Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Курапаты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Урочышча
Курапаты
лац. Kurapaty
Крыжы ўздоўж дарогі ва ўрочышчы Курапаты
Крыжы ўздоўж дарогі ва ўрочышчы Курапаты
Краіна Беларусь
Горад Менск
Каардынаты 53°58′02″ пн. ш. 27°36′35″ у. д. / 53.96722° пн. ш. 27.60972° у. д. / 53.96722; 27.60972Каардынаты: 53°58′02″ пн. ш. 27°36′35″ у. д. / 53.96722° пн. ш. 27.60972° у. д. / 53.96722; 27.60972
Першае згадваньне 3 чэрвеня 1988 (36 гадоў таму)
Статус гісторыка-культурная каштоўнасьць першай катэгорыі
Курапаты на мапе Беларусі
Курапаты
Курапаты
Курапаты
Курапаты на Вікісховішчы

Курапа́ты — лясны масіў на паўночным ускрайку Менску (Беларусь), дзе былі выяўленыя масавыя пахаваньні людзей, расстраляных НКВД у 1937—1941 гадох. Колькасьць ахвяраў на сёньняшні дзень дакладна невядомая і, паводле розных ацэнак, можа складаць: да 7 тысячаў чалавек (паводле Генэральнага пракурора Беларусі А. Бажэлкі)[1], ня менш за 30 тысячаў чалавек (паводле Генэральнага пракурора БССР Г. Тарнаўскага)[2], да 100 тысячаў чалавек (паводле даведніка «Беларусь»)[3][4], ад 102 да 250 тысячаў чалавек (паводле артыкула Зянона Пазьняка ў газэце «Літаратура і мастацтва»)[5][6], 250 тысячаў чалавек (паводле прафэсара Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту Зьдзіслава Віньніцкага)[7] і болей (паводле брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса)[8].

З 1993 году ўрочышча Курапаты занесенае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі[9], што паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі «найбольш унікальных каштоўнасьцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакумэнтальныя вартасьці якіх уяўляюць міжнародную цікавасьць»[10].

Зьяўляюцца найбольш вядомым сярод прынамсі васьмі месцаў масавых расстрэлаў, якія ажыцьцяўляў НКВД на тэрыторыі Менску[11].

Мітынг у Курапатах, 1989 г.

3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці», дзе распавядалася пра тое, што ў пачатку 1970-х гадоў у вёсцы Зялёны Луг ім даводзілася чуць ад месьцічаў пра расстрэлы людзей у недалёкім лесе[12]. Паводле паведамленьняў мясцовых жыхароў, з 1937 да 1941 году кожны дзень і ноч туды прывозілі на машынах людзей і расстрэльвалі[12].

Пасьля зьяўленьня артыкула былі праведзеныя першыя павярхоўныя раскопкі і выяўлены факт таемнага масавага пахаваньня людзей каля вёскі Цна-Ёдкава. Пасьля гэтага пахаваньне атрымала сусьветную вядомасьць пад назвай «Урочышча Курапаты»[9].

Да зьяўленьня згаданага артыкула ў 1988 годзе рэшткі расстраляных людзей былі выяўленыя прарабам будаўніча-мантажнай управы трэсту «Белспэцмантаж» Аляксандрам Пятровічам Шляхціным падчас пракладкі газапроваду праз урочышча Курапаты. Аднак начальства Шляхціна загадала закапаць парэшткі, а на звароты ў міліцыю рэакцыі па сутнасьці не было[13].

Расьсьледаваньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Абрысы крыжоў ва ўрочышчы

На падставе надрукаванага артыкула 14 чэрвеня 1988 году Пракуратурай БССР была заведзеная крымінальная справа. Падчас сьледзтва на тэрыторыі каля 30 гектараў былі выяўленыя 510 пахаваньняў памерамі 2×3, 3×3, 4×4, 6×8 мэтраў і большыя. Падчас выбарачнай эксгумацыі былі выяўленыя чалавечыя парэшткі (313 чарапоў, косткі шкілетаў, 340 зубных пратэзаў з жоўтага і белага мэталяў), асабістыя рэчы (грабянцы, зубныя шчоткі, мыльніцы, гаманцы, абутак, рэшткі вопраткі), а таксама 177 гільзаў і 28 куляў. 164 рэвальвэрныя гільзы і 21 куля стрэляныя з рэвальвэра сыстэмы «Наган», 1 гільза — зь пісталета «ТТ» — штатнай зброі супрацоўнікаў НКВД. Таксама былі знойдзеныя некалькі стрэляных гільзаў зь пісталетаў сыстэмаў «Браўнінг» і «Вальтэр», зброя гэтых сыстэмаў выпускалася ў тым ліку і да 1941 году, нярэдка такой зброяй узнагароджваўся кіроўны склад НКВД. 55 сьведак зь вёсак Цна-Ёдкава, Падбалоцьце, Дроздава засьведчылі, што ў 1937—1941 гадох супрацоўнікі НКВД прывозілі ў Курапаты людзей на закрытых машынах і расстрэльвалі іх[14][15]. Таксама існуюць сьведчаньні і супрацоўнікаў НКВД, што ва ўрочышчы праводзіліся расстрэлы[12].

Справаздача З. Пазьняка, М. Крывальцэвіча, А. Іова аб археалягічных раскопках пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты, жнівень 1988 г.

Першае сьледзтва па факце масавых расстрэлаў скончылася ў лістападзе 1988 году і вызначыла колькасьць забітых у ня менш за 30 тысячаў чалавек[2]. Лічба была агучаная Генэральным пракурорам БССР Георгіем Тарнаўскім. Пасьля сканчэньня сьледчых дзеяньняў Генэральнай пракуратурай БССР была абнародаваная пастанова пра спыненьне крымінальнай справы, датычнай Курапатаў: «…Дакладна даказана, што расстрэлы пакараных ажыцьцяўляліся супрацоўнікамі камэндатуры НКУС БССР… Беручы пад увагу, што вінаватыя ў гэтых рэпрэсіях кіраўнікі НКВД БССР і іншыя асобы прыгавораныя да сьмертнага пакараньня або да гэтага часу памерлі, на падставе вышэйзгаданага, кіруючыся арт. 208, п. 1 і арт. 5 п. 8 КПК БССР, крымінальная справа, заведзеная па факце выяўленьня пахаваньняў у лясным масіве Курапаты, спыненая. Знойдзеныя падчас эксгумацыі пахаваньняў прадметы вопраткі, абутку і да т. п. як рэчы, што ня маюць каштоўнасьці, зьнішчыць»[12].

Апублікаваньне вынікаў сьледзтва пра ажыцьцяўленьне расстрэлаў супрацоўнікамі НКВД выклікала хвалю абурэньня вэтэранаў Другой сусьветнай вайны і іншых нязгодных з вынікамі сьледзтва людзей, якія напісалі шэраг лістоў у ЦК КПСС у Маскву пра магчымыя фальсыфікацыі вынікаў расьсьледаваньняў. Камісіі з Генэральнай пракуратуры СССР двойчы прыяжджалі для праверкі фактаў правядзеньня расстрэлаў органамі НКВД і знаходзілі ім пацьверджаньне[11].

Цягам 1990-х гадоў сьледзтва па справе некалькі разоў узнаўлялася. Зьявіліся сьцьверджаньні, што расстрэлы былі арганізаваныя нямецкімі захопнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны[16], але ўсе яны былі аспрэчаныя пазьней[17].

У падтрымку вэрсіяў пра «нямецкі сьлед» была ўтвораная грамадзкая камісія па расьсьледаваньні злачынстваў у Курапатах пад кіраўніцтвам Корзуна, якая ў чэрвені 1991 году накіравала ў пракуратуру СССР сабраныя ёю матэрыялы, якія нібыта даказвалі, што ў Курапатах знаходзяцца рэшткі ахвяраў нямецкіх захопнікаў. Аднак факты, выкладзеныя ў звароце грамадзкай камісіі, не знайшлі пацьверджаньня. У лютым 1992 году на патрабаваньне грамадзкай камісіі сьледзтва было ўзноўленае зноў, але па выніках працы яно пацьвердзіла высновы дзяржаўнай камісіі.

У 1993 годзе грамадзкая камісія ў чарговы раз зьвярнулася ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь з прапановай перагледзець высновы дзяржаўнай камісіі пры расьсьледаваньні падзеяў у Курапатах, у выніку чаго было праведзенае яшчэ адно расьсьледаваньне. Сярод іншых разглядалася вэрсія расстрэлаў габрэяў нямецкімі захопнікамі. У мэтах праверкі гэтай вэрсіі былі зробленыя запыты ў ерусалімскі Інстытут Галакосту «Яд ва-Шэм», дзе сабраная найбольш поўная інфармацыя пра рэпрэсіі ў дачыненьні да габрэяў. У якасьці месцаў расстрэлу габрэйскага насельніцтва Менск, Дразды, Масюкоўшчына, Курапаты, Цна-Ёдкава, Зялёны Луг ня значыліся. Таксама не было зьвестак пра расстрэлы ў Курапатах і ў нямецкіх архівах. Паводле высноваў нямецкіх экспэртаў мэтад пахаваньняў у Курапатах не зьяўляецца гітлераўскім: тыя звычайна капалі вялікія магілы — да 50—60 мэтраў у даўжыню, у ахвяраў пры гэтым забіралі вопратку і асабістыя рэчы, здымалі залатыя каронкі[12].

