Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Міндоўг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міндоўг
Фрагмент пячаткі, якую прыпісваюць Міндоўгу пад 1255 годам, з выявай караля на стальцы.
Фрагмент пячаткі, якую прыпісваюць Міндоўгу пад 1255 годам, з выявай караля на стальцы.
кароль літоўскі
1253 — 1261
Каранацыя 29 чэрвеня 1253
вялікі князь літоўскі
канец 1240-х — 1263
Пераемнік Транята

Нараджэнне каля 1195
Смерць 1263(1263)
Жонка
Дзеці
Веравызнанне язычніцтва і каталіцтва
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міндоўг (Мендог, лац.: Mindowe[2], ст.-рус.: Мидогъ, Мендогъ, Минъдовгъ; лац.: Mindowe; ням.: Myndowen; каля 1195 — 12 верасня[3] 1263) — першы вялікі князь літоўскі (канец 1248—1253 і 1261—1263), першы і апошні[4] кароль літоўскі (1253—1261).

Княжэнне Міндоўга прыйшлося на пачатак утварэння новай цэнтралізаванай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, якое першапачаткова ўключыла ў сябе ўсходнеславянскія і балцкія землі ў Панямонні (якія цяпер уваходзяць у Рэспубліку Беларусь і Літоўскую Рэспубліку). Гэты працэс адбываўся ў сярэдзіне XIII ст. — у складаны час, калі ў выніку пагрозы з боку Лівонскага ордэну і мангола-татарскага нашэсця склаліся цяжкія ўмовы для існавання славянскага і балцкага насельніцтва. Такія абставіны вымушалі Міндоўга шукаць шляхі для ўмацавання сваёй дзяржавы і неаднойчы змяняць саюзнікаў.

У гісторыі Літоўскай Рэспублікі Вялікае Княства Літоўскае — пачатак літоўскай дзяржаўнасці, а Міндоўг — першым уладар літоўскай дзяржавы. У гісторыі Беларусі, на землях якой дзяржаўнасць пачалася з раннейшых Полацкага і Тураўскага княстваў, Міндоўг выступае як першы ўладар дзяржавы, якая ахапіла ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі, а таксама Літвы і шэрагу суседніх зямель.

Імя Міндоўг (Міндаўг) — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[5].

Першая іменная аснова Min- звязаная з літ. mintis «думка», minti «думаць; мець на ўвазе; прыгадваць» (далей звязана з індаеўрапейскім men- «думаць; разумова ўзрушвацца»[6]). У раннелітоўскім іменніку гэтая аснова была асабліва папулярная — з ёй вядома больш за 170 антрапонімаў[7]. На іншай пазіцыі гэтая аснова знаходзіцца таксама ў імені Гедзімін.

Другая аснова Daug- звязаная з літ. daug «шмат»[8]. У скарочаным выглядзе яна прысутная таксама, напрыклад, у імёнах Даўмонт, Даўгіруць.

Аднаслоўна значэнне імя можна выказаць як «шматдумны» (аналаг — польскае імя Балемысл).

Старонка Хронікі Лівоніі, XIII ст.

Паводле надзейных крыніц паходжанне Міндоўга дакладна невядома. Лівонская старэйшая рыфмаваная хроніка (каля 1290) паведамляе толькі, што бацька Міндоўга быў «вялікі кароль» (könig gros) — магчыма, гэта значыць, што яму былі падначалены «меншыя» князі. Аднак імя не названа. Вячаслаў Насевіч лічыць імаверным, што бацькам Міндоўга быў князь літоўскі Даўгерутэ, які неаднаразова згадваецца Хронікай Лівоніі (XIII ст.).

Таксама ёсць легенды, які падаюць сярод іншага і паходжанне Міндоўга. Паводле легенды з Васкрасенскага летапісу (XVI ст.), Міндоўг паходзіць з роду полацкіх князёў Ізяславічаў (Рагвалодавічаў), а яго бацька Маўкольд Расціславіч. Паводле іншага падання таго ж часу, Міндоўг паходзіў ад рымляніна Палемона, які з іншымі рымлянамі перасяліўся з Італіі на берагі Балтыйскага мора. У «Хроніцы Быхаўца» (XVI ст.) бацькам Міндоўга названы Рынгольд, міфічны літоўскі князь з Палямонавічаў.

