Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Янгон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Янгон
бірм. ရန်ကုန်
Дата заснаваньня: каля 1035
Краіна: М’янма
Плошча:
  • 576 км²
Вышыня: 15 м н. у. м.
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 01
Геаграфічныя каардынаты: 16°47′42″ пн. ш. 96°9′36″ у. д. / 16.795° пн. ш. 96.16° у. д. / 16.795; 96.16Каардынаты: 16°47′42″ пн. ш. 96°9′36″ у. д. / 16.795° пн. ш. 96.16° у. д. / 16.795; 96.16
Янгон на мапе М’янмы
Янгон
Янгон
Янгон
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.ycdc.gov.mm/

Янгон (па-бірманску: ရန်ကုန်) — найбуйнейшы горад М’янмы, а таксама адміністрацыйны цэнтар аднайменнай акругі. Янгон быў сталіцай краіны да 2006 году, але апасьля вайсковы ўрад пераехаў у новапабудаваны горад Найп’іда, які месьціцца на поўнач ад гораду[2]. Колькасьць насельніцтва Янгону перавышае 7 мільёнаў чалавек, што робіць яго найважнейшым камэрцыйным цэнтрам. У Янгоне месьціцца найвялікшая колькасьць будынкаў каляніяльнай эпохі ўва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі[3]. Асабліва ўнікальным ёсьць паўднёвая частка, пабудаваная ангельцамі ў XIX стагодзьдзі, якое дасюль ёсьць надзвычай некранутым[4]. Эканамічны цэнтар каляніяльнай эпохі гуртуецца вакол пагады Суле, якой, як мяркуецца, больш за 2 тысячы гадоў[5]. Але самай знакамітай і найбольшай паважанай ёсьць пазалочаная пагада Швэдагон. Горад пакутуе ад браку інфраструктуры, асабліва ў параўнаньні зь іншымі буйнымі гарадамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі, як то Джакартай, Бангкокам ці Ханоем. Не зважаючы на тое, што цэнтральная частка гораду рамантуецца і ўдасканальваецца, але большасьць прадмесьцяў знаходзяцца ў занядбаным стане[6].

Янгон быў закладзены ў пачатку XI стагодзьдзя монамі, які на той час засялялі паўднёвую Бірму[7][8]. Першай назвай гораду быў Дагон, а самое мястэчка, пачынаючы з XIV стагодзьдзяў з часоў існаваньня каралеўства Гантавадзі. Сярод вядомых кіраўнікоў Дагону была прынцэса Мага Дэві, якая кіравала горадам з 1364 па 1392 гады[9], і крыху пазьней каралева Шынсобу, якая пабудавала сабе палац у 1460 годзе ля пагады Швэдагон і жыла ў ім да сваёй сьмерці ў 1471 годзе[10].

У 1755 годзе кароль Алаўнгпая, заснавальнік дынастыі Конбаўн, захапіў Дагон і пабудаваў вакол яго паселішчы. Сам жа горад новы кіраўнік назваў Янгонам. У 1790-я гады Брытанская Оста-Індзкая кампанія адкрыла фабрыку ў горадзе. Меркаванае насельніцтва Янгону ў 1823 годзе складала каля 30 тысячаў[11]. Брытанцы захапілі горад падчас Першай ангельска-бірманскай вайны, якая цягнулася з 1824 па 1826 год, але пасьля вайны горад быў вернуты ў кіраваньне бірманскай уладзе. У 1841 годзе Янгон быў зьнішчаны пажарам[12].

Каляніяльны Рангун

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Фатаздымак садоў Рангуна 1868 году.

