Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Караімская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Надпісы на караімскай кірыліцы, лацініцы (крымскі і трокскі дыялекты) разам з традыцыйнымі надпісамі яўрэйскім і лацінскім пісьмом.
Караімская мова
Саманазва къарай тили
karaj tili
Краіны Крым, Літва, Польшча
Афіцыйны статус Мова меншасці:
Сцяг Польшчы Польшча
Сцяг Украіны Украіна
Сцяг Расіі Расія[1][2]
Агульная колькасць носьбітаў 80 (2014)
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Алтайскія мовы

Цюркская падгаліна
Кыпчацкая група
Палавецка-кыпчацкая падгрупа
Пісьменнасць Кірыліца, Лацініца, Яўрэйскі алфавіт
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97 каи 270
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3 kdr
WALS krm
Atlas of the World’s Languages in Danger 341, 369 і 379
Ethnologue kdr
ELCat 2366
IETF kdr
Glottolog kara1464

Караі́мская мова (крымскі дыялект: къарай тили, qaray tili; Тракайскі дыялект: karaj tili, таксама вядома назва іўр.: לשון קדר лашон кеда́р — «мова качэўнікаў»)[3] — цюркская мова, якая належыць да кыпчацкай[en] групы, з уплывам іўрыту, падобна да ідыш ці юда-іспанскай[4]. На ёй размаўляюць толькі некалькі дзясяткаў крымскіх караімаў (Qrimqaraylar) у Літве, Польшчы, Крыме і Галіцыі ва Украіне[5]. Тры асноўныя дыялекты: крымскі, тракайска-віленскі і луцка-галіцкі[6], усе яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення. На літоўскім караімскім дыялекце размаўляюць у асноўным у горадзе Тракай невялікай супольнасцю, якая жыве там з XIV стагоддзя.

Ёсць шанц захавання мовы ў Троках дзякуючы афіцыйнай падтрымцы і прывабнасці для турыстаў, якія прыязджаюць на Тракайскі востраў, дзе крымскія караімы прадстаўлены як старажытныя абаронцы замка[7].

Крымскія караімы ў традыцыйных касцюмах. Ілюстрацыя 1837 г.

Паходжанне караімаў, якія жывуць у Крыме, выклікае шмат спрэчак і супярэчнасцяў. Цяжкасці ў аднаўленні іх гісторыі вынікаюць з недахопу дакументаў, якія адносяцца да гэтага народа. Большая частка вядомай гісторыі сабрана з перапіскі паміж караімамі і іншым насельніцтвам у XVII—XIX стагоддзях.[8] Больш таго, вялікая колькасць дакументаў, якія адносяцца да караімскага насельніцтва Крыма, была спалена падчас расійскага ўварвання ў сталіцу татарскага ханства Бахчысарай у 1736 годзе.[8]

Некаторыя навукоўцы кажуць, што караімы ў Крыме з’яўляюцца нашчадкамі караімскіх[en] купцоў, якія перасяліліся ў Крым з Візантыйскай імперыі[9]. У адным канкрэтным выпадку міграцыя караімаў з Канстанцінопаля ў Крым задакументавана пасля пажару ў яўрэйскім квартале ў 1203 годзе.[10] Пасля цюрка-мангольскіх нашэсцяў пасяленне купцоў у Крым магло быць заахвочана ў XIII і XIV стагоддзях актыўнымі гандлёвымі шляхамі з Крыма ў Кітай і Цэнтральную Азію[9].

Аўраам Фірковіч[en].

З іншага боку, некаторыя навукоўцы лічаць караімаў «нашчадкамі хазарскіх, а потым і палавецкіх плямёнаў», якія перайшлі ў караімізм[en][11], але даная тэорыя моцна крытыкуецца і лічыцца размытай[12]. Кевін Алан Брук лічыў сувязь з хазарамі гістарычна недакладнай і непраўдападобнай, адначасова сцвярджаючы, што талмудысцкія яўрэі (асабліва ашкеназы) — сапраўдныя захавальнікі хазарскай спадчыны[13]. Абгрунтаванне хазарскай тэорыі ў Расійскай Імперыі можна тлумачыць даволі смелымі выказваннямі караімскага даследчыка А. Фірковіча, якія публікаваліся ў аўтарытэтных крыніцах. У XX стагоддзі яны стварылі моцную базу для развіцця хазарскай тэорыі, якая ўзмацнялася савецкай палітычнай кан’юнктурай і барацьбой за гістарычную самастойнасць караімскага народа. Можна лічыць кансэнсуснай тэорыю аб тым, што аснову караімскага народа склаў ветхазаветны народ караімаў, які адасобіўся ад яўрэйскага і пазней культурна і рэлігійна змяшаўся з цюркскімі народамі, у прыватнасці хазарамі.[12][14]

Трэцяя гіпотэза абвяшчае, што караімы з’яўляюцца нашчадкамі ізраільскіх плямёнаў з часоў першага выгнання асірыйскім царом Сарганам II (720-я гг. да н.э.). Караімскі вучоны Аўраам Фірковіч[en] сабраў перад рускім царом дакументы на карысць гэтай тэорыі. Ён лічыў, што ізраільцяне з Асірыі пайшлі на Паўночны Каўказ, а адтуль з дазволу асірыйскага цара на Крымскі паўвостраў. Ён таксама сцвярджаў, што знайшоў надмагілле Іцхака ха-Сангары і яго жонкі, якія, як ён сцвярджаў, былі караімамі. Спрэчна, ці сфальсіфікаваў Фірковіч некаторыя з надмагільных надпісаў і рукапісаў.[15]

Наконт паходжання караімаў у Літве таксама пакуль няма поўнага кансэнсусу паміж навукоўцамі. Паводле падання літоўскіх караімаў, яны прыйшлі з Крыма ў 1392 годзе, калі вялікі князь літоўскі Вітаўт аб’яднаўся з Тахтамышам супраць татараў Белай Арды і перасяліў 330 караімскіх сем’яў у Літву[9]. Нягледзячы на лінгвістычную абгрунтаванасць і адпаведнасць з традыцыяй беларускіх татараў, якія сцвярджаюць, што яны паходзяць з разваленай Залатой Арды[16], некаторыя сучасныя гісторыкі сумняваюцца ў гэтым меркаванні[17][3]. Тым не менш, караімы сяліліся пераважна ў Вільні і Троках, захоўваючы сваю татарскую мову; існавалі таксама дробныя паселішчы ў Біржах, Пасвалісе, Наўямясцісе і Упыце. Нягледзячы на гісторыю XVI і XVII стагоддзяў, якая ўключала хваробы, голад і пагромы, Літва была крыху менш закранута такімі ўзрушэннямі, чым навакольныя тэрыторыі. У выніку літоўскія караімы адчувалі адносную стабільнасць у тыя гады і заставаліся ў ізаляцыі, захоўваючы цюркскую мову, не адмаўляючыся ад яе на карысць мясцовых[18].

Нягледзячы на даволі доўгую гісторыю, караімская мова была дададзена ў класіфікацыйную схему толькі ў XX стагоддзі, а самі караімы называлі сваю мову «татарскай» (лешон татар), маючы на ўвазе роднасць з крымскататарскай мовай. Упершыню ў друку назва «мова Кедар» (мова качэўнікаў, цюркаў) з’явілася ў 1838 годзе ў падручніку старажытнаяўрэйскай мовы, «Агульная граматыка на мове Кедар у пытаннях і адказах», выданым у Еўпаторыі. У 1841 годзе выходзіць пераклад Свяшчэннага Пісання на «татарскую мову». У перыядычным друку XIX — пачатку XX стагоддзя мова караімаў называлася «навязаным ім [караімам] татарскім уладараннем», аднак у 1911 годзе паралельна з гэтым з’яўляюцца сведчанні аб тым, як караімы Літвы пачынаюць называць сваю мову «караімскай».

Ужо ў 1920-х гадах ў навуковай літаратуры замацоўваецца тэрмін «караімская мова», але спачатку ён адносіўся толькі да мовы заходніх караімаў. Адносна крымскіх караімаў упершыню гэты тэрмін выкарыстоўваецца У. А. Гардлеўскім[ru] у 1928 годзе, прытым ён адзначыў, што сучасная яму мова крымскіх караімаў мала адрознівалася ад крымскататарскай мовы, і большую зацікаўленасць прыцягвалі старажытныя рукапісы, мова якіх збліжалася з мовай заходніх караімаў.

