Электрычная дуга
Электры́чная дуга́, вольтава дуга — фізічная з'ява, адзін з відаў самастойнага дугавога разраду ў газах, пры якім разрад сканцэнтраваны ў вузкім плазменным шнуры, які ярка свеціцца. Пры гарызантальным размяшчэнні электродаў плазменны шнур пад уздзеяннем узыходзячага патоку нагрэтага газу набывае форму дугі.
Электрычную дугу ў паветры паміж вугальнымі стрыжнямі назіраў у 1802 годзе рускі электратэхнік В. У. Пятроў. У 1808—1809 гг. яе апісаў англійскі вучоны Гемфры Дэві і даў ёй назву вольтавай дугі. Развіццю тэорыі электрычнай дугі прысвяцілі свае работы рускія вучоныя М. М. Бернардос і М. Г. Славянаў, распрацаваўшы метады зваркі з выкарыстаннем вугальных электродаў, зваркі на пераменным току і зваркі з выкарыстаннем металічных электродаў[1].
Электрычная дуга можа існаваць у любым газе пры ціску, блізкім да атмасфернага і больш высокім. Тэмпература плазмы ў шнуры электрычнай дугі ад 5000 К (пры атмасферным ціску і сіле току ў некалькі ампер) да 12 000 К[1]. Пры абдзьмухванні шнура дугі моцным патокам газу тэмпература можа дасягаць 50 000 К. Шчыльнасць току каля катода можа пры пэўных умовах дасягаць 107 А/см². Электрычнай дузе ўласціва спадальная вольтамперная характарыстыка — з павелічэннем сілы току памяншаецца напружанне паміж электродамі.
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Электрычная дуга выкарыстоўваецца ў металургіі (атрыманне асабліва чыстых і тугаплаўкіх металаў і сплаваў), святлатэхніцы (дугавая лямпа), у тэхналагічных працэсах зваркі.
Адмоўнае ўздзеянне
[правіць | правіць зыходнік]У некаторых галінах тэхнікі электрычная дуга — шкодная з'ява (напрыклад, пры разрыве электрычных ланцугоў высокага напружання). У мэтах барацьбы выкарыстоўваюцца адмысловыя высакавольтныя выключальнікі з разнастайнымі дугагасільнымі прыстасаваннямі — масляныя выключальнікі, дугагасільныя камеры, з гашэннем дугі магнітным полем і інш.
Зноскі
- ↑ а б Дуга электрическая(недаступная спасылка) // Вялікая савецкая энцыклапедыя (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 102—103. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Дуга электрическая(недаступная спасылка) // Вялікая савецкая энцыклапедыя (руск.)