Брытанцы зноў захапілі Янгон і ўсю Ніжнюю Бірму за часам Другой ангельска-бірманскай вайны 1852 году. Яны ператварылі горад у эканамічны і палітычны цэнтар Брытанскай Бірмы. Пасьля вайны брытанцы перанесьлі сталіцу Брытанскай Бірмы з Малам’яйну ў Янгон[13][14]. Згодна з плянам лейтэнанта Аляксандра Фрэйзэра, брытанцы пашырылі горад, пабудаваўшы новыя раёны на поўдні і захадзе ля ракі Янгон. Горад стаў сталіцай усёй Бірмы пасьля таго, як брытанцы захапілі Верхнюю Бірму паводле вынікаў Трэцяй ангельска-бірманскай вайны 1885 году. Да 1890-х гадоў насельніцтва Янгона павялічылася[15]. Брытанцы пабудавалі ў горадзе шмат шпіталяў, а таксама адкрылі Рангунскі ўнівэрсытэт.

У Янгон быў высланы брытанцамі апошні імпэратар Вялікіх Маголаў Багадур Шаг II пасьля пастаньня сыпаяў 1857 году[16]. Каляніяльны Янгон зь ягонымі прасторнымі паркамі і азёрамі ў спалучэньні з сучаснымі будынкамі і традыцыйнай драўлянай архітэктураў быў шырока вядомы як «Горад-сад Усходу»[15]. Да пачатку XX стагодзьдзя Янгон меў неблагую інфраструктуру нароўні зь Лёнданам[17]. Да Другой сусьветнай вайны каля 55% насельніцтва гораду мелі індыйскае паходжаньне, а бірманцы на той час фармавалі толькі траціну ад усяго насельніцтва[18]. Таксама тут жылі карэйцы, кітайцы, англа-бірманцы ды іншыя.

Разбураны паваенны горад.

Пасьля Першай сусьветнай вайны Янгон стаў цэнтрам руху за незалежнасьць Бірмы. Важную ролю на шляху да незалежнасьці згулялі студэнты сталічнага ўнівэрсытэту. У міжваенны пэрыяд у горадзе адбыліся тры агульнанацыянальныя страйкі супраць брытанскага кіраваньня ў 1920, 1936 і 1938 гадах. З 1942 па 1945 гады Янгон знаходзіўся пад японскай акупацыяй, і быў моцна зруйнаваны. Горад вызвалены быў ў траўні 1945 году, а ўжо 4 студзеня 1948 году стаў сталіцай Бірманскага зьвязу, калі краіна атрымала незалежнасьць ад Вялікабрытаніі[19].

Неўзабаве па здабыцьці незалежнасьці Бірмы ў 1948 годзе шматлікія імёны вуліцаў і паркай каляніяльнай эпохі былі зьмененыя на бірманскія. У 1989 годзе вайсковая хунта зьмяніла ангельскую назву гораду на спрадвечную Янгон[20][21]. З часоў незалежнасьці Янгон значна пашырыўся. У 1950-х гадах горад быў аточаны новымі прадмесьцямі, як то Такетай, Паўночным і Паўднёвым Акалапай. У 1980-я гады зьявіліся Глайнгтая, Швэпійта і Паўднёвы Дагон[12]. На сёньня Вялікі Янгон ахоплівае плошчу блізу 600 км²[22].

Пратэстоўцы на вуліцах Янгону ў 2021 годзе.

За час панаваньня У Нэ Віна, які прытрымліваўся ізаляцыянісцкіх поглядаў, насельніцтва гораду авялічвалася, але гарадзкая інфраструктура дрэнна абслугоўвался і пашыралася. У 1990-я гады больш адкрытая рынкавая палітыка вайсковага ўрада прыцягнула ўнутраныя і замежныя інвэстыцыі, у выніку чаго стан гораду палепшыўся. Некаторыя жыхары гораду былі гвалтоўна выселеныя ў новыя спадарожнікавыя гарады. Шмат якія будынкі каляніяльнага пэрыяду былі зьнесеныя, каб саступіць месца новым гатэлям, офісным будынкам і гандлёвым цэнтрам[23]. Тым ня менш, частка гораду ўсё яшчэ мае цяжкасьці з асноўнымі муніцыпальнымі паслугамі, часам у горадзе бракуе электраэнэргіі, а таксама не заўсёды працуе цэнтралізаваны збор і вывазка сьмецьця.

