Беларусы спрасцілі пошук па тысячах раней засакрэчаных аэрафотаздымкаў Беларусі, апублікаваных Нацыянальным архівам ЗША
Цяпер вельмі лёгка праверыць, ці пралятаў разведвальны самалёт над вашымі роднымі мясцінамі і як яны выглядалі ў час Другой сусветнай вайны.

Нагадаем, што амерыканскі архіў выклаў у свабодны доступ 2176 нямецкіх аэрафотаздымкаў Беларусі, якія былі зроблены нямецкімі вайскоўцамі ў 1939-1945 гады. Яны з'яўляюцца часткай велізарнай калекцыі здымкаў тэрыторыі СССР, што трапіла ў ЗША пасля завяршэння вайны. Здымкі доўгі час былі засакрэчанымі, бо выкарыстоўваліся амерыканскай разведкай у сваіх мэтах.
Здымкі ахопліваюць як гарады, так і сельскую мясцовасць і могуць служыць унікальнай крыніцай для вывучэння гісторыі і архітэктуры краю. Але шукаць па канкрэтнай мясцовасці на сайце Нацыянальнага архіва ЗША праблематычна, таму беларусы стварылі адразу дзве карты, на якія сабралі спасылкі на аэрафотаздымкі. Цяпер адшукаць здымкі канкрэтнай мясцовасці можна ў пару клікаў.


Першая карта была створана карыстальнікам пад нікам garnikis на аснове Google Maps. На асобным слоі змешчаны геамаркеры, выбраўшы які можна атрымаць спасылку на старонку з картай у амерыканскім архіве. Google дазваляе пераключацца паміж стандартнай і спадарожнікавай картай для параўнання сучаснай мясцовасці з аэрафотаздымкамі ваеннага часу.


Другую карту карыстальнік пад нікам shappoff выклаў на айці-платформе GitHub. Кластарная карта зроблена на аснове OpenStreetMap і спадарожнікавай картай Google Maps. Адной з пераваг гэтай карты з'яўляецца тое, што можна з выбранай меткі адразу перайсці на поўнафарматны аэраздымак, абмінаючы старонку на сайце архіва. Да таго ж на карту нанесены не толькі нямецкія аэрафотаздымкі Беларусі, але Расіі, Украіны, краін Балтыі і нават ёсць некалькі здымкаў тэрыторыі Малдовы.

Гэтыя карты добра паказваюць, як нямецкія самалёты здзяйснялі палёты ўздоўж кірунку захад-усход, метадычна фатаграфуючы тэрыторыю з пэўным інтэрвалам. Іншыя серыі аэрафотаздымкаў групуюцца ўздоўж чыгуначных ліній, якія натуральна цікавілі немцаў праз сваё стратэгічнае значэнне.


Аналіз нямецкіх аэрафотаздымкаў ужо даў першы плён. Напрыклад, актывісты з іх дапамогай дакладна прывязалі да мясцовасці так званы Койданаўскі замак, пагорак якога быў амаль цалкам зрыты ў 1950-я гады, і вызначылі, што цудам ацалелыя падмуркі належаць не сценам і вежам, а кальвінскаму збору XVII ст., пабудаванаму па фундацыі Крыштофа Мікалая Радзівіла «Пяруна». Таксама пры супастаўленні здымкаў і планаў удалося ўдакладніць размяшчэнне евангельскіх могілак на суседнім пагорку, пахаванні на якіх былі закранутыя ў 2023 годзе пры будаўніцтве кацельнай для раённай бальніцы.
Каментары