйшын, а тыя ў сваю чаргу — на пашыраныя і малыя сeм'і. Кожная сям'я вяла сваю гаспадарку, але важным заставаўся звычай узаемнай дапамогі. Жонку выбіралі сярод прадстаўніц любога роду, акрамя свайго. Шырока практыкаваліся шлюбы з жанчынамі суседніх народаў.
Вусная народная творчасць: касмаганічныя міфы, замовы, казкі, генеалагічныя і гістарычныя паданні. На іх аснове ў ХХ ст. складзены буйныя эпічныя творы "Иркэнмэл, Оииндя, Мэтэлэ" і "Нелтэк". Да нашага часу захаваўся карагодны танец пэзэ, які суправаджаецца разнастайнымі замовамі і крыкамі, падобнымі на ваенныя заклікі. Мяркуецца, што ў мінулым кожны рух і выкрык пэзэ меў пэўнае значэнне і ўтрымоўваў канкрэтныя паведамленні.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Эвенская мова адносіцца да тунгуса-маньчжурскай моўнай групы, блізкая да мовы эвенкаў. Гутарковая мова распадаецца на шмат дыялектаў. Заходні эвенскі дыялект вылучаецца моцным лексічным уплывам мовы якутаў. У 1929 г. былі распрацаваныя адзіная літаратурная мова і граматыка на аснове лацінкі. З 1937 г. у пісьмовай мове ўжываецца толькі кірыліца. На ёй друкуюцца падручнікі, вядуцца радыёперадачы, развіваюцца паэзія і проза.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]У мінулым, былі распаўсюджаны шматлікія анімістычныя культы, шанаванне продкаў, святых мясцін, шаманізм. Большасць сучасных вернікаў праваслаўная.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- История и культура эвенов: Историко-этнографические очерки. / В. А. Тураев и др. — СПб: "Наука", 1997