У пачатку XX стагоддзя сярод караімаў ішлі дыскусіі аб тым, якая мова для караімаў з’яўляецца роднай і ці з’яўляецца іх цюркская мова «навязанай» крымскімі татарамі. Бліжэй да сярэдзіны XX стагоддзя караімскія інтэлектуалы пачынаюць лічыць сваю мову не толькі роднай, але і асобнай. У 1957 годзе савецкі цюрколаг М. А. Баскакаў[ru] упершыню мовай караімаў прызнае караімскую, але пытанне аб далучэнні мовы караімаў Крыма заставалася адкрытым. Далучэнне крымскага дыялекту да караімскай мовы адбывалася з канца 1950-х гадоў у Вялікай савецкай энцыклапедыі і паступова падмацоўвалася працамі савецкіх даследчыкаў. У той жа час, статус крымскага дыялекту ўсё яшчэ аспрэчваецца некаторымі сучаснымі даследчыкамі.[19]

Родавая прыналежнасць караімскай мовы

[правіць | правіць зыходнік]

Караімская з’яўляецца часткай цюркскай моўнай сям’і, групы моў Еўразіі, на якіх размаўляюць гістарычна качавыя народы. У межах цюркскай сям’і караімскія мовы ідэнтыфікуюцца як члены кыпчакскай групы моў[uk], якая ў сваю чаргу ўваходзіць у заходнюю галіну цюркскай моўнай сям’і[20].[21] У заходняй галіне караімы ўваходзяць у панта-каспійскае падсямейства[22]. Да дадзенай моўнай падсям’і адносяцца таксама крымскататарская мова Украіны і Узбекістана, а таксама карачаева-балкарская[en] і кумыцкая[ru] мовы Расіі. Блізкае дачыненне караімаў да кыпчакоў і крымскіх татар мае сэнс у святле паходжання літоўскага караімскага народа з Крыма.

Як і ва ўсіх цюркскіх мовах, караімская граматыка характарызуецца аглюцінацыяй і гармоніяй галосных. Генетычныя доказы ўключэння караімскай мовы ў цюркскую моўную сям’ю бясспрэчныя, заснаваныя на агульным слоўнікавым запасе і граматыцы. У караімаў гістарычна склаўся парадак слоў суб’ект — аб’ект — дзеяслоў, шырокая суфіксальная аглюцінацыя, наяўнасць гармоніі галосных і адсутнасць роду ў назоўнікаў. Літоўскія караімы захавалі большасць гэтых цюркскіх асаблівасцей, нягледзячы на сваю больш чым шасцісотгадовую гісторыю ў асяроддзі літоўскай, беларускай, рускай і польскай моў.

Большая частка рэлігійнай тэрміналогіі ў караімскай мове з’яўляецца арабскай па этымалогіі, што сведчыць аб паходжанні культуры з Блізкага Усходу[23]. Арабская і персідская мовы аказалі самы ранні ўплыў на лексікон караімаў, у той час як пазней у сваёй гісторыі мова караімаў атрымала значны лексічны ўклад ад рускай, украінскай і польскай моў, якія атачалі іх у Расіі, Украіне, Польшчы і Літве.

Становішча мовы

[правіць | правіць зыходнік]
Караімскі дом у Троках. Адметнай рысай дома з’яўляюцца 3 акны на першым паверсе: адно для бога, адно для князя і адно для гаспадара.

Распаўсюджанне носьбітаў караімскай мовы

[правіць | правіць зыходнік]

Носьбіты караімскай мовы жывуць у Крыме[21], Літве[21], Польшчы[21], Ізраілі[24] і ЗША[24]. У Літве засталося толькі каля 200 караімаў, і толькі чвэрць з іх добра размаўляюць на караімскай мове[25].

Караімскую падзяляюць на тры дыялекты. Усходні або крымскі дыялект з’яўляецца адзіным ацалелым прыкладам кыпчацкіх гаворак Крыма[6]. На паўночна-заходнім дыялекце, які таксама называюць тракайскім, размаўляюць у Літве, пераважна ў гарадах Тракай і Вільнюс. Паўднёва-заходні дыялект, таксама вядомы як луцкі або галіцкі дыялект, на якім размаўляюць ва Украіне, амаль вымер: па стане на 2001 год, было толькі шэсць носьбітаў у адным горадзе[25]. Крымскія караімскія гаворкі адносяць да «ўсходняй групы», а тракайскія і луцкія гаворкі — да «заходняй».

Моўныя кантакты

[правіць | правіць зыходнік]

За сваю доўгую і складаную гісторыю караімская мова мела шмат кантактаў. Карані ідыёму, магчыма, знаходзяцца на тэрыторыі цяперашняга Ірака, дзе народ караімаў аформіўся ў асобную рэлігійную групу, адасобленую ад іўдзеяў[12]. Пазней, пасля перасялення, на караімскай мове размаўлялі ў Крыме падчас праўлення Асманскай імперыі, таму, напэўна, мова доўга кантактавала з турэцкай, далёкароднаснай у цюркскай моўнай сям’і. Нарэшце, караімская мова суіснавала з літоўскай, польскай, беларускай, украінскай і рускай мовамі як мова меншасці ў іншых рэгіёнах, дзе караімы жылі і мусілі размаўляць на мовах дамінантнай большасці.