Янгон быў цэнтрам буйных антыўрадавых пратэстаў у 1974, 1988 і 2007 гадах. У прыватнасьці, за час пратэстаў 8888 было забіта шмат бірманскіх жыхароў, у тым ліку ў сталіцы. Шафранавая рэвалюцыя спарадзіла масавыя расстрэлы і выкарыстаньне крэматорыю ў Янгоне бірманскім урадам дзеля утойваньня доказаў сваіх злачынстваў супраць манахаў, бяззбройных удзельнікаў акцыяў, журналістаў і студэнтаў. У 2020-я гады на жыцьцё ў Янгоне моцна паўплывала пандэмія каранавіруса ды дзяржаўны пераварот 2021 году[24][25]. У горадзе выбухнулі масавыя пратэсты ў адказ на пераварот[26], але новы ўрад здушыў хваляваньні, выкарыстоўваючы ў тым ліку і камэнданцкую гадзіну. Пасьля гэтага эканоміка гораду запаволілася.

Янгон месьціцца ў Ніжняй Бірме на зьліцьці рэкаў Янгон і Бага і за 30 км ад затоцы Маўтама. Дзякуючы свайму месцазнаходжаньню ў дэльце Іравадзі рэльеф гораду пляскаты[27].

Янгон мае трапічны мусонны клімат паводле кліматычнай клясыфікацыі Кёпэна[28]. З траўня па кастрычнік цягнеццца вільготны сэзон, падчас якога выпадае значная колькасьць ападкаў. Зь лістапада па красавік назіраецца засушлівы сэзон. У гэты час значна скарачаецца колькасьць ападкаў. У першую чаргу праз моцныя ападкі ў сэзон дажджоў Янгон аднесены да трапічнага мусоннага клімату. Цягам доўгіх гадоў сярэдняя тэмпэратура нязначна зьмяняецца між розных паравінаў. Гэтак сярэдні максымум тэмпэратуры складае ад 29 да 36 °C, а сярэдні мінімум апускаецца да 18 і 25 °С. Янгон схільны да трапічных цыклёнаў цягам усяго году. У 2008 годзе цыклён Наргіс спрычыніў шмат шкоды гораду, стаўшы найбольш разбуральным у гісторыі сталіцы.

 Кліматычныя зьвесткі для Хартуму 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 39,0 39,8 40,2 42,2 42,0 40,0 37,8 37,2 38,9 38,0 38,9 35,6 42,2
Сярэдні максымум t, °C 33,1 35,1 36,8 37,7 34,5 31,3 30,6 30,3 31,3 32,7 33,6 32,9 33,3
Сярэдняя t, °C 24,9 26,6 28,9 30,6 29,2 27,3 26,7 26,6 27,0 27,7 27,4 25,4 27,4
Сярэдні мінімум t, °C 16,6 18,1 20,9 23,5 24,0 23,2 22,8 22,8 22,8 22,7 21,1 17,9 21,4
Абсалютны мінімум t, °C 10,0 12,8 15,0 16,0 17,5 18,4 18,5 16,0 17,0 13,5 12,4 9,2 9,2
Норма ападкаў, мм 4,5 3,0 15,1 37,9 333,8 554,0 624,5 562,2 426,8 217,4 52,6 9,2 2841
Вільготнасьць, % 62 66 69 66 73 85 86 87 85 78 71 65 74
Крыніца: «World Meteorological Organization Climate Normals for 1991—2020». World Meteorological Organization, «"Klimatafel von Yangon (Rangun) / Myanmar (Birma)». Deutscher Wetterdienst.

Янгон ёсьць галоўным транспартным цэнтрам краіны, маючы паветранае спалучэньне, чыгунку і наземны транспарт.

Тэрмінал Т2 Янгонскага аэрапорту.