Княжанне ў літоўскай зямлі

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Міндоўг згадваецца ў Галіцка-Валынскім летапісы ў канцы 1219 года[9] пад імем Мидогъ разам з братам Даўспрункам, як чацвёрты з пяці старэйшых літоўскіх князёў, якія разам з іншымі 16-цю літоўскімі князямі — жамойцкімі, дзяволцкімі, Рушкавічамі і Булевічамі — заключылі мір з галіцка-валынскімі князямі Данілам і Васількам Раманавічамі:

«Бж҃иимъ повелениемь . прислаша кнѧзи Литовьскии . к великои кнѧгини Романовѣ . и Данилови и Василкови . миръ дающе бѧхоу же имена Литовьскихъ кнѧзеи се старѣшеи . Живинъбоудъ . Давъѧтъ . Довъспроункъ . братъ его Мидогъ.»

Галіцка-Валынскі летапісІпацьеўскім спісе, 1420-я гады)[10].

Да сярэдзіне 1230-х гадоў Міндоўг дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады ў землях Літвы або значнай яе часткі. Вясною 1238 года[11] «Літва Міндоўга» быў у саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам, які накіраўваў Міндоўга і князя Ізяслава Новагародскага ваяваць супраць польскага князя Конрада І Мазавецкага[12].

У сярэдзіне ліпеня 1245 года Даніла пасылае да Міндоўга па дапамогу супраць венграў, Міндоўг паслаў войска, але яно не паспела да вырашальнай бітвы пры Яраславе 17 ліпеня 1245 года.

Утварэнне ВКЛ і пачатак княжання ў ім

[правіць | правіць зыходнік]
Міндоўг. Уяўны партрэт, гравюра з кнігі Аляксандра Гваньіні «Апісанне еўрапейскай Сарматыі», 1578.

Неўзабаве Міндоўг далучыў да сваіх уладанняў Навагародскую зямлю, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны Міндоўга з Данілам сталі варожымі.

Першапачаткова тэрыторыя дзяржавы ўключала ў сябе славянскія землі ў Верхнім Панямонні (з гарадамі Навагародак, Ваўкавыск, Гародня, Слонім) і балцкія землі ў сярэднім цячэнні Віліі.

У познім Густынскім летапісы (XVII ст.) паведамляецца пра хрышчэнне Міндоўга каля 1246 года ў праваслаўе, але звестак пра гэта ў раннейшых крыніцах няма. Наадварот, паводле Галіцка-Валынскага летапісу Міндоўг заставаўся паганцам да прыняцця каталіцкага хрышчэння.

Вайна 1249—1254 гадоў

[правіць | правіць зыходнік]
Була Папы рымскага Інакенція IV пра хрышчэнне і каранацыю Міндоўга. 1251.

У канцы 1248 года[13] Міндоўг захапіў у землях Літвы ўладанні сваіх пляменнікаў Таўцівіла Даўспрункавіча і Эдзівіда Даўспрункавіча — з прычыны даўняй варожасці з імі. Таўцівіл і Эдзівід збеглі да Данілы, жонкай якога была іх сястра. Таўцівіла і Эдзівіда падтрымалі жамойцкі князь Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Узімку 1249—1250[13] гадоў Даніла ідзе вайной супраць Міндоўга да Новагародка. Таўцівіл з дапамогай Данілы ваюе з Міндоўгам увесь 1250 год[13].

Хрышчэнне Міндоўга. Фрагмент карціны «Бласлаўлёны Віт» (якая паказвае біскупа Віта). Невядомы мастак XVII ст.