У сярэдзіне 1990-х гадоў генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка заявіў, што ў выніку новага расьсьледаваньня выяўлена, што ў Курапатах загінулі ня больш за 7 тысячаў чалавек[1].

Курапацкі лес

У 1998 годзе было прынятае рашэньне пра пачатак новага, чацьвертага расьсьледаваньня, якое праводзілася з мэтай праверкі высноваў папярэдніх камісіяў. Расьсьледаваньне было даручанае старэйшаму памочніку вайсковага пракурора Беларусі Віктару Сомаву. Разьбіральніцтва скончылася ў 1999 годзе. Яно пацьвердзіла, што масавыя расстрэлы ў Курапатах зьдзяйсьняліся органамі НКВД з другой паловы 1930-хгадоў да пачатку савецка-нямецкай вайны 1941—1945 гадоў. Вэрсія пра расстрэлы насельніцтва нямецкімі захопнікамі зноў не знайшла пацьверджаньня[17]. Падчас сьледзтва было выяўленае найбуйнейшае з усіх знойдзеных у Курапатах пахаваньняў, дзе былі рэшткі больш за 300 чалавек. Упершыню за ўсю гісторыю раскопак у Курапатах былі знойдзеныя рэчавыя доказы з канкрэтнымі датамі і прозьвішчамі, якія сьведчылі пра тое, што расстрэлы ажыцьцяўляліся да вайны. У пахаваньні N30 былі знойдзеныя турэмныя квітанцыі пра адабраньне каштоўных рэчаў падчас арышту, якія былі выдадзеныя 10 чэрвеня 1940 году Моўшы Крамэру і Мардыхаю Шулескесу[12].

Тым ня менш, паводле кандыдата гістарычных навук Андрэя Мяцельскага, апошняе дасьледаваньне Курапатаў, праведзенае ў 1997 годзе гісторыкамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікамі пракуратуры, КДБ і грамадзкасьці, па выніках якога была прынятая адзінагалосная выснова пра тое, што расстрэлы ў Курапатах ажыцьцяўляў НКВД, не атрымала адпаведнай публічнасьці. Мяцельскаму давялося бачыць ліст з Генпракуратуры ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі з прапановай «матэрыялы сьледзтва не абнародаваць і да ведама грамадзкасьці не даводзіць»[18].

Колькасьць ахвяраў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мэмарыяльная шыльда ў памяць ахвяраў рэпрэсіяў

Колькасьць ахвяраў у Курапатах дакладна ня высьветленая: архівы КДБ Беларусі, датычныя Курапатаў, зьяўляюцца засакрэчанымі[4]. Існуюць розныя вэрсіі і ацэнкі.

У артыкуле «Шумяць над магілай сосны…» Зянона Пазьняка, надрукаванага ў газэце «Літаратура і мастацтва» 16 верасьня 1988 году, пасьля правядзеньня ўласных раскопак і дасьледаваньняў аўтар робіць выснову, што колькасьць ахвяраў можа складаць 102 тысячы чалавек. Пазьняк зазначае, што сапраўдная лічба пахаваных у Курапатах можа дасягаць 220—250 тысячаў чалавек, бо існуюць магілы, большыя па памерах за дасьледаваныя, а таксама мноства магілаў зьнікла падчас пракладаньня Менскай кальцавой дарогі ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў і газатрасы і высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 году, а таксама, магчыма, у час высечкі і пасадкі лесу на гэтым месцы ў 1940-х гадох[5]. Раскопкі, праведзеныя ў ліпені 1988 году, на аснове якіх рабілася гэтая ацэнка колькасьці ахвяраў, зьяўляюцца першай вядомай эксгумацыяй у Курапатах. Разам з гэтым дасьледчыкі ў сваёй справаздачы зьвяртаюць увагу на тое, што да гэтых раскопак у Курапатах ужо праводзілася эксгумацыя і пэўныя часткі пахаваньняў ужо былі выбраныя[5], што выяўляецца ў значным разыходжаньні паміж колькасьцю знойдзеных чарапоў і колькасьцю выяўленых параў сьцегнавых касьцей. Пры папярэдняй эксгумацыі зь ямаў быў выбраны значны аб’ём пахавальнага пласта нябожчыкаў, але пахаваньні былі засыпаныя ў недастатковай ступені малой колькасьцю грунту, у выніку ўсе 510 выяўленых магілаў мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Паводле меркаваньня Пазьняка, частка трупаў магла быць выбраная з Курапатаў пасьля загаду вышэйшага кіраўніцтва СССР у 1940-х — 1950-х гадох, калі выпадак расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні органамі НКВД атрымаў вядомасьць[19].

Першае сьледзтва па факце масавых расстрэлаў скончылася ў лістападзе 1988 году, і па яго выніках Генэральны пракурор БССР Г. Тарнаўскі паведаміў, што ў Курапатах пахаваныя ня менш за 30 тысячаў чалавек[2]. Да такой самай лічбы можна прыйсьці, аналізуючы вынікі комплекснай судова-мэдычнай і крыміналістычнай экспэртызы, якая выявіла, што ў 6 дасьледаваных пахаваньнях былі знойдзеныя рэшткі ня менш за 356 чалавек. Улічваючы, што колькасьць пахаваньняў складае 510, можна зрабіць выснову, што колькасьць пахаваных у Курапатах людзей складае ня менш за 30 тысячаў чалавек.

Паводле даведніка «Беларусь», выдадзенага ў 1995 годзе, колькасьць ахвяраў складала да 100 тысячаў чалавек[3][4].

У сярэдзіне Генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка на падставе новага расьсьледаваньня 1997—1998 гадоў, падчас якога былі праведзеныя раскопкі 23 меркаваных месцаў пахаваньняў, і толькі ў 9 зь іх выяўленыя чалавечыя парэшткі, зрабіў заяву, што ў Курапатах пахаваныя ня больш за 7 тысячаў чалавек[1].

Прафэсар Уроцлаўскага ўнівэрсытэту Зьдзіслаў Віньніцкі сьцьвярджае, што колькасьць ахвяраў у Курапатах складае 250 тысячаў чалавек[7]. Брытанскі гісторык Норман Дэвіс адзначае, што ахвяраў можа быць нават больш[8].

Паходжаньне ахвяраў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра сацыяльнае і нацыянальнае паходжаньне расстраляных можна меркаваць толькі па выніках праведзеных дасьледаваньняў.

З вынікаў раскопак 1988 году вядома, што ўсе пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва. Пахаваныя характарызуюцца розным бытавым узроўнем, але большасьць пахаваных належала да ніжэйшых дэмакратычных пластоў насельніцтва (рабочыя, сяляне, дробныя службоўцы, вясковая інтэлігенцыя). Сярод пахаваных таксама былі выяўленыя прадстаўнікі інтэлігенцыі і жанчыны[5].

Выяўлена, што пахаваныя паходзілі з розных мясьцінаў Беларусі. Значная частка пахаваных была з Заходняй Беларусі, далучанай да БССР ў 1939 годзе. У пэўных дасьледаваных магілах былі выяўленыя рэшткі адзеньня і абутку савецкай вытворчасьці, у іншых — заходняй[20], таксама быў знойдзены абутак вытворчасьці краінаў Прыбалтыкі. У адной з магілаў значная колькасьць абутку была самаробнай[5].

Разам з тым пацьверджана, што, апроч беларусаў, сярод забітых у Курапатах былі таксама польскія грамадзяне[21]. Падчас аднаго з дасьледаваньняў у Курапатах быў знойдзены мужчынскі грэбень, з аднаго боку якога на польскай мове было напісана «Цяжкія хвіліны вязьня. Менск 25 04.1940. Думка пра вас даводзіць мяне да шаленства» (па-польску: Ciężkie chwile więźnia. Mińsk 25 04.1940. Myśl o was doprowadza mnie do szaleństwa), а зь іншага — «26 IV Расплакаўся — цяжкі дзень» (па-польску: 26 IV Rozpłakałem się – ciężki dzień)[20].

Кветкі на фоне крыжоў у Курапатах

Дакладных зьвестак, адкуль паходзіць назва «Курапаты», няма. Да 1988 году на тапаграфічных мапах такая назва адсутнічае, урочышча называлася «Брод». Існуе вэрсія, што ўжо ў час расстрэлаў Курапатамі мясцовыя жыхары называлі невялікі ўчастак бору, які прыходзіўся на спусьцістую горку. Участак быў абнесены высокім, ня менш за 3 мэтры плотам, па версе якога быў працягнуты калючы дрот, а за самім плотам знаходзілася ахова з сабакамі[12].

Зянон Пазьняк, які разам зь Яўгенам Шмыгалёвым напісаў артыкул «Курапаты — дарога сьмерці», зазначае, што ня думаў, што гэтай назвай уводзіць новае слова ў беларускую мову і новы тэрмін у беларускую гісторыю. Пазьняк адзначае, што пачуў гэтае слова з вуснаў маладых хлопцаў, якія тлумачылі, што курапатамі называюцца белыя веснавыя кветкі, якія растуць у траўні на магілах ва ўрочышчы[22]. Звычайна такія кветкі ў Беларусі называюцца белымі пралескамі.

Паводле іншага меркаваньня, курапатамі мясцовыя сяляне называлі палявыя кветкі[9].

Грамадзкі розгалас

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыж Пакуты

У 1988 годзе ў Курапатах адбылася масавая антысавецкая дэманстрацыя і першае шэсьце да месца пахаваньняў пад лёзунгамі асуджэньня ідэяў сталінізму. Шэсьце было разагнанае ўнутранымі войскамі з ужываньнем сьлезацечнага газу, што выклікала рэакцыю абурэньня ў грамадзтве і падвысіла ступень увагі да Курапатаў.

« Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газам з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў. »

Васіль Быкаў«Доўгая дарога дадому»

З таго часу штогод ладзяцца шэсьці ў Курапаты з мэтай ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

На Дзяды ў 1989 годзе ў Курапатах быў усталяваны сямімэтровы «Крыж Пакуты». Курапаты зрабіліся сымбалем барацьбы за незалежнасьць Беларусі, супраць камуністычнай ідэалёгіі. Палітызацыя праблемы стала адной з прычынаў, якія перашкаджаюць аб’ектыўнаму расьсьледаваньню і ацэнцы доказаў па гэтай справе.

У 1994 годзе ўрочышча Курапаты наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан і падараваў мэмарыяльны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці» — гранітную лаўку, якая пазьней атрымала назву «лава Клінтана». Помнік неаднакроць быў разламаны невядомымі вандаламі, але кожнага разу аднаўляўся наноў. Таксама Курапаты наведаў прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса[23].

Шэсьце да ўрочышча Курапаты. Удзельнікі нясуць драўляную каплічку (2002 г.)

18 чэрвеня 1998 году Выканаўчы камітэт Менскага раёну сваёй пастановай прыняў землі ад кальцавой дарогі да дарогі на Заслаўе пад ахову, абавязаў Дзяржаўную аўтамабільную інспэкцыю (ДАІ) ўстанавіць забаронныя знакі на дарогах ва ўрочышчы і даручыў Бараўлянскаму сельскаму выканкаму даглядаць месцы пахаваньняў. Аднак у 1999—2000 гадох тэрыторыя Курапатаў прыйшла ў занядбаньне: лясны масіў ператварыўся ў месца адпачынку жыхароў прылеглых менскіх мікрараёнаў, магілы парасьлі хмызьняком. Для прадухіленьня небясьпекі, якая навісла над Курапатамі, Зянон Пазьняк заклікаў да стварэньня Народнага Мэмарыялу і прапанаваў ідэю Крыжовага шэсьця на Дзяды. Канцэпцыя Мэмарыялу — тэхналёгія, колькасьць і разьмяшчэньне крыжоў — абмяркоўвалася ў лютым-сакавіку 2000 году. У 2000 годзе адбылося першае Крыжовае шэсьце, на якое былі падрыхтаваныя 20 вялікіх крыжоў і шмат меншых. Гэта было пачаткам мэмарыялізацыі Курапатаў, але пэўны час пасьля гэтага крыжы яшчэ не ўсталёўваліся. У 2001 годзе адбылося наступнае Крыжовае шэсьце з усталяваньнем мноства крыжоў у Курапатах і ўпарадкаваньнем тэрыторыі ўрочышча і магілаў[24]. Ідэя Крыжовых шэсьцяў атрымала папулярнасьць і з гэтага часу яны пачалі ладзіцца штогод. Агулам да 2008 году ў Курапатах былі ўсталяваныя больш за паўтысячы крыжоў[23].

24 лютага 2002 году Выканкам Менскага раёну сваім пратаколам вылучыў зямлю ў ахоўнай паласе Курапатаў пад капліцу Сьвята-Ўваскрасенскага прыхода Менску.

Да Дзядоў 2002 году мастак Аляксей Марачкін падрыхтаваў абраз «Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных», які быў асьвечаны ў Курапатах 2 лістапада 2002 году[25]. Арыгінал абраза быў падараваны Чырвонаму касьцёлу, а на Дзяды ў 2003 годзе ў Курапатах была ўсталяваная каплічка з рэпрадукцыяй абраза маці Божай Курапацкай. Каплічка была зробленая паводле эскізу Аляксея Марачкіна[26].

29 кастрычніка 2004 году ў Курапатах адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага знака ад беларускіх габрэяў ахвярам сталінізму. Мэмарыяльны знак выраблены з каменя, які калісьці быў часткай помніка Сталіну ў Менску.

У канцы 2008 году прадстаўнікі грамадзкасьці накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет Міністраў Беларусі ліст з прапановай унесьці ўрочышча Курапаты ў Сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКО. Ліст падпісалі старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч і навуковы кіраўнік гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Курапаты» Мая Кляшторная[27]. У адказе на ліст Міністэрства культуры Беларусі адмовілася прадставіць Курапаты для ўнясеньня ў Сьпіс аб’ектаў сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО на падставе Канвэнцыі ЮНЭСКО 2005 году. Антон Астаповіч адзначыў, што Канвэнцыя дапушчае ўключэньне ў Сьпіс сусьветнай спадчыны аб’ектаў, якія аказалі моцны ўплыў на гістарычнае разьвіцьцё, якім і зьяўляюцца Курапаты[28].

У верасьні 2010 году ўрочышча наведалі 127 польскіх матацыклістаў у межах прабегу «Катынскі шлях», які адбываўся на тэрыторыях Летувы, Беларусі, Украіны і Расеі. Разам зь імі Курапаты наведалі прадстаўнікі польскай амбасады і намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валер Варанецкі[29].

Рэканструкцыя МКАД

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Будаўніцтва МКАД праз Курапаты (2001 г.)

Новы штуршок у тэме Курапатаў адбыўся ў пачатку 2000-х гадоў, калі было прынятае рашэньне пра пашырэньне Менскай кальцавой аўтамабільнай дарогі зь дзьвюх палосаў руху да шасьці, пасьля чаго сытуацыя ў Курапатах абвастрылася. Варыянт дарогі ў абыход Курапатаў паводле праекту 1993 году быў адхілены. Узімку 2001—2002 году прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных аб’яднаньняў арганізоўвалі мітынгі і дзяжурствы ва ўрочышчы, перашкаджаючы дарожным работам і вінавацячы ўлады ў намеры правесьці аўтадарогу непасрэдна праз пахаваньні. У выніку ў Курапаты дзеля разгону пратэстуючых былі сьцягнутыя сілы міліцыі, адбываліся сутычкі[30]. Удзельнікі акцыяў пратэсту намагаліся недапушчэньня пашкоджаньня мэмарыялу будаўнічай тэхнікай. Таксама існавалі сьведчаньні, што Менская кальцавая аўтадарога першапачаткова ўжо была пабудаваная на месцы пахаваньняў[31]. У сваю чаргу ўдзельнікі акцыяў пратэсту былі абвінавачаныя ў выкарыстаньні тэмы Курапатаў ў палітычных мэтах на падставе вынікаў археалягічных раскопак 1987, 1992 і 1998 гадоў, а таксама заключэньня Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія сьведчылі пра тое, што пахаваньні знаходзяцца ўбаку ад меркаванага маршруту дарогі і пачынаюцца за 75—80 мэтраў ад фронту будаўніцтва[32]. На гэтай падставе ў Курапатах час ад часу адбываліся сутычкі ўдзельнікаў акцыі пратэсту з Атрадам міліцыі адмысловага прызначэньня (АМАП) МУС Беларусі[33].

Агулам ахова Курапатаў працягвалася зь верасьня 2001 году да ліпеня 2002 году[34]. Ва ўрочышчы ўсталёўваліся новыя крыжы, пачаліся перамовы, кансультацыі. Да тэмы Курапатаў была прыцягнутая ўвага міжнароднай супольнасьці, праблема Курапатаў пачала шырэй асьвятляцца ў друку. У выніку Менская кальцавая дарога была пашыраная ў боку Курапатаў на пару дзясяткаў мэтраў, але пайшла іначай, чым плянавалася першапачаткова[24].

Пасёлак «Сонечны»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 2002 году Менскі раённы выканаўчы камітэт адвёў прылеглае да Курапатаў поле пад забудову катэджнага пасёлка пад назвай «Сонечны» ў непасрэднай блізкасьці ад месцаў масавых пахаваньняў. Будаўнічая кампанія, займаючыся адводам зямлі, не замаўляла праект ахоўных зонаў вакол Курапатаў і самастойна без дазволу вызначыла мяжу ахоўнай зоны па сваім праекце на адлегласьці 80 мэтраў ад Курапатаў, пасьля чаго былі пазначаныя межы будаўніцтва і завезеныя будаўнічыя матэрыялы[24]. У сувязі з гэтым будаўніцтвам сярод грамадзкасьці ўзьнікла хваля абурэньня, прадстаўнікі Праектнага інстытуту самайстойна распрацавалі праект ахоўных зонаў, які пасьля прыкладаньня намаганьняў грамадзкасьці ў рэшце рэшт зацьвердзіла Навукова-мэтадычная Рада пры Камітэце аховы гістарычнай спадчыны і культурных каштоўнасьцяў у траўні 2003 году. У красавіку 2003 году старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч загадаў Менскаму райвыканкаму скасаваць дамову на арэнду зямлі пад будаўніцтва на тэрыторыі, прылеглай да Курапатаў. 28 красавіка 2003 году Выканкам Менскай вобласьці пастановай №308 абавязаў Дарожную рамонтна-будаўнічую ўправу №113 (ДРБУ-113) аднавіць Курапаты за кошт спагнаньня з таварыства з дадатковай адказнасьцю «ВігЭўраБуд». 13 траўня Выканкам Менскага раёну пастановай №383 скасаваў дамову зь «ВігЭўраБудам» аб будаўніцтве ў Курапатах катэджаў[35]. У чэрвені 2003 году будаўніцтва спынілі, будаўнічую пляцоўку ліквідавалі, а ўсе матэрыялы вывезьлі[36]. Зямля вакол Курапатаў была закансэрваваная да вызначэньня і зацьверджаньня Саветам Міністраў Беларусі ахоўнай зоны мэмарыялу.

Паводле праекту ахоўных зонаў, распрацаванага ў 2002 годзе, шырыня ахоўнай зоны складала ад 200 да 500 мэтраў вакол Курапатаў. У 2004 годзе Міністэрства культуры Беларусі прыняла пастанову пад назвай «Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка культурнай каштоўнасьці — Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты», якая скарачала шырыню ахоўнай зоны да 110—250 мэтраў. Скарачэньне ахоўнай зоны тлумачылася адсутнасьцю нарматыўнага дакумэнту ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў[37].

Забаўляльная ўстанова ў ахоўнай зоне мэмарыялу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сувязі з будаўніцтвам забаўляльнага цэнтру «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне непасрэдна за 50 мэтраў ад мэмарыялу Курапаты, праваабаронцы і грамадзкія актывісты, удзельнікі круглага стала «Абаронім Курапаты» накіравалі зварот у дзяржорганы аб недапушчальнасьці згаданага будаўніцтва. 25 лістапада 2012 году актывісты атрымалі адказ зь Міністэрства культуры, дзе сьцьвярджалася пра выяўленыя парушэньні пры будаўніцтве і далейшае спыненьне будаўніцтва[38]. 27 лістапада таго ж году адпаведнае прадпісаньне выдала й Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Аднак 1 сьнежня 2014 году Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і будаўніцтва забаўляльнага цэнтру было ўзаконенае, а знос пабудоваў так і не адбыўся. Далейшыя пратэсты грамадзкасьці і звароты ў суд і пракуратуру плёну не прынесьлі[39][40][41]. Дзяяч беларускай палітычнай эміграцыі Зянон Пазьняк ахарактаразаваў згаданае будаўніцтва і паводзіны ўладаў як «абразу нацыянальнага гонару і зьнічтажэньне нацыянальнай сьвятыні». Палітык адзначыў, што нельга ладзіць «канкан на труне»[42].

У чэрвені 2018 году ў будынках «Бульбаш-холу» адкрылася рэстарацыя пад іншай назвай. Грамадзкасьць распачала пратэсты[43][44]. Паводле стану на 19 чэрвеня 2018 году на пікетоўцаў рэстарацыі было складзена больш за 40 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях[45]. Напрыканцы кастрычніка 2018 году стала вядома, што ўладальнікі рэстарацыі падалі заяву ў міліцыю аб завядзеньні крымінальнай справы супраць абаронцаў Курапатаў[46].

У сьнежні 2018 году стала вядома, што расейскі забаўляльны тэлеканал рабіў здымкі перадачы ў гэтай рэстарацыі[47].

Паводле стану на 21 студзеня 2019 году, пікетаваньне рэстарацыі адбываецца штодзённа[48].

Раніцай 4 красавіка 2019 году ва ўрочышчы Курапаты на мяжы з рэстарацыяй паводле рашэньня ўладаў дэмантавалі драўляныя крыжы, якія раней актывісты ўсталявалі на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. Былі зьнесеныя 70 крыжоў. 15 актывістаў затрыманыя міліцыяй. Дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч пракамэнтаваў падзеі ў Курапатах дзяржаўнаму агенцтву БелТА, назваўшы крыжы «незаконнымі збудаваньнямі», якія дэмантуюць у межах «другога этапу добраўпарадкавання» тэрыторыі ўрочышча[49][50]. Пасьля зносу крыжоў прыкладна на іх месцы пачалося ўсталяваньне агароджы паміж урочышчам і рэстарацыяй, а таксама ўздоўж шашы[44][51][52]. Разгубленасьць, боль і трывогу з нагоды зносу крыжоў у Курапатах выказаў дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі[53]. Прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант з нагоды зносу крыжоў адзначыла: «Падчас Вялікай размовы кіраўніком дзяржавы было абяцана, што ў Курапатах будзе наведзены парадак, даручэньне заняцца гэтым было дадзенае адпаведным ведамствам»[54].

Будаўніцтва бізнэс-цэнтру ў ахоўнай зоне мэмарыялу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 2017 году журналісты «Радыё Свабода» выявілі, што ля Курапатаў скарацілі ахоўную зону, каб на яе месцы пабудаваць бізнэс-цэнтар. Зьмяненьне межаў было зацьверджанае пастановай Міністэрства культуры №70 ад 1 сьнежня 2014 году. Будаўніцтва бізнэс-цэнтру на былой ахоўнай зоне Курапатаў пачала кампанія «Белрэканструкцыя», а замоўнік будаўніцтва — кампанія «Кіпрэканструкцыя». Паводле інфармацыі парталу 1863x.com, галоўны ініцыятар згаданага будаўніцтва ля Курапатаў — адзін з самых багатых людзей Беларусі Ігар Анішчанка[55]. Мясцовыя жыхары і актывісты «Маладога фронту» распачалі акцыю па спыненьні будоўлі[56][57]. Актывісты паставілі намёт. Па стане на 21 лютага 2017 году супрацьстаяньне актывістаў і будаўнікоў працягвалася. Да акцыі далучыўся Алесь Лагвінец[58]. 22 лютага каля 13:00 міліцыяй быў затрыманы актывіст «Маладога фронту» Павал Старавойтаў. Паводле інфармацыі лідэра актывістаў Зьмітра Дашкевіча, супрацоўнікі міліцыі склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў у дачыненьні да актывістаў за блякаваньне будаўнічай тэхнікі[59]. Каля 3-й гадзіны ночы на 23 лютага на актывістаў, якія трымалі вахту пратэсту на будоўлі ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», напалі паўтара дзясятка невядомых у масках і з завостранымі драўлянымі палкамі. Нападнікі выкрыквалі «Слава Расеі!» і «Белая раса!». Больш за ўсіх пацярпеў ад нападу Алесь Кіркевіч. Яго ўдарылі драўлянай бітай па скроні, з галавы ішла кроў. У іншых няма сур’ёзных пашкоджаньняў. Актывіст Юрась Лукашэвіч паехаў у міліцыю пісаць заяву. Міліцыянт, які быў на пляцоўцы ўночы, некуды адышоў за гадзіну-дзьве да нападу, пасьля бойкі міліцыя прыехала, апытала актывістаў і зьехала. Па інфармацыі аднаго з абаронцаў лягера Паўла Вінаградава, раніцай лягер ля будоўлі быў адноўлены. Таксама раніцай на месца пратэсту прыехалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. На 18:00 23 лютага быў анансаваны вялікі сход мясцовых жыхароў супраць будоўлі. Павал Вінаградаў(be) запэўніў, што праз напад скасоўваць сход ня будуць. На той момант на актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў [60]. На вечар 23 лютага жыхары сабралі 600 подпісаў пад зваротам супраць будоўлі. Паперу накіравалі ў пракуратуру і Палату прадстаўнікоў. Лягер пратэстоўцаў павялічыўся, стаяць ужо два наметы. На зборы прысутнічала прыкладна паўсотні чалавек разам з журналістамі. Сярод прысутных — Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Кіркевіч, Алесь Лагвінец, Аляксей Янукевіч, Антон Матолька(be). Актывісты паведамілі, што заява ў міліцыю наконт начнога нападу прынятая. На 18:15 сабралася ўжо блізу сотні жыхароў. Паводле Зьмітра Дашкевіча, абарона Курапатаў ад будаўніцтва будзе працягвацца [61].

23 лютага ў Менгарвыканкаме прайшла сустрэча з забудоўшчыкам бізнэс-цэнтру. Улады паабяцалі вывучыць абгрунтаванасьць ўзьвядзеньня аб’екту на гэтым месцы і даць адказ празь некалькі дзён. Лідэр «Маладога фронту» Дашкевіч распавёў пра тысячу сабраных подпісаў[62].

24 лютага актывіст «Маладога фронту» Сяргей Пальчэўскі паклаўся пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бампэру, каб спыніць будаўнічыя работы. Ён кажа, што пайшоў на крайні крок, бо ня бачыць іншых шляхоў спыніць будаўніцтва на пляцоўцы, якая раней уваходзіла ў ахоўную зону мэмарыялу. Калі прыехалі супрацоўнікі МНС, то Пальчэўскі сам адшпіліў кайданкі, каб ня рэзалі. Міліцыя спрабавала затрымаць хлопца, але людзі грамадой адбілі. Як распавёў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, адбылася сутычка Зьмітра Дашкевіча з будаўнікамі, тыя пачалі яго зьбіваць. Людзі тэлефанавалі ў міліцыю, але яна так і не прыехала. Да акцыі далучыліся аўтар і рэдактар парталу 1863x.com Эдуард Пальчыс і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька[63].

У гэты ж дзень у рэдакцыі афіцыйнай газэты Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі «СБ. Беларусь сегодня» прайшоў круглы стол, прысьвечаны Курапатам. Удзельнікі круглага стала адзначылі, што Курапаты павінныя стаць месцам нацыянальнага яднаньня беларусаў[64].

25 лютага вышэйшая рада Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі апублікавала заяву, у якой настойвае на тым, што будаўніцтва ля ўрочышча Курапаты павіннае быць неадкладна замарожанае, а Менгарвыканкам павінен правесьці вывучэньне пытаньня, як і на падставе чаго зьявіўся дазвол на будаўніцтва ў гэтым месцы[65]. У гэты ж дзень грамадзянская кампанія «Гавары праўду» апублікавала заяву, у якой адзначана, што новабудоўля ля Курапатаў — гэта выпрабаваньне на трываласьць гістарычнай годнасьці ўсёй беларускай нацыі. Кампанія заклікае правесьці пракурорскую праверку наконт будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў[66].

На 26 лютага каля будаўнічай пляцоўкі стаялі шэсьць намётаў. Адзін зь іх ператвораны ў прадуктовы склад. Жыхары сталіцы з сымпатыяй паставіліся да пратэстоўцаў, нясуць актывістам ежу і пітво[67].

Раніцай 27 лютага будаўнікі сыйшлі з будаўнічай пляцоўкі. Актывісты віталі іх воплескамі[68]. 27 лютага Камісія па разглядзе вынікаў грамадзкіх слуханьняў у адміністрацыі Першамайскага раёну ў складзе 15 чалавек сышла з залі, сарваўшы пасяджэньне, на якім павінныя былі быць перагледжаныя вынікі грамадзкіх слуханьняў у справе будоўлі каля Курапатаў. Апроч прадстаўнікоў камісіі, у залю прыйшлі каля 30 мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў грамадзкасьці, сярод якіх Аляксей Янукевіч, Юры Беленькі, Павал Севярынец. Намесьнік адміністрацыі раёну Васіль Касавец адмовіўся пачынаць паседжаньне, пакуль там шмат людзей[69]. Пазьней Камісія па разглядзе вынікаў грамадзкіх слуханьняў зацьвердзіла зьмены, паводле якіх канфліктная пляцоўка, дзе нядаўна пачалося будаўніцтва бізнэс-цэнтру, не ўваходзіць у ахоўную зону. Прадстаўнік «Мінскграда» прадставіў плян, спыніўшыся на некаторых аб’ектах, якія знаходзяцца ў Першамайскім раёне — установе аховы здароўя і паркоўках. Пра будаўніцтва бізнэс-цэнтру нічога не было сказана. 9 чалавек прагаласавалі «за», 1 — «супраць», 1 — устрымаўся. Такім чынам, дэталёвы плян быў зацьверджаны. У адказ на «слуханьні» ў адміністрацыі Першамайскага раёну ўвечары 27 лютага актывісты зладзілі мітынг[70]. На сайце kurapaty.by пачаўся збор сродкаў на падтрымку лягера[71].

28 лютага ў лягеры абаронцаў Курапат выступіў сьпявак Лявон Вольскі[72]. 28 лютага міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч выступіў за цывілізаванае вырашэньне сытуацыі з забудовай Курапатаў[73].

Раніцай 1 сакавіка праціўнікаў будоўлі каля Курапатаў у складзе Марат Гаравы (ад экспэртаў), Юры Сьцепанішчаў (ад мясцовых жыхароў), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Павал Севярынец (БХД)[74] прыняў старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац. Падчас гутаркі старшыня Менгарвыканкаму паабяцаў, што як мінімум тыдзень будаўніцтва ня будзе весьціся, а пытаньне будзе далей вывучацца ў профільных ведамствах[75].

1 сакавіка КХП-БНФ абвясьціла збор сродкаў на 120 мэталічных крыжоў для Курапатаў[76]. У гэты ж дзень галоўны замоўца бізнэс-цэнтру бізнэсовец Ігар Анішчанка паведаміў, што «будаваць там, дзе людзі катэгарычна супраць, дзе яны прыкоўваюць сябе кайданкамі да тэхнікі, катэгарычна нельга». Анішчанка адзначыў, што таксама жадае абараніць памяць рэпрэсаваных[77]. Нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч выказала словы падтрамкі абаронцам Курапатаў[78].

У выніку будаўніцтва бізнэс-цэнтру было спыненае.

Перасьлед за абнову спарахнелых крыжоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У ліпені 2018 году актывіст Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі сутыкнуўся зь перашкодамі міліцыі і Бараўлянскага лясгасу падчас замены старых спарахнелых крыжоў на новыя[79][80]. Пасьля таго, як Дашкевіч дамогся ўсталяваньня крыжоў, газэта «Советская Белоруссия» апублікавала на яго ананімны пасквіль пад назвай «З асаблівым цынізмам»[81].

27 сьнежня 2018 году група актывістаў замяніла даўні спарахнелы крыж на новы. Новы крыж зрабілі грамадзяне Летувы — «у стылі летувіскага народнага мастацтва». Аднак празь дзьве гадзіны крыж выкапалі і вывезьлі з тэрыторыі мэмарыялу прадстаўнікі лясгасу. 22 студзеня 2019 году Менскі райвыканкам разглядзеў адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на сяброў КХП-БНФ: выканаўцу абавязкаў старшыні партыі Юрася Беленькага і сакратара менскай управы Валера Буйвала. За «ўчыненьне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасьці», якая выявілася ў замене спарахнелага крыжа ў памяць аб летувісах, расстраляных у Курапатах, Юрася Беленькага і Валера Буйвала пакаралі штрафам на 382,5 рублі[82].

Раніцай 4 красавіка 2019 году ва ўрочышчы Курапаты паводле рашэньня ўладаў дэмантавалі драўляныя крыжы, якія раней актывісты ўсталявалі на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. Былі зьнесеныя 70 крыжоў. 15 актывістаў затрыманыя міліцыяй. Дырэктар Бараўлянскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч пракамэнтаваў падзеі ў Курапатах дзяржаўнаму агенцтву БелТА, назваўшы крыжы «незаконнымі збудаваньнямі», якія дэмантуюць у межах «другога этапу добраўпарадкавання» тэрыторыі ўрочышча[49][50]. Пасьля зносу крыжоў прыкладна на іх месцы пачалося ўсталяваньне агароджы паміж урочышчам і рэстарацыяй, якая мяжуе з урочышчам і была адкрытая ў чэрвені 2018 году нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці[44][51]. Разгубленасьць, боль і трывогу з нагоды зносу крыжоў у Курапатах выказаў дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі[53]. Прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант з нагоды зносу крыжоў адзначыла: «Падчас Вялікай размовы кіраўніком дзяржавы было абяцана, што ў Курапатах будзе наведзены парадак, даручэньне заняцца гэтым было дадзенае адпаведным ведамствам.»[54].

Плянаванае будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтру

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На нарадзе 14 траўня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтар да 2021 году. Пляцоўкай будаўніцтва вызначанае поле ля ўсходняга ўскрайку ўрочышча Курапаты. Прэс-служба Лукашэнкі назвала будаўніцтва выставачнага цэнтру «нацыянальным праектам». Адзначаецца, што для будаўніцтва разглядалася пляцоўка ў Малінаўцы на скрыжаваньні МКАД і Берасьцейскай шашы. Яе адхілілі, бо «гэта магло закрануць інтарэсы людзей, якія там жывуць»[83][84][85].

Афіцыйная пазыцыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адноўленая памятная шыльда з тэкстам пастановы Савету Міністраў БССР ад 1989 г.

18 студзеня 1989 году Саветам Міністраў БССР на падставе вынікаў урадавай камісіі аб фактах масавых расстрэлаў людзей ва ўрочышчы пад Менскам была прынятая пастанова №42, якая прадугледжвала правядзеньне адкрытага конкурсу на помнік ахвярам масавых рэпрэсіяў у Курапатах і яго ўсталяваньне[86]. Выдавецтву «Беларуская савецкая энцыкляпэдыя» было рэкамэндавана падрыхтаваць адмысловае выданьне, прысьвечанае ахвярам сталінізму, а прэзыдыюму Акадэміі навук БССР арганізаваць «усебаковае вывучэньне прычынаў і наступстваў масавых рэпрэсіяў»[87]. Паводле словаў Ігара Кузьняцова, сябра Міжнароднага гісторыка-асьветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мэмарыял» і дасьледніка савецкага таталітарызму, ніводнае з палажэньняў пастановы Савету Міністраў БССР ад 1989 году па стане на 2010 год выкананае не было[87].

30 лістапада 1993 году Курапаты былі занесеныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь як «Месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30—40-х гадоў XX стагодзьдзя ва ўрочышчы Курапаты»[88] і помнік гісторыі міжнароднага значэньня[89].

У 2005 годзе грамадзкія аб’яднаньні «Дыярыуш» і «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская пэрспэктыва» і міжнароднае гісторыка-асьветніцкае, дабрачыннае і праваабарончае аб’яднаньне «Мэмарыял» абвясьцілі адкрыты грамадзкі конкурс па стварэньні тэксту для мэмарыяльнага знаку ахвярам палітычных рэпрэсіяў 20 стагодзьдзя ў Беларусі. У палажэньні аб конкурсе арганізатары адзначалі, што дзяржава дэманструе поўную абыякавасьць да сытуацыі ў Курапатах[90].

У канцы 2005 году археоляг Мікола Крывальцэвіч зазначаў: «Курапаты — па-за ўвагай афіцыйных органаў. Ужо ніхто ніколі з афіцыйных асобаў туды не ўскладае кветкі, нават у памінальныя дні, як гэта было раней»[91].

Прыдарожны паказальнік на МКАД

У 2008 годзе на Менскай кальцавой аўтамабільнай дарозе каля зьезду ў бок Курапатаў быў усталяваны прыдарожны ўказальнік: «Месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты 1930—1940 гадоў»[92].

У 2009 годзе мэмарыяльная сэкцыя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры накіравала зварот у Савет Міністраў Беларусі з нагаданьнем пра неабходнасьць выкананьня пастановы Савету Міністраў БССР. У адказе на зварот дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук прафэсар Аляксандар Каваленя адказаў, што ўвекавечаньне памяці ахвяраў сталінізму — трагедыя беларускага народу і ўсенародная справа, якая патрабуе шырокага абмеркаваньня і прыняцьця рашэньня на заканадаўчым узроўні[93].

У 2009 годзе намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Міхаіл Ціцянкоў паведаміў, што гарадзкія ўлады «лічаць магчымым разгледзець пытаньне аб стварэньні помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў і добраўпарадкаваньні ўрочышча Курапаты»[94], аднак толькі пасьля таго, як будзе скончанае стварэньне мэмарыяла «Трасьцянец» і добраўпарадкаваньне былых Менскіх братэрскіх вайсковых могілак Першай сусьветнай вайны[87].

Увосень 2009 году ў газэце Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі «Советская Белоруссия» быў надрукаваны артыкул «Курапаты: мір пад соснамі», дзе ўрочышча было названае «могілкамі агульнанацыянальнага маштабу», а за паўгады да гэтага — арганізаваны «круглы стол» з дыскусіяй на тэму Курапатаў[9]. Гісторык Ігар Кузьняцоў зазначыў, што гэта важны крок для грамадзкасьці, якога даўно чакалі, а на думку археоляга Міколы Крывальцэвіча, праблема прызнаньня-непрызнаньня Курапатаў дзяржавай была палітычная, але сам факт прызнаньня варты ўвагі[95].

Разам з тым, тэма Курапатаў у падручніках, выдадзеных у Беларусі ў 2000-х гадох, ня згадвалася ўвогуле[11].

Як стала вядома ў канцы ліпеня 2010 году, у Курапатах павалілася памятная шыльда: драўляныя слупы, на якіх яна стаяла, згнілі[96].

Нахілены крыж у Курапатах

Наданьне Курапатам статусу «гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі» ў 1993 годзе зьяўлялася, сярод іншага, вымушанай мерай абароны магілаў ад рабаўнікоў[17]. Ужо ў лістападзе 1994 году міністар унутраных справаў Юры Захаранка пасьля атрыманьня чарговых паведамленьняў пра рабаваньне пахаваньняў аддаў загад на зьдзяйсьненьне неабходных мерапрыемстваў па ўрочышчы Курапаты ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі беларускага заканадаўства. Нягледзячы на гэта, увесну 1995 году рабаўнікі раскапалі больш за 10 магілаў, а чалавечыя парэшткі былі раскіданыя наўкол[17]. Увосень 1998 году з закапанай магілы былі выцягнутыя косткі, перапахаваныя пасьля эксгумацыі магілаў прадстаўнікамі сьледчай камісіі. У красавіку 1999 году рабаўнікамі былі раскапаныя 6 магілаў, у кастрычніку 1999 году — яшчэ чатыры. Некаторыя з магілаў выкопваліся рабаўнікамі да глыбіні ў 1,8 м на плошчы да 4—5 м². Побач з магіламі ў пяску ляжалі парэшткі і фрагмэнты асабістых рэчаў расстраляных. Як зазначыў археоляг Мікола Крывальцэвіч, характар распрацоўваньня магілаў сьведчыў пра добра арганізаваную і падрыхтаваную акцыю[17].

Пашкоджаны мэмарыяльны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці»

Пашкоджаньні памятных знакаў і крыжоў у Курапатах невядомымі ў Курапатах зьдзяйсьняліся дзясяткі разоў[97], прычым у значнай ступені — з другой паловы 1990-х гадоў: дагэтуль выпадкі вандалізму былі адзінкавымі[11]. Па фактах зьнішчэньня памятных крыжоў крымінальныя справы заводзіліся тройчы, але па іх ніхто так і ня быў пакараны[98].

У канцы 1990-х гадоў была зламаная мэталічная шыльда з надпісам «Пакутнікам Беларусі» на Крыжы Пакуты[99]. У траўні 2003 году ў Курапатах былі зламаныя 10 крыжоў[100]. У 2004 годзе з закладнога каменя была зьнятая памятная дошка з рашэньнем Савету Міністраў БССР пра неабходнасьць стварэньня помніку ў Курапатах. Дошка была адноўленая ўвосень 2005 году, але праз тыдзень зьнікла ізноў. У чарговы раз памятная шыльда з тэкстам пастановы была адноўленая ў 2007 годзе намаганьнямі грамадзкасьці[101].

У сьнежні 2005 году невядомыя двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай[99].

У 2007 годзе быў павалены крыж «Пакутнікам Беларусі». У красавіку 2007 году былі зламаныя 6 крыжоў і некалькі пашкоджаныя[97]. У кастрычніку 2007 году «Крыж пакуты», усталяваны ў 1989 годзе, быў зьнішчаны[102]. Да Дзядоў 2007 году «Крыж Пакутаў» быў адноўлены наноў. У сакавіку 2008 году невядомыя зламалі 36 крыжоў[103]. Вясной 2009 году ў Курапатах былі раскапаныя дзьве магілы: зь ямы на паверхню былі выкінутыя чалавечыя косткі і старыя рэчы[98]. У красавіку 2009 году былі зламаныя яшчэ 6 крыжоў[104]. У сьнежні 2009 году невядомыя зламалі некалькі крыжоў, у тым ліку крыж-капліцу з копіяй абраза Маці Божай Курапацкай[105].

Па стане на 2009 год мэмарыяльная «лава Клінтана» (памятны знак «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці»), усталяваная ў 1994 годзе, дванаццаць разоў цярпела ад выпадкаў вандалізму[99]. З гэтай нагоды амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з адмысловай заявай[97]. На пачатку 2019 году лава Клінтана была разбураная вандаламі ізноў. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці[106].

У лістападзе 2010 году ў Курапатах былі зламаныя 38 крыжоў[107]. Па гэтым факце была распачатая крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства» Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь[108].

Нягледзячы на частыя акты вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, да актыўнага пошуку праваахоўнымі органамі злачынцаў справа звычайна не даходзіць. Толькі аднойчы ў лістападзе 2008 году актывістам КХП БНФ удалося злавіць 2 непаўналетніх вандалаў і перадаць міліцыі. Была заведзеная крымінальная справа, але рэальна іх не пакаралі[105]: артыкул Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў» быў перакваліфікаваны ў «Злоснае хуліганства», у выніку чаго абвінавачаныя трапілі пад амністыю[109]. Гэта быў першы выпадак, калі сьледзтва прад’явіла абвінавачваньне канкрэтным асобам па факце зьдзяйсьненьня актаў вандалізму ў Курапатах[109].

Для аднаўленьня мэмарыяльнага комплексу ва ўрочышчы традыцыйна ладзяцца талокі: людзі прыбіраюць і ўпарадкоўваюць тэрыторыю, рамантуюць крыжы[110].

Месцазнаходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Урочышча Курапаты знаходзіцца непасрэдна за Менскай кальцавой дарогай на поўнач ад цэнтру гораду (52-і км МКАД). Адміністрацыйна Курапаты належаць да тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну.

Зь Менску ў Курапаты можна трапіць ад ДС «Зялёны Луг» (прыпынак аўтобусаў 13, 13д, 24, 87, 109а; тралейбусаў 1, 46, 53), перайшоўшы празь пераход пад МКАД, разьмешчаны за 500 м на паўночны захад ад дыспэтчарскай станцыі; ад выстаўнога цэнтру «Экспабел», які знаходзіцца за 700 м на паўднёвы ўсход ад урочышча; альбо на аўтобусах 109, 109а, 109в (прыпынак «Курапаты») з ДС «Карбышава».

Курапаты знаходзяцца прыблізна за 1,2 км на паўночны ўсход ад Цнянскага вадасховішча. Трапіць ва ўрочышча можна праз адзін зь некалькіх падземных пераходаў пад Менскай кальцавой дарогай.