Янгонскі міжнародны аэрапорт, які месьціцца за 19 км ад цэнтру, ёсьць галоўным шлюзам краіны, маючы спалучэньні як з м’янмаўскімі гарадмі, гэтак і зь іншымі краінамі. У аэрапорце маюцца тры тэрміналы. Зь Янгону ладзяцца наўпроставыя рэйсы ў буйныя гарады Азіі, як то Токіё, Шанхай, Сэул, Сынгапур, Ганконг, Куала-Лумпур, Калкату і Дубай. Не зважаючы на тое, што айчынныя авіякампаніі прапануюць паслугі пералётаў у блізу сарака м’янмаўскіх гарадоў, але большасьць з гэтых рэйсаў скіравана на турыстаў. З аэрапорту можна выправіцца ў Баган, Мандалай, Гайга, Нгапалі і сталіцу Найп’іду.

Янгонскі цэнтральны чыгуначны вакзал.

Чыгунка злучае горад з усімі куткамі краіны. Выехаць на чыгункі можна з Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу. Горад таксама абслугоўвае колавая чыгунка, якая мае 39 станцыяў і цягнецца на амаль на 46 км. Гэтая сетка злучае горад з прадмесьцямі. Сыстэма звычайна выкарыстоўваецца мясцовым насельніцтвам, а штодня прадаюцца каля 150 тысяч квіткоў[29]. Папулярнасьць гэтай чыгункі падскочыла з таго часу, як урад зьнізіў субсыдыі на бэнзін у жніўні 2007 году[29]. Дзеля падтрыманьня сеткі ў належным стане, у тым ліку з набыцьцём новых вагонаў і мадэрнізацыяй лініі, дапамог урад Японіі, які ў 2917 годзе забясьпечыў фінансаваньне больш чым на 200 мільёнаў даляраў[30].

Аўтобусная сетка і самаходы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Корак на вуліцы Янгону ў сама розрух.

Янгон мае шырокую сетку аўтадарогаў, якая цягнецца амаль на 4,5 тысячы км. Аднак многія дарогі знаходзяцца ў дрэнным стане і недастаткова шырокія, каб зьмясьціць усё большую колькасьць самаходаў[31]. Пераважная большасьць жыхароў Янгона ня можа дазволіць сабе мець аўто, таму карыстаецца шырокай аўтобуснай сеткай. У горадзе абслугоўваюцца больш за 300 дзяржаўных і прыватных аўтобусных лініяў, на якіх працуюць каля 6300 аўтобусаў, перавозячы больш за 4,4 мільёнаў пасажыраў штодня[32]. Усе аўтобусы і 80% таксовак у Янгоне працуюць на звадкаваным прыродным газе, бо ўрад з 2005 году спрабуе ашчадзіць грошы на імпартную нафту[33]. Маторны транспарт у Янгоне вельмі дарагі для большасьці грамадзянаў, паколькі ўрад дазваляе штогод увозіць толькі некалькі тысячаў аўтамабіляў у краіну, насельніцтва якой сягае больш за 50 мільёнаў чалавек[34].

Тым ня менш, у краіну трапляюць і незаконна імпартаваныя аўтамабілі, якія таннейшыя прыблізна ўдвая за афіцыйна транспартаваныя самаходы. Зрэшты, выкарыстаньне аўтамабіляў у Янгоне ўзрастае, што ёсьць прыкметай росту прыбыткаў жыхароў. Гэта выклікае зьяўленьне коркаў на вуліцах Янгону, якія не прыдатныя да вялікай колькасьці самаходаў. У 2011 годзе ў Янгоне мелася каля 300 тысячаў зарэгістраваных аўтамабіляў у дадатак да невядомай колькасьці незарэгістраваных транспартных сродкаў[31].