Каб разбурыць небяспечную кааліцыю, Міндоўг і яго жонка ў пачатку 1251 года[13] прынялі каталіцтва, і ўжо з дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна Міндоўг працягваў ваяваць са сваімі пляменнікамі. Ён пайшоў у Жамойць да замку Цверамет, які належаў Выкінту — дзядзьку і саюзніку Таўцівіла і Эдзівіда. Цверамет ён узяць не здолеў, у сутычцы быў паранены ў сцягно, і адступіў з Жамойці ў Літоўскую зямлю. Таўцівіл пераследаваў яго, і Міндоўг зачыніўся ад пагоні ў замку Варута[14]. Міндоўг накіраваў з замка супраць Таўцівіла свайго шурына — князя Лугвена, пасля сутычкі Таўцівіл адступіў і звярнуўся па дапамогу да Данілы.

Узімку 1251—1252[13] гадоў Даніла дасылае вялікае войска, якое спусташае ўсе ўладанні Міндоўга. І хоць Міндоўг у адказ даслаў свайго сына (магчыма, Войшалка) ваяваць ваколіцы Турыйска, але быў змушаны пайсці на перамовы. Таўцівіл прыехаў да Данілы, відаць, каб пераконваць не заключаць мір. Ці то ўмовы, прапанаваныя Міндоўгам, не задаволілі Данілу, ці то аргументы Таўцівіла былі пераканаўчыя, але мір не быў заключаны, і ў кан. 1252[15] Даніла з вялікім войскам зноў пайшоў супраць Міндоўга да Новагародка.

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Л. Ходзькі «Палонія», 1824.

6 ліпеня 1253 года, у дзень св. Пятра і Паўла[16] (або 29 ліпеня[17]), па даручэнні Папы Рымскага Інакенція IV Міндоўг і яго жонка Марта каранаваны як кароль і каралева Літвы. Магчыма, каранацыя адбылася ў Новагародку. Першы даследчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Мацей Стрыйкоўскі (XVI ст.) месцам каранацыі спачатку называе Кернаў (цяпер Шырвінцкім раёне Літвы):

«Потым ахрысціўся, Мэндольф названы,
На Літоўскае каралеўства каранаваны,
У Кернаве з дазволу Папскага і Цэсарскага.»
(З паэмы «Ганец цноты»[18].)

«Так яго з волі папскай укаранавалі
У Кернаве і літоўскім каралём абвясцілі.»
(З паэмы-хронікі «Аб пачатках, паходжанні, дзейнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага…»[19].)

«Хроніка…» М. Стрыйкоўскага. Тытульны аркуш. 1582.

Затым у сваёй галоўнай працы — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» — Стрыйкоўскі змяніў думку і падаў, што каранацыя адбылася ў Наваградку:

«…Гайндрыха, які, прыехаўшы да Наваградка Літоўскага з арцыбіскупам Рыжскім і з крыжакамі прускімі і лівонскімі, Міндоўга альбо Мяндока на каралеўства Літоўскае паводле звыклых цырымоніяў царкоўных памазаў…»[20]

Каранацыя дазволіла Міндоўгу выйсці з вайны, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак. У 1254[15] годзе сын Міндоўга — Войшалк — заключае мір з Данілам, выдае сваю сястру за яго сына Шварна і перадае гарады Новагародак, Ваўкавыск і Слонім іншаму яго сыну — Раману.

Падзеі пасля 1254 г.

[правіць | правіць зыходнік]

Каля 1257 года супраць Літоўскай дзяржавы быў наладжаны паход мангола-татарскага военачальніка Бурундая і галіцка-валынскі князёў, аднак Міндоўг здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіў поўны кантроль над Наваградскай зямлёй.

У 1260 годзе Міндоўг скасаваў дамову з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва, у выніку чаго згубіў правы на каралеўскi тытул. Ён пачаў разам з жамойтамі вайну з Лівонскім (Iнфлянцкiм) ордэнам, уступіўшы для гэтага ў саюз з наўгародскім князем Аляксандрам Яраславічам і іншымі рускімі князямі.

У 1260-х гадах Міндоўг карыстаўся неабмежаванай уладай, што выклікала незадаволенне і змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла і нальшчанскага Даўмонта. У выніку змовы ўвосень 1263[21] года Міндоўг разам з двума малодшымі сынамі быў забіты.

Пасля смерці Міндоўга вялікім князем стаў Транята, аднак у 1264 годзе быў забіты слугамі Міндоўга, за гэтым вялікім князем стаў Войшалк.

