Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры
Музэй
Адзін з будынкаў музэю
ў Траецкім прадмесьці
Абрэвіятура ДМГБЛ
Дата ўтварэньня 6 лістапада 1987 (37 гадоў таму)
Тып музэй
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Штаб-кватэра Менск, вул. Багдановіча, д. 13
Кіраўніца Лідыя Макарэвіч
Вучоная сакратарка Кацярына Ўнучак
Галоўная захавальніца фондаў Настасься Кальцова
Матчына кампанія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Зьвязаныя кампаніі Літаратурны музэй Кузьмы Чорнага, Музэй-сядзіба Францішка Багушэвіча, Музэй-сядзіба Міцкевічаў
Сайт www.bellitmuseum.by

Дзяржа́ўны музэ́й гісто́рыі белару́скай літарату́ры — музэй, заснаваны 6 лістапада 1987 году ў Менску паводле загаду Міністэрства культуры БССР. Адкрыты ў 1991 годзе. Разьмешчаны ў гістарычным цэнтры гораду ў трох будынках Траецкага прадмесьця. Быў галаўной арганізацыяй у Аб’яднаньні дзяржаўных літаратурных музэяў, утвораным 25 сакавіка 1986 году на базе Аб’яднанай дырэкцыі літаратурных музэяў Менску. 29 чэрвеня 2001 году на падставе загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з аб’яднаньня вывелі Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа, Літаратурны музэй Максіма Багдановіча, Дзяржаўны музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, пазьней Літаратурны музэй Петруся Броўкі разам зь філіямі. Аб’яднаньне далучылі да ДМГБЛ. Першым кіраўніком музэю быў Леанід Хадкевіч (да 2002 году).

Асноўны фонд музэю зь філіямі (2008) налічваў 41 087 адзінак захоўваньня, навукова-дапаможны — 4706 адзінак. Экспазыцыйна-выставачная плошча 8 залаў галаўнога музэю 371,9 м² (разам з 4 філіяламі 832,7 м²).

Музэй ёсьць найбуйнейшым літаратурным музэем краіны. Захоўвае і дэманструе дакумэнты аб жыцьці і творчасьці вядомых беларускіх пісьменьнікаў: ад рэдкіх аўтографаў, кніг, рукапісаў, фотаматэрыялаў, дакумэнтаў да твораў выяўленчага мастацтва і мэмарыяльных рэчаў. Сярод найбольш значных па колькасьці і адметнасьці пэрсанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменьнікаў Васіля Быкава, Васіля Віткі, Анатоля Вярцінскага, Цішкі Гартнага, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Алеся Звонака, Васіля Зуёнка, Уладзімера Караткевіча, Уладзімера Карызны, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Сяргея Новіка-Пяюна, Язэпа Семяжона, Алаізы Пашкевіч, Івана Чыгрынава і Івана Шамякіна.

Рарытэты музэю складаюць рукапісныя кнігі (царкоўнага і сьвецкага зьместу) і старадрукі 17—18 ст. (Віленскай друкарні Мамонічаў, Нясьвіскай друкарні Радзівілаў, Полацкага езуіцкага калегіюму), прыжыцьцёвыя выданьні: «Гапон» В. Дунін-Марцінкевіча (1855), «Вянок» М. Багдановіча (1913), «Абразкі» З. Бядулі (1913) і «Сялянскія песьні з-над Нёмана і Дзьвіны» Я. Чачота (1845), асабістыя рэчы, рукапісы і творы клясыкаў беларускай літаратуры і пісьменьнікаў 19 — пачатку 20 ст. (Зьмітрака Бядулі, Алаізы Пашкевіч, Канстанцыі Буйло, Янкі Купалы і Якуба Коласа), каштоўныя выданьні і перавыданьні пачатку 20 стагодзьдзя — «Дудка беларуская» (1907), «Смык беларускі» (1908) Ф. Багушэвіча, «Шчароўскія дажынкі. Купала» В. Дунін-Марцінкевіча (1910), «На зачарованых гонях» (1923), «Салавей» (1927) З. Бядулі, «Вязанка» Янкі Лучыны (1903) і інш., кнігі з аўтографамі, эксьлібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, фотаматэрыялы 19 — 1-й паловы 20 ст., матэрыялы, зьвязаныя з разьвіцьцём літаратурнага працэсу 1920—1930-х г. (Адама Бабарэкі, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага, Андрэя Мрыя, Язэпа Пушчы і Кузьмы Чорнага).

У музэі захоўваюцца асабістыя рэчы Ц. Гартнага, Уладзімера Дубоўкі, К. Крапівы, М. Лынькова, Янкі Маўра, С. Новіка-Пяюна, І. Шамякіна, партрэты беларускіх пісьменьнікаў, эксьлібрысы, ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры мастакоў Эдуарда Агуновіча, Віктара Барабанцава, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Анатоля Воўкава, Пятра Драчова, Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Паўла Лука, Аскара Марыкса, Анатоля Тычыны, В. Фёдаравай, Міхася Філіповіча, Леаніда Шчамялёва і Валяр’яна Янушкевіча.

Музэйны збор уяўляе комплекс разнастайных крыніцаў (рукапісы, рукапісныя кнігі, друкаваныя выданьні, старадрукі, кнігі з аўтографамі), што складае 69% ад агульнай колькасьці музэйных прадметаў асноўнага фонду. Значнымі ёсьць калекцыі рэчыўных помнікаў, фотаматэрыялаў, графікі, этнаграфіі. Большая частка музэйнага збору ўкамплектаваная ў 1987—1997 гг. (62,5% ад агульнай колькасьці адзінак асноўнага фонду). Павялічылася колькасьць фондавых паступленьняў за 2002—2007 гг. (20,4 % асноўнага фонду).

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  711Е000001
  • Музеі Беларусі / [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. — 559 с.