  1. ^ http://www.demographia.com/db-worldua.pdf
  2. ^ «Burma’s new capital stages parade». BBC News.
  3. ^ Martin, Steven (30.03.2004). «Burma maintains bygone buildings». BBC News.
  4. ^ «As Myanmar Modernizes, Architectural Gems Are Endangered». NPR.
  5. ^ De Thabrew, W. Vivian (11.03.2014). «Buddhist Monuments And Temples of Myanmar And Thailand». AuthorHouse. — ISBN 9781491896228.
  6. ^ «Rapid migration and lack of cheap housing fuels Yangon slum growth». Myanmar Now.
  7. ^ Smith-Forbes, Charles James Forbes (1882). «Legendary History of Burma and Arakan». The Government Press. — С. 20.
  8. ^ Harvey, G. E. (1925). «History of Burma: From the Earliest Times to 10 March 1824». London: Frank Cass & Co. Ltd. — С. 368.
  9. ^ Pan Hla, Nai (2005) [1968]. «Razadarit Ayedawbon». Yangon: Armanthit Sarpay. — С. 54.
  10. ^ Morse, Jedidiah; Morse, Richard C. (Richard Cary); Converse, S. (1823). «A new universal gazetteer, or geographical dictionary». University of California Libraries.
  11. ^ Great Britain. India Office; Hunter, William Wilson; Cotton, James Sutherland; Burn, Richard; Meyer, William Stevenson (1907). «Imperial gazetteer of India». University of California Libraries. Oxford : Clarendon Press.
  12. ^ а б Kyaw Kyaw (2006). Frauke Krass; Hartmut Gaese; Mi Mi Kyi (eds.). «Megacity yangon: transformation processes and modern developments». Berlin: Lit Verlag. — С. 333—334. — ISBN 978-3-8258-0042-0.
  13. ^ «Burma maintains bygone buildings». BBC.
  14. ^ «Moulmein, first British capital of Myanmar, back on the tourist map». The Hindu.
  15. ^ а б «Yangon Summary Review and Analysis». Bookrags.
  16. ^ «Remembering the last Mughal emperor». BBC.
  17. ^ Falconer, John; et al. (2001). «Burmese Design & Architecture». Hong Kong: Periplus. — ISBN 978-962-593-882-0.
  18. ^ Tin Maung Maung Than (1993). «Indian Communities in south-east Asia — Some Aspects of Indians in Rangoon». Institute of south-east Asian Studies. — С. 585—587. — ISBN 9789812304186.
  19. ^ Grace, John D. (2017). «Heads of State and Government». Palgrave Macmillan UK. — С. 606. — ISBN 9781349657711.
  20. ^ Who, What, Why? (26.09.2007). «Should it be Burma or Myanmar?». BBC News.
  21. ^ «Background Note: Burma». Bureau of East Asian and Pacific Affairs, US Department of State.
  22. ^ «Third Regional EST Forum: Presentation of Myanmar». Singapore: Ministry of Transport, Myanmar.
  23. ^ Edward Blair (1.05.2006). «Beyond Rangoon». The Irrawaddy.
  24. ^ «Myanmar locks down Yangon region after record jump in COVID cases». Al Jazeera.
  25. ^ «Life in Myanmar’s Yangon after COVID and a coup». Deutsche Welle.
  26. ^ «Anti-coup mass protests take place in cities across Myanmar». Myanmar Now.
  27. ^ Murray, N.J.; Clemens, R.S.; Phinn, S.R.; Possingham, H.P.; Fuller, R.A. (2014). «Tracking the rapid loss of tidal wetlands in the Yellow Sea». Frontiers in Ecology and the Environment. 12 (5): 267—272. — doi:10.1890/130260.
  28. ^ Peel, M. C. and Finlayson, B. L. and McMahon, T. A. (2007). «Updated world map of the Köppen-Geiger climate classification». Hydrol. Earth Syst. Sci. 11 (5): 1633—1644. — doi:10.5194/hess-11-1633-2007.
  29. ^ а б Yeni (30.01.2008). «The Railway Bazaar». The Irrawaddy.
  30. ^ «Myanma Railways to upgrade circle line with Japanese loan». The Myanmar Times.
  31. ^ а б «Discussion on a 30-Year Development Plan for Yangon». Weekly Eleven.
  32. ^ Yan Naing Hein. «First private bus line in Yangon launched». The Myanmar Times.
  33. ^ Wai Moe (14.10.2008). «Rangoon Commuters Afraid of Gas Explosions». The Irrawaddy.
  34. ^ «Burmese Economy Is an Obstacle to Aid». The New York Times.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]