Гісторыя Дзівіна
Дывін (Дзівін) — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятой Параскевы Пятніцы, помнік архітэктуры драўлянага барока 1-й паловы XVIII ст.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Дывін датуецца 1466. Пад 1546 ён значыцца як мястэчка, цэнтар воласьці Берасьцейскага павету. З 1566 — цэнтар Дывінскага войтаўства і Палескай воласьці. Паводле рэестру ў гэты час у мястэчку было 184 двары, пляц Рынак (квадратны ў пляне) і 5 вуліцаў: Павіцкая (на в. Павіцьце), Кобрынская, Берасьцейская, Ратманская[1], Крывая. На Кобрынскай вуліцы існавала Пятніцкая царква.
У 1629 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза пацьвердзіў Дывіну права на штотыднёвы кірмаш у чацьвяргі. 28 ліпеня 1634 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў мястэчку Магдэбурскае права, аднак права прызначаць войта зь ліку шляхты засталося за каралём і вялікім князем. 7 сакавіка 1642 Магдэбургскае права пацьвердзіў кароль і вялікі князь Ян Казімер, а 9 сьнежня 1749 — кароль і вялікі князь Аўгуст Сас[2].
У 1668 Дывін упамінаецца як места ў складзе Палескага ключа Берасьцейскай эканоміі, на гэты час тут было 53 валокі зямлі, 2 царквы, 2 млыны, агароды, карчма. На 1682 існавалі 2 царквы, касьцёл, ратуша, 2 млыны, карчма. У 1776 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі скасаваў самакіраваньне (у межах рэформаў у Рэчы Паспалітай). У 1789 упамінаюцца аднайменныя места і двор у Дывінскім ключы Берасьцейскай эканоміі. У гэты час у месьце існавалі пляц Рынак, 4 вуліцы, 194 гаспадаркі (зь іх 173 хрысьціянскія); у двары — жылы дом, бровар, студня і іншыя гаспадарчыя пабудовы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дывін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыяй, у Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні (з 1801). У 1797 царскія ўлады падаравалі мястэчка разам зь ягонымі жыхарамі П. Румянцаву-Задунайскаму.
У 1819 сяляне і местачкоўцы (больш за 200 двароў, 1000 жыхароў) адмовіліся выконваць павіннасьці на карысьць уладальніка да канчатковага разгляду справы аб іх вольнасьці. 20 жніўня 1819 у Дзівін прыбыло 300 узброеных расейскіх салдатаў. Жыхары мястэчка вызвалілі арыштаваных. Уладаў вымусілі дазволіць местачкоўцам выбраць 10 прадстаўнікоў да перамоваў. Асэсар Гарадзенскага губэрнскага кіраваньня і кобрынскі земскі аканом у прысутнасьці салдатаў зачыталі сялянам Указ губэрнскага кіраваньня, у якім яны прасілі вайсковай дапамогі ў губэрнатара і адзначалі, што духавенства падтрымлівае сялянскі пратэст.
У 1862 з мэтаю маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Дывіне народную вучэльню. На 1878 існавалі 2 царквы, сынагога, праводзіліся 2 кірмашы. У 1886 — валасная ўправа, 3 царквы, сынагога, школа, 5 крамаў, заезны двор, 2 карчмы, праводзіліся 3 кірмашы. Каля мястэчка знаходзіўся маёнтак пана А. Ягміна, вятрак. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 3 цэрквы, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, народная вучэльня, лякарня, валасная ўправа, пошта, 2 хлебазапасныя магазыны, 15 крамаў, алейня, 14 млыноў, карчма; штогод праводзілася 6 аднадзённых кірмашоў. У Першую сусьветную вайну ў 1915 паселішча занялі нямецкія войскі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]4 сакавіка 1918 урад Украінскай Народнай Рэспублікі абвясьціў Дывін сваёй часткай, адначасна ад 25 сакавіка ён увайшоў у склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесься стала прадметам перамоваў паміж БНР і УНР[3]. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Кобрынскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[4]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Дывін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Кобрынскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час існавалі аднайменныя мястэчка (373 дамы), фальварак, хутары і калёнія (разам 71 двор). На 1931 дзейнічалі жыдоўская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі.
У 1939 Дывін увайшоў у БССР, дзе з 15 студзеня 1940 да 8 жніўня 1959 быў цэнтрам раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 у Дывіне працавалі пошта, 7-гадовая школа (400 вучняў), аптэка, лякарня з амбуляторыяй, вэтэрынарны пункт, народны дом, 20 прыватных крамаў, хлебная крама і кнігарня, 2 маторныя млыны, 3 пякарні, бойня, рэстарацыя, шавецкая і кавальская арцелі, завод ахаладжальных напояў, маслазавод. У Другую сусьветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 21 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1942 годзе ў гэтай вёскі ўзнік першы аддзел Украінскай паўстанцкай арміі.[5]
На 1971 у Дывіне было 1407 будынкаў, на 1997 — 1591 двор, на 2005 — 1460 двароў. У 2000-я паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кобрынскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002.
- ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 5. Акты Брестского и Гродненского гродских судов с присовокуплением привилегий на землевладение в Брестской и Кобринской экономиях. — Вильна, 1871. С. 373—378. [1]
- ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Ці заслугоўваюць помніка тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады?(недаступная спасылка)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2006. — 528 с.: іл. ISBN 985-11-0373-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кобрынскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с.: іл. ISBN 985-6302-44-7.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя Дзівіна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў