Малдаўскае княства
Гістарычная дзяржава | |||||
Малдаўскае княства | |||||
---|---|---|---|---|---|
с.-бел. Молдославия малд. Цара Молдовей | |||||
|
|||||
|
|||||
|
|||||
Сталіца |
Сірэт (1359—1385) Сучава (1385—1572) Ясы (1572—1861) |
||||
Мова(ы) |
стараславянская, заходнеруская, малдаўская (пачынаючы з 17 стагоддзя)[1] |
||||
Афіцыйная мова | румынская[2], влаха-малдаўскі ізвод царкоўнаславянскай мовы[d][3] і грэчаская мова[4] | ||||
Рэлігія | праваслаўе | ||||
Грашовая адзінка | талер | ||||
Форма кіравання | манархія | ||||
Гісторыя | |||||
• 1352 | Васал Венгрыі | ||||
• 1359 | Незалежнае княства | ||||
• 1456 | Васал Турцыі | ||||
• 1812 | Далучэнне Бесарабіі да Расіі | ||||
• 1861 | Аб'яднанне Румыніі | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Малдаўскае княства — феадальная дзяржава ў басейнах рэк Сірэт, Прут, Днестр у 1359—1861 гадах. Яна ўзнікла як васал Венгерскага каралеўства, затым па чарзе васал Польшчы і Венгрыі, з 1513 — Асманскай імперыі. У 1859—1861 разам з Валахіяй утварыла сучасную Румынскую дзяржаву. У польскіх і беларуска-літоўскіх крыніцах вядомая як «Валошскае ваяводства», «Валошчына».
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ужо пры «первых господарех воевод волоских и князей литовских… они мели межи собою братство и прыятельство и мир». У выніку разгрому татараў у бітве каля Сініх вод (1363) да Малдаўскага княства далучаныя вялікія тэрыторыі да нізоўя Дуная і Чорнага мора. Пасля спынення першай княжацкай дынастыі малдаўскія баяры запрасілі на прастол літоўскага князя Юрыя Карыятавіча (1374), які ў тым жа годзе быў атручаны. Пасля падпісання Крэўскай уніі (1385) Ягайла пры падтрымцы Вітаўта ўстанавіў над Малдаўскім княствам сюзерэнітэт Польшчы. Пазней Малдаўскае княства падтрымала барацьбу Вітаўта супраць вынікаў уніі (у 1391 створаны саюз Вітаўта, малдаўскага ваяводы Рамана і маскоўскага вялікага князя Васіля I). У 1399 Малдоўскае княства выступіла саюзнікам Вітаўта ў бітве на Ворскле. З канца XIV стагоддзя ва ўнутрымалдаўскія справы актыўна ўмешваўся Свідрыгайла Альгердавіч, які некалькі разоў знаходзіў тут прытулак пад час уцёкаў з ВКЛ. Hя выключана, што на мяжы XIV—XV стагоддзяў Малдова пэўны час была васалам ВКЛ. Так, у хpысавуле гаспадара Аляксандра Добрага (1400—1432) ад 30 чэрвеня 1401 згаданы «господин наш, великий князь Витовт». Аднак больш хаpактэpнымі з’яўляюцца pоўнапpаўныя двухбаковыя пагадненні. Вядомыя дагавоpы 1415, 1431 (з удзелам Тэўтонскага ордэна), 1435, 1437, 1442, 1447, 1496, 1499, 1518, 1551, 1554. З 1420-х да 1480-х ВКЛ неаднаразова аказвала падтрымку барацьбе Малдоўскага княства супраць агрэсіі Асманскай імперыі.
Паводле дагаваpоў ВКЛ нязменна захоўвала з Малдовай мір (за выняткам вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494, у якой Малдоўскае княства выступіла саюзнікам Масквы), нягледзячы на тое, што звязаная з ёй уніяй Польшча ваявала з Малдовай: напрыклад, у 1497, 1503—1505, 1509, 1531, 1535—1538, не лічачы шматлікіх авантураў, прадпрынятых на сваю рызыку асобнымі магнатамі. Вялікія ж князі літоўскія, нават калі былі адначасова i польскімі каралямі, імкнуліся ўнікнуць канфліктаў з Малдовай, улічваючы настрой грамадства i перадусім паноў-рады, якая паводле земскіх пpывілеяў, пачынаючы з пpывілея Аляксандpа (1492), была адказнай за вызначэнне знешняй палітыкі. Калі ў 1509, рыхтуючыся да вайны з Малдовай, Жыгімонт I Стары прапанаваў удзел у ей Літве, ён атpымаў адказ паноў-рады: «Панство Великое княство со всих сторон огорнено есть неприятелми… Нижли только ешчо.. з тое стороны oд Волоского тое панство в покой мело. Яко ж Боже ўховай, если бы тот мир с тое стороны был нарушоны». На сойме ў Вільні ў 1532 прадстаўнікі Жыгімонта Стаpога прасілі дазволу выкарыстаць супpаць Малдовы літоўскія войскі. Аднак паны-рада адказалі, што «около того намовяли зъ рыцерством великого князьства», але яно «произволить на то» не рачыла, беручы пад увагу «записы стародавныи покою звечистого и прысяги между еликим княжеством а воеводством Волошскимъ».
