Мангоры
Мангоры (Mongghul, Mangghuer) | |
Мангорскі танец масак
| |
Агульная колькасць | 289565 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Кітай |
Мова | мангорская |
Рэлігія | шаманізм, будызм |
Блізкія этнічныя групы | манголы, дауры, дунсян, бааань, паўночныя югуры |
Мангоры (саманазвы: Mongghul, Mangghuer, кіт.: 蒙古尔) або ту (кіт.: 土族), белыя манголы (саманазва: Chahan Mangguer, кіт.: 察罕蒙古尔) — народ, адна з 56 афіцыйных нацыянальных меншасцяў Кітая. Жывуць пераважна ў правінцыях Ганьсу і Цынхай. Агульная колькасць (2010 г.) — 289 565 чал.
Паходжанне і гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Згодна паданням саміх мангораў, іх продкамі былі манголы, воіны Чынгісхана, якія ажаніліся з дзяўчынамі тыбецкіх пастухоў хуэр. Гэта пацвярджаецца і кітайскімі пісьмовымі крыніцамі, якія адзначаюць наяўнасць аселых манголаў вакол Сініна на працягу XIII — XVI стст.
Пасля кітайскай рэвалюцыі 1911 г. мангоры падтрымалі сям’ю Ма, якая кантралявала мясцовых палявых камандзіраў і падпарадкоўвалася Гаміньдану. У 1949 г. канчатковую перамогу атрымалі камуністы. На землях мангораў адбылася аграрная рэформа. У 1954 г. мангоры былі прызнаны ў КНР этнічнай меншасцю і атрымалі аўтаномію.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Першасным заняткам мангораў з’яўлялася качавая жывёлагадоўля, утрыманне авечак і коз. Дадатковую ролю адыгрывала паляванне. Але ўжо ў эпоху Мін многія мангоры пераходзілі да земляробства. Пасля аграрнай рэформы 1949 г. яно ператварылася ў асноўны занятак.
Традыцыйна качавыя мангоры жылі ў юртах. Земляробы будавалі невялікія паселішчы з раскіданай планіроўкай. Жытлы мелі выгляд паўзямлянак. У нашы дні жывуць у буйных сучасных паселішчах. Нацыянальныя строі прадстаўлены доўгімі прыталенымі кашулямі з высокімі каўнярамі, яркімі ўзорамі. Жанчыны носяць хусткі, упрыгожваюцца званкамі, біжутэрыяй. Мужчыны абмотваюць ногі тканінай. Народная кулінарыя ўключае смажаныя аладкі, смажаную локшыну з мясам, чай з маслам і соллю.
Мангоры маюць багаты фальклор, славяцца эпічнымі паэмамі, шматлікімі казкамі, танцамі і песнямі. Раз на год арганізуецца пастушы фестываль хуэр, на які збіраюцца ўсе мангорскія песняры. Новы год па месячным каляндары суправаджаецца святам надун.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова мангораў належыць да мангольскай групы моў. Падзяляецца на тры дыялекты. У паўсядзённым жыцці мангоры карыстаюцца кітайскай або тыбецкай графікай, хаця заходнееўрапейскімі навукоўцамі ў 1970-ыя гг. для іх быў складзены алфавіт на аснове лацінкі і кітайскімі — на аснове кітайскай графікі.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў — будысты, прыхільнікі вучэння ваджраяна. Захаваліся некаторыя шаманісцкія рытуалы. У 1915—1949 гг. сярод мангораў актыўна дзейнічалі хрысціянскія місіянеры, аднак у выніку культурнай рэвалюцыі распаўсюджанне хрысціянства было спынена.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Tu Ethnic Minority Архівавана 2 студзеня 2013.
- The Tu ethnic minority
- Language Materials of China’s Monguor Minority
- Clothes of the Tu People Архівавана 11 сакавіка 2016.