Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсьці да зьместу

Руанда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Руанда
на руандзе: Rwanda
па-француску: Rwanda
па-ангельску: Rwanda
на суахілі: Rwanda
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Цудоўная Руанда
Дата заснаваньня: 1962
Афіцыйная мова: руанда, ангельская мова, француская мова і суахілі
Сталіца: Кігалі
прэзыдэнт Руанды[d]: Поль Кагамэ
прэм’ер-міністар Руанды[d]: Эдуар Нгірэнтэ[d]
Заканадаўчы орган: парлямэнт Руанды[d]
Плошча:
  • 26 338 ± 1 км²
Насельніцтва:
Валюта: Руандыйскі франк
СУП (2022)
па ППЗ: 37,5 млрд $
па ППЗ на душу насельніцтва: 2 836 $
намінальны: 12,1 млрд $
намінальны на душу насельніцтва: 912 $
Індэкс дэмакратыі: 3,1[2]
Каэфіцыент Джыні: 43,7[3]
ІРЧП: 0,534[4]
Часавы пас: UTC+2 і Афрыка/Кігалі[d][5]
Аўтамабільны знак: RWA
Бок аўтамабільнага руху: праваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .rw
Тэлефонны код: +250
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
gov.rw (анг.)

Руа́нда, Рэспубліка Руанда (на руандзе: u Rwanda) — невялікая краіна ў Цэнтральнай Афрыцы на сутыку рэгіёну Вялікіх Афрыканскіх азёраў і Паўднёва-ўсходняй Афрыкі. Месьціцца на некалькі градусаў ніжэй за роўнік і мяжуе з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, Танзаніяй, Угандай і Бурундзі. Ня мае выхаду да мора. Паверхня краіны мае складаны, узвышаны характар, то бок на захадзе краю пераважаюць горы, а на паўднёвым усходзе расьцягаецца саванна. Руанда на мясцовых мовах азначае «Край тысячы пагоркаў». Клімат вагаецца па тэрыторыі ад мернага да субтрапічнага, з двума дажджлівымі і двума сухімі сэзонамі на год. Колькасьць насельніцтва дзяржавы складае больш за 12,6 мільёнаў чалавек, якія жывуць на плошчы ў 26 тысячаў км², што робіць Руанду самай густанаселенай мацерыковай афрыканскай краінай. Сярод краінаў, якія перавышаюць плошчу ў 10 тысяч км², Руанда займае пяты радок паводле гэтага паказьніку ў сьвеце. Адзін мільён з усіх жыхароў ёсьць мяшчанамі сталіцы і найбуйнейшага гораду Кігалі.

З 1994 году Руанда ёсьць унітарнай прэзыдэнцкай дзяржавай з двухпалатным парлямэнтам, якім кіруе Руандыйскі патрыятычны фронт. З дакаляніяльных часоў і пасюль край кіруецца цэнтралізаваным аўтарытарным урадам. Не зважаючы на тое, што Руанда мае нізкі ўзровень карупцыі ў параўнаньні з суседнімі краінамі і ў Афрыкі агулам, яна займае адно з найніжэйшых месцаў у міжнародных рэйтынгах празрыстасьці ўраду, узроўню грамадзянскіх свабодаў і якасьці жыцьця. Насельніцтва досыць маладое і пераважна сельскае. Усе руандыйцы паходзяць толькі з адной культурнай і моўнай групы, вядомай як баньяруанда, але падзяліць іх можна на народнасьці хуту, тутсі і тва. Апошнія з узгаданных плямёнаў ёсьць пігмэямі, якія жывуць у лясах і часта лічацца нашчадкамі самых раньніх жыхароў Руанды. Нацыянальная мова завецца руанда. На ёй размаўляюць карэнныя руандыйцы, але таксама да ліку афіцыйных належаць ангельская, француская мовы і суахілі.

Эканоміка грунтуецца ў асноўным на спажывецкай гаспадарцы. Асноўнымі культурамі, якія выпраўляюць на экспарт, ёсьць кава і гарбата. Апошнім часам, хуткарослым сэктарам эканомікі ёсьць турызм, які дазваляе зарабляць краіне грошы. Ужо ў XXI стагодзьдзі Руанда набыла рэпутацыю новага тэхналягічнага цэнтру Афрыкі, дзякуючы павелічэньню колькасьці тэхналягічных стартапаў[6]. Краіна ёсьць сябрам Афрыканскага зьвязу, Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Садружнасьці нацыяў, Эканамічнай супольнасьці Ўсходняй і Паўднёвай Афрыкі, арганізацыі Франкафонія і Ўсходнеафрыканскай супольнасьці. У чэрвені 2022 году у Руандзе ладзілася сустрэча кіраўнікоў урадаў Садружнасьці нацыяў, якая першапачаткова была заплянаваная на 2020 год, але праз пандэмію каранавірусу была перанесеная[7].

Рэканструкцыя старажытнага палацу караля ў Ньянзе.

Першае старажытнае паселішча чалавека на тэрыторыі сучаснай Руанды датуецца ледавіковым пэрыядам альбо неалітычным пэрыядам прыкладна каля 8000 гадоў да н. э. альбо пэрыядам да 3000 гадоў да н. э.[8] Археалягічныя раскопкі выявілі доказы рэдкіх паселішчаў паляўнічых у канцы каменнага веку, а таксама раньняга жалезнага веку, калі ўжо былі ганчарныя вырабы і жалезныя інструмэнты[9][10]. Гэтыя раньнія жыхары, як лічыцца, былі продкамі плямёнаў тва, якія жылі паляваньнем і зьбіральніцтвам[11]. Паміж 700 году да н. э. і 1500 годам н. э., шэраг групаў банту перасялілася ў Руанду, зруйнаваўшы пэўную частку лясоў пад зямлю дзеля сельскай гаспадаркі[11][12]. Лясныя жыхары тва, страціўшы свае месцы жыхарства, былі вымушаныя перамясьціцца на горныя схілы[13]. Гісторыкі маюць некалькі тэорыяў адносна характару міграцыі банту. Адна зь іх палягае на тым, што першымі пасяленцамі былі хуту, у той час як тутсі прыбылі на тэрыторыі сучаснае краіны пазьней, утварыўшы асобную этнічную групу, магчыма, ніла-гаміцкага паходжаньня[14]. Паводле альтэрнатыўнай тэорыі, міграцыя была павольнай, але ўстойлівай, а прыбылыя групы хутка інтэграваліся ў тубыльные грамадзтва, унікаючы заваёваў[11][15]. Згодна з гэтай тэорыяй, адрозьненьні паміж хуту і тутсі ўзьніклі пазьней, і, перш за ўсё, палягалі на клясавым адрозьненьні, а не этнічным[16].

Самай раньняй формай грамадзкай арганізацыі ў рэгіёне былі кланы[17]. Кланы не абмяжоўваліся роднаснымі сувязямі або геаграфічнымі межамі і улучалі хуту, тутсі і тва[17]. З XV стагодзьдзя кланы пачалі зьлівацца і фармаваць каралеўствы[18]. Адно з каралеўстваў пры каралю Гігангу здолела паглынуць некалькі сваіх блізкіх суседзяў і ўтварыць каралеўства Руанда. Да 1700 году на тэрыторыі сучаснай Руанды існавала каля васьмі каралеўстваў[19]. Адно зь іх, каралеўства Руанда, якім кіраваў клан тутсі Нігіня, пачаў дамінаваць у рэгіёне зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя[20]. Каралеўства дасягнула сваёй найбольшай моцы ўсьцяж XIX стагодзьдзя пры панаваньні каралю Кігелі Рвабугіры. Ён скарыў некалькі меншых дзяржаваў, пашырыў каралеўства на захад і поўнач[20][21], а таксама ініцыяваў адміністрацыйныя рэформы. Зьмены адбываліся ў сацыяльным жыцьці, як то паступова хуту мусілі былі працаваць на тутсі[21]. Менавіта за часам Рвабугіры зьявіўся злом паміж папуляцыямі хуту і тутсі[21]. Статус тва быў лепшым за той, які ў іх быў даўней, то бок некаторыя зь іх сталі танцорамі пры каралеўскім двары[13], але іхняя колькасьць працягвала зьніжацца[22].

