Вялейка
Вялейка лац. Vialejka | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1460 | ||||
Горад з: | 1795 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Вялейскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 183 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 26 760 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1771 | ||||
Паштовыя індэксы: | 222412, 222416, 222417 | ||||
СААТА: | 6213501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°29′0″ пн. ш. 26°55′0″ у. д. / 54.48333° пн. ш. 26.91667° у. д.Каардынаты: 54°29′0″ пн. ш. 26°55′0″ у. д. / 54.48333° пн. ш. 26.91667° у. д. | ||||
± Вялейка | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://vileyka.minsk-region.by/ |
Вяле́йка — места ў Беларусі, на рацэ Вяльлі каля Вялейскага вадасховішча. Адміністрацыйны цэнтар Вялейскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 26 760 чалавек[1]. Знаходзіцца за 103 км на паўночны захад ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі Маладэчна — Полацак. Вузел аўтамабільных дарог на Маладэчна, Смаргонь, Мядзел, Докшыцы, Плешчаніцы.
Вялейка, або Каралеўскі Куранец, — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся стары касьцёл у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Вялейка ўтварыўся ад назвы ракі Вяльлі (на думку географа Вадзіма Жучкевіча, ад назвы прытока Вяльлі[2]), якая ў гістарычных крыніцах завецца вялікай (Веля, Велья, Велея). Індаэўрапейскі корань назвы адсылае да значэньня 'заходні кірунак' і культу продкаў, а значыць зьвязвае і з культам бога Вялеса[3][4]. Тым часам беларускі гісторык Вацлаў Пануцэвіч зьвязваў назвы Вяльлі і Вялейкі зь зьвязам заходнеславянскіх плямёнаў люцічамі[5].
Традыцыйная гістарычная назва места — Вялейка[6][7], што адпавядае вымаўленьню мясцовых жыхароў[3]. Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай і павелічэньні ўплыву польскай мовы назвы ракі і мястэчка пачалі пісацца па-польску: Вілія (польск. Wilia) і Вілейка (польск. Wilejka). Магчыма, гэта зрабілі, каб дапасаваць імя ракі да назвы сталічнай Вільні[6]. Па другім падзеле Рэчы Паспалітай расейскія ўлады мэханічна зафіксавалі польскую назву — рас. Вилейка[6]. Савецкія ўлады зрабілі беларускую трансьлітарацыю расейскай назвы — як і ў выпадку зь Менскам (Мінскам).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Вялейку як вялікакняскі маёнтак Каралеўскі Куранец датуецца 16 лістапада[8] 1460 году[9]. Пад 1464 годам упамінаецца дзяржаўца куранецкі Івашка (Ян) Кучук, маршалак гаспадарскі. У канцы XV ст. маёнтак перайшоў у вотчыну П. Мантыгірдавічу, а па ягонай сьмерці — да ўдавы Г. Гальшанскай. Зь сярэдзіны XVI ст. Куранец знаходзіўся ў валоданьні Мікалая Радзівіла «Чорнага», у 1558—1566 гадох — ува ўтрыманьні М. Нарушэвіча, з 1567 году — у М. Сноўскага. У гэты час на тэрыторыі маёнтку ўтварылася аднайменнае мястэчка.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Куранец увайшоў у склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. З 1567 году ў мястэчку існавала царква. У 1588 годзе маёнтак перайшоў да Льва Сапегі. На 1599 год мястэчка было цэнтрам староства[10].
У 1617 годзе паселішча ўпершыню ўпамінаецца пад дзьвюма назвамі — Куранец і Вялейка. У 1635 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза перадаў Вялейку ў валоданьне ваяводу смаленскаму А. Гасеўскаму. У 1667—1676 гадох мястэчкам валодаў скарбовы пісар Я. Эйдзятовіч. У 1676 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі перадаў яго Пацам.
