Гудэа
Гудэа | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
𒅗𒌤𒀀 | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ур-Баба | ||||||
Пераемнік | Ур-Нінгірсу | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | XXII стагоддзе да н.э. | ||||||
Смерць | XXII стагоддзе да н.э. | ||||||
Род | Другая дынастыя Лагаша | ||||||
Жонка | Нінгалу | ||||||
Веравызнанне | месапатамская рэлігія | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гудэа (шум. 𒅗𒌤𒀀; 2144 — 2124 гг. да н. э.) — энсі (манарх) Лагаша, выбітны палітычны і культурны дзеяч старажытнага Шумера.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Пра паходжанне Гудэа дакладна не вядома. Сам ён у адным з надпісаў называў сябе тым, хто не меў маці і не меў бацькі. Ён увайшоў у кола кіруючых асоб дзякуючы шлюбу з Нінгалу, дачкой лагашскага энсі Ур-Бабы, і пасля яго смерці атрымаў уладу манарха ў спадчыну.
Палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Тытул энсі з’яўляўся традыцыйным для Лагаша. У Шумеры быў таксама вядомы тытул лугаля, відавочна тэакратычнага валадара, улада якога павінна была падцвярджацца багамі ў храме. Пазней у эпоху трэцяй дынастыі Ура тытул лугаль разглядаўся вышэйшым за энсі і належаў выключна прадстаўнікам гэтай дынастыі. Вядомы папярэдні выпадак, калі энсі Уруінімгіна, выбраны гараджанамі Лагаша, прыняў тытул лугаля праз год свайго кіравання, але пасля яго ніхто з манархаў Лагаша ім не карыстаўся. Нягледзячы на тое, што Гудэа быў надзвычай веруючым і выступаў ад імя багоў, ён таксама задаволіўся тытулам энсі і не абагаўляў сваю ўладу. Толькі пры трэцяй дынастыі Ура яго сталі называць богам Лагаша.
Час кіравання Гудэа прыпаў на дамінаванне дзяржавы гутыяў у Шумеры. Аднак у запісах энсі Лагаша яны наогул не ўзгадваюцца. Застаецца толькі меркаваць, ці падпарадкоўваўся Лагаш ваяўнічым валадарам з Загроса і якой палітыкі ў дачыненні да гутыяў прытрымліваўся Гудэа. Сам ён паведамляў толькі пра 1 ваенную кампанію супраць Элама. Для бесперабойнага будаўніцтва ён быў вымушаны падтрымліваць сувязі з далёкімі краінамі, адкуль прывозілі драўніну, медзь, срэбра, дыярыт. Відавочна, яны мелі мірны гандлёвы характар.
Унутраная палітыка Гудэа была накіравана на забеспячэнне бяспекі і справядлівасці. На клінапісных конусах у пабудаваным ім храме Нінгірсу паведамляецца, што энсі ачысціў дарогі і каналы, займаўся развіццём меліярацыі і жывёлагадоўлі, правёў амністыю, прыняў лагодныя законы і сумленна судзіў гараджан. Кіруючыя абавязкі былі размеркаваны паміж некалькімі буйнымі адміністратарамі, якія карысталіся даверам і атрымоўвалі каштоўныя падарункі ад манарха.
Гудэа называў сябе сапраўдным пастырам і пахваляўся тым, што пры яго валадарстве ўдовы атрымалі абарону ад багацеяў, жанчыны — права на частку спадчыны, ён выплаціў абавязкі і забяспечыў краіну харчам, пры гэтым «наступіў на шыю» злым і незадаволеным. Найбольш жорсткім пакараннем для «ганебных» стала выгнанне з Лагаша. Адным з важных аспектаў стала будаўнічая дзейнасць Гудэа. Ён пабудаваў і перабудаваў 15 грамадскіх храмаў, кожны з якіх атрымаў шчодрыя падараванні. Найбольшыя намаганні былі зроблены для будаўніцтва новага храма Нінгірсу.
Статуі Гудэа
[правіць | правіць зыходнік]Ад эпохі кіравання Гудэа ў Лагашы да нас дайшлі 27 статуй, выдатных прыкладаў высокага мастацтва шумерскіх майстроў канца 3 тысячагоддзя да н. э. Першыя статуі Гудэа былі знойдзены французскімі археолагамі ў 1920-я гг. у Гірсу. Да іх былі далучаны статуі з Лагаша і іншых гарадоў Шумера. Некаторыя статуі трапілі ў прыватныя і музейныя калекцыі пасля рабаўнічых раскопак марадзёраў. Не ўсе з іх захаваліся ў цэлым выглядзе. У сучаснай музейнай класіфікацыі прынята пазначэнне вядомых статуй лацінскімі літарамі ў залежнасці ад іх паходжання.
Статуі рабіліся для ўсталявання ў храмах у якасці падараванняў або павінны былі ўзносіць малітвы багам ад імя самога манарха. Большасць статуй мае сціплыя памеры, на іх зроблены клінапісныя прысвячэнні багам. Аднак адна статуя, што захоўваецца ў Луўры, дасягае 1,57 м і важыць болей за 1250 кг. Першыя невялікія статуі рабіліся з традыцыйных матэрыялаў накшталт вапняку і алебастру, але пазней для іх вырабу выкарыстоўвалі надзвычай цвёрды і важкі дыярыт, што прывозілі з далёкага Магану (магчыма, з тэрыторыі сучаснага Ірана або нават Пакістана). На адной са статуй выкарыстанне дыярыту тлумачыцца тым, што ён не каштоўны і ў той жа час неразбурны, яго можна класць у крыніцы з пітной вадой.
Відавочна, большасць статуй з’яўляюцца выявамі самога Гудэа. Звычайна ён выяўлены стоячы або седзячы ў традыцыйнай шумерскай вопратцы з пастуховым капялюшам і доўгай кашуляй. Толькі на 1 статуе вопратка нагадвае акадскую. Класічная выява паказвае Гудэа як маладога чалавека з паголенай галавой. Незалежна ад памераў формы паўтараюцца.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Довгяло, Г. История Древнего Востока / Г. И. Довгялло, О. В. Перзашкевич, А. А. Прохоров. — Минск: ТетраСистемс, 2002 ISBN 985-470-051-8
- Edzard, S. Gudea and His Dynasty / Sibylle Edzard, Dietz Otto Edzard. — Toronto, Buffalo, London: University of Toronto Press, 1997 ISBN 0-8020-4187-6