Эўрапейская калянізацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паштовая марка Руанды—Ўрундзі 1953 году.

Бэрлінская канфэрэнцыя 1884 году зацьвердзіла замацаваньне тэрыторыі сучаснае краіны за Нямецкай імпэрыяй, якая абвесьціла яе часткай Нямецкай Усходняй Афрыкі. У 1894 годзе дасьледнік Густаў Адольф фон Гёцэн стаўся першым эўрапейцам, які завандраваў усю тэрыторыю Руанды, перайшоўшы з паўднёвага ўсходу да возера Ківу і сустрэўшы караля[23][24]. У 1897 годзе Нямеччына стварыла прысутнасьць у Руандзе з складаньнем зьвязу з каралём і ўсталяваньнем пратэктарату, распачаўшы каляніяльную эпоху[25]. Немцы істотна не зьмянілі сацыяльную структуру краіны, але зрабілі пэўны ўплыў, падтрымліваючы караля і існуючую герархію, і дэлегаваўшы ўладу мясцовым начальнікам[26]. Бэльгійскія сілы ўварваліся ў Руанду і Бурундзі ў 1916 годзе з тэрыторыі Конга падчас Першай сусьветнай вайны, а пазьней, у 1922 годзе, Бэльгія атрымала поўны кантроль як на Руандай, гэтак і над Бурундзі, атрымаўшы мандат Лігі народаў на кіраваньне гэтых тэрыторыяў. Новыя ўлады назвалі новую калёнію Руанда—Ўрундзі і ўчынілі больш прамое каляніяльнае кіраваньне[27]. Бэльгійцы спрасьцілі і цэнтралізавалі структуру ўлады[28], распачалі маштабныя праекты ў галіне адукацыі, аховы здароўя, грамадзкіх работ і нагляду за сельскай гаспадаркай, у тым ліку прывезьлі новыя культуры і палепшылі сельскагаспадарчыя мэтады дзеля таго, каб зьнізіць частасьць голаду[29]. І немцы, і бэльгійцы, у выніку новага імпэрыялізму, спрыялі замацаваньню вяршэнства тутсі, улічваючы розніцу паміж этнічнымі групамі. У 1935 годзе Бэльгія ўсталявала сыстэму пасьведчаньня асобы, якая ідэнтыфікавала кожнага чалавека як тутсі, хуту, тва альбо натуралізаваную асобу. Калі раней была мажлівасьць заможнаму хуту стаць ганаровым тутсі, новая сыстэма перашкаджала руху паміж клясамі[30].

Бэльгія працягвала кіраваць Руандай-Урундзі, дзе сучасная Руанда была паўночнай часткай калёніі, і пасьля Другой сусьветнай вайны паводле мандату ААН на кантроль з магчымасьцю абвяшчэньня незалежнасьці. Напружанасьць паміж тутсі і хуту пашыралася, і ў выніку правяла да паўстаньне хуту супраць караля тутсі ў 1959 годзе. Актывісты хуту пачалі забіваць тутсі і зьнішчаць іхныя дамы[31], змусіўшы больш за 100 тысяч чалавек шукаць паратунак у суседніх краінах[32]. У 1960 годзе адбылося скасаваньне манархіі праз рэфэрэндум. Большасьць месцаў у парлямэнце заняла каталіцка-нацыяналістычная партыя Пармэхуту.

Жувэналь Хаб’ярымана кіраваў дзяржавай з 1973 па 1994 гады.

Руанда аддзялілася ад Бурундзі і атрымала незалежнасьць 1 ліпеня 1962 году[33], які дасюль штогод адзначаецца як Дзень незалежнасьці[34]. У наступным гвалт аднавіўся, калі тутсі ўварваліся з суседніх краін, а хуту адпомсьцілм ім забойствамі і рэпрэсіямі тутсі[35]. У 1973 годзе быў зьдзейсьнены вайсковы пераварот, у выніку якога да ўладу прыйшоў міністар абароны Жувэналь Хаб’ярымана. Хуту ўсё яшчэ дамінавалі ў палітыцы, але праз эканамічны росквіт і зьніжэньне колькасьці гвалту ў дачыненьні да тутсі сытуацыя стабілізавалася[36]. Тва ўсьцяж заставаліся маргіналізаванымі, а многія зь іх сталі жабракамі[37]. Насельніцтва Руанды павялічылася з 1,6 мільёнаў чалавек у 1934 годзе да 7,1 мільёнаў у 1989 годзе[38].

1 кастрычніка 1990 годзе паўстанцкая групоўка Руандыйскі патрыятычны фронт (РПФ), якая складалася з амаль 500 тысяч уцекачоў тутсі, уварваліся ў паўночную Руанду з сваёй базы ва Ўгандзе, ініцыяваўшы грамадзянскую вайну[39]. У замежнай палітыцы арганізацыя кіравалася на ЗША і Вялікабрытанію. Фронт асудзіў дзейны ўрад, дзе дамінавалі хуту, за тое, што ён ня здолеў дэмакратызаваць краіны і разьвязаць праблему з уцекачамі. Ані адзін з бакоў ня здолеў атрымаць вырашальную перамогу ў вайне[40], але да 1992 году ўлада Хаб’ярыманы паслабела. Масавыя дэманстрацыі прымусілі яго стварыць кааліцыю з нутранай апазыцыяй і ў рэшце рэшт падпісаць у 1993 годзе пагадненьні з РПФ[41]. Спыненьне агню скончылася 6 красавіка 1994 году, калі самалёт кіраўніка дзяржавы быў зьбіты каля аэрапорту Кігалі[42]. Разам з Хаб’ярыманы загінуў прэзыдэнт Бурундзі Сыпрыен Нтар’яміра, які таксама этнічна належыў да хуту. Па сьмерці прэзыдэнта ўчыніўся масавы генацыд тутсі. На працягу прыблізна 100 дзён вайскоўцы і узброеныя групы хуту закатавалі ад 500 тысяч да 1 мільёну[43] тутсі і палітычна памяркоўных хуту. Ахвяры былі забітыя ў добра сплянаваных нападах на загад часовага ўраду[44]. Нават цывільнае насельніцтва заклікалі чыніць гвалт, распаўсюджваючы варагаваньне і нянавісьць праз радыёэтэр. Гвалт чынілі таксама супраць тва, не зважаючы на тое, што загаду на генацыд да іх не было[37].

Фатаздымкі ахвяраў генацыду ў Мэмарыяльным цэнтры генацыду ў Кігалі.