У 1702 годзе староста вялейскі М. А. Пац зрабіў фундуш на карысьць царквы Сьвятога Спаса. У 1727 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў мястэчку прывілей на штотыднёвыя таргі ў нядзелі і на 3 кірмашы ў год. На 1765 год тут было 30 будынкаў[9]. У 1773 годзе мястэчка перайшло ў валоданьне Ігната Куранецкага, да таго часу ў ім яшчэ не было ніводнай камяніцы[11]. На 1789 год налічвалася 32 гаспадары-домаўладальнікі, 9 кутнікаў, 3 жыдоўскія радзіны[9].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Вялейка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе 3 траўня 1795 году атрымала статус места і стала цэнтрам павету Менскай, з 1842 году Віленскай губэрні. 22 студзеня 1796 году расейскія ўлады зацьвердзілі мескі герб: «у чырвоным полі срэбная рака, па ёй плыве судна зь цюком тавараў і залатым коласам пасярэдзіне»[12]. На 1797 год — 49 будынкаў, працавала паштовая станцыя, на 1801 год — 62 будынкі, дзеяла царква, працавалі карчма і млын. У 1810 годзе адбыўся вялізны пажар.
На 1841 год у Вялейцы было 220 будынкаў, 15 вуліцаў і завулкаў, дзеялі 3 царквы і юдэйская малітоўная школа, працавалі 6 крамаў і 5 корчмаў, правіянцкі магазын і перавоз. На 1860 год — 272 будынкі, дзеялі царква, 3 капліцы і 3 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі шпіталь, бровар і 14 крамаў.
За часамі вызвольнага паўстаньня 14 красавіка 1831 году Вялейку на пэўны час вызвалілі з-пад расейскай улады[13]. У наступнае нацыянальна-вызвольнае паўстаньне ў ваколіцах места дзеяў аддзел В. Козела. У 1874 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады гвалтоўна ператварылі збудаваны ў 1863 годзе касьцёл у царкву Ўрадавага сыноду. Апроч таго, у 1865 годзе тут збудавалі царкву-мураўёўку і адкрылі расейскую народную вучэльню.
У канцы XIX ст. у Вялейцы было 496 будынкаў, дзеялі 2 царквы, капліца і 4 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі прыходзкая вучэльня, шпіталь, завод штучнай вады і ліманаду, паштовая станцыя, 48 крамаў і 8 корчмаў, у нядзелі адбываліся таргі. У 1907 годзе празь места праклалі чыгунку, у гэты час тут было 630 будынкаў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 Вялейку занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
А. Адам, 1812 г.
-
Нерэалізаваны праект царквы, 1829 г.
-
Нерэалізаваны праект касьцёла, 1840 г.
-
Стары касьцёл, 1861 г.
-
Стары касьцёл, 1861 г.
-
Выгляд з боку Вяльлі, 1871 г
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вялейка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары места, а таксама Гарадоцкай, Крайскай, Лебедзеўскай, Маладэчанскай, Радашкавіцкай і Хаценчыцкай воласьцяў Вялейскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[14]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Вялейка ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У ліпені 1919 году места занялі польскія войскі, пазьней — бальшавікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Вялейка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва. На 1931 год — 876 будынкаў, дзеялі 2 царквы, касьцёл і сынагога, працавалі 7-клясная школа, гімназія, паліцэйскі пастарунак і вязьніца. На 1935 год — 29 вуліцаў, пляц, лякарня, кінатэатар, народны дом, электрастанцыя, ласазавод.
У Вялейцы дзеялі арганізацыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (26 жніўня 1928 году адбыўся павятовы зьезд) і Таварыства беларускай школы (13 траўня 1928 году адбыўся павятовы зьезд). У рабоце зьездаў бралі ўдзел Рыгор Шырма, Аляксандар Уласаў. Адным з кіраўнікоў мясцовага грамадзка-дэмакратычнага руху быў Флягонт Валынец. У Беларускім народным доме вялася палітычна-асьветная работа, пры ім існаваў драматычны тэатар (кіраўнік А. Каляда). Спэктаклі ставіліся ў будынку пажарнай аховы на Рынку (цяпер галоўны будынак Вялейскага краязнаўчага музэю).
У 1939 годзе Вялейка ўвайшла ў БССР, дзе 4 сьнежня 1939 году стала цэнтрам вобласьці. У гэты час тут было 911 будынкаў, сярэдняя і 2 няпоўныя сярэднія школы, дом культуры, кінатэатар, друкарня, паштова-тэлеграфная кантора, электрастанцыя, 2 лесапільныя заводы, 2 паравыя млыны. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
З чэрвеня 1946 году Вялейка стала цэнтрам раёну (з студзеня 1960 году ў Менскай вобласьці). 13 красавіка 2001 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[15].
-
Стары касьцёл па маскоўскай перабудове, каля 1900 г.
