Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Рыбы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыбы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pisces

Класы

Выявы
на Вікісховішчы
EOL  4656086

Рыбы (Pisces) — надклас сківічнаротых водных жывёл, для якіх характэрнае жабравае дыханне на ўсіх этапах постэмбрыянальнага развіцця арганізма.

Асаблівасці будовы і працэсаў жыццядзейнасці звязаныя з водным характарам жыцця: форма цела абцякальная, скура (як правіла) пакрытая лускай, маюцца плаўнікі. Рыбы маюць непастаянную тэмпературу цела, адно кола кровазвароту, дзвюхкамернае сэрца. Шкілет храстковы або касцявы. Рыбы з'яўляюцца раздзельнаполымі, размнажэнне палавое. У свеце вядома каля 25 000 відаў рыб. Навука аб рыбах — іхтыялогія.

Знешняя будова

[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон.

Цела двухбакова-сіметрычнае (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Цела рыбы складаецца з трох аддзелаў — завостранай спераду галавы, якая плаўна пераходзіць у больш аб’ёмнае тулава. З ім зліваецца хвост, які паступова звужаецца к канцу. Такая абцякальная форма цела пры руху зведвае найменшае супраціўленне вады. У рыб, якія жывуць у тоўшчы вады, цела пляскатае з бакоў, а ў прыдонных (скаты, камбала) — у спінна-брушным напрамку. На галаве рыб ёсць пара вачэй, а спераду іх — ноздры. На губах некаторых прыдонных відаў (сом, сазан, асетр, мянтуз) знаходзяцца вырасты скуры ў выглядзе вусоў, якія выконваюць функцыю дотыку. У большасці рыб па баках галавы размешчана пара рухомых жаберных накрывак.

Канечнасці рыб у выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Форма плаўнікоў і іх размяшчэнне на целе рыбы ў розных відаў розныя. На тулаве і хвасце знаходзяцца плаўнікі: парныя — грудныя і брушныя і няпарныя — спінны, хваставы і падхваставы (анальны). Яны ўтвораны складкамі скуры з пругкімі плаўніковымі прамянямі. Плаўнікі рухомыя дзякуючы скарачэнню мышцаў і выконваюць розныя функцыі. Так, спінны і падхваставы плаўнікі дапамагаюць целу рыбы захоўваць пры руху раўнавагу і трымацца спінай уверх. Грудныя і брушныя плаўнікі забяспечваюць павароты, пагружэнне і ўсплыванне рыбы да паверхні. Хвост разам з хваставым плаўніком выкарыстоўваецца як рухавік. Рыба з сілай б’е ім з боку ў бок, адштурхоўваючыся ад вады. Адначасова з бакавымі рухамі хваставой часткі цела змеепадобна выгінаецца і тулава, прасоўваючы рыбу ўперад.

Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. У большасці рыб цела пакрыта луской — тонкімі плоскімі касцявымі пласцінкамі. Пярэдняй часткай яны паглыблены ў скурныя кішэні, а выступаючай задняй — чарапіцападобна налягаюць адна на адну. Покрыва з лускі ахоўвае цела рыбы ад знешніх пашкоджанняў, не замінаючы руху. Па меры росту рыбы павялічваецца ў дыяметры і луска. З-за нераўнамернага росту ў летні і зімовы перыяды на ёй утвараюцца гадавыя кольцы, па колькасці якіх вызначаюць узрост рыбы. Слізь, што ў вялікай колькасці выдзяляецца шматлікімі залозамі скуры, пры руху змяншае трэнне цела рыбы аб ваду, а спецыяльныя рэчывы, якія ў ёй утрымліваюцца, перашкаджаюць размнажэнню на скуры грыбкоў і хваробатворных бактэрый.

Афарбоўка покрыва рыб самая разнастайная і залежыць ад пігментных клетак скуры рыб. Насельнікі тоўшчы вады і яе верхніх слаёў маюць серабрыстую афарбоўку (плотка, верхаводка, селядзец). Рыбы, якія жывуць сярод зараснікаў воднай расліннасці, маюць зеленаватую афарбоўку, нярэдка з цёмнымі вертыкальнымі палосамі (шчупак, акунь, судак). Ядавітыя рыбы вызначаюцца яркай перасцерагальнай афарбоўкай (скарпенавыя, марскія дракончыкі).

Па баках цела рыбы размяшчаецца бакавая лінія — адзін з самых важных органаў пачуццяў рыб

Шкілет храстковы (у храстковых рыб) або касцявы (у касцявых рыб). У некаторых касцявых рыб унутраны шкілет храстковы, але ўмацаваны накладнымі покрыўнымі касцямі.

Пад скурай рыб размешчаны прымацаваныя да касцей мышцы. Добра развітыя мышцы тулава і хваста складаюцца са злучаных адзін з адным сегментаў і ляжаць па баках цела ў выглядзе мышачных стужак. Іх скарачэнне выклікае аднастайныя бакавыя выгіны цела. Рух жа вачэй, жаберных накрывак, парных плаўнікоў ажыццяўляюць спецыяльныя пучкі мышцаў.