Узброенае фармаваньне тутсі павярнулася да наступу і мэтадычна ўзяло пад свой кантроль усю краіну да сярэдзіны ліпеня 1994 году[45]. Міжнародная рэакцыя на генацыд была абмежаваная, а міратворчы кантынгент ААН неахвотна і млява ўмешваліся ў падзеі[46]. Пасьля фактычнай перамогі Руандыйскага патрыятычнага фронту прыблізна два мільёны хуту ўцяклі ў суседнія краіны, пераважна ў Заір, баючыся расправы. Уцекачы накіраваліся таксама ў Бурундзі, Танзанію і Ўганду. Дзеля замірэньня і ўчыненьня справядлівасьці быў створаны Міжнародны крымінальны трыбунал для Руанды. Дзеля пакараньня шараговых удзельнікаў чыненьня генацыду распачалі сваю дзейнасьць мясцовыя суды гачача, якія кіраваліся вёскамі і грамадамі[47]. На знак замірэньня прэзыдэнтам краіны стаў прадстаўнік хуту Пастэр Бізымунгу, але фактычным кіраўніком Руанды стаў віцэ-прэзыдэнт і прадстаўнік Руандыйскага патрыятычнага фронту Поль Кагамэ[48]. З 2000 году эканоміка Руанды выправілася і пайшла ўгару, а індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу хутка павялічыўся.

У тым жа 2000 годзе Бізымунгу стаў крытычна ставіцца да ўраду Кагамэ. У выніку прэзыдэнт быў адхілены ад пасаду, якую заняў сам Кагамэ. Бізымунгу адразу ж заснаваў апазыцыйную партыю, але ўрад Кагамэ забароніў яе. Бізымунгу быў арыштаваны ў 2002 годзе за здраду і асуджаны да 15 гадоў пазбаўленьня волі. У 2007 годзе вязень быў вызвалены дзякуючы прэзыдэнцкаму памiлаваньню[48].

Гара Карысымбі.
Тапаграфічная мапа Руанды.

Плошча Руанды складае 26 тысяч км², што ставіць яе ажно на 149-ы радок у сьпісе найвялікшых дзяржаваў у сьвеце, а таксама яна ёсьць чацьвертай найменшай краінай на афрыканскім мацерыку пасьля Гамбіі, Эсўатыні і Джыбуці[49]. Краіна сумерная сваімі памерамі з Бурундзі, Гаіці і Альбаніяй[50][51]. Паверхня краіны ў асноўным гэта горы, а самым нізкім пунктам ёсьць рака Русызі, якая сягае да 950 мэтраў над узроўнем мора[50]. Самым высокім пунктам ёсьць гара Карысымбі (4507 м). Геаграфічна належыць да Цэнтральнай і Ўсходняй Афрыкі і мяжуе з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга на захадзе, Угандай на поўначы, Танзаніяй на ўсходзе, і Бурундзі на поўдні[50], месьцячыся у некалькіх градусах на поўдзень ад экватару і ня маючы выхаду да мора[52]. Сталічны горад Кігалі месьціцца ў цэнтры дзяржавы[53].

Водныя рэсурсы падзяляюцца на басэйны рэк Конга і Ніл. Водападзел цягнецца з поўначы на поўдзень, разразаючы краіну, прычым каля 80% плошчы Руанды належыць да басэйну Нілу, а 20% — да Конга праз раку Русызі і возера Танганьіка[54]. Самай доўгай ракой краіны ёсьць Нябаронга, якая цягнецца з поўдню да цэнтру дзяржавы, а потым зноўку накіроўваецца на поўдзень, а пасьля чаго злучаючыся з Рурубу, выцякае ў Кагеру, якая цячэ на поўнач уздоўж мяжы з Танзаніяй. Нябаронга—Кагера ў рэшце рэшт сьцякае ў возера Вікторыя[55]. У Руандзе налічваецца вялікая колькасьць азёраў, самым вялікім зь якіх лічыццы возера Ківу. Гэтае возера месьціцца ў месцы Альбэртынскага рыфту, і па ім праходзіць заходняя мяжа Руанды, якая аддзяляе краіны ад Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Максымальная глыбіня Ківу складае 480 мэтраў[56], дзякуючы чаму гэты водны аб’ект уваходзіць да ліку дваццаці самых глыбокіх азёраў у сьвеце[57]. Да іншымх значных азёраў належаць Бурэру, Ругонда, Мугазі, Рвэру і Ігэма[58].

Горы дамінуюць у цэнтральнай і заходняй частцы Руанды, а краіна часам завецца «Краем тысячы пагоркаў»[59].

Краявіды Руанды ў гарах Вірунга.

Руанда мае мераны трапічны горны клімат з больш нізкімі тэмпэратурамі ў параўнаньні з тыповымі для экватарыяльных краінаў[52]. Сталіца краю горад Кігалі, які месьціцца ў цэнтры краіны, мае тыповы дзённы дыяпазон тэмпэратураў ад 12°C да 27°C зь невялікімі зьменамі на працягу году[60]. Па ўсёй краіне назіраюцца некаторыя ваганьні тэмпэратуры, то бок горны захад і поўнач Руанды звычайна халаднейшы за нізінны ўсход[61]. У годзе маюцца два сэзоны дажджоў — першы цягнецца зь лютага па чэрвень, а другі — зь верасьня па сьнежань. Сэзоны перарываюцца двума сухімі сэзонамі, адзін зь якіх цягнецца зь чэрвеня па верасень, падчас якога часта ўвогуле не бывае дажджоў. Другі ж, больш кароткі, доўжыцца з сьнежня па люты[62]. Колькасьць ападкаў вар’іруецца ў залежнасьці ад геаграфіі, то бок на захадзе і паўночным захадзе Руанды штогод выпадае больш ападкаў, чым на ўсходзе і паўднёвым усходзе[63]. Глябальнае пацяпленьне прывяло да зьмены схемы сэзонаў дажджоў, згодна з адмысловай справаздачай, зьмяненьне клімату прывяло да памяншэньня колькасьці дажджлівых дзён у годзе, але таксама выклікала павелічэньне частасьці залеваў[64]. Такія зьмены выклікалі цяжкасьці для сялянаў, зьнізіўшы іхную прадукцыйнасьць[65].

Біяразнастайнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нацыянальны парк Бірунга ёсьць арэалам найбуйнейшай папуляцыі горных гарылаў.

У дагістарычныя часы горныя лясы займалі траціну тэрыторыі сучаснай Руанды. Натуральная расьліннасьць цяпер у асноўным абмежаваная трыма нацыянальнымі паркамі, а ў астатняй частцы краіны дамінуе тэрасавае земляробства[66]. Нацыянальны парк Нюнгвэ, які месьціць найбуйнейшы пакінуты вучастак лесу ў Руандзе, зьмяшчае каля 200 відаў дрэваў, а таксама архідныя і бягоніі[67]. Расьліннасьць у нацыянальным парку Бірунга ў асноўным складаецца з надзелаў бамбуку і верасовых пустак зь невялікімі прасекамі лесу[66]. Сваім парадкам, нацыянальны парк Акагера мае экасыстэму саванны, у якой дамінуе акацыя. У Акагеры маюцца некалькі рэдкіх або зьнікаючых відаў расьлін, у тым ліку жоўтая маркамія і гвінэйская эўлёфія[68].

Жырафы ў нацыянальным парку Акагера.

Найбольшая разнастайнасьць буйных сысуноў знаходзіцца ў трох нацыянальных парках, якія ёсьць прыродаахоўнымі тэрыторыямі[69]. У Акагеры маюцца тыповыя віды жывёлаў для саваннаў, як то жырафы і сланы[70], у той час як парк Бірунга ёсьць домам траціны ад усёй сусьветнай папуляцыі горных гарылаў[71]. У лясах Нюнгвэ жывуць трынаццаць відаў прыматаў, у тым ліку звычайныя шымпанзэ і калёбусы, апошнія зь якіх жывуць групамі да 400 асобінаў, найбольшымі сярод усіх прыматаў Афрыкі[72].

