Валахі
Вала́хі (таксама влахі, валохі) — этнаграфічны экзаэтнонім, які пазначае народы, носьбітаў усходне-раманскіх моў; назва румын і ўсяго ўсходне-раманскага насельніцтва Балканаў і Карпатаў у Сярэднявеччы, а таксама (у больш ранніх крыніцах) усяго раманскага, раманамоўнага ці раманізаванага насельніцтва Еўропы (гл. Лацінская Еўропа і Старая Раманія). На аснове валашскіх этнамоўных груп склалася сучасная нацыя румыны, якая мае свае дзяржаўныя ўтварэнні, а таксама шэраг малалікіх народнасцей Балканаў: істрарумыны, мегленарумыны, арумыны, влахі Сербіі, Ваяводзіны, Македоніі і г.д. Іншыя, яшчэ больш малалікія валашскія групы паступова асіміляваліся і ўвайшлі ў склад паўднёваславянскіх народаў.
Германскае паходжанне тэрміна
[правіць | правіць зыходнік]Тэрмін мае германскае паходжанне. Быўшы першапачаткова назвай канфедэрацыі волькаў — кельцкіх плямёнаў, якія рассяліліся ад Роны і Эбра да Баварыі і Дуная, ён затым ужываўся германцамі для абазначэння раманізаваных кельтаў, што жылі ў рымскай правінцыі Галія. Пасля V стагоддзя, ва ўмовах германскага панавання, гала-рымляне, якія насялялі Галію, атрымалі пагардлівую назву «уэльскі», тады ж з'явіліся назвы Уэльс і валоны, якія англа-саксы і юты ўжывалі для абазначэння часткова раманізаваных кельтаў Брытанскіх астравоў. Германцы, якія аселі ў былой рымскай правінцыі Рэцыя (цяпер Швейцарыя) вельшамі называлі раманскае насельніцтва з роднай франка-правансальскай мовай (гл. Рамандыя). Пазней тэрмін пракраўся ў славянскія мовы. У славянскіх мовах, а таксама ў венгерскай влахамі, влохамі ці валохамі першапачаткова зваліся ўсе раманскія народы (пар. польск.: Włochy — Італія). Візантыйцы, паўднёвыя і ўсходнія славяне звалі влахамі (грэч. Βλάχος) пастухоўскія народы Балканскага паўвострава.
Валахі ў гісторыі ўсходніх і паўднёвых славян
[правіць | правіць зыходнік]У часы Вялікага перасялення народаў жыхары Балканскага паўвострава (частка раманізаваных мёзаў разам з дакамі) асіміляваліся, стаўшы валахамі — продкамі сучаснага румынскага народа. У VI стагоддзі славяне пачалі адціскаць валахаў паміж рэк Прут і Днестр (у т.з. Бесарабіі). У IX стагоддзі частка венграў захапіла ў валахаў Трансільванію. Цеснае суседства з венграмі прывяло да з'яўлення ў мове валахаў шматлікіх венгерскіх запазычанняў.
Першае пісьмовае паведамленне пра валохаў утрымліваецца ў пачатку недатаванай часткі старажытнарускай «Аповесці мінулых гадоў»[1] (да апавяданняў пра хаджэнне апостала Андрэя, пра заснаванне Кіева і пра нашэсце обраў): «валохі напалі на славян дунайскіх, то пасяліліся сярод іх, і сталі прыгнятаць іх». З нярускіх крыніц імя «влахі» сустракаецца ў гісторыі кіравання візантыйскага імператара Аляксея Камніна (1114—1116 гг.), дзе ўтрымліваецца інфармацыя пра валохаў, якія пражывалі на паўночны ўсход ад вусця Дуная, і ў хроніцы (1118—1206 гг.) візантыйскага гісторыка Н. Ханіята. Ханіят пісаў, што ў 1164 годзе архонт Андронік Камнін, спрабуючы ўцячы ў Галіцкую Русь, быў схоплены валахамі на мяжы Галіцыі (паўночны ўсход Прута-Днястроўскага арэала). У XII стагоддзі ўдзельнічалі ў стварэнні Балгара-Валашскай дзяржавы.
У Сярэднявеччы (з VI-XVIII стст.) валахі зведалі моцны ўплыў славянскай мовы і культуры. Але адрозненні ў побыце і культуры не дазволілі валахам канчаткова асімілявацца ў славянскім асяроддзі, хоць славяна-раманскае двухмоўе дасягнула свайго апагею ў VIII-XII стагоддзях. Мітраполія Валахіі ўваходзіла ў склад Охрыдскага, а затым Тырнаўскага Патрыярхата (1234—1393) (Гл. артыкул Балгарская праваслаўная царква), з прычыны чаго ўспрыняла славянскі алфавіт і царкоўнаславянскую ў якасці літургічнай мовы. Дзяржаўнай мовай княстваў Валахія і Малдова, якія ўтварыліся ў 14 стагоддзі, была лацінская, а потым старажытнаславянская.
Валахі ў Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У 1707 годзе Пётр Вялікі прыняў на службу валошскага выхадца Апостала Кігеча, які павінен быў стаць кашталянам Валошскай Харонгві, але з прычыны таго, што влахаў для гэтага было занадта мала, то яны былі накіраваны ў слабадскія палкі, а ў 1740 годзе ім дазволена было набываць у Маларосіі нерухомасць. Пазней склаўся і асобы Валошскі корпус, камандзірам якога ў 1738 годзе прызначаны быў князь Кантэмір. У 1742 годзе было загадана было сяліць валохаў у Арэнбургскім краі, а ў 1761 годзе дазволена было прымаць валохаў у Екацярынаслаўскую губерню, якія жылі ў Польшчы.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Улахі ў Сербіі — раманамоўнае насельніцтва сучаснай Сербіі (Тымак).
- Арумыны
- Гісторыя арамунскай дзяржаўнасці
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Asterios I. Koukoudis. The Vlachs: Metropolis and Diaspora. — 2003. — ISBN 960-7760-86-7.
- Nicolae Iorga, Teodor Capidan, C. Giurescu : «Istoria Românilor»