Расійскі гісторык XVIII ст. Васіль Тацішчаў адзначыў без спасылкі на крыніцу, што маці Войшалка — старэйшага сына Міндоўга — была княжна цвярская. Тацішчаў мог карыстацца крыніцамі, якія не дайшлі да нашага часу, у існуючых зараз крыніцах няма звестак пра маці Войшалка і яго сястры.

  • Марта (? — ~1262), імя ў хрышчэнні 1251 годзе, імя па нараджэнні невядома. Паводле летапіснай згадкі, была ўдавой літоўскага князя Вышымунта Булевіча, забітага Міндоўгам, пасля чаго Міндоўг ажаніўся з Мартай. Яе сыны былі найшмат маладзейшыя за іншых дзяцей Міндоўга — Войшалка і дачку.
  • Агна (?—?, імя паводле Мацея Стрыйкоўскага, сястра Марты, была жонкай князя нальшчанскага Даўмонта). Пасля смерці Марты Міндоўг ажаніўся з Агнай, якая прыехала на пахаванне сястры — быццам паводле завяшчання Марты, якая не хацела даверыць сваіх дзяцей нікому, акрамя Агны. Магчыма, гэта стала галоўнай прычынай удзелу Даўмонта ў змове супраць Міндоўга.
  • Войшалк (~1223 — 1267) — вялікі князь літоўскі ў 1264—1267, нашчадкаў не меў.
  • Дачка (?—?, імя невядома) — з 1254 жонка галіцка княжыча Шварна Данілавіча (1230-я — 1270), князя холмскага ў 1264—1270, вялікага князя літоўскага ў 1267—1270, нашчадкаў не мела.

Сыны ў шлюбе з Мартай:

  • Рукля (?—1263),
  • Рупек (?—1263).

Вядомыя граматы Міндоўга

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод дакументаў, якія вядомы як граматы Міндоўга, ёсць як сапраўдныя (аўтэнтычныя), так і падробкі (фальсіфікаты). Адносна сапраўднасці некаторых грамат даследчыкі не маюць агульнага меркавання.

  • 1253 — на дазвол бязмытнага гандлю ў ВКЛ для рыжскіх купцоў; валодае ўсімі прыкметамі аўтэнтычнасці[22], але не мае агульных рысаў з іншымі граматамі; упершыню апублікавана Ф. Г. фон Бунге (Bunge[23] № 243).
  • 1253, ліп. — на дараванне Лівонскаму ордэну земляў у Жамойці; аўтэнтычная[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 252).
  • 1254 — на дараванне земляў літоўскаму біскупу Хрысціяну; аўтэнтычная[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 263).
  • 1255, кастр. — на дараванне Лівонскаму ордэну Селоніі; аўтэнтычная[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 286).
  • 1255, кастр. — да Папы Рымскага па зацвярджэнне даравання Селоніі; аўтэнтычная[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 287).
  • 1257 — на паўторнае дараванне Лівонскаму ордэну земляў у Жамойці; фальсіфікат[22]; упершыню апублікавана Э. Рачыньскім (CDL[24] № 8).
  • 1257 — на дараванне Лівонскаму ордэну ўсёй Жамойці; фальсіфікат[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 294).
  • 1259, 7 жн. — на дараванне Лівонскаму ордэну Дайнавы, Скаловіі і Жамойці; аўтэнтычная[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 342).
  • 1260, сяр. чэрв. — на дараванне Літвы Лівонскаму ордэну ў выпадку безпатомнай смерці; фальсіфікат[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 354).
  • 1261, 7 жн. — на паўторнае дараванне Лівонскаму ордэну Селоніі (з апісаннем яе межаў); фальсіфікат[22]; упершыню апублікавана Бунге (Bunge № 363).