Папуляцыя львоў Руанды была зьнішчаная пасьля генацыду 1994 году, паколькі нацыянальныя паркі ператварыліся ў лягеры перамешчаных людзей, а астатнія жывёлы былі забітыя сялянамі. У чэрвені 2015 году два паўднёваафрыканскія паркі ахвяравалі сем львоў нацыянальнаму парку Акагера дзеля таго, каб папуляцыя гэтых сысуноў была адноўленая ў Руандзе[73]. Ільвы атрымліваліся спачатку ў абгароджанай дзялянцы парку, а потым былі вызваленыя ў дзікую прыроду[74]. У 2017 годзе ў Руанду зноўку ж ПАР былі накіраваныя васемнаццаць зьнікаючых чорных насарогаў[75]. Жывёлы вельмі добра адаптаваліся, таму ў 2019 годзе яшчэ пяць чорных насарогаў былі дастарчаныя ў нацыянальны парк Акагера з заапаркаў Эўропы[76]. Таксама павялічваецца папуляцыя і белых насарогаў, якія ў 2021 годзе прыбылі ў Руанды з ПАР[77][78].

У Руандзе налічваюцца 670 відаў птушак, пры гэтым віды адрозьніваюцца паміж усходняй і заходняй Руандай[79]. На захадзе лясах Нюнгвэ маюцца 280 выяўленых відаў, зь якіх 26 відаў ёсьць эндэмічнымі[79]. Да іхняга ліку адносяцца грабенчасты турака і ўгандыйскі турач[80]. Для ўсходняй Руанды, наадварот, больш характэрныя саваннаўскія птушкі, як то чорны грычун і азёрныя ці балотныя птушкі, улучна з бусламі і жураўлямі[79].

Прэзыдэнт Руанды Поль Кагамэ.
Будынак ніжняй палаты парлямэнту Руанды.

Прэзыдэнт Руанды ёсьць кіраўніком дзяржавы[81] і мае шырокія паўнамоцтвы, уключаючы заканатворчыя мажлівасьці сумесна з кабінэтам міністраў Руанды, выкарыстаньне права на літасьць, камандаваньне ўзброенымі сіламі, вядзеньне перамоваў і ратыфікацыі дагавораў, падпісаньне прэзыдэнцкіх указаў і аб’яўленьне вайны або ўсталяваньня надзвычайнага становішча[81]. Прэзыдэнт абіраецца ўсенародным галасаваньнем кожныя сем гадоў[81]. Ён прызначае прэм’ер-міністра і ўсіх іншых ураднікаў кабінэту міністраў[81]. Дзейным прэзыдэнтам ёсьць Поль Кагамэ, які заняў пасаду пасьля адстаўкі свайго папярэдніка Пастэра Бізымунгу ў 2000 годзе. Кагамэ здабываў перамогу ў выбарах 2003 і 2010 гадоў[82][83]. Не зважаючы на гэта, праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі гэтыя выбары, бо ў час іхнага правядзеньня адзначалася ўзмацьненьне палітычных рэпрэсіяў і здушэньнем свабоды слова[84]. Раней прэзыдэнцкі тэрмін абмяжоўваўся канстытуцыяй, то бок пасаду кіраўніка дзяржавы мажліва было займаць толькі два тэрміны[85]. У 2015 годзе гэтае абмежаваньне было скасаванае на рэфэрэндуме 2015 году[86], дзякуючы чаму Кагамэ атрымаў права надалей займаць галоўную дзяржаўную пасаду Руанды. На выбарах 2017 году Кагамэ здабыў чарговую перамогу, атрымаўшы 98,79% галасоў[87].

Новая канстытуцыя была ўхваленая па нацыянальным рэфэрэндуме ў 2003 годзе, замяніўшы пераходную канстытуцыю, якая дзейнічала з 1994 году[88]. Канстытуцыя прадугледжвае шматпартыйную сыстэму кіраваньня, якая мусіць базаваць на дэмакратыі. Аднак канстытуцыя ставіць умовы на тое, як могуць функцыянаваць палітычныя партыі. Паводле асноўнага закону краіны забараняецца абапірацца на расавыя і этнічныя групу, кланы, рэгіёны, стаць, рэлігію ды іншыя крытэры, якія могуць выклікаць дыскрымінацыю. У дадатак урад таксама склаў шэраг законаў, якія крыміналізуюць генацыдную ідэалёгію, якая можа ўключаць запалохваньне, паклёп, адмову генацыду і зьдзек з ахвяраў[89]. Тым ня менш, такі стан прывёў у рэчаіснасьці да ўсталяваньня аднапартыйнай сыстэмы, дзе пад выглядам прадухіленьня генацыду, урад дэманструе прыкметную нецярпімасьць да іншадумства[90].

Прававая сыстэма Руанды ў асноўным грунтуецца на нямецкай і бэльгійскай сыстэмах грамадзянскага права і звычаёвым праве[50]. Судовая ўлада лічыцца незалежнай ад выканаўчай, але прэзыдэнт і Сэнат удзельнічаюць у прызначэньні судзьдзяў у Вярхоўны суд[81]. Маніторынгавая арганізацыя Г'юман Райтс Ўотч ухваліла ўрад Руанды за прагрэс, дасягнуты ў ажыцьцяўленьні правасудзьдзя, улучна з скасаваньнем сьмяротнай кары[91], але таксама сьцьвярджае, што ўраднікі ўмешваюцца ў дзейнасьць судовай сыстэмы, прыкладам, дзеюць палітычна матываваныя прызначэньні судзьдзяў, злоўжываюць пракурорскімі паўнамоцтвамі і чыняць ціск на судзьдзяў дзеля здабыцьця канкрэтных выракаў[91]. Канстытуцыя прадугледжвае наяўнасьць двух відаў судоў: звычайныя і адмысловыя[50]. Да ліку звычайных адносяць Найвышэйшы суд, Вярхоўны суд і рэгіянальныя суды, у той час як адмысловымі ёсьць вайсковыя суды і сыстэма гаспадарчых судоў, утвораная ў 2011 годзе дзеля паскарэньня разгляду гаспадарчых судовых працэсаў[92]. Паміж 2004 і 2012 гадамі функцыянавала сыстэма судоў гачача. Гэтыя мясцовыя традыцыйныя руандыйскія суды, якія кіраваліся вёскамі і грамадамі, былі адроджаныя з мэтай прысьпешаньня дзейнасьці судоў над падазраванымі ў генацыдзе[93]. Такія суды здолелі хутка разглядзець справы аб генацыдзе, але праваабарончыя групы раскрытыкавалі іх як неадпаведныя прававым нормам справядлівасьці[94].

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прэфэктуры Руанды.

Да заходняй калянізацыі ў дзяржаўнай сыстэме Руанды існавала квазісыстэма палітычнага плюралізму і сумеснай улады[95]. Не зважаючы на тое, што існавала строгая герархія, дакаляніяльная сыстэма, насамрэч, была досыць камбінаванай, сумяшчаючы прынцыпы цэнтралізаванай магутнасьці і дэцэнтралізаванай аўтаномнасьці. Пад манархам у герархіі месьціўся абраны начальнік, якія кіраваў нададзенай яму правінцыяй.