Плавальны пузыр

[правіць | правіць зыходнік]

У касцявых рыб у поласці цела ёсць плавальны пузыр — танкасценны мяшок, запоўнены сумессю газаў. Развіваецца ён як полы выраст стрававода. Сценкі пузыра пранізаны густой сеткай крывяносных сасудаў. Дзякуючы спецыяльнай будове некаторых участкаў яго сценак у плавальным пузыры можа адбывацца як паглынанне газаў з пузыра ў крывяносныя сасуды (пузыр змяншаецца), так і выдзяленне газаў з крывяносных сасудаў у поласць пузыра (пузыр расшыраецца). Пры расшырэнні пузыра ўдзельная маса цела рыбы змяншаецца, пры сцісканні — павялічваецца. Гэта дазваляе рыбам пагружацца на розныя глыбіні і завісаць у тоўшчы вады, не затрачваючы пры гэтым мышачных намаганняў, а толькі выраўноўваючы шчыльнасць свайго цела са шчыльнасцю вады. Такім чынам, асноўная функцыя плавальнага пузыра — гідрастатычная.

Храстковыя рыбы (акулы, скаты) не маюць плавальнага пузыра. Каб утрымацца ў тоўшчы вады, ім даводзіцца пастаянна плаваць, а для адпачынку — класціся на дно. Робіць лягчэйшым цела акул вялікая печань, якая ўтрымлівае запасы тлушчу.

Крывяносная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Сэрца двухкамернае, адно кола кровазвароту. Сасуды, па якіх кроў адцякае ад сэрца, называюцца артэрыямі, а тыя, што прыносяць кроў да сэрца, — венамі. Сэрца мае дзве камеры — перадсэрдзе і жалудачак, мускульныя сценкі якіх па чарзе скарачаюцца. З перадсэрдзя кроў выштурхваецца ў жалудачак, а з яго ў адну з самых буйных артэрый — брушную аорту, па якой кроў цячэ да жабраў. Там кроў насычаецца кіслародам і вызваляецца ад вуглякіслага газу. Багатая на кісларод чырвоная кроў, якая адцякае ад жабраў, называецца артэрыяльнай. Яна паступае ў артэрыі галаўнога аддзела і ў спінную аорту, якая нясе насычаную кіслародам кроў да органаў і мускулатуры тулава і хваста. Кроў, што адцякае ад органаў і тканак, утрымлівае вуглякіслы газ, мае цёмна-вішнёвы колер і называецца вянознай. Збіраючыся ў буйныя вены, кроў цячэ па іх да сэрца і паступае ў перадсэрдзе, а з яго выштурхваецца ў жалудачак.

Дзякуючы рытмічным скарачэнням сэрца кроў няспынна рухаецца па адным замкнутым крузе кровазвароту. У крыві рыб ёсць чырвоныя клеткі — эрытрацыты, якія ўтрымліваюць гемаглабін, здольны звязваць кісларод (у жабрах) і вуглякіслы газ (у тканках і органах).

Тэмпература цела рыб непастаянная і залежыць ад тэмпературы вады, г.зн. яны з'яўляюцца халаднакроўнымі.

Дыхаюць рыбы жабрамі, некаторыя (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія».

Жабры размешчаны па баках галавы і прыкрыты жабернымі накрыўкамі (у храстковых рыб адсутнічаюць). Абмен газамі адбываецца з дапамогай вельмі тонкіх жаберных пялёсткаў, размешчаных на жаберных дугах. Пялёсткі пранізаны густой сеткай крывяносных капіляраў, таму ў жывой рыбы яны ярка-чырвоныя. Унутры ротаглоткавай поласці жаберныя дугі маюць шматлікія белаватыя вырасты — жаберныя тычынкі, якія змыкаюцца і ўтвараюць фільтр, што затрымлівае ежу ў глотцы. Рыба пастаянна заглытвае ваду. Калі яна адкрывае рот і закрывае жаберныя накрыўкі, насычаная кіслародам вада трапляе ў поласць рота. Затым рот закрываецца, а жаберныя накрыўкі адкрываюцца, вада выштурхваецца і абмывае жабры. Раствораны ў вадзе кісларод пранікае ў капіляры жаберных пялёсткаў, а вуглякіслы газ з іх выдаляецца ў ваду. Так у жабрах адбываецца газаабмен.

Ежа паступае ў ротавую поласць, а затым у глотку. Праз жаберныя шчыліны глоткі вада выходзіць вонкі, ежа перамяшчаецца ў стрававод, а з яго — у страўнік. Шматлікія залозы сценак страўніка выдзяляюць у яго поласць стрававальныя сокі, пад уплывам якіх ежа ператраўліваецца. Канчатковае ператраўліванне і ўсмоктванне раствораных пажыўных рэчываў у кроў адбываецца ў тонкім аддзеле кішэчніка. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. У яго пачатак — дванаццаціперсную кішку — адкрываецца пратока падстраўнікавай залозы і жоўцевая пратока печані. Сок падстраўнікавай залозы з жоўцю паскараюць ператраўліванне ежы. Неператраўленыя рэшткі паступаюць у задні аддзел кішэчніка і выкідваюцца вонкі праз анальную адтуліну.