Пячатка Міндоўга

[правіць | правіць зыходнік]
Фрагмент пячаткі, які захаваўся.
Сучаснае ўзнаўленне паводле апісання 1393 года.[25]

Пячатка Міндоўга — сярэднявечная пячатка, прымацаваная да граматы Міндоўга, як караля Літвы, ад кастрычнік 1255 года пра перадачу Тэўтонскаму ордэну зямлі Сэліі. Сапраўднасць гэтай грамары дыскусійная ў навуцы. Калі яна сапраўдная, то на пячатцы захавалася адзіная прыжыццёвая выява Міндоўга.

У маі 1393 годз папскі легат зрабіў падрабязнае апісанне пячаткі. Апісанне перадае тое, што ёсць і цяпер — акрамя шнуроў, якімі пячатка была прымацавана да пергаменту: паводле апісання, шнуры былі белы і жоўты, а цяпер яны белы і сіні.

Надпіс (легенда), дзе павінны знаходзіцца імя Міндоўга і тытул, амаль цалкам адколатая. Захаваўся толькі маленькі крыж, які паказвае пачатак тэксту легенды, і літара. Літара можа быць прачытана як M, D, або SІ. Згодна з апісаннем 1393 г., калі легенда была яшчэ цэлая, яна чыталася: + MYNDOUWE DEI GRA REX LITOWIE (лац.) — «Міндоўг Божаю ласкаю кароль Літвы».

Гістарыяграфія

[правіць | правіць зыходнік]
Міндоўг. Гравюра з кнігі А. Гваньіні «Апісанне еўрапейскай Сарматыі», 1578.

У гістарыяграфіі дасюль няма кансэнсусу па асноўных пытаннях біяграфіі Міндоўга, якія сфармуляваш яшчэ Зянонас Івінскіс[26] у 1939 годзе: 1) ці належала Міндоўгу вызначальная роля ва ўтварэнні ВКЛ; 2) якое было паходжанне Міндоўга; 3) дзе была сталіца Міндоўга; 4) якія з грамат Міндоўга аўтэнтычныя; 5) калі Міндоўг быў больш шчырым — калі прымаў хрысціянства або калі вяртаўся да паганства; 6) якая мусіць быць ацэнка яго дзейнасці з пазіцый цяперашняга часу.

У сярэдзіне 16 ст. Мацей Стрыйкоўскі заўважыў, што Міндоўг не застаўся ў літоўскай народнай памяці, у адрозненне многіх іншых асоб, у т. л. міфічных, а згадваецца толькі на старонках рускіх летапісаў. Стрыйкоўскі быў здзіўлены гэтым фактам, бо лічыў, што Міндоўг больш варты памяці ў літоўцаў, як стваральнік літоўскай дзяржавы.

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліка Беларусь

[правіць | правіць зыходнік]
Гара Міндоўга, памятны знак. Навагрудак.
  • Сцяг г. Навагрудак. Гара Міндоўга — пагорак у Навагрудку, помнік гісторыі XIII ст. Знаходзіцца каля сярэдневяковага гарадзішча, уздоўж вуліцы Мінскай. У 1993 годзе на гарадскім свяце з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга ля падножжа гары ўстаноўлены памятны знак (скульптар У. М. Лятун). У 2014 годзе каля гары пастаўлена металічная скульптура Міндоўга, вышыня каля 2,5 м.

Літоўская Рэспубліка

[правіць | правіць зыходнік]
  • Літва Дзень дзяржавы (дзень каранацыі караля літоўскага Міндоўга) 6 ліпеня — дзяржаўнае свята, з 1991 года.
  • Юбілейны медаль «750-годдзе каранацыі караля літоўскага Міндоўга» (мастакі Ю. Калінаўскас, Л. Калінаўскайтэ), 2003.
  • Юбілейны медаль у гонар 1000-годдзя назвы Літва з выявай караля Міндоўга (мастакі Ю. Калінаўскас, Л. Калінаўскайтэ).
  • Манета Банка Літвы «Міндоўг — кароль літоўскі», у серыі «Правіцелі Літвы», 50 літаў, серабро (дызайн: А. Закаўскас), 1996.
  • Манета Банка Літвы «Каранацыя Міндоўга», 200 літаў, золата, серабро (дызайн: П. Рэпсіс), 2003.
  • Помнік Міндоўгу (скульптар Р. Мідвікіс, архітэктары А. Насвіціс, Р. Крыштапавічус, І. Алістратавайтэ), на вуліцы Арсенала каля Нацыянальнага музея Літвы; граніт. Адкрыты 6.07.2003 з нагоды 750-годдзя ўтварэння літоўскай дзяржавы; у афіцыйных мерапрыемствах узялі ўдзел кароль Швецыі Карл XVI Густаў з жонкай Сільвіяй, вялікі герцаг люксембургскі Анры і вялікая герцагіня Марыя-Тэрэза Местрэ, прэзідэнт Польшчы А. Квасьнеўскі, прэзідэнт Эстоніі А. Руйтэль.
  • Вуліца Міндоўга.
  • Мост караля Міндоўга, праз Вілію (літ. Нярыс) — злучае вуліцы Т. Урублеўскага і Рынкцінес, адкрыты 6.7.2003 (тым самым днём, што і помнік Міндоўгу).
  • Праспект караля Міндоўга.