Станам на сёньня Руанда падзелена на 5 прэфэктураў, якія ў сваю чаргу дзеляцца на акругі. Цяперашнія межы, зацьверджаныя ў 2006 годзе, былі ўсталяваныя з мэтай умацаваньня дэцэнтралізацыі краіны і скасаваньнем атрыбутаў старой сыстэмы, зьвязанай з генацыдам. Папярэдняя структура з дванаццаці правінцыяў, зьвязаных з найбуйнейшымі гарадамі, была замененая пяцьцю прэфэктурамі, якія базуюцца на геаграфічных асаблівасьцях[96]. Пяцьцю прэфэктурамі ёсьць Паўночная, Паўднёвая, Усходняя, Заходняя і Кігалі, апошняя зь якіх ёсьць горадам з статусам прэфэктуры[97].

Стратэгічная аснова дэцэнтралізацыі Руанды, распрацаваная міністэрствам мясцовага самакіраваньня, пастанаўляе прэфэктурам несьці адказнасьць за каардынацыю пытаньняў кіраваньня на сваім узроўні, а таксама наглад і ацэнку[97]. Кожную прэфэктуру ўзначальвае губэрнатар, прызначаны прэзыдэнтам і зацьверджаны сэнатам. У сваю чаргу на ўзроўні акругаў і сэктараў чыніцца палітыка скіраваная на забесьпячэньне дзяржаўных паслуг і эканамічнага разьвіцьця. Акругі і сэктары маюць рады, які непасрэдна абраюцца прамым галасаваньнем, і кіруюцца выканаўчым камітэтам, абраным адпаведнай радай[98]. Горад Кігалі мае статус прэфэктуры, якая займаецца толькі справамі гораду.

У Руандзе ў 2019 годзе назьбіралі да 2,6 мільёнаў тон ураджаю бананаў, што зрабіла іх найважнейшай таварнай культурай.

Эканоміка Руанды моцна пацярпела падчас генацыду 1994 году, бо краіна страціла шмат жыцьцяў, занядбала інфраструктуру, была рабаваная, ейны сельскагаспадарчы экспарт быў загублены. Гэтыя чыньнікі прывялі да вялікай страты СУП і ліквідавала здольнасьць Руанды прыцягваць прыватныя і замежныя інвэстыцыі[50]. Але з тых часоў эканоміка ўмацавалася, а намінальны СУП на душу насельніцтва ацэньваецца ў 909,9 даляраў станам на 2022 год[99]. У 1994 годзе гэты паказьнік складаў усяго 127 даляраў на душу насельніцтва[100]. Асноўныя экспартныя рынкі ўлучаюць Кітай, Нямеччыну і ЗША[50]. Грашовая палітыка кіруецца Нацыянальным банкам Руанды, а афіцыйнай валютай у краіне ёсьць руандыйскі франк. Яшчэ ў 2017 годзе Руанда далучылася да Ўсходнеафрыканскай супольнасьці і ратыфікавала плян грашовага зьвязу паміж сябрамі арганізацыі[101]. У пэрспэктыве гэта можа прывесьці да ўсталяваньня агульнага ўсходнеафрыканскага шылінгу[102].

Збор чаявага лісьця на плянтацыях Руанды.

Руандзе бракуе прыродных рэсурсаў[52], таму эканоміка грунтуецца пераважна на спажывецкай гаспадарцы. Мэтады земляробства даволі простыя, гэтак жа як і карыстаныя прылады працы ў гэтым сэктары[103]. Раней 90% працаздольнага насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, але апошнім часам гэты паказьнік скараціўся да 62% станам на 2019 год[50]. Зь сярэдзіны 1980-х гадоў памеры гаспадарак і, адпаведна, вытворчасьць прадуктаў харчаваньня зьнізіліся, часткова, празь перасяленьне людзей[52][104]. Не зважаючы на ўрадлівую зямлю Руанды, вытворчасьць прадуктаў харчаваньня часта не здольна падтрымліваць рост насельніцтва, таму патрабуецца імпарт прадуктаў харчаваньня[50]. Тым ня менш, у апошнія гады з улікам ростам сельскай гаспадаркі сытуацыя палепшылася. Болш за траціну ўсіх угодзьдзяў Руанды займаюць зялёныя бананы матоке[105]. Таксама вырошчваюцца бульба, бабы, батат, маніёк, пшаніца і кукуруза[105]. Кава і гарбата таксама ёсьць аднымі з асноўных таварных культураў, скіраваных на экспарт. Для іх у краю маюцца досыць спрыяльныя ўмовы, як то вялікія вышыні, стромкія схілы і вульканічныя глебы[105]. Паводле справаздачаў жыцьцё 400 тысяч руандыйцаў зьвязанае з кававымі плянтацыямі[106]. Залежнасьць краіны ад сельскагаспадарчага экспарту робіць яе ўразьлівай да зрухаў цэнаў на прадукты харчаваньня[107]. Сярод жывёлаў, якія трымаюць руандыйцы, варта адзначыць кароваў, коз, авечак, сьвіньняў, курыцу і трусоў[108].

Прамысловы сэктар невялікі, то бок на яго прыпадала ўсяго толькі 14,8% СУП у 2014 годзе[50]. У Руандзе вырабляюцца цэмэнт, сельскагаспадарчая прадукцыя, напоі, мыла, мэбля, абутак, плястыкавыя тавары, тэкстыль і цыгарэты[50]. Здабыча карысных выкапняў прыносіла 93 мільёнаў даляраў у 2008 годзе[109]. Сэктар паслуг Руанды пацярпеў падчас рэцэсіі ў канцы 2000-х гадоў, паколькі крэдытаваньне банкаў, праекты замежнай дапамогі і інвэстыцыі скараціліся[110]. Тым ня менш, ужо ў 2010 годзе гэты сэктар аднавіўся і стаў найбуйнейшым у краіне сэктарам, фармуючы 43,6% СУП краіны[50]. Асноўныя паслугі ўлучаюць банкаўскія і фінансавыя паслугі, аптовы і раздробны гандаль, гатэльная справа і рэстарацыі, транспарт, сувязь, страхаваньне, нерухомасьць, бізнэсовыя паслугі і дзяржаўнае кіраваньне ўлучна з адукацыяй і сфэрай аховы здароўя[110]. Турызм — адзін з самых хуткарослых эканамічных сэктараў краіны, які дапамагае прыцягнуць валютныя сродкі ў Руанду[111].

Урад павялічыў інвэстыцыі ў транспартную інфраструктуру пасьля генацыду 1994 году дзякуючы дапамогі ЗША, Эўрапейскага Зьвязу, Японіі ды іншых дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў. Транспартная сыстэма складаецца ў першую чаргу з дарожнай сеткі, якая складаецца з брукаваных дарогаў паміж Кігалі і большасьцю іншых буйных гарадоў краіны[112]. Руанда зьвязаная дарогамі зь іншымі краінамі Ўсходнеафрыканскай супольнасьці, а менавіта з Угандай, Танзаніяй, Бурундзі і Кеніяй, а таксама з усходнімі кангалескімі гарадамі Гома і Букаву. Найважнейшым гандлёвым шляхам Руанды ёсьць дарога да порту Мамбаса праз Кампалу і Найробі, вядомая як Паўночны калідор[113]. Асноўнай формай грамадзкага транспарту ў краіне ёсьць мікрааўтобус, на долю якога прыпадае амаль палова перавозак усіх пасажыраў краіны[114]. Некаторыя мікрааўтобусы, асабліва ў Кігалі, працуюць па-за графікам, фактычна як таксоўкі, але іншыя трымаюцца графіка, прапануючы экспрэс-маршруты паміж буйнымі гарадамі. У Руандзе таксама курсуюць і звычайныя вялікія аўтобысы[114]. Ля Кагалі маецца міжнародны аэрапорт, які абслугоўвае некалькі міжнародных напрамкаў, а самыя ажыўленыя маршруты злучаюць руандыйскую сталіцу з Найробі і Энтэбэ[115]. Адзін з маршрутаў ажыцьцяўляе ўнутранае злучэньне, зьвязваючы Кігалі з аэрапортам Камэмбэ ля самай мяжы з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга[116]. У 2017 годзе пачалося будаўніцтва міжнароднага аэрапорту Бугесэра, на поўдзень ад Кігалі, які стане самым вялікім у краіне[117]. Чыгунка на сёньня адсутнічае, але плянуецца будаўніцтва злучэньня Руанды з чыгуначнай сеткай Танзаніі з пэрспэктывай транспартаваньня грузаў да ўзьбярэжжа Індыйскага акіяну[118].