Носьбіты караімскай мовы дэманструюць моцную тэндэнцыю да капіравання моўных кодаў[25]. Капіраванне адрозніваецца ад пераключэння кодаў тым, што носьбіты не проста пераключаюцца з адной мовы на іншую, але фактычна пераносяць лексічныя адзінкі і граматычныя асаблівасці з адной мовы на другую ў працэсах, якія могуць існаваць толькі для асобных выпадкаў, або якія могуць мець нашмат больш працяглы ўплыў на тыпалогію мовы[25]. Шырокае капіраванне кодаў сведчыць як пра пастаяннае змяншэнне носьбітаў караімскай мовы (што прыводзіць да недастатковай колькасці караімскай лексікі і высокай частаты запазычанняў з рускай, польскай і царкоўнаславянскай моў), так і пра высокі ўзровень моўных кантактаў у рэгіёнах, дзе караімская мова знаходзіцца ва ўжытку[21].

Праз вельмі малую колькасць носьбітаў караімскай мовы і шматмоўнасць у Літве караімы ў гэтай дзяржаве дужа шматмоўныя. Носьбіты караімскай таксама размаўляюць на дамінуючых мовах сваёй мясцовасці, уключаючы літоўскую, польскую і рускую. Некаторыя таксама валодаюць іўрытам у межах релігійнага абыходку[25]. Шматмоўе з’яўляецца неабходнасцю для носьбітаў караімскай, бо без іншых моў большасць не змагла б нават гутарыць з сваймі сямейнікамі[25].

Дыялекталогія

[правіць | правіць зыходнік]

Амелян Прыцак[uk] у 1959 годзе разгледзеў цюркскія разнавіднасці караімскай супольнасці як дыялекты караімскай мовы і адрозніў:[26]

  • паўночна-заходні або тракайскі (літоўскіх або тракайскіх караімаў),
  • паўднёва-заходні або галіцка-луцкі (галіцкіх караімаў),
  • ўсходні або крымскі (крымскіх караімаў).

Нягледзячы на агульную рэлігійную, гістарычную, культурную традыцыю, і лінгвістычную роднаснасць гаворак, іх карыстальнікі вымушаны прыбягаць у дачыненнях між супольнасцямі да рускай ці польскай мовы. Сучасныя адрозненні часткова звязаны з іх развіццём з розных кыпчацкіх зводаў, а часткова абумоўлены розным моўным асяроддзем, якое паўплывала на іх пазнейшае развіццё.[21]

Існуе меркаванне аб тым, што крымскі дыялект вымер у канцы XVII стагоддзя і ранейшыя караімскія гаворкі з’яўляюцца часткай крымскататарскай мовы[27]. Некаторыя даследчыкі прылічваюць гаворкі крымскіх караімаў, а часамі і крымчацкую мову да агульнага этналекту крымскататарскай[19]. У той жа час, тэрмін «крымскі дыялект караімскай мовы» можна часта сустрэць у сучаснай літаратуры[28].

Розніца паміж галіцкім і тракайскім дыялектамі[29]
Беларуская мова Галіцкі дыялект Тракайскі дыялект
тры üč ic
сумны ačy džanły acy dzanły
мне maja mana
чаму ńe üč'uń nege ~ neγe
салдат javan javcy

Сістэма пісьма

[правіць | правіць зыходнік]
Старонка з караімскага малітоўніка (Сідур) з Вільні, Літва 1892 г.
Вокладка часопіса «Karaj Awazy» (Голас караіма), які пісаўся польскім алфавітам на луцкім дыялекце, 1938 г.

