Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Піяры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Піяры (лац.: patres scholarum piarum — айцы пабожных школ) — каталіцкі манаскі ордэн.

Ордэн Піяраў быў заснаваны ў 1597 годзе іспанскім святаром Юзафам Каласансам, у 1621 годзе зацверджаны рымскім Папам Рыгорам XV. На чале ордэна стаіць генерал, 4 асістэнты і 4 кансультанты.

Мэтай піяраў было выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі праз стварэнне шырокай сеткі сваіх калегіумаў, а не палітычная ці місіянерская дзейнасць. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адміністрацыйнымі справамі) і прэфект (загадваў вучэбнай часткай). Вучэбны курс падзяляўся на 7 класаў: праформа (вучылі пісаць, чытаць і пачаткам арыфметыкі), інфіма (тыя ж самыя прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства), рыторыка (рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі мелі званне магістраў ці прафесараў. Навучанне было бясплатнае, плата бралася толькі за канвікт (інтэрнат). Найбольш збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але павінны былі выконваць шэраг прац па школьнай гаспадарцы.

Піяры ў Рэчы Паспалітай

[правіць | правіць зыходнік]

У 1641 годзе кароль Уладзіслаў Ваза папрасіў Каласанса прыслаць піяраў у Рэч Паспалітую, каб пазбавіцца ад манаполіі езуітаў у галіне адукацыі. У 1642 годзе піяры прыбылі ў Варшаву. У 1736 годзе ў краіне былі створаны 2 правінцыі ордэна — Каронная (Польская) і Літоўская.

Падабенства вучэбнай праграмы піяраў да езуіцкай і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навучальныя ўстановы папулярнымі. У 1722 годзе віленскі біскуп Канстанцін Казімір Бжастоўскі запрасіў піяраў у Вільню, а мерацкі староста А. Сапега ахвяраваў ім палац і 2 іншыя мураваныя будынкі.

Кляштары і рэзідэнцыі піяраў пры падтрымцы магнатаў і шляхты з’явіліся таксама ў Шчучыне (1726), Воранаве (1730, пераведзены ў 1756 годзе ў Ліду) і Геранёнах (1730), Зэльве (1739), Лужках (1741), Віцебску (1751), Драгічыне Надбужскім (1773), дзе хутка ўтвараліся і калегіумы.

Значныя перашкоды стварэнню сеткі піярскіх устаноў чынілі езуіты, якія бачылі ў піярах сваіх канкурэнтаў. Для павышэння канкурэнтаздольнасці піярскай адукацыі пад кіраўніцтвам правінцыяла Кароннай правінцыі С. Канарскага ў 1740-50-я гг. праведзена рэформа піярскіх навучальных устаноў, у 1750-60-я г. яна закранула і Літоўскую правінцыю. Былі пашыраны курсы матэматыкі, прыродазнаўчых і свецкіх гуманітарных навук, уведзены французская і нямецкая мовы і інш. Выкладаць новыя прадметы павінны былі спецыяльна падрыхтаваныя асобы па новых падручніках (перакладзеных ці напісаных піярамі), тэрмін навучання складаў 6 гадоў. Значны ўплыў на вучэбныя праграмы піяраў у Рэчы Паспалітай зрабіла французская культура, шэраг прадметаў выкладаўся па-французску, лепшыя выхаванцы накіроўваліся на стажыроўку ў Францыю.

Пасля скасавання ў 1773 г. ордэна езуітаў і стварэння Адукацыйнай камісіі піяры адыгралі вялікую ролю ў рэфармаванні сістэмы асветы краіны ў 1770-80-я гг.: падрыхтавалі вялікую колькасць праектаў рэформ, пісалі падручнікі (А. Каменскі, А. Паплаўскі, М. Пракаповіч). За заслугі ў галіне адукацыі піярам было дазволена ў 1775 набываць новыя зямельныя ўладанні, у 1783 іх школы ў Польшчы вылучаны ў асобную акругу (вучылішчы піяраў у ВКЛ увайшлі ў яе склад у 1790 г.). У канцы 18 ст. на тэрыторыі ВКЛ дзейнічала 18 кляштараў піяраў.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на далучаных да Расійскай імперыі землях створана Віленская навучальная акруга, у 1804 г. піярскія навучальныя ўстановы былі ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. Адкрываць новыя школы піярам не дазвалялася (выключэннем было заснаванне ў 1822 г. Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча). Піярскія навучальныя ўстановы працягвалі займаць адно з вядучых месц у акрузе: у 1803 г. у піяраў вучыліся 1234 юнакі, у 1816—1245, у 1822—1401. Піяры займалі шэраг прафесарскіх пасад у Віленскім універсітэце: С. Юндзіл, Ф. Серафімовіч, Ф. Галанскі. У 1831-34 гг. пасля паўстання 1830-31 гадоў навучальныя ўстановы піяраў былі пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены. Літоўская правінцыя пяіраў скасавана ў 1843 г.

А. Самусік. Піяры // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 510.

  • Шчучынская парафія ордэна піяраў
  • Ордэн піяраў на Беларусі
  • Лідскі піярскі калегіум
  • Самусік А. Ф. Вучэбна-метадычныя выданні Віленскай піярскай друкарні ў канцы 1750-х — пачатку 1770-х гг. // Матэрыялы міжнароднага кангрэса «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», Мінск, 14-15 верасня 2017 г. : у 2 ч. / Нац. б-ка Беларусі; склад. А. А. Суша. Мінск, 2017. Ч. 1 : ХІІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. С. 184—189.
  • Самусік А. Ф. Лідскі піярскі калегіум // Ліда і Лідчына : да 685-годдзя з дня заснавання горада : мат-лы рэсп. нав.-практ. канф., 3 кастр. 2008 г. / Мін. Ад. РБ, Лід. раён. вык. кам-т, Гр. дзярж. ун-т ; рэдкал. : А.П. Худык [і інш.]. Ліда, 2008. С. 40-43.
  • Самусік А. Ф. Станаўленне гуманітарна-прыродазнаўчай сістэмы адукацыі ў піярскіх калегіумах Беларусі ў першай палове XVIII стагоддзя // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук. Серыя гуманітарных навук. 2006. № 5. Ч. 1. С. 94-96.