Вясковыя руандыйскія хлопцы.

Паводле стану на 2015 год Нацыянальны інстытут статыстыкі Руанды падлічыў, што насельніцтва Руанды складае 11 262 564 чалавекі[119]. Паводле ацэнак на 2021 год жыхароў у краіне налічвалася 12 955 736 чалавек[120]. Перапіс насельніцтва 2012 году зафіксаваў 10 515 973 жыхара Руанды[121]. Насельніцтва краіны досыць маладое, гэтак паводле зьвестак на 2012 год 43,3% насельніцтва было ў веку 15 гадоў і маладзей[121].

З паказьнікам 445 жыхароў на квадратны кілямэтр[119] шчыльнасьць насельніцтва Руанды адная з самых высокіх у Афрыцы[122]. Такія гісторыкі, як то Жэрар Прунье, лічаць, што генацыд 1994 году можа быць часткова зьвязаны з шчыльнасьцю насельніцтва[38]. Насельніцтва пераважна вясковае, але маюцца некалькі буйных гарадоў. Землі заселеныя раўнамерна ва ўсёй краіне. Адзіная маланаселеная зона краіны — саванны ў былой правінцыі Ўмутара і нацыянальны парк Акагера на ўсходзе дзяржавы. Сталіца Кігалі — найбуйнейшы горад, а ягонае насельніцтва складае каля мільёнаў мяшчанаў[123]. Паступова павялічваецца ўрбанізацыя, гэтак у 1990 толькі 6% насельніцтва жыло ў гарадах, а ўжо ў 2006 годзе такія жыхары складалі 16,6%[124].

Руанда існавала як адзіная дзяржава яшчэ у дакаляніяльны час[125], таму ейнае насельніцтва складаецца толькі з адной культурнай і моўнай групы, вядомай як баньяруанда. Такі стан рэчаў не адпавядае большасьці сучасным краінам Афрыкі, бо іхныя межы сфармаваліся не па этнічным межам або дакаляніяльным каралеўствам, а згодна з пастановамі каляніяльных урадаў[126]. Баньяруанда падзяляюцца на тры асобныя групы: хуту, тутсі і тва[127]. У сусьветнай кнізе ЦРУ падаецца, што хуту складае 84% насельніцтва, тутсі — 15%, а тва — толькі 1%[50]. Тва лічацца найстаражытнымі жыхарамі Руанды. Яны маюць пігмэйскае паходжаньне, але ня ўсе гісторыкі згодныя з такімі меркаваньнямі[128]. У дакаляніяльны час каралі і магнаты паходзілі з тутсі[129], але на сёньня ўрад дбае аб роўнасьці і ўнікае падзелу жыхароў на этнічныя групы[130]. З 2002 году ў перапісах насельніцтва больш ня згадваецца этнічнае паходжаньне[131].

У пачатковай школе Руанды. Электроныя прылады былі набытыя за кошт няўрадай арганізацыі Адзін лэптоп кожнаму дзіця.

Да 2012 году ўрад Руанды забясьпечваў бясплатную адукацыю ў дзяржаўных школах, як то шэсьць гадоў у пачатковай школе і тры гады ў базавай[132]. У 2012 годзе тэрмін навучаўнььня падоўжыўся да 12 гадоў[133]. Паводле зьвестак дасьледаваньня 2015 году дазваляе выказаць здагадку, што ў той час як залічэньне ў пачатковыя школы мае характар паўсюднасьці, паказьнікі сканчэньня навучаньня яшчэ даволі нізкія. Згадваецца, што не зьвяртаючы ўвагі на дармовасьць, бацькі вымушаныя грашова падтрымліваць школы, дзеля забесьпячэньня належнай адукацыі сваіх дзяцей. Паводле заяваў ураду, адсутнасьць такіх выдаткаў не павінна быць асновай да выключэньня дзяцей з ўстановаў адукацыі[133]. Па ўсёй краіне налічваюцца шмат прыватных школ, некаторыя зь іх кіруюцца цэрквамі. Навучаньне ў іх звычайна вымагае аплаты[134]. З 1994 па 2009 гады базавая адукацыя выкладалася на францускай або ангельскай мовах, але з павелічэньнем сувязей краіны з партнэрамі з Усходнеафрыканскай супольнасьці і супрацы ў Садружнасьці нацыяў на сёньня выкладаньне прапануецца толькі на ангельскай мове[135]. У краіне налічваецца шэраг інстытуцыяў найвышэйшай адукацыі. У 2013 годзе быў створаны Дзяржаўны руандыйскі ўнівэрсытэт празь зьльіцьцё былога Нацыянальнага унівэрсытэту Руанды і іншых дзяржаўных найвышэйшых навучальных установаў[136].

Бутараўскі шпіталь у акрузе Бурэра на поўначы краіны.

Якасьць аховы здароўя ў Руандзе гістарычна мела благія паказьнікі, як да, гэтак і адразу пасьля генацыду 1994 году[137]. У 1998 годзе кожнае пятае дзіцяці гінула да веку пяці гадоў, часта з прычыны хваробы на малярыю[138]. Прэзыдэнт Кагамэ зрабіў ахову здароўя адным з прыярытэтаў праграмы разьвіцьця «Бачаньне 2020»[139], павялічыўшы выдаткі на ахову здароўя да 6,5% СУП краіны ў 2013 годзе ў параўнаньні з 1,9% СУП у 1996 годзе. Урад перадаў фінансаваньне і кіраваньне аховай здароўя мясцовым супольнасьцям праз сыстэму мэдычнага страхаваньня[140]. Паводле стану на 2014 год больш за 90% насельніцтва было ахопленае гэтай праграмай. Урад таксама стварыў навучальныя інстытуцыі, як то Інстытут здароўя Кігалі ў 1997 годзе, які на сёньня ёсьць часткай Дзяржаўнага руандыйскага ўнівэрсытэту. У 2005 годзе пачала дзеіць ініцыятыва накіраванае на прафіляктыку малярыі ў найбольш сельскіх раёнах Руанды.

Графік зьмены працягласьці жыцьця ў Руандзе за апошнія 70 гадоў.