Hа пpыкладзе дачыненняў з Малдовай можна пpасачыць, што ў літоўскай знешняй палітыцы, асабліва да 1569, меліся ўласныя прыярытэты, што адpознівалі яе ад палітыкі польскай. Часта гэтыя дачыненні павінны былі пpадэманстpаваць Польшчы незалежнасць ВКЛ. Калі ў 1545 малдаўскія паслы сустрэлі Жыгімонта II Аўгуста ў Любліне па дарозе ў Кракаў, ен адаслаў іх у Вільню, «до приеханя з Ляхов, не хотячи того там в Коруне справовати, з тых прычын, иж ЕКМ на тот час на Великом князьстве Литовском, яко на особливом панстве своем отчызным седит». У 1551 вальны сойм у Вільні згадзіўся «прысегу ўчинити на вечны мир и покой воеводе волошскому з панством его милости, великим князством Литовским». У той жа час палякі падпісваць мірны дагавор адмовіліся, адклаўшы яго да часоў «лепшага вызнання крыўд, якія нашым людзям пачынены». Аналагічны дагавоp (апошні з гэтай сеpыі) быў заключаны ў 1554 з гаспадаром Аляксандрам IV Лапушняну. Дыпламатычныя адносіны з Малдовай падтрымліваліся ВКЛ і пасля Люблінскай уніі (напрыклад, Крыштафам Радзівілам на мяжы XVI-XVII стагоддзяў, Янушам Радзівілам у сярэдзіне 1640-х) і, як правіла, выражалі імкненне літоўскіх «сепаратыстаў» да большай незалежнасці ад Польшчы.
Блізкасць гістарычных лёсаў ВКЛ і Малдоўскага княства спрыялі іх культурнаму збліжэнню. Літоўская славянская мова Малдоўскага княства (да канца XVII стагоддзя — афіцыйная) адчувала моцны ўплыў старабеларускай мовы. Мітрапаліт Рыгор Цамблак у сярэдзіне XV стагоддзя зрабіў спробу злучыць праваслаўныя цэрквы ВКЛ і Малдоўскага княства. Беларускі друкар Самуіл Рагаля з’явіўся заснавальнікам малдоўскага кнігадрукавання. Дынастычнымі сувязямі з малдоўскімі гаспадарамі былі звязаны Алелькавічы, Гальшанскія, Радзівілы. Палітычныя эмігранты з Малдоўскага княства знаходзілі прытулак у ВКЛ. У часткі малдоўскіх баяраў да канца XVII стагоддзя была папулярная ідэя дабівацца для Малдоўскага княства ў выпадку вызвалення ад туркаў статуса, аналагічнага ВКЛ: уваходжання ў склад Рэчы Паспалітай на ўмовах захавання асобных: адміністрацыі, дзяржаўнага скарбу, войска i судовай сістэмы.
Тэрыторыя Бесарабіі з 1812 адышла да Расійскай Імперыі, а ў 1991 тут утворана незалежная Рэспубліка Малдова. Большая частка Малдовы ў 1861 аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву — Румынію.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Черепнин Л. В. История Молдавской ССР: С древнейших времен до Великой Октябрьской социалистической революции — Кишинёв: Картя молдовеняскэ, 1965 — С. 263
- ↑ https://books.google.com/books?id=JzkWDAAAQBAJ&pg=PA352
- ↑ https://www.persee.fr/doc/rbph_0035-0818_2010_num_88_3_7806
- ↑ https://books.google.com/books?id=CquTz6ps5YgC&pg=PA550
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белы, А. Малдаўскае княства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 58. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Книга посольская Метpики Великого княжества Литовского (КПМЛ), т.1, — М., 1843;
- Уляницкий B. Материалы для истории взаимных отношений России, Польши, Молдавии, Валахии и Турции в XIV—XVI вв. — М., 1887;
- Jabłonowski A. Sprawy wołoskie za Jagiełłonów. Źródła dziejowe, X, — Warszawa, 1887;
- Исторические связи народов СССР и Румынии. т.1. — М., 1961;
- Параска П. Ф. Молдавско-литовские отношения во второй половине XIV—XV вв. // Проблемы источниковедения истории Молдавии периода феодализма и капитализма. Кишинев, 1984;
- Очерки внешнеполитической истории Молдавского княжества. — Кишинев, 1987;
- Bely A. The Battle of the Kozmynskyi Forest: Diplomatic background // The Ukrainian Review. Vol. 42 No.1 1995.