-
Гарадзішча. Каталіцкая капліца, да 1918 г.
-
Новы касьцёл, 1918 г.
-
Менская вуліца, 1930-я гг.
-
Каплічка, 1930-я гг.
-
Фінансавая ўправа, 1930-я гг.
-
Вялікая Сынагога, 1930-я гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1765 год — 126 чал.[9] у мястэчку Вялейцы і 156 чал. у сяле Вялейцы; 1797 год — 310 чал.[16]
- XIX стагодзьдзе: 1801 год — 241 чал.; 1841 год — 1369 чал.[17]; 1860 год — 2931 чал.[18]; 1880 год — 3450 чал., у тым ліку паводле веры: 1828 праваслаўных, 369 каталікоў, 3 пратэстанты, 1241 юдэй, 9 магамэтанаў; паводле стану: 178 шляхцічаў, 24 духоўнага стану, 28 ганаровых грамадзянаў, 1855 мяшчанаў, 7 сялянаў, 351 вайсковец, 7 інш.[18]; 1888 год — 4076 чал.[18]; 1889 год — 4060 чал. (2009 муж. і 2051 жан.)[19]; 1897 год — 3560 чал.[20]
- XX стагодзьдзе: 1907 год — 4060 чал.; 1921 год — 3,4 тыс. чал.; 1931 год — 5533 чал.[21]; 1939 год — 7,5 тыс. чал.[22]; 1945 год — 3353 чал.[23]; 1955 год — 7940 чал.; 1959 год — 8,2 тыс. чал.; 1965 год — 10,8 тыс. чал.; 1969 год — 12,5 тыс. чал.[24]; 1970 год — 12,2 тыс. чал.; 1989 год — 25 тыс. чал.; 1991 год — 29,5 тыс. чал.; 1993 год — 29,1 тыс. чал.[25]; 1995 год — 29,8 тыс. чал.[26]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 29,1 тыс. чал.; 2007 год — 28,8 тыс. чал.; 2008 год — 28,6 тыс. чал.[27]; 2009 год — 28,3 тыс. чал.; 2009 год — 26 836 чал.[28] (перапіс); 2016 год — 26 831 чал.[29]; 2017 год — 26 751 чал.[30]; 2018 год — 26 760 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Вялейцы працуюць 4 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая і музычная школы, школа-інтэрнат, 10 дашкольных установаў.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе больнічны комплекс.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дом культуры, 3 бібліятэкі, народны тэатар.
- Народны ансамбль гітарыстаў «Адэліта»[31].
- «Рэгіянальная газета» (масавае выданьне, якое зьмястоўнасьцю значна пераўзыходзіць раённую газэту)
- «Шлях перамогі» («раёнка»)
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 мая вуліца | Нароцкая вуліца | Бэрнардынская вуліца |
17 верасьня вуліца | Асіпаўская вуліца | Пушкінская вуліца Аляксандра II вуліца 11 лістапада вуліца |
Астроўскага вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца | |
Вадап’янава вуліца | Юраўская вуліца | рас. Свято-Георгиевская улица |
Горкага вуліца | Сьвятаянская вуліца | |
Дзяржынскага вуліца | Пагулянка вуліца | Арлоўскага вуліца |
Камсамольская вуліца | Прыгожая вуліца | |
Красіна вуліца | Слабадзкая вуліца | |
Кастрычніцкая вуліца | Мікалаеўская вуліца | 3 мая вуліца |
Лаўрыновіча вуліца | Порсаўская вуліца | Плянэрная вуліца |
Маякоўскага вуліца | Гімназічны завулак | |
Піянэрская вуліца | Завальная вуліца | Жвіркі вуліца |
Пушкінская вуліца | Ясная вуліца | |
Савецкая вуліца | Вялікая вуліца Менская вуліца Менска-Дзісенская вуліца |
Аляксандраўская вуліца Юзэфа Пілсудзкага вуліца (1921—1939) Беларуская вуліца (1941—1944) |
Сацыялістычная вуліца | Віленская вуліца | |
Свабоды плошча | Юраўскі пляц | рас. Георгиевская площадь |
Стаханаўская вуліца | Халапоўская вуліца | |
Цэнтральная плошча | Рынак пляц | |
Чайкоўскага вуліца | Генрыха Сянкевіча вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Доўгая вуліца | Бандурскага вуліца |
Шубіна вуліца | Чыгуначная вуліца[32] |
З урбананімічнай спадчыны Вялейкі да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Садовая.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, лёгкай і харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Вялейкі |
---|
|
У Вялейцы разьмяшчаецца 43-ці вузел сувязі ВМФ Расеі (54°27′50″ пн. ш. 26°46′40″ у. д. / 54.46389° пн. ш. 26.77778° у. д.), які забясьпечвае сувязь на звышдоўгіх частасьцях Галоўнага штабу ВМФ з атамнымі падводнымі лодкамі, што знаходзяцца на баявым дзяжурстве ў водах Атлянтычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На беразе Вялейскага вадасховішча знаходзіцца зона адпачынку дзяржаўнага значэньня «Вялейка». У месьце — гатэль «Вілія».