Традыцыйная пісьменнасць караімаў яўрэйскім пісьмом выкарыстоўвалася да XX стагоддзя. У многіх караімскіх сем’ях захаваліся рукапісныя зборнікі тэкстаў рознага зместу яўрэйскім пісьмом, які называецца miedžuma. Караімская мова таксама была абаронена праз пераклад рэлігійных твораў, такіх як Біблія.[21] На працягу ХХ стагоддзя караімскія супольнасці таксама карысталіся рознымі мадыфікацыямі лацінкі (яналіфскага[en], літоўскага і польскага алфавітаў) і кірыліцы.[6]

Латынізаваны алфавіт караімаў Крыма (яналіф[en], 1920-1930-я гады)[30]

A a B ʙ C c Ç ç D d E e F f G g
H h I i J j Q q Ƣ ƣ L l M m N n
Ꞑ ꞑ O o Ɵ ɵ P p S s Ş ş Ь ь K k
U u V v Y y R r T t X x Z z Ƶ ƶ

Сучасны алфавіт

[правіць | правіць зыходнік]

У Літве і Польшчы для пісьма на караімскай мове выкарыстоўваецца зменены лацінскі алфавіт, а ў Крыме і ва Украіне — кірыліца. З XVII да XIX стагоддзя выкарыстоўваліся яўрэйскія літары.[6]

Кірылічны алфавіт караімаў Крыма

А а Б б В в Г г Гъ гъ Д д Дж дж Е е
Ж ж З з И и Й й К к Къ къ Л л М м
Н н Нъ нъ О о Ӧ ӧ П п Р р С с Т т
У у Ӱ ӱ Ф ф Х х Хъ хъ Ц ц Ч ч Ш ш
Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь Э э Ю ю Я я
  • Літары Е, Ю і Я ўжываюцца толькі пасля Л як паказчык мяккасці
  • Літары Ж і Ц выкарыстоўваюцца толькі ў рускіх запазычаннях

Лацінізаваны алфавіт караімаў Літвы

A a B b C c Ch ch Č č D d Ď ď Dž dž
E e Ė ė F f G g H h I i Y y J j
K k L l Ľ ľ M m N n Ń ń O o Ö ö
P p R r S s Ś ś Š š T t Ť ť U u
Ü ü V v Z z Ž ž Ź ź

Лексіка караімскай мовы складаецца з наступных пластоў:[31]

Ёсць сведчанні аб моўным пурызме ў XX стагоддзі. Так, Серая Шапшал[ru], заняўшы пост гахама Польшчы, правёў шэраг рэформ, адна з якіх была скіравана на цюркізацыю караімаў і пазбаўленне ад іўдзейскага ўплыву. Некаторыя словы яўрэйскага паходжання былі заменены на цюркскі лад (як, напрыклад перайменаванне пасады «хахам» у «гахам»).[34]

Славянскі ўплыў

[правіць | правіць зыходнік]

Многія даследчыкі кажуць аб тым, што славянскія элементы ў караімскіх дыялектах звычайна маюць рэгіянальны характар:[27][6]

  • уплыў рускай мовы на крымскі дыялект;
  • уплыў украінскай, рускай і польскай моў на галіцкі дыялект;
  • уплыў беларускай і польскай моў на тракайскі дыялект.

Пры разглядзе моўных кантактаў караімскай са славянскімі мовамі высвятляецца, што яна паказвае вялікую здольнасць да рэлексіфікацыі[en] і рэкалібравання. Так, слова «шахматы» трапіла ў караімскую мову ў адаптаваным выглядзе šachlar з суфіксам -lar для азначэння множнага ліку. Прыкладам рэкалібравання можа быць jérdégi (бульба) ад jér (зямля), якое ўтварылася па польскай мадэлі ад слова польск.: ziemniak, або складанае ўтварэнне jér isi (земляробства) ад jér (зямля) + isi (працаваць).[6]

Інвентар зычных

[правіць | правіць зыходнік]
Губныя Альвеалярныя Постальвеалярныя Паднябенныя Велярныя Увулярныя
Насавыя m n
Выбухныя глухі p t k
звонкі b d ɡ
Фрыкатыўныя глухі f s ʃ ⟨ š ⟩ χ ⟨ ch ⟩
звонкі v z ʒ ⟨ ž ⟩ ʁ ⟨ ч ⟩
Апраксіманты w ⟨ ты ⟩ r j

Інвентар галосных

[правіць | правіць зыходнік]
Пярэднія Заднія
неагубленыя агубленыя неагубленыя агубленыя
Верхнія i y ⟨ ü ⟩ ɯ ⟨ y ⟩ u
Сярэднія e ø ⟨ ö ⟩ o
Ніжнія ɑ ⟨ a ⟩

У той час як у большасці моў цюркскай сям’і назіраецца палатальная гармонія галосных, у трокскай караімскай мове назіраецца гармонія ў палаталізацыі зычных. Такім чынам, у любым слове можна знайсці толькі палаталізаваныя або толькі непалаталізаваныя зычныя[29]. Палаталізаваныя зычныя ўзнікаюць пры наяўнасці пярэдніх галосных, а непалаталізаваныя зычныя — пры наяўнасці задніх. Як і ў большасці цюркскіх моў, практычна ўсе зычныя ў караімскай мове існуюць як у палаталізаванай, так і ў непалаталізаванай формах, што можа быць яшчэ адным доказам іх генетычнага сваяцтва[35]. Аднак трэба быць асцярожнымі ў такіх меркаваннях, улічваючы, што караімы кантактавалі з ліпкаўскай татарскай мовай у Літве на працягу сотняў гадоў.