У 1990 годзе кампазытар Кім Цесакоў стварыў сымфонію №4 «Курапаты»[111]. 30 ліпеня 2004 году Выканкам Менску пастановай №1520 перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую[112].

Панарама ўрочышча Курапаты
Панарама ўрочышча Курапаты
  1. ^ а б в Пресс-релиз Беларусского Хельсинкского комитета №19 от 27.10.98 г. (рас.)
  2. ^ а б в Евгений Ростиков. По кому стреляют Куропаты (Еще раз о том, как жертвы немецких фашистов превратили в жертвы «сталинских репрессий») // «Завтра», 22 жніўня 2000 г. (рас.)
  3. ^ а б Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
  4. ^ а б в Сяргей Навумчык, Радыё Свабода Памяць і забыцьцё Курапатаў // Беларускія ведамасьці : часопіс. — Студзень 2010. — № 1 (68). — С. 6-8.
  5. ^ а б в г д З. Пазьняк, Я. Шмыгалёў, М. Крывальцэвіч, А. Іоў. Курапаты. — Мн.: Тэхналогія, 1994.
  6. ^ Kurapaty // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 139.
  7. ^ а б Zdzisław J. Winnicki. Szkice kojdanowskie. — Wrocław: Wydawnictwo GAJT, 2005. ISBN 83-88178-26-1. — С. 77—78.
  8. ^ а б Norman Davies. Powstanie '44. — Kraków: Wydawnictwo Znak, 2004. ISBN 83-240-0459-9. — С. 195
  9. ^ а б в г Павел Якубович. Куропаты: мир под соснами // «Советская Белоруссия», 29 кастрычніка 2009 г.
  10. ^ Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны»
  11. ^ а б в г Молодые белорусы думают, что Куропаты — это в России(недаступная спасылка) // «Завтра твоей страны», 28 кастрычніка 2008 г.
  12. ^ а б в г д е ё Игорь Кузнецов. Куропатское дело: 20 лет спустя // «БелГазета», 21 чэрвеня 2008 г.
  13. ^ Газовик Александр Шляхтин: Мы случайно нашли Куропаты 30 лет назад(недаступная спасылка) kp.by  (рас.)
  14. ^ Ігар Кузьняцоў. Цяжкая праўда пра Курапаты // Зьвязда : газэта. — 18 красавіка 2017. — № 73 (28437). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  15. ^ Игорь Кузнецов. Забыть значит предать // БДГ №1420, 16.04.2004
  16. ^ Владимир Костырко. Куропаты: фальшивка националистов трещит по швам // «Газета Правда», 27 траўня 1999 г.
  17. ^ а б в г д Мікола Крывальцэвіч. Курапаты: трагедыя працягваецца // Народная воля : газэта. — 30 кастрычніка 1999. — ISSN 2071-9647.
  18. ^ Аляксей Хадыка. Курапаты — справа дзяржавы і грамадзкасьці // Новы час : газэта. — 27 лістапада 2009. — № 44 (172). — С. 5. — ISSN 2218-2244.
  19. ^ Зянон Пазьняк. Курапаты: дзесяць гадоў пасьля // Наша ніва : газэта. — 28 чэрвеня 1998. — № 12 (109). — ISSN 1819-1614.
  20. ^ а б Sławomir Kalbarczyk. Przedmioty odnalezione w Bykowni i Kuropatach świadczą o polskości ofiar, Biuletyn IPN Nr 10-11 (81-82), październik-listopad 2007, ISSN 1641-9561, ss. 47-54  (пол.)
  21. ^ Натальля Грышкевіч. Беларускі катынскі сьпіс // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 7 красавіка 2010 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  22. ^ Зянон Пазьняк. Курапаты // Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове / рэд. Юрась Бушлякоў. — Менск: Радыё «Свабода», 2012. — Т. 35. — С. 220-221. — 516 с. — (Бібліятэка Свабоды: XXI стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-46-1
  23. ^ а б Галіна Абакунчык. У Курапатах 20 гадоў таму адбылося першае шэсьце і мітынг // Радыё «Свабода», 20 чэрвеня 2008 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  24. ^ а б в Алесь Чахольскі. Я — беларус // Беларускія ведамасьці : часопіс. — Студзень 2006. — № 1 (55). — С. 13-29.
  25. ^ Ганна Соўсь. А.Марачкін адрэстаўруе пашкоджаны ў Курапатах абраз // Радыё «Свабода», 1 сьнежня 2005 г. Архіўная копія ад 3 траўня 2013 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  26. ^ Алесь Дашчынскі. А.Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе // Радыё «Свабода», 5 кастрычніка 2007 г. Архіўная копія ад 13 верасьня 2012 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  27. ^ Урочышча Курапаты — у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА // Народная Воля №183-184, 2 сьнежня 2008 г.
  28. ^ Ганна Гарачка. Ці трапяць Курапаты ў Сьпіс ЮНЭСКА // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 21 студзеня 2009 г. Архіўная копія ад 21 студзеня 2009 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  29. ^ Польскія байкеры ў Курапатах // Радыё «Свабода», 1 верасьня 2010 г. Архіўная копія ад 1 верасьня 2010 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  30. ^ Курапаты 2001—2002. Сутычкі зь міліцыяй // Відэа Сяргея Чырыка
  31. ^ Ганна Соўсь. У Курапатах сёньня прыпынілі будаўнічыя работы // Радыё «Свабода», 25 верасьня 2001 г. Архіўная копія ад 25 верасьня 2001 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  32. ^ А. Фадеев. Кто раздувает пламя в Куропатах // Информационно-аналитический бюллетень Института стран СНГ, 15 лістапада 2001 г.
  33. ^ Вольга Мядзьведзева. Памяць пра Курапаты павінна аб'ядноўваць людзей // Зьвязда : газэта. — 14 сакавіка 2002. — № 50 (24429). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  34. ^ Альгерд Невяроўскі. У Курапатах адбыўся мітынг і малебен // Радыё «Свабода», 7 лістапада 2006 г. Архіўная копія ад 7 лістапада 2006 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  35. ^ Віктар Хурсік. Курапаты сёньня // Зьвязда : газэта. — 25 чэрвеня 2003. — № 159 (24843). — ISSN 1990-763x.
  36. ^ Альгерд Невяроўскі. Курапаты: будаўніцтва катэджнага пасёлку спыненае // Радыё «Свабода», 20 чэрвеня 2003 г. Архіўная копія ад 20 чэрвеня 2003 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  37. ^ Курапаты паменшылі ў памеры // Радыё «Свабода», 17 траўня 2004 г. Архіўная копія ад 17 траўня 2004 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  38. ^ Будаўніцтва «Бульбаш-хола» прыпыняецца толькі часткова // Эўрарадыё, 25 лістапада 2012 г. Архіўная копія ад 25 лістапада 2012 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  39. ^ БелаПАН. Абаронцы Курапатаў зьвярнуліся да генэральнага пракурора // «Хартыя’97», 20 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 20 лютага 2015 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  40. ^ Арцём Мартыновіч. Праект забудовы Курапат: зоны аховы падагналі пад «Бульбаш-хол» // Эўрарадыё, 16 красавіка 2014 г. Архіўная копія ад 16 красавіка 2014 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  41. ^ Суд отказался возбуждать дело против Минкульта за Куропаты // Беларускі Партызан  (рас.)
  42. ^ Вольга Міцкевіч. Зянон Пазьняк: За адну назву «Бульбаш» трэба падаваць у суд // Эўрарадыё, 24 кастрычніка 2012 г. Архіўная копія ад 24 кастрычніка 2012 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  43. ^ Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран // Радыё Свабода
  44. ^ а б в Рэстаран у Курапатах працуе, актывісты — пратэстуюць // Беларускае Радыё Рацыя
  45. ^ «Тут можна стаяць, але нельга замінаць руху». ДАІ штрафуе пікетоўцаў рэстарацыі каля Курапатаў // Радыё Свабода
  46. ^ Рэстарацыя «Поедем поедим» запатрабавала крымінальнай справы супраць абаронцаў Курапатаў // Радыё Свабода
  47. ^ Музычны тэлеканал RU.TV здымае серыю інтэрв’ю з вядомымі беларусамі ў рэстаране «Паедзем, паядзім» у Курапатах // Наша ніва
  48. ^ Абаронцы Курапатаў заявілі пра спробу дзяржавы «нацыяналізаваць» мэмарыял ахвяраў сталінізму // Беларуская служба Радыё «Свабода»
  49. ^ а б Усё, што вядома пра знос крыжоў у Курапатах. Максімальна коратка // Белсат
  50. ^ а б В Куропатах проходят плановые работы по благоустройству, монтируются ограждения, удаляются незаконно установленные сооружения // БелТА  (рас.)
  51. ^ а б Курапаты працягваюць агароджваць пад аховай міліцыі ФОТА // Наша ніва
  52. ^ Забор вокруг Куропат растет, активисты предлагают выступить с призывом игнорировать Европейские игры // TUT.BY  (рас.)