Нервовая сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральная нервовая сістэма прадстаўлена спінным і галаўным мозгам, перыферычная — нервамі. Спінны мозг знаходзіцца ў спінна-мазгавым канале хрыбетніка. Галаўны мозг невялікі, прымітыўны, складаецца, як правіла, з 5 аддзелаў: пярэдняга, сярэдняга, прамежкавага, прадаўгаватага мозгу і мазжачка.

У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некаторыя маюць электрычныя органы. Спецыфічныя для рыб органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных рыб ёсць органы свячэння.

Выдзяляльная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Выдзяляльная сістэма рыб прадстаўлена парнымі стужкападобнымі тулаўнымі ныркамі, размешчанымі ў спінной частцы поласці цела. У нырках з крывяносных капіляраў адфільтроўваюцца шкодныя рэчывы жыццядзейнасці клетак: аміяк (у прэснаводных рыб) і мачавіна (у марскіх). Мача, якая ўтварылася, адцякае ад кожнай ныркі па мачаточніку ў мачавы пузыр, дзе назапашваецца. Затым па мочаспускальным канале мача выводзіцца вонкі праз выдзяляльную адтуліну, размешчаную ззаду анальнай.

Пашыраны рыбы паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у ранастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне тэмператур ад -2,1 °С (антарктычныя воды) да 50 °С (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70 праміле. Многія рыбы мігруюць дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58-59 відаў.

Асаблівасці жыццядзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле спосабу жыўлення — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Са здабычай корму ў рыб звязаны складаныя харчовыя паводзіны: актыўны пошук (акулы, тунцы, судакі), падпільноўванне і нападзенне са сховішча (акунь, шчупак). Некаторым відам рыб уласцівы масавыя перамяшчэнні ў раёны, багатыя на ежу, — міграцыі. Ва ўмеранай кліматычнай зоне з надыходам зімы многія рыбы пачынаюць менш карміцца або зусім не кормяцца. Так, карпы ў зімавальных сажалках не кормяцца на працягу пяці самых халодных месяцаў. Яны расходуюць тлушчавыя запасы, адкладзеныя летам.

Скорасць плавання рыб розная. Так, тунец ці меч-рыба, што жывуць у адкрытай частцы акіяна, могуць развіваць скорасць да 100 км/г. Прыдонныя рыбы і рыбы, якія насяляюць прыбярэжныя ўчасткі вадаёмаў, плаваюць з невялікай скорасцю (акунь, судак, шчупак).

Пры выспяванні палавых клетак у рыб праяўляецца інстынкт размнажэння. Частка рыб размнажаецца на мелкаводдзі вадаёмаў, дзе яны пастаянна жывуць, а рыбы некаторых іншых відаў ажыццяўляюць перамяшчэнні — нераставыя міграцыі — у месцы, найбольш спрыяльныя для развіцця іх патомства. Так, напрыклад, ласасёвыя рыбы (кета, гарбуша) накіроўваюцца з мора ў вярхоўі рэк, рухаючыся велізарнымі касякамі супраць цячэння і пераадольваючы ўсе перашкоды на сваім шляху. Іншыя рыбы, напрыклад вугор, наадварот, з прэсных вадаёмаў перамяшчаюцца для размнажэння ў мора. Рыбы, якія для размнажэння ажыццяўляюць міграцыі з рэк у моры або з мораў у рэкі, называюцца прахаднымі

Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Колькасць ікрынак, якія адкладваюць самкі, у розных відаў рыб моцна адрозніваецца і звязана з праяўленнем клопату аб патомстве. Так, месяц-рыба адкладвае да 300 млн, траска — да 10 млн. ікрынак, прычым большая іх частка паядаецца драпежнікамі або гіне па розных прычынах.

У рыб, якія ў большай або меншай меры праяўляюць клопат аб патомстве, колькасць утвараемых ікрынак значна меншая. Так, ласасёвыя рыбы (кета, гарбуша) адкладваюць каля 1—4 тыс. ікрынак у паглыбленні грунту ракі, прысыпаюць іх чыстай галькай і некалькі дзён ахоўваюць гняздо. Некаторыя самы робяць прымітыўнае гняздо з раслін, каменьчыкаў або капаюць ямкі і ахоўваюць аплодненыя ікрынкі. Самец трохіголкавай колюшкі з частак раслін, змацаваных загусцелай у вадзе сліззю, будуе шарападобнае гняздо, куды самка адкладвае аплодненыя ікрынкі. Самец ахоўвае яго, рамантуе, падграбае плаўнікамі свежую ваду.

Промысел і развядзенне

[правіць | правіць зыходнік]

Рыбы — адна з асноўных крыніц харчовага бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці. Узнаўленне некаторых рыб падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. Пашырана акварыумнае рыбаводства, аматарскі лоў і рыбалоўны спорт.

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с. : іл. ISBN 978-985-03-1367-6.
  • Дарафееў А., Конюшка В., Ляшко А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. — Мн.: Нар. асвета, 1981. — 159 с.
  • Петрыкаў А. Рыбы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).