Караімская таксама дэманструе гармонію галосных, у выніку якой суфіксальныя галосныя (пярэднія або заднія) гарманіруюць з галоснымі ў аснове слова[23].

Караімская марфалогія суфіксальная і моцна аглюцініруючая. У караімскай мове адсутнічаюць прэфіксы, але выкарыстоўваюцца паслялогі. Назоўнікі скланяюцца па сямі склонах (назоўны, родны, давальны, вінавальны, аблятыўны, месны склон і інструментальны, які з’яўляецца рэдкім для іншых цюркскіх моў). Прыкметнай асаблівасцю спражэння дзеясловаў у караімскай мове з’яўляецца магчымасць скарочаных формаў.

дзеяслоў [ał], «браць»:[29][36]
Доўгая форма Кароткая форма
1-я асоба адз. лік ał-a-myn ał-a-m
мн. лік ał-a-byz
2-я асоба адз. лік ał-a-syn ał-a-s
мн. лік ał-a-syz
3-я асоба адз. лік ał-a-dyr ał-a-d ~ ał-a-dy
мн. лік ał-dyr-łar ał-d-łar ~ ał-dy-łar

Гістарычна караімы мелі тыпова цюркскі парадак слоў SOV. Тым не менш, здаецца, што караімская мова набыла крыху больш свабодны парадак слоў з-за шырокіх сітуацый моўнага кантакту і ў цяперашні час аддае перавагу канструкцыям SVO[en][25]. З-за аглюцінатыўнага характару караімскай марфалогіі займеннікавыя дзейнікі часта апускаюцца, паколькі тая ж інфармацыя ўжо прадстаўлена ў флексіі галоўнага дзеяслова. Вяршыня сінтаксічнай структуры ў караімскай звычайна знаходзіцца ў канцы (head-final), а таксама ў ёй выкарыстоўваюцца паслялогі.

Караімскі сінтаксіс дэманструе шматлікія выпадкі капіравання кодаў (code-copying), у выніку чаго караімская насычаецца сінтаксічнымі ўласцівасцямі іншых моў у асобным рэгіёне з-за моцнага моўнага кантакту. Уздзеянне такога моўнага кантакту праяўляецца таксама ў караімскай лексіцы, якая мае шырокія запазычанні[23]. У апошнія часы значныя запазычанні таксама з’яўляюцца рэпрэзентацыяй недахопаў у лексіконе[20].

Большасць[37] дыялектаў караімскай мовы цяпер часта апісваюцца як вымершыя. Захаванне караімскай мовы ў Літве цяпер знаходзіцца пад пагрозай з-за рассейвання носьбітаў караімскай мовы падчас савецкага рэжыму пасля Другой сусветнай вайны, вельмі невялікай колькасці носьбітаў і сталага ўзросту тых, хто свабодна размаўляе на мове[25]. Дзеці і ўнукі носьбітаў караімскай мовы размаўляюць па-літоўску, па-польску ці па-руску, і толькі старэйшае пакаленне размаўляе на караімскай мове.

На богаслужэннях у кенасах у Тракаі або ў Вільнюсе чытаюцца малітвы на караімскай мове, але малітвенная мова даволі моцна адрозніваецца ад гутарковай[38].

Вывучэнне і выкладанне караімскай мовы

[правіць | правіць зыходнік]

У Троках пры падтрымцы Кёльнскага ўніверсітэта і Упсальскага ўніверсітэта з 2003 года праводзіцца летняя школа па вывучэнні тракайскага дыялекту караімскай мовы.[39][40][41]. Ева Чато Ёхансан, Дэвід Натан і Карына Фіркавічутэ пры падтрымцы ЮНЕСКА[42] распрацавалі мультымедыйны дапаможнік па вывучэнні мовы — «Spoken Karaim»[43]. Аснову гэтага праекта складае корпус высакаякасных лічбавых аўдыёзапісаў, а таксама відэакліпаў з удзелам носьбітаў караімскай мовы. На аснове гэтага корпуса распрацавана транскрыцпія, слоўнік, канкарданс і граматыка[44].

