Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Дауры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дауры
(Irgen Daŭa)
Імператрыца Ваньжунь
Агульная колькасць 180 000 (2012 г.)
Рэгіёны пражывання Кітай
Мова даурская
Рэлігія шаманізм, будызм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы манголы, бураты, маголы, мангоры, дунсян, бааань, паўночныя югуры

Дау́ры (саманазва: Irgen Daŭa) — мангольскі народ на паўночным усходзе Кітая. Агульная колькасць - 132 394 (перапіс 2000 г.), сучасная ацэнка - каля 180 тыс. чал. (2012 г.). Уваходзяць у склад 56 афіцыйна прызнаных этнічных меншасцяў Кітая.

Згодна даурскай легендзе, яны паходзяць ад кітайскіх або кіданьскіх салдат, якія служылі на паўночнай мяжы, але паступова заняліся ловам ліс. Кітайскія генетыкі прыйшлі да высновы, што дауры сапраўды могуць з’яўляцца прамымі нашчадкамі кіданяў.

Да XVII ст. дауры жылі на паўднёвым усходзе Сібіры — на верхнім Амуры, далінах рэк Аргунь і Зея. Каля 1616 г. дауры былі падначалены Кітаю. У выніку сутычак з рускімі казакамі, якія прымушалі даураў плаціць ясак, у сярэдзіне XVII ст. многія з іх перасяліліся на поўдзень ад ракі Амур, на землі, якія кантраляваліся кітайцамі. У 1654 г. цынскі ўрад перасяліў іх на раку Ноні і ў 1698 г. даў дазвол служыць у прывілеяваных ваенных частках. Перасяленне некаторых родаў даураў з Расіі ў Кітай працягвалася да першай чвэрці ХХ ст. Даурскае паходжанне мела імператрыца Ваньжунь, жонка апошняга маньчжурскага імператара Пу І.

У 1956 г. на паўночным усходзе Кітая быў створаны Даурскі нацыянальны раён.

Дауры здаўна займаліся земляробствам. Ужо ў XVII ст. вырошчвалі проса, грэчку, каноплі, розную гародніну. Зямля знаходзілася ва ўладанні роду, але размяркоўвалася паміж сем'ямі. Прыватная сямейная маёмасць узнікла толькі ў XVIII - XIX стст. Звычайна сям'я апрацоўвала некалькі розных участкаў. Выкарыстоўвалася двухпольная сістэма. Зямлю апрацоўвалі плугам, матыкай, ураджай збіралі сярпом і касой. Праца на палетках лічылася мужчынскай, але агароды каля жытла даглядалі жанчыны.

Жывёлагадоўля мела дапаможнае значэнне. Трымалі кароў, аслоў, коней, свінняў, курэй і г. д. Асабліва шанавалі каня, якога выкарыстоўвалі як транспартную і цяглавую жывёлу, абавязкова дарылі на вяселле, ахвяравалі падчас пахаванняў. Цікава, што дауры не ядуць каніну ў звычайных сітуацыях, але мяса ахвярнага каня — выключэнне. За коньмі і каровамі даглядаюць мужчыны, але даеннем кароў займаюцца толькі жанчыны.

Частка даураў спецыялізавалася на паляванні і нарыхтоўцы лясной драўніны. Групы паляўнічых і лесарубаў узначальвалі вопытныя ў гэтых справах старшыні-татандаа. Некаторыя паляўнічыя бралі зброю у пазыку ў багатых сем'яў, за што расплочваліся паловай здабычы. Мядзведзяў і тыграў звычайна не забівалі, бо верылі, што іх сваякі пазней адпомсцяць. У адрозненні ад большасці іншых мангольскіх народаў, дауры лавілі і ўжывалі ў ежу рыбу.

Найбольш распаўсюджаныя рамёствы - апрацоўка дрэва і металаў, гарбарства, пляценне з вярбовых галін і бярозавай кары. У часы імперыі Цын многія дауры ішлі на службу дзяржаве, рабілі кар'еру чыноўнікаў. Сярод іх часцяком сустракаліся заможныя гараджане.

Традыцыйнае даурскае паселішча - аіл. Яно складаецца з 10 - 50 хат, пабудаваных каля ракі. Сямейныя сядзібы (жытло і гаспадарчыя пабудовы) акружаюць плотам. Хата-гэр каркасная, падобная на жытлы маньчжураў і кітайцаў. Вопратка як у манголаў і маньчжураў.

Да пачатку XX ст. панаваў пашыраны тып сям'і. Главой заўсёды быў старэйшы мужчына. Сямейная спадчына размяркоўвалася паміж сынамі, а ў выпадку іх адсутнасці - паміж сваякамі мужа. Дазвалялася мець другую жонку ў выпадку бясплоднасці першай, але ў іншых выпадках палігінія не віталася. У старажытнасці жыхары кожнага аіла былі членамі аднаго роду-хала і верылі ў існаванне адзінага продка па мужчынскай лініі. Вялікія роды падзяляліся на меншыя макун. Шлюбы ўнутры свайго хала і макун забараняліся.

Большасць вернікаў — шаманісты. Шаманамі-ядаган могуць быць мужчыны і жанчыны, але ў кожнага рода ёсць толькі 1 шаман. Ён лечыць хворых, а таксама праводзіць розныя рытуалы. Найбольш асаблівы рытуал — пахаванне чыган-байты, на якое запрашаюць усіх суседзяў і сваякоў нябожчыка. Плач суправаджаецца спальваннем рытуальнай паперы і пратыканнем рэчаў памерлага. У труну кладуць найбольш неабходныя прадметы ўжытку, а таксама запіс аб прыналежнасці да пэўнага роду і сям'і. Дзень пахавання шаман прызначае згодна астралагічным прыкметам. Каля долу нябожчыка адбываецца ахвярапрынашэнне, перад якім уголас яшчэ раз абвяшчаецца прыналежнасць да роду і сям'і. Дауры вераць у існаванне духаў ангор, якія дапамагаюць ядаган, а таксама ў духаў-заступнікаў барчахор.

Невялікая колькасць вернікаў спавядае будызм напрамку ваджраяна. У апошнія дзесяцігоддзі з'явіліся хрысціяне-пратэстанты.

Даурская мова захоўвае многія архаічныя элементы, характэрныя для сярэднявечнай мангольскай мовы. У лексіцы шмат слоў тунгуса-маньчжурскага і рускага паходжання. Падзяляецца на некалькі размоўных дыялектаў. У 1920 г. распрацавана даурская пісьмовасць на аснове лацінкі, аднак шырока не ўжываецца.

  • Народы Восточной Азии. / Под ред. Н. Н. Чебоксарова, С. И. Брука, Р. Ф. Итса, Г. Г. Стратановича. - М.-Лг.: Наука, 1965.