- Вялейскі краязнаўчы музэй
- Выстаўная заля імя мастака Нікадзіма Сілівановіча
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа — помнік архітэктуры нэаготыкі, збудаваны ў 1906—1913 гадох (архітэктар Аўгуст Клейн)
- Могілкі юдэйскія
- Царква Вялебнай Марыі Эгіпецкай (1865; мураўёўка)
- Чыгуначная станцыя (1-я палова ХХ ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл (1863)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл, бакавы фасад
-
Колішняя вязьніца
-
Лякарня
-
Юдэйскія могілкі
-
Валун Любецкі
-
Найстарэйшы жылы дом
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Вялейкі |
---|
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эва Марыя Астроўская (1938—2012) — польская пісьменьніца і журналістка
- Мікіта Крыўцоў (1992—2020) — беларускі футбольны фанат, загінулы ўдзельнік пратэсту па прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году
- Аляксандар Манцэвіч (нар. 1958) — беларускі журналіст і выдавец
- Валеры Пазднякоў (нар. 1963) — беларускі археоляг, гісторык
- Аляксандар Уласаў (1874—1941) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, эканаміст
- Аляксей Чубат (нар. 1979) — беларускі паэт
- Алесь Шут (1952—2019) — беларускі лекар, палітык і грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня ад Лагойшчыны. Сябра Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 51.
- ^ а б Волат-Лужынская, Э. (19 красавіка 2007) Гісторыя мястэчка Вялейка. vialejka.org. Архіўная копія ад 18 верасьня 2009 г.
- ^ Ефимова Н. А. История Вилейки 15—18 веков // Вілейскі краязнаўчы зборнік: [Матэрыялы краязн. навук. канф. "Вілейшчына - погляд у мінулае і сучаснасць" (27 мая 1999 г.) / Склад. В.Коласава. — Мн.: МГА "Бел. кнігазбор", 2001. — С. 28—45. — ISBN 985-6638-23-2
- ^ Ніна Баршчэўская, Становішча беларускае мовы ў пэрыяд ВКЛ, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 6 чэрвеня 2007 г.
- ^ а б в Вячорка В., Карней І. Гарады з «памылкамі» ў назвах: Вілейка ці Вялейка?, Радыё Свабода, 20 жніўня 2019 г.
- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 23.
- ^ Знойдзеная новая дата заснавання Вялейкі, Vialejka.org
- ^ а б в г Пазднякоў В. Вілейка // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 408
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Гісторыя ўзнікнення і развіцця Вілейкі, Vialejka.org
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 132.
- ^ Callier E. Bitwy i potyczki stoczone przez wojsko polskie w roku 1831. — Poznań: Drukarnia Dziennika Ponzańskiego, 1887. S. 74. (.djvu) (пол.)
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Геральдика, Вилейский районный исполнительный комитет
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 561.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 562.
- ^ а б в Krzywicki J. Wilejka // Słownik geograficzny... T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 464.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 563.
- ^ Каханоўскі Г. Вілейка // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 268.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 564.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Каханоўскі Г. Вілейка // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 267.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 158.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 560.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ На канцэрце вілейскага ансабля гітарыстаў «Адэліта» не было свабодных месц, «Рэгіянальная газета»
- ^ Вулічная гісторыя Вілейкі: ад Мінска-Дзісненскай да Повночной, Vialejka.info
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялейка, Radzima.org
- Інфармацыйны незалежны сайт Вялейкі
- Неафіцыйны інфармацыйны сайт Вялейкі
- Прагноз надвор’я ў м. Вялейка
|