У 2006 годзе караімская мова была прызнана адной з 16 рэгіянальных моў Украіны[uk], дзе 72 чалавекі пазначылі яе ў якасці роднай.[45]

У Крымскім інжынерна-педагагічным універсітэце[ru] на кафедры крымскататарскай літаратуры праводзіліся параўнальныя даследаванні крымскататарскай і караімскай моў[46][47]. Разглядалася пытанне аб штатным выкладанні караімскай мовы ва ўніверсітэце. Асацыяцыя крымскіх караімаў «Крымкарайлар» арганізавала 3 нядзельныя школы, у якіх 25 вучняў вывучаюць караімскую мову, гісторыю і культуру. З 2011 года факультатыў па вывучэнні караімскай мовы арганізаваны і ў Еўпаторыі[48]. У Мелітопалі Соф’я Геліеўна Ялпачык выкладае дзецям крымскі дыялект караімскай мовы.

У 2011 годзе ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў, Польшча) Міхал Немет[ru][49], сваяк выбітнага караімскага пісьменніка і драматурга Сергіуша Рудкоўскага[ru], абараніў дысертацыю па караімскай літаратуры на луцка-галіцкім дыялекце[50]. Ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані старшы навуковы супрацоўнік Генрык Янкоўскі[pl] кіруе вывучэннем караімскай мовы. У 2022 годзе ён жа выкладае караімскую мову слухачам Школы рэдкіх яўрэйскіх моў Оксфарда. Працягваецца рэпублікацыя мастацкіх твораў выдатнага асветніка і філолага Аляксандра Мардковіча[ru] на луцкім дыялекце караімскай мовы з даваеннага часопіса Karaj Awazy[ru].

