Базджаада
Базджаада | |
---|---|
тур. Bozcaada | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 42,63 км² |
Насельніцтва | 2 754 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 64,6 чал./км² |
Размяшчэнне | |
39°50′01″ пн. ш. 26°03′30,20″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Эгейскае мора |
Краіна | |
Іл | Чанакале |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Базджаада́ (турэцк.: Bozcaada), у мінулым Тэ́недас (грэч. Τένεδος) — востраў на поўначы Эгейскага мора. Уваходзіць у склад Турцыі. Агульная плошча - 42,63 км². Насельніцтва (2014 г.) - 2 754 чал.
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Базджаада месціцца ў паўночнай частцы Эгейскага мора ў 6 км ад заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі, у 278 км на паўднёвы захад ад Стамбула. Абрысамі нагадвае трохкутнік, найдаўжэйшы бок якога дасягае 10,36 км. Найбольшая шырыня — 5,38 км.
Востраў з'яўляецца працягам Малой Азіі. Фарміраваўся пераважна ў неагенавы перыяд. Паверхня пагорыстая, складаецца пераважна з вапнякоў, пясчанікаў, туфаў, гранітаў. Найвышэйшы пункт — гара Гёзтэпе (192 м).
Клімат мяккі міжземнаморскі. Дзякуючы сталым вятрам з боку праліва Дарданэлы паветра ахаладжаецца. Сярэдняя гадавая тэмпература +14°C. Характэрны частыя дажджы, узімку — снег. Сярэднегадавая норма ападкаў — 529 мм.
Значная частка вострава Базджаада выкарыстоўваецца для сельскай гаспадаркі. Флора прадстаўлена 437 відамі раслін, растуць макі, смалёўка, трагакант. Фаўна бедная. На сушы сустракаюцца птушкі, казуркі, вожыкі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Базджаада быў населены ў 4 тысячагоддзі да н. э. Культура старажытных жыхароў знаходзілася пад моцным ўплывам культур Малой Азіі і Кікладаў. Мяркуюць, што ў пачатку 1 тысячагоддзя тут былі калоніі фінікійцаў і эалійцаў.
Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. востраў трапіў у залежнасць ад дзяржавы Ахеменідаў. Падчас грэка-персідскіх войн яго жыхары паўсталі супраць улады персаў і былі вызвалены афінянамі. У IV ст. да н. э. уключаны ў склад імперыі Аляксандра Македонскага. Пасля яго смерці падпарадкоўваўся розным македонскім дынастыям. У 133 г. да н. э. стаў часткай старажытнарымскай дзяржавы. Рымляне выкарыстоўвалі востраў як ваенна-марскую базу ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара. Пасля распаду Рымскай імперыі ў канцы IV ст. н. э. уключаны ў склад Візантыі. У 1376 г. быў прададзены Венецыі. У 1455 г. захоплены асманамі, аднак да канца XVII ст. аспрэчваўся венецыянцамі. Туркі пабудавалі крэпасць Базджаада, што ахоўвала мясцовы порт.
Войны вымушалі мясцовае насельніцтва пакідаць востраў, таму яго колькасны і этнічны склад стала вагаўся. У пачатку XIX ст. дзве трэці жыхароў вострава складалі грэкі і толькі трэць — туркі. У 1807 г. Базджаада трапіў у аблогу аб'яднанай расійскай і брытанскай эскадры. У 1820-х гг. на востраве і ў прыбярэжных водах ішлі ваенныя дзеянні паміж туркамі і паўстанцамі-грэкамі. Яны прывялі да скарачэння насельніцтва, у полымі пажараў згарэлі лясы, што пакрывалі сушу. Аднак туркі здолелі ўтрымаць сваю уладу над востравам. У 1912 - 1922 гг. часова акупаваны Грэцыяй.
Хаця востраў Базджаада ўзгадваўся ў дагаворах аб абмене насельніцтвам паміж Грэцыяй і Турцыяй, у міжваенны перыяд грэкі складалі большасць мясцовага насельніцтва. Сітуацыя ўскладнілася пасля 1964 г., калі турэцкія ўлады зачынілі грэчаскія школы і абмежавалі зямельныя правы грэчаскіх пасяленцаў. Асноўная частка грэкаў пакінула востраў у 1970-я гг. У наш час большасць жыхароў Базджаада — туркі.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Базджаада — важны турыстычны цэнтр на захадзе Турцыі. Мясцовае насельніцтва займаецца абслугоўваннем турыстаў, гандлем. Іншыя традыцыйныя заняткі — вырошчванне вінаграду і выраб віна.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Геалогія(недаступная спасылка)
- Прырода Архівавана 17 сакавіка 2016.
- Музей
- Гісторыя Архівавана 27 сакавіка 2016.