Зноскі

  1. Татищев, В. Н. История Российская // ЛитМир — электронная библиотека. (Часть 3, глава 42.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2022. Праверана 6 сакавіка 2014.
  2. Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Мінск: Тэхналогія, 2005.
  3. Паводле звестак Т. Нарбута.
  4. Таксама часам літоўцы называюць некаранаваным каралём Вітаўта, а ў пачатку XX ст. была спроба стварыць Літоўскае каралеўства на чале з Міндаўгасам II.
  5. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  6. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 726.
  7. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 116.
  8. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 82-83.
  9. Грушевський М. Хронологія подій… С. 16.
  10. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. — СПб., 1908. — Стлб. 736.
  11. Грушевський М. Цыт. арт. С.27-28.
  12. Насевіч, В. Міндоўг // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 144—145. ISBN 985-11-0141-9.
  13. а б в г д Грушевський, М. Цыт. арт. С.35.
  14. Дакладная лакалізацыя гэтага замку пакуль не вызначаная.
  15. а б Грушевський, М. Цыт. арт. С.37.
  16. На думку Томаса Баранаўскаса.
  17. Vaižgauskaitė, Jūratė. E.Gudavičius: Lietuva neturi monarchijos tradicijų (літ.). DELFI. Праверана 3 снежня 2023.
  18. Stryjkowski, M. Goniec cnoty, do prawych slachciczów // Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego. T. 2. — Warszawa: Gustaw Leon Glücksberg, 1846. — [4], 572 s. — S. 541.
  19. Stryjkowski, M. O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od żadnego ani kuszone ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia / Maciej Stryjkowski; oprac. [wstępu i komentarza] Julia Radziszewska; [słownik i notę językową oprac. Maria Karpluk; przekł. wiersza Augustyna Rotundusa Jan Sękowski, przekł. tekstów łac. Maria Ściebora, przekł. tekstów lit. Jan Safarewicz; mapę Litwy XVI w. oprac. Wiesław Wodecki]. — Warszawa: Państ. Instytut Wydawniczy, 1978. — 762, [2] s., [1] k. tabl., [8] s. tabl.: il. — S. 197.
  20. Stryjkowski, M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego. T. 1. — Warszawa: Gustaw Leon Glücksberg, 1846. — [4], 63, XLVIII, 392 s.: il. — S. 289.
  21. Грушевський М. Цыт. арт. С.43.
  22. а б в г д е ё ж з і Аўтэнтычнасць падаецца паводле К. Малечыньскага: Maleczyński K. W sprawie autentyczności dokumentów Mendoga z lat 1253—1261 // Ateneum Wileńskie. Wilno, 1936. R.11;
  23. Liv-, Est- uhd Curländisches Urkundenbuch, nebst Regesten /Ed. F. G. von Bunge. Bd.1 (1093—1300). Reval, 1853.
  24. Codex diplomaticus Lithuaniae. / Ed. E. Raczyński. Vratislaviae, 1845.
  25. Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2005. — 136 с.
  26. Ivinskis Z. Lietuvos istorija: iki Vytauto Didžiojo mirties. — Roma, 1978 (репринт: Vilnius, 1991).