  1. Law of Ukraine "On Principles of State Language Policy"). Document 5029-17, Article 7: Regional or minority languages Ukraine, Paragraph 2. Verkhovna Rada (1 лютага 2014). Праверана 30 April 2014.
  2. To which languages does the Charter apply?. European Charter for Regional or Minority Languages. Council of Europe. Архівавана з першакрыніцы 27 снежня 2013. Праверана 3 красавіка 2014.
  3. а б Schegoleva 2011.
  4. Wexler, P. (1983). "Is Karaite a Jewish language?". Mediterranean Language Review. 1: 27–54. JSTOR 10.13173/medilangrevi.1.1983.0027.
  5. Brook, K.A. (2014). "The Genetics of Crimean Karaites". Karadenīz araştırmaları. 11 (42): 69–84.
  6. а б в г д е ё Wexler 1980.
  7. Napora 2018.
  8. а б Akhiezer 2003.
  9. а б в Schur 1995.
  10. Tsoffar 2006.
  11. International Institute of the Crimean Karaites(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 сакавіка 2007. Праверана 26 красавіка 2023.
  12. а б в PIOTR LUCZYS, KRZYSZTOF RATAJ KARAIMS: THE IDENTITY QUESTION(англ.) // PRZEGLĄD ZACHODNI. — Poznań: INSTITUTE FOR WESTERN AFFAIRS, 2014. — № 2.
  13. Brook 2006.
  14. Хазарская теория происхождения караимов Российской империи в трудах некараимских исследователей середины XIX – начала XX вв.. cyberleninka.ru. Праверана 24 верасня 2023.
  15. Walfish, Barry Dov; Kizilov, Mikhail (2010). Bibliographia Karaitica: an Annotated bibliography of Karaites and Karaism. Karaite Texts and Studies. Brill. p. 198. ISBN 978-9004189270.
  16. Szewczyk, Justyna. Polish heirs of Tokhtamysh. Hurriyet Daily News and Economic Review (4 снежня 2009). Архівавана з першакрыніцы December 12, 2009.
  17. Ahiezer, Golda; Shapira, Dan (2001). קראים בליטא ובווהלין-גליציה עד המאה הי"ח [Karaites in Lithuania and in Volhynia-Galicia until the Eighteenth Century]. Pe'amim: Studies in Oriental Jewry(іўр.). 89 (89): 19–60. JSTOR 23429121.
  18. Tütüncü & Bowman 1998.
  19. а б От «Татарского» языка к крымскому диалекту караимского языка: к проблеме идентификации разговорного языка крымских караимов. cyberleninka.ru. Праверана 25 верасня 2023.
  20. а б Dahl & Koptjevskaja-Tamm 2001.
  21. а б в г д е ё Csató 2012.
  22. Gordon, Raymond G., Jr. (ed.), 2005. Ethnologue: Languages of the World, Fifteenth edition. Dallas, Tex.: SIL International. Online version: http://www.ethnologue.com.
  23. а б в г Zajaczkowski 1961.
  24. а б Kizilov 2009.
  25. а б в г д е ё ж Csató 2001.
  26. Альтэрнатыўныя назвы падаюцца згодна з От «Татарского» языка к крымскому диалекту караимского языка:к проблеме идентификации разговорного языка крымских караимов. cyberleninka.ru. Праверана 25 верасня 2023.
  27. а б караимский язык (руск.). Электронная еврейская энциклопедия ОРТ. Праверана 18 кастрычніка 2023.
  28. Ялпачик 2004.
  29. а б в Németh 2003.
  30. J. Şamaş (1929). Qrьmda qaraim вalalarь ycyn ana tilinde alefвet ve oquv kitaвь.
  31. Dorota Cegiołka (formerly Smętek) Some lexical and phonological features of the language of a Crimean Karaim Bible translation // Türk Dilleri Araştırmaları. — 2016-01-01.
  32. Matyáš Foltýn Foreign lexical items in the lexicon of the Karaim language(англ.) // Poznań Linguistic Meeting. — Brno, CZ: Masaryk University, 2023.
  33. Eva Agnes Csato. Karaim: A high-copying language (англ.). Mouton de Gruyter (6 лістапада 2002).
  34. Ахиезер Г. Потерянные колена, фарисеи и потомки хазар. Истоки современной караимской идентичности в Восточной Европе // Лехаім  (руск.) : часопіс. — М.: 2007. — В. 180. — № 4. — С. 43—47.
  35. Hansson 2007.
  36. Csató 2002.
  37. Dryga, İryna M. (2016). "International Research Collaboration on Documentation and Revitalization of Endangered Turkic Languages in Ukraine: Crimean Tatar, Gagauz, Karaim, Qrymchak and Urum Experience". In Korkmaz, Ramazan; Doğan, Gürkan (рэд-ры). Endangered languages of the Caucasus and beyond. Leiden: Brill. pp. 51–59. doi:10.1163/9789004328693_005. ISBN 978-90-04-32869-3. OCLC 962065278.
  38. В самом сердце Европы всё ещё живёт исчезающий тюркский язык (руск.). Global Voices по-русски (14 снежня 2020). Праверана 24 верасня 2023.
  39. European Karaims ‘occupied’ TrakaiThe Lithuania Tribune. Архівавана з першакрыніцы 19 снежня 2013. Праверана 24 верасня 2023.
  40. Школа Караимского Языка. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2013. Праверана 19 снежня 2013.
  41. Григулевич Н. И., Петров-Дубинский О. В. Летняя школа караимского языка // Этнографическое обозрение. — М.: РАН, 2011. — № 3. — С. 163—169. — ISSN 0869-5415.
  42. Spoken Karaim (CD-ROM); 2003. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2013. Праверана 19 снежня 2013.
  43. Csató. Éva Á. and David Nathan 2004. Multimedia and the documentation of endangered languages. In Peter K. Austin (ed.) Language documentation and description, Vol. 1, 73-84. London: School of Oriental and African Studies.
  44. Csató. Éva Á. and David Nathan [with Karina Firkavičiutė] 2004. Spoken Karaim (version So1) [Interactive multimedia CD-ROM]
  45. Всеукраинская перепись населения 2001 Распределение населения по национальности и родному языку. Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2013. Праверана 4 кастрычніка 2012.
  46. Будник Н. В. ПРОБЛЕМЫ ИЗУЧЕНИЯ ФОЛЬКЛОРНЫХ ПРОИЗВЕДЕНИЙ КРЫМСКИХ КАРАИМОВ
  47. Крымское агентство новостей(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2014. Праверана 18 верасня 2014.
  48. Друга періодична доповідь України про виконання Європейської хартії регіональних мов або мов меншин(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 снежня 2013. Праверана 24 верасня 2023.
  49. Németh, Michał A different look at the Lutsk Karaim sound system (from the second half of the 19th century on)(англ.) // Studia Linguistica Universitatis Iagellonicae Cracoviensis. — 2011. — January — Т. 128. — С. 69–101. — ISSN 1897-1059. — DOI:10.2478/v10148-011-0016-2 Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2018.
  50. Michał Németh | Jagiellonian University - Academia.edu. jagiellonian.academia.edu. Праверана 19 кастрычніка 2023.
Wikimedia Incubator
Wikimedia Incubator