  53. ^ а б Дэпутат Варанецкі пра знос крыжоў у Курапатах: «Першая рэакцыя — разгубленасць, боль і трывога» // Наша ніва
  54. ^ а б Наталля Эйсмант пракаментавала знос крыжоў у Курапатах // Наша ніва
  55. ^ Как ученик Далай-Ламы уничтожает Куропаты // 1863x.com
  56. ^ Месца будаўніцтва бізнэс-цэнтра каля Курапатаў перастала быць ахоўнай зонай два гады таму КАРТА // Наша ніва
  57. ^ Пяць пытанняў і адказаў пра канфлікт вакол забудовы ў Зялёным Лузе каля Курапат // Наша ніва
  58. ^ Пратэстоўцы vs. будаўнікі ФОТА, ВІДЭА // Наша ніва
  59. ^ Затрыманы адзін з абаронцаў Курапатаў // Наша ніва
  60. ^ Курапаты: актывісты аднавілі лягер пасьля нападу, будзе заява ў міліцыю // svaboda.org
  61. ^ Ля Курапатаў прайшоў масавы збор мясцовых жыхароў ФОТА // Наша ніва
  62. ^ Протест у Куропат: активист два часа пролежал на земле, приковав себя к грузовику строителей // TUT.by
  63. ^ Людзі адбілі ў міліцыі абаронцу Курапат, які прыкаваў сябе да МАЗа будаўнікоў: «Буду ляжаць, пакуль ня здохну». АНЛАЙН // Наша ніва
  64. ^ Курапаты павінны стаць агульнанацыянальным мэмарыялам смутку і памяці - круглы стол «СБ. Беларусь сёньня» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 24 лютага 2017 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  65. ^ ЛДП патрабуе спыніць будоўлю каля Курапат і стварыць мэмарыял // БелаПАН, 25 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 25 лютага 2017 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  66. ^ Аляксей Арэшка. «Гавары праўду»: Новабудоўля ля Курапат — гэта выпрабаваньне на злом гістарычнай годнасьці ўсёй нацыі // БелаПАН, 25 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 25 лютага 2017 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  67. ^ Мінчукі назносілі абаронцам Курапат цэлы намёт прадуктаў, з Вілейкі прывезлі дровы ФОТЫ // Наша ніва
  68. ^ Курапаты: рабочыя раніцай забралі рэчы і сышлі. ФОТА, ВІДЭА // Наша ніва
  69. ^ Слуханьні па Курапатах у адміністрацыі Першамайскага раёна сарваныя // Наша ніва
  70. ^ Возле стройки в Куропатах гражданские активисты провели очередной митинг(недаступная спасылка) // TUT.by  (рас.)
  71. ^ Ахвяруй на лягер абароны Курапатаў // kurapaty.by
  72. ^ Лявон Вольскі выступіў у лагеры абаронцаў Курапат. ВІДЭА // Наша ніва
  73. ^ Шуневіч пра Курапаты: Я за тое, каб сытуацыя вырашылася цывілізавана, без прыкаваньняў да машын // Наша ніва
  74. ^ Названыя асобы, што пойдуць на сустрэчу з Шорцам наконт Курапатаў // Наша ніва
  75. ^ Шорац папрасіў тыдзень на вывучэнне пытання пра будоўлю каля Курапат // Наша ніва
  76. ^ КХП-БНФ абвясціла збор сродкаў на 120 металічных крыжоў для Курапат // Наша ніва
  77. ^ Заказчик бизнес-центра о ситуации возле Куропат: Я также хочу защитить память репрессированных // TUT.by  (рас.)
  78. ^ Святлана Алексіевіч падтрымала абаронцаў Курапат: «Маўчаць сорамна» // Наша ніва
  79. ^ Зміцер Дашкевіч усталяваў крыжы каля рэстарана ў Курапатах // racyja.com
  80. ^ Зміцер Дашкевіч усталяваў крыжы каля рэстарана ў Курапатах // racyja.com
  81. ^ «Советская Белоруссія» апублікавала пасквіль: Дашкевіч ставіў крыжы ў Курапатах з асаблівым цынізмам // Наша ніва
  82. ^ За «незаконны крыж» у Курапатах пакаралі двух чальцоў КХП БНФ // svaboda.org
  83. ^ Лукашэнка загадаў пабудаваць ля Курапатаў выставачны цэнтар // Радыё Свабода
  84. ^ Лукашэнка загадаў пабудаваць выстаўны цэнтр каля Курапатаў // Эўрарадыё
  85. ^ БТ паказала, дзе побач з Курапатамі плануюць пабудаваць выставачны цэнтр // Эўрарадыё
  86. ^ «Цяперашняя ўлада Беларусі — гэта фактычна нашчадкі тых, хто быў наверсе, а ня ў яме, калі ў Курапатах адбываліся расстрэлы» // Радыё Свабода, 18 студзеня 2005 г.
  87. ^ а б в Кастусь Лашкевіч. 21 год таму ўлады прызналі Курапаты // Tut.by, 18 студзеня 2010 г. Архіўная копія ад 18 студзеня 2010 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  88. ^ Леся Лугавая. Курапаты: культура памяці ў Беларусі патрабуе грамадзянскай мужнасьці // Адукацыйны цэнтар «Пост», 21 лістапада 2011 г. Архіўная копія ад 6 верасьня 2014 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  89. ^ Марат Гаравы, БелаПАН. Па факце зьнішчэньня невядомымі шасьці памятных крыжоў у Курапатах распачата крымінальная справа // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 4 траўня 2009 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  90. ^ Тамара Сяргей. Памяці бязьвінных ахвяр сталінскага тэрору // Абажур : часопіс. — Лістапад 2005. — № 5-6 (42-43). — С. 53-54.
  91. ^ Генадзь Канстанцінаў. Чаму ва ўрочышчы Курапаты адбываюцца акты вандалізму // Радыё «Нямецкая хваля», 1 сьнежня 2005 г. Архіўная копія ад 1 сьнежня 2005 г. Праверана 28 траўня 2016 г.
  92. ^ Алесь Дашчынскі. У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій // Радыё «Свабода», 30 кастрычніка 2008 г. Архіўная копія ад 29 кастрычніка 2008 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  93. ^ Директор Института истории: Увековечение памяти жертв сталинизма — всенародное дело, требующее принятия решения на законодательном уровне // БелаПАН, 30 чэрвеня 2009 г. (рас.)
  94. ^ Павал Сайкоўскі. Улады паабяцалі помнік у Курапатах // Партал «Тут і цяпер», 17 сакавіка 2009 г. Архіўная копія ад 19 студзеня 2012 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  95. ^ Алесь Дашчынскі. Праз дваццаць гадоў улада прызнала Курапаты // Радыё «Свабода», 30 кастрычніка 2009 г. Архіўная копія ад 30 кастрычніка 2009 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  96. ^ У Курапатах павалілася памятная шыльда // Наша Ніва, 30 ліпеня 2010
  97. ^ а б в Галіна Абакунчык. У Курапатах – новы акт вандалізму // Радыё «Свабода», 21 красавіка 2007 г. Архіўная копія ад 21 красавіка 2007 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  98. ^ а б Антон Астаповіч: Задэкляраваная міліцэйская ахова Курапат аказалася неэфэктыўнай — на працягу некалькіх гадзін зламысьнікі раскопвалі пахаваньні // БелаПАН, 3 красавіка 2009 г. Архіўная копія ад 3 красавіка 2009 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  99. ^ а б в Курапаты: вандалы і пракурор // Радыё Свабода, 6 лютага 2009 г.
  100. ^ Любоў Лунёва. Новы акт вандалізму ў Курапатах // Радыё «Свабода», 14 траўня 2003 г. Архіўная копія ад 14 траўня 2003 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  101. ^ У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў // Радыё Свабода, 28 лютага 2007 г.
  102. ^ БелаПАН. Ва ўрочышчы Курапаты невядомымі зьнішчаны Крыж пакут, устаноўлены восеньню 1989 года // Tut.by, 8 кастрычніка 2007 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  103. ^ Чарговы акт вандалізму ў Курапатах // Радыё Свабода, 13 сакавіка 2008 г.
  104. ^ Справу пра вандалізм у Курапатах прыпынілі // Радыё Свабода, 22 чэрвеня 2009 г.
  105. ^ а б Вандалы «прапісаліся» ў Курапатах // Радыё Свабода, 7 сьнежня 2009 г.
  106. ^ Заява амбасады ЗША наконт акта вандалізму ў Курапатах // Афіцыйны сайт амбасады ЗША ў Беларусі
  107. ^ У Курапатах зламаныя 38 крыжоў // Радыё «Свабода», 6 кастрычніка 2010
  108. ^ Заведзена крымінальная справа за вандалізм у Курапатах // Наша Ніва, 9 лістапада 2010 г.
  109. ^ а б БелаПАН. Курапацкія вандалы трапілі пад амністыю // Газэта «Наша ніва», 1 чэрвеня 2009 г. Архіўная копія ад 1 чэрвеня 2009 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  110. ^ Іна Студзінская. У Курапатах адбылася традыцыйная талака // Радыё «Свабода», 29 кастрычніка 2006 г. Праверана 30 красавіка 2017 г.
  111. ^ Ларыса Цімошык. Музыканты. Тут // Зьвязда : газэта. — 24 кастрычніка 2006. — № 231 (25820). — ISSN 1990-763x.
  112. ^ Алена Ляўковіч. Валожыну — вуліцу, Мулявіну — бульвар // Зьвязда : газэта. — 10 жніўня 2004. — № 189 (25202). — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  611Д000363