У апошнія гады Руанда заўважна палепшыла шэраг ключовых паказьнікаў здароўя. У пэрыяд з 2005 па 2013 гады працягласьць жыцьця павялічылася з 55,2 да 64 гадоў, сьмяротнасьць у гэты ж час зьнізілася з 106,4 да 52,0 на 1000 народзінаў. Таксама паменшыла частасьць сухотаў з 101 да 69 на 100 тысяч чалавек. Прагрэс краіны ў сфэры аховы здароўя шмат у чым атрыманы дзякуючы міжнародным дабрачынным арганізацыям і праграмам. Не зважаючы на гэтыя паляпшэньні, аднак, у Руандзе пераважаюць заразьлівыя хваробы, а агенцыя па міжнародным разьвіцьці ЗША згадвалі аб значных праблемах са здароўем у Руандзе[141], уключаючы высокую мацярынскую сьмяротнасьць[141], а таксама сталыя эпідэміі ВІЧ/СНІДу[141]. Падарожнікам у Руанду настойліва рэкамендуецца прымаць лекі дзеля прафіляктыкі малярыі, а таксама пераканацца, што яны вакцынаваліся ад жоўтай ліхаманкі[142]. Гэтаксама у краіне бракуе мэдычных спэцыялістаў, гэтак на 1000 жыхароў прыпадае толькі 0,84 мэдычных працаўнікоў[143].

  1. ^ а б National Institute of Statistics of Rwanda — 2005.
  2. ^ а б 2020 Democracy Index
  3. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  4. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  5. ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
  6. ^ «Leveraging Rwanda’s position as a tech hub». PricewaterhouseCoopers.
  7. ^ «Rwanda hosts Commonwealth summit amid rights, security concerns». Deutsche Welle.
  8. ^ Chrétien 2003. С. 44.
  9. ^ Dorsey, Learthen (1994). «Historical Dictionary of Rwanda». Metuchen, N.J.: Scarecrow Press. — С. 36. — ISBN 978-0-8108-2820-9.
  10. ^ Chrétien 2003. С. 45.
  11. ^ а б в Mamdani 2002. С. 61.
  12. ^ Chrétien 2003. С. 58.
  13. ^ а б King 2007. С. 75.
  14. ^ Prunier 1995. С. 16.
  15. ^ Mamdani 2002. С. 58.
  16. ^ Chrétien 2003. С. 69.
  17. ^ а б Chrétien 2003. С. 88.
  18. ^ Chrétien 2003. С. 141.
  19. ^ Chrétien 2003. С. 482.
  20. ^ а б Chrétien 2003. С. 160.
  21. ^ а б в Mamdani 2002. С. 69.
  22. ^ Prunier 1995. С. 6.
  23. ^ Chrétien 2003. С. 217.
  24. ^ Prunier 1995. С. 9.
  25. ^ Carney, J.J. (2013). «Rwanda Before the Genocide: Catholic Politics and Ethnic Discourse in the Late Colonial Era». Oxford University Press. — С. 24. — ISBN 9780199982288.
  26. ^ Prunier 1995. С. 25.
  27. ^ Prunier 1995. С. 260.
  28. ^ Prunier 1995. С. 270.
  29. ^ Prunier 1995. С. 276—277.
  30. ^ Gourevitch, Philip (2000). «We Wish To Inform You That Tomorrow We Will Be Killed With Our Families» (Reprint ed.). London; New York, N.Y.: Picador. — С. 56—57. — ISBN 978-0-330-37120-9.
  31. ^ Linden, Ian; Linden, Jane (1977). «Church and Revolution in Rwanda» (illustrated ed.). Manchester: Manchester University Press. — С. 267. — ISBN 978-0719-00-671-5.
  32. ^ Prunier 1995. С. 51.
  33. ^ Prunier 1995. С. 53.
  34. ^ Karuhanga, James (30.06.2018). «Independence Day: Did Rwanda really gain independence on July 1, 1962?». The New Times.
  35. ^ Prunier 1995. С. 56.
  36. ^ Prunier 1995. С. 74—76.
  37. ^ а б «Batwa». Unrepresented Nations and Peoples Organization.
  38. ^ а б Prunier 1995. С. 4.
  39. ^ Prunier 1995. С. 93.
  40. ^ Prunier 1995. С. 135—136.
  41. ^ Prunier 1995. С. 190—191.
  42. ^ «Hutus 'killed Rwanda President Juvenal Habyarimana'». BBC News.
  43. ^ Henley, Jon (31.10.2007). «Scar tissue». The Guardian.
  44. ^ Dallaire 2005. С. 386.
  45. ^ Dallaire 2005. С. 299.
  46. ^ Dallaire 2005. С. 364.
  47. ^ Bowcott, Owen (2.04.2014). «Rwanda genocide: the fight to bring the perpetrators to justice». The Guardian.
  48. ^ а б Asiimwe, Arthur (6.04.2007). «Rwanda’s ex-president freed from prison». Reuters.
  49. ^ «Rank Order — Area». The World Factbook.
  50. ^ а б в г д е ё ж з і к л м «Rwanda». The World Factbook.
  51. ^ Richards, Charles (24.07.1994). «Rwanda: Question Time: How could it happen?: Rebellion, slaughter, exodus, cholera: the catastrophe in Rwanda is beyond our worst imaginings. Who is to blame? Who are the Hutus and Tutsis? Can peace ever be restored? Some answers ...». The Independent.
  52. ^ а б в г United States Department of State (2004). «Background Note: Rwanda». Background Notes.
  53. ^ «Rwanda». Encyclopædia Britannica.
  54. ^ «Nile Basin Countries». Nile Basin Initiative.
  55. ^ «Team reaches Nile’s 'true source'». BBC News.
  56. ^ Jørgensen 2005. С. 93.
  57. ^ Briggs & Booth 2006. С. 153.
  58. ^ Hodd 1994. С. 522.
  59. ^ Christophe Migeon (2018). «Voyage au Rwanda, le pays des Mille Collines». Le Point.
  60. ^ Kigali. World Meteorological Organization.
  61. ^ Best Country Reports (2007). «Temperature Map of Rwanda». World Trade Press.
  62. ^ King 2007. С. 10.
  63. ^ Adekunle 2007. С. 1.
  64. ^ «Blue Peace for the Nile». Strategic Foresight Group. 2013.
  65. ^ Bucyensenge, Jean-Pierre (17.09.2014). «Farmers wary as new weather patterns threaten production». The New Times.
  66. ^ а б Briggs & Booth 2006. С. 3—4.
  67. ^ King 2007. С. 11.
  68. ^ «Climate Change Adaption in Rwanda». USAID.
  69. ^ «Animals». Government of Rwanda.
  70. ^ «Akagera National Park». Rwanda Development Board.
  71. ^ «World Environment Day & Kwita Izina». Rwanda Development Board.
  72. ^ Briggs & Booth 2006. С. 140.
  73. ^ Smith, David (28.06.2015). «Lions to be reintroduced to Rwanda after 15-year absence following genocide». The Guardian.
  74. ^ «VIDEO: The lions are now free to stroll Akagera Park». The New Times.
  75. ^ France-Presse, Agence (3.05.2017). «Black rhinos return to Rwanda 10 years after disappearance». The Guardian.
  76. ^ «Rwanda Just Pulled Off the Largest Transport of Rhinos From Europe to Africa». Condé Nast Traveler.
  77. ^ «White rhinos flown from South Africa to Rwanda in largest single translocation». The Guardian.
  78. ^ Hernandez, Joe (30.11.2021). «Conservationists flew 30 white rhinos to Rwanda in a huge operation to protect them». NPR.
  79. ^ а б в King 2007. С. 15.
  80. ^ Wildlife Conservation Society (WCS). «Birds endemic to the Albertine Rift». Albertine Rift Programme.
  81. ^ а б в г д «Constitution of the Republic of Rwanda». Commission Juridique Et Constitutionnelle Du Rwanda.
  82. ^ Lacey, Marc (26.08.2003). «Rwandan President Declares Election Victory». The New York Times.
  83. ^ «Rwanda President Kagame wins election with 93% of vote». BBC News.
  84. ^ «Rwanda: Silencing Dissent Ahead of Elections». Human Rights Watch.
  85. ^ Mufulukye, Fred (22.01.2015). «Analysing Rwanda’s presidential term limits». ConstitutionNet.
  86. ^ Uwiringiyamana, Clement (14.07.2015). «Rwanda elections: MPs back move to let President Paul Kagame run for unprecedented third term». The Independent.
  87. ^ Burke, Jason (5.08.2017). «Paul Kagame re-elected president with 99% of vote in Rwanda election». The Guardian.
  88. ^ «Rwandan Presidents promulgates new constitution». Panapress.
  89. ^ «Law No 18/2008 of 23/07/2008 Relating to the Punishment of the Crime of Genocide Ideology». National Commission for the Fight against Genocide, Republic of Rwanda.
  90. ^ Roth, Kenneth (11.04.2009). «The power of horror in Rwanda». Human Rights Watch.
  91. ^ а б Human Rights Watch; Wells, Sarah (2008). «Law and reality: progress in judicial reform in Rwanda». — ISBN 978-1-56432-366-8.
  92. ^ Kamere, Emmanuel (17.03.2011). «Enforcing Contracts: The Experience of Rwanda».
  93. ^ Walker, Robert (30.03.2004). «Rwanda still searching for justice». BBC News.
  94. ^ «Rwanda 'gacaca' genocide courts finish work». BBC News.
  95. ^ «Rwanda — The preventable genocide». Organization of African Unity.
  96. ^ «Rwanda redrawn to reflect compass». BBC News.
  97. ^ а б «Rwanda Decentralization Strategic Framework». Ministry of Local Government (MINALOC), Republic of Rwanda.
  98. ^ «Administrative Units». Ministry of Local Government (MINALOC), Republic of Rwanda.
  99. ^ «World Economic Outlook database: April 2022». IMF.
  100. ^ «Gross domestic product based on purchasing-power-parity (PPP) per capita GDP, Rwanda, 1994». International Monetary Fund.
  101. ^ Asiimwe, Dicta (20.12.2014). «Uganda races to meet Monetary Union date». The EastAfrican.
  102. ^ Lavelle, John (5.07.2008). «Resurrecting the East African Shilling». East African Business Week.
  103. ^ «Special Report: FAO/WFP Crop and Food Supply Assessment Mission to Rwanda». Food and Agriculture Organization / World Food Programme.
  104. ^ «Agriculture and Food: Country profile — Rwanda». EarthTrends: The Environmental Information Portal. World Resources Institute.
  105. ^ а б в «Rwanda: Climate & Agriculture». Our Africa.
  106. ^ Tumwebaze, Peterson (21.07.2016). «Coffee export revenue drops by 5% during 2015/16 FY». The New Times Rwanda.
  107. ^ «Continued reforms and technical assistance should help Rwanda in its efforts to achieve a dynamic economy». Trade policy review: Rwanda. World Trade Organization.
  108. ^ «Livestock production». Ministry of Agriculture, Republic of Rwanda.
  109. ^ Mukaaya, Eddie (15.01.2009). «Mining industry generated $93 million in 2008». The New Times.
  110. ^ а б Nantaba, Eriosi (18.10.2010). «Rwanda services sector boosts GDP». East African Business Week.
  111. ^ Mukaaya, Eddie (28.01.2008). «Tourism is Rwanda's biggest foreign exchange earner». The New Times.
  112. ^ African Development Bank (AfDB); Organisation for Economic Co-operation and Development (OECD) Development Centre (2006). «African Economic Outlook» (5 ed.). Paris: OECD Publishing. — С. 439. — ISBN 978-92-64-02243-0.
  113. ^ Tancott, Glen (30.06.2014). «Northern corridor». Transport World Africa.
  114. ^ а б «Ministry of Infrastructure Final Report on Transport Sector Strategic Plan for EDPRS2». Ministry of Infrastructure (MININFRA), Republic of Rwanda.
  115. ^ «RwandAir plans further regional expansion in 2015 and launch of long-haul services in 2017». Centre For Aviation.
  116. ^ Tumwebaze, Peterson (13.06.2015). «Kamembe airport reopens to flights». The New Times.
  117. ^ «New Bugesera International Airport construction works kick-off». Ministry of Infrastructure (MININFRA), Republic of Rwanda.
  118. ^ «Tanzania awards $2.2bn contract for Standard Gauge Railway project». Railway Technology.
  119. ^ а б «Featured indicators». National Institute of Statistics of Rwanda.
  120. ^ «Size of the resident population». National Institute of Statistics of Rwanda.
  121. ^ а б «Fourth Population and Housing Census, Rwanda, 2012—Final Results: Main indicators report». National Institute of Statistics of Rwanda.
  122. ^ Banda, Honoré (12.02.2015). «Rwanda’s job crunch». The Africa Report.
  123. ^ «Kigali at a glance». Kigali City.
  124. ^ «The third Integrated Household Living Conditions Survey (EICV 3) — Main indicators Report». National Institute of Statistics of Rwanda.
  125. ^ Appiah, Anthony; Gates, Henry Louis (2010). «Encyclopedia of Africa, Volume 1» (illustrated ed.). Oxford: Oxford University Press. — С. 450. — ISBN 978-0-19-533770-9.
  126. ^ Boyd, J. Barron (сьнежань 1979). «African Boundary Conflict: An Empirical Study». African Studies Review. 22 (3): 1–14. doi:10.2307/523892.
  127. ^ Prunier 1995. С. 5.
  128. ^ Mamdani 2002. С. 46—47.
  129. ^ Prunier 1995. С. 11—12.
  130. ^ Coleman, Isobel (7.04.2010). «Rwanda: Road to Recovery». The Huffington Post.
  131. ^ «Ethnic origins ignored in Rwanda’s first census since genocide». Agence France-Presse.
  132. ^ «Achievements (2003—2010)». Ministry of Education (MINEDUC), Republic of Rwanda.
  133. ^ а б Williams, Timothy P.; Abbott, Pamela; Mupenzi, Alfred (2015). «'Education at our school is not free': the hidden costs of fee-free schooling in Rwanda». Compare: A Journal of Comparative and International Education. 45 (6): 931—952. doi:10.1080/03057925.2014.938611.
  134. ^ Briggs & Booth 2006. С. 27.
  135. ^ McGreal, Chris (16.01.2009). «Why Rwanda said adieu to French». The Guardian.
  136. ^ Rutayisire, Emmanuel (16.08.2013). «Institutes of higher learning to merge with University of Rwanda». The EastAfrican.
  137. ^ Drobac, Peter; Naughton, Brienna (15.06.2014). «Health Equity in Rwanda: The New Rwanda, Twenty Years Later». Harvard International Review.
  138. ^ Bowdler, Neil (14.05.2010). «Apprentice adviser Nick Hewer’s Rwanda mission». BBC News.
  139. ^ Evans, Ruth (20.01.2014). «Rwanda’s health service evolution — podcast». The Guardian.
  140. ^ World Health Organization (WHO) (2008). «Sharing the burden of sickness: mutual health insurance in Rwanda». Bulletin of the World Health Organization. 86 (11): 817—908.
  141. ^ а б в «Rwanda: Global Health» United States Agency for International Development (USAID).
  142. ^ «Health Information for Travelers to Rwanda». Centers for Disease Control and Prevention.
  143. ^ «Rwanda Launches Bold Medical Education